Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Раман Я.Брыля "Птушкі і гнёзды": праблематыка, жанрава-стылёвыя асаблівасці. Наватарства пісьменніка ў адлюстраванні падзей вайны



Радзіма - сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана. У адносінах да радзімы развіваецца і вырашаецца ў творы праблема станаўлення чалавека і грамадзяніна. На жыццёвым шляху Алеся Руневіча паняцці «чалавек» і «Радзіма» былі тымі высокімі і светлымі маякамі, якія клікалі наперад і вызначалі, накрэслівалі шлях. Радзіма - ягоная журба і трывога, ягонае жыццё. Само ўспрыманне і разуменне Алесем Радзімы непарыўна звязана з ягоным духоўным ростам.Першыя дзіцячыя крокі, першыя адкрыцці ў такім агромністым і багатым свеце. Звычайны сялянскі побыт, звычайныя дзіцячыя радасці і засмучэнні. Усё штодзённае, нібыта дробнае і нязначнае, успрымаецца пачуццёва, інтуітыйна, таму ў сэрцы адбіваецца назаўсёды. Адсюль пачынаецца чалавек, з гэтага пачынаецца і Радзіма. Расце духоўна герой - і ўсё больш шырокі і глыбокі сэнс набывае паняцце «Радзіма».Алесь, як і ягоны старэйшы брат Толя, не разумее спачатку ўсёй складанасці і супярэчлівасці жыцця. Але само жыццё ўсё больш і больш настойліва і патрабавальна ставіць пытанні і патрабуе на іх адказу. Духоўнае развіццё абодвух братоў праходзіць у значнай ступені ў свеце літаратуры. Адносіны да жыцця яшчэ ў прынцыпе сузіральныя. Свет рэальны пакуль што суадносіцца са светам літаратуры.Пісьменнік глыбока прасочвае духоўнае развіццё героя, ягоны шлях ад кніг да жыцця, шлях ад сузіральнасці, пасіўнасці да актыўнага змагання за народ і Бацькаўшчыну.У Руневіча рана зараджаецца абвостранае нацыянальнае пачуццё, гонар і боль за свой край, за родную мову. У палоне, дзе ўсё роднае становіцца асабліва блізкім і дарагім, бачачы, адчуваючы пагарду да свайго нацыянальнага не толькі з боку немцаў, але і асобных здраднікаў народа, Алесь балюча ўсё гэта ўспрымае, пратэстуе. У ягонай душы жыве і крышталізуецца ўпэўненасць, што і шматпакутнаму беларускаму народу «нароўні з усімі дадзена права жыць сапраўдным жыццём, што і нам, на нашай бясконца, дзіўна жывучай, па-народнаму невычэрпна багатай мове давядзецца яшчэ сказаць чалавецтву наша вялікае, братняе слова!..» У палоне Радзіма для Руневіча становіцца яшчэ больш любай, дарагой і неабходнай. Яна кліча яго, падштурхоўвае да дзеяння, надае сілы ў барацьбе. Імкненне ягонае на Бацькаўшчыну цяпер не толькі пачуццё настальгіі, гэта і абавязак грамадзяніна. Ён разумее, усёю душой адчувае, што ягонае месца цяпер сярод тых, хто змагаецца, са зброяй у руках абараняе родны Край. Любоў да Радзімы ў сэрцы ягоным непарыўна зліваецца з любоўю да Маці, жанчыны працавітай, шчырай, сардэчнай, часам строгай, сціплай і клапатлівай. Радзіма і Маці для Алеся атаясамліваюцца, становяцца нечым адным, самым дарагім і святым. У далечыні ад роднага дому ён як бы збоку зірнуў на ўсё і ўбачыў, як яму не хапае цяпла Маці і Радзімы, іхняй суровай патрабавальнасці і вялікай любові.Галоўным у мастацтве Руневіч лічыць служэнне свайму народу, служэнне чалавецтву. Раман гэты - адзін з самых асабістых твораў Янкі Брыля. Асабістых не толькі паводле духоўна-эмацыйнай напоўненасці, надзвычай адкрыта суб'ектыўнай, але і насычанасці падзеямі і фактамі непасрэдна аўтабіяграфічнага характару і зместу.


25. Я.Брыль як майстар лірычнай мініяцюры (лірычныя запісы і мініяцюры з кніг "Жменя сонечных промняў" (1965), "Вітраж" (1972), «Свае старонкі" (1951-1979), "Сёння і памяць" (1985), "На сцежцы — дзеці" (1988), "Пішу як жыву" (1994), "Вячэрняе" (1994), "Дзе скарб ваш" (1997), "Сцежкі, дарогі, прастор" (2001), "3 людзьмі і сам-насам" (2003), "Блакітны зніч" (2004) і інш. (па выбары)). Аўтабіяграфізм аповесці "Муштук і папка". Ідэйна-філасофскі змест мініяцюр Я. Брыля накіраваны не проста на аналіз рэчаіснасці, а на выяўленне светлых і цёмных бакоў жыцця на падставе ўласнага вопыту, на ўдасканаленне і нават перавыхаванне сучасніка. Гэта можа быць роздум над канкрэтнымі жыццёвымі сітуацыямі, думкі з нагоды прачытанага, успаміны пра сустрэчы з выдатнымі людзьмі, выкрыццё прыхаваных заганных з’яў у літаратуры і грамадстве. Для Янкі Брыля лірычная проза і ёсць тая форма, у якой ён максімальна выяўляе сябе ў творчасці як асоба і якая з’яўляецца сэнсам яго ўласнага творчага жыцця, тым, што і стане вечным у гісторыі беларускай літаратуры. Пісьменнік абараняе лірыку ў прозе ад беспадстаўнай крытыкі, адстойвае сваё творчае крэда.Янка Брыль - пісьменнік-наватар. Наватар па самой прыродзе таленту - непасрэдна лірычнага, па-філасофску заглыбленага. Разам з тым уся творчасць пісьменніка грунтуецца на глыбокім засваенні гуманістычных і рэалістычных традыцый сусветнай літаратурнай класікі, у першую чаргу - расейскай, польскай, беларускай. Дзякуючы Янку Брылю мініяцюра займела статус паўнапраўнага жанру ў нашай літаратуры.У 1990 годзе была напісана аповесць «Муштук і папка», напісана на канкрэтным рэальным матэрыяле. Твор гэты ўяўляецца выключна асабістым. Матэрыял рознага часу (сучаснасць, дваццатыя гады, трыццаць сёмы, пасляваенны перыяд), розны па месцы дзеяння (Менск, Адэса, Белая Царква, Быкаўня каля Кіева, Загора - родная вёска бацькі пісьменніка), лёс аднаго брата, другога, лёс маці і асабісты Брылёў, аповед пра мінулае, звязанае з культам, і сучаснасць, цытаванне дакументаў, разважанні аналітычна-філасофскага зместу і як бы маналогі моцнага лірычнага і драматычнага напаўнення - усё знітавана ў гэтым невялікім творы ў адзін клубок неўразумення, роспачы, болю. Здаецца, ніводзін Брылёў твор не напісаны з такім болем, як гэты. У аснове аповесці - трагічны лёс самага старэйшага пісьменнікавага брата Валодзі, якога «закатавалі ў Белай Царкве, паблізу якое ён працаваў заатэхнікам ў калгасе».Увогуле разнастайныя творы пісьменніка ўяўляюць з сябе ў сукупнасці своеасаблівую гісторыю духоўнага росту і станаўлення чалавека, фармавання і праяўлення яго як індывідуальнасці і асобы, гісторыю ягонага выхаду ў вялікі свет жыцця. Чалавека не абстрактнага, не наогул, а чалавека пэўнага часу і пэўнай мясцовасці: час і месца ў Брылёвых творах выключна адчувальныя. Чалавек расце - пашыраецца і ўзбагачаецца кругагляд. Робіць першыя крокі ў такі агромісты, багаты і таямнічы свет жыцця. Усё для яго тут нечаканае, незнаёмае, непаўторна адметнае. Брыль вельмі добра адчувае, разумее псіхалогію дзіцяці, цудоўна ўмее перадаваць ягонае здзіўленне перад жыццём, здольнасць у звычайным, штодзённым адкрыць непаўторнае, паэтычнае; пісьменнік праўдзіва, па-майстэрску перадае гатоўнасць дзіцячага сэрца адгукнуцца на ўсё прыгожае і добрае ў жыцці, успрыняць яго і засвоіць, унутраную здольнасць далучыцца да прыроды, успрыняць яе як жывую, як бы ачалавечыць яе. Усё пранізана настроем любасці, пяшчоты (аповесці «У сям'і», «Сірочы хлеб», апавяданні «Сняжок і Волечка», «На сцежцы - дзеці»).У творах пазнейшых, асабліва ў творах апошніх гадоў, пісьменнік ужо як бы не можа стрымаць пачуцці пяшчоты, захаплення і выказвае іх непасрэдна, ад сябе, нібы абагульняючы ўсё тое, пра што расказвае.«Дзеці бягуць па сцежцы ў зялёным, у сонцы, адно за адным - як гэта хораша. Ім трэба бегаць, як птушкам лятаць. Дзяўчынка, быстрая, са страката-празрыстым капялюшыкам у правай руцэ, і хлопчык, паслухмяны госць, з паласатай шапачкай, якую ён таксама зняў, у левай. Пацешна бягуць, падкідаючы босымі пяткамі. Хораша - ці то зверху спусціцца, ці знізу падняцца сюды, ад найнавейшых праблем, ад найгалоўнейшай небяспекі - сюды, дзе яны, рассмяяныя, быстрыя, цікаўныя ў ясным і цёплым свеце травы, лістоты, ластавак, індыкоў, матылёў, сюды, дзе прырода і дзеці, і цішыня яшчэ, мудрая цішыня» («На сцежцы - дзеці»).





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 3080 | Нарушение авторского права страницы



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...