Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

П' есы А.Макаёнка "Трыбунал", "Зацюканы апостал". "Таблетку пад язык" (на выбар): тэматыка, праблематыка, ідэйна-мастацкі змест



«Зацюканы апостал» (1969) з'яўляецца першай напісанай А. Макаёнкам трагікамедыяй, творам, у якім складаныя, драматычныя праблемы раскрываюцца камедыйнымі сродкамі. Аўтар звярнуўся да прыёму тэатральнай умоўнасці (умоўныя абставіны, у якіх дзейнічаюць персанажы). Вобразы ў творы абагулены да сімвалаў. Іх «імёны» гавораць пра ступень роднасці і прыналежнасці да пэўнага пакалення — Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед. Сын часам называецца Малышом. Пералічваючы на пачатку п'есы персанажаў, драматург дае ім досыць шырокую характарыстыку, якая пасля пацвярджаецца ўсім дзеяннем. Так, Тата — «звычайны, хатні, такіх многа. Зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе... Праўдзівы, як большасць мужчын». Аўтар падкрэслівае тыповасць, «сярэднясць», нічым не вылучанасць гэтага персанажа і ў рэмарцы на пачатку першай карціны («Сучасная кватэра накормленага чыноўніка. Ва ўсякім разе, сёння яго сям'я сытая»). Аднак Тата сабраў вялікую бібліятэку. У пакоі, дзе адбываюцца ўсе падзеі, «найбольш уражвае, выклікае пачуццё, нібы ў храме, нібы ў свяцілішчы, — на ўсю сцяну суцэльны кніжны стэлаж, напакаваны рознымі-рознымі кнігамі». Гэтыя кнігі не дзеля моды, яны чытаюцца, да іх апелююць у размовах і спрэчках Сын і Тата. Часцей Сын, бо ён яшчэ ў стадыі засваення вопыту і мудрасці пакаленняў. Тата ў кнігі ўжо не заглядвае, ён толькі цытуе ці штосьці пераказвае з іх, выяўляючы пры гэтым і эрудыцыю, і дасціпнасць. Тата можа крытычна паглядзець на сябе і сваё становішча ў грамадстве. Бяда яго ў тым, што ён нічога не можа (не хоча альбо, больш верагодна, страціў веру) штосьці змяніць у жыцці. Тата хоча бачыць Малыша моцным і дужым фізічна і маральна, «Я падахвочваю веру ў свае сілы. Упэўненасць! Я хачу, каб вырас дужы, моцны чалавек, здольны выжыць у гэтых дзікіх чалавечых джунглях», — гаворыць ён у спрэчцы з Мамай. Іншага вопыту Тата Сыну перадаць не можа. Мама, як адзначае аўтар, «гаварыць можа і правільна, а што яна думае... Яна хоча, каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так... як-небудзь...» Яна хлусіць не менш за Тату, але пры гэтым лічыць сябе сумленнай. Менавіта Мама «задае» Малышу задачку пра яго віну, калі ён падслухаў размову з «нявопытным студэнтам»: «Дапусцім, усё было, як было, толькі я не падслухаў... Тады ўсё было б прыстойна?.. Нават калі б я і падслухаў, але стаіўся і прамаўчаў — таксама ўсё было б прыстойна, і я і мама былі б харошыя. Дзіўна. Не разумею». Самы складаны ў п'есе вобраз Сына. А. Макаёнак называе яго вундэр-палітыкам, так пра сябе скажа па ходу дзеяння і Малыш. Ён мае высокі ўзровень інтэлектуальнай культуры, дасведчаны ў розных пытаннях навукі, літаратуры, мастацтва, палітыкі, маралі, валодае здольнасцю ўсё гэта крытычна ўвязваць з жыццём, са сваім часам. Але куды скіроўвае Сын свой розум і веды? Ён хоча стаць прэзідэнтам, таму што менавіта прэзідэнт, сучасны цэзар, мае ўсё — уладу, грошы, славу, незалежнасць. Персанаж думае, такім чынам, толькі пра сябе. Нават вызваленне Таты ад рабства, ён разглядае ў сувязі з будучым сваім становішчам. Сын сур'ёзна рыхтуецца да прэзідэнства, выпрацоўвае ў сабе пэўныя рысы характару, эксперыментуе над блізкімі. Спагадлівую, добрую сястру ён прымушае, выкарыстаўшы яе хвілінную зайздрасць, «качаць правы» перад Мамай. Распальвае супярэчнасці паміж бацькамі, то мірыць іх, то сварыць, становіцца ў сям'і маленькім дэспатам. Разам з тым нельга сказаць, што ён дрэнна ставіцца да сястры. Пасля свайго эксперыменту Малыш просіць у яе прабачэння, нагадвае Тату, каб не забыўся купіць падарунак і ёй. Ён шукае праўду, хоча жыць у іншай, чалавечай атмасферы. Трагізм Малыша ў тым, што ён супрацьстаіць усяму свету, перамагчы ў такой сітуацыі ён не можа. Цікавыя ў п'есе таксама вобразы Дачкі і Дзеда. Дачка з'яўляецца антыподам Сына. «...Яна ахвотна падбірае тыя яго якасці, якія ён адкідвае прэч, як непатрэбныя: дабрату, шчырую сумленнасць, ласкавасць». Але ж яна, як ніхто іншы, разумее Малыша, падтрымлівае яго і нават дапамагае ў эксперыментах. Апошнія яе словы ў творы даюць надзею, што яна будзе адна змагацца супраць свету хлусні і эгаізму. Аўтар не аднойчы падкрэсліваў у творы, што дзеянне адбываецца за мяжой, у капіталістычным свеце, што і персанажы і праблемы «імпартныя». Але такая настойлівасць наводзіць на думку, што «імпартнасць» матэрыялу (абставін, праблем, чалавечых узаемаадносін) — толькі неабходная для свайго часу шырма. А. Макаёнак узняў у творы няпростыя агульначалавечыя, актуальныя і сёння для нашага грамадства, праблемы.





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 3482 | Нарушение авторского права страницы



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...