Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Этнічныя аспекты моўнай палітыкі



Як прыгадвалася вышэй, мова з’яўляецца адметнай формай культуры народа, у ёй найперш выяўляецца духоўная самабытнасць пэўнай грамадскай супольнасці людзей. Як катэгорыя грамадская, яна з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства, тым падмуркам, на якім яно трымаецца. Асобна ад грамадства мова існававаць не можа. Яна з’яўляецца галоўным сродкам зносін людзей, ёй ахоплены ўсе сферы іх духоўнага і матэрыяльнага жыцця. Пры гэтым мова выступае як важны кансалідуючы элемент любога соцыуму. Са знікненнем мовы адбываецца працэс яго разбурэння. Апрача таго, мова з’яўляецца падмуркам дзяржавы, якая павінна пастаянна клапаціцца пра захаванне моўнага багацця свайго народа.

Моўная палітыка ўяўляе сабой свядомае ўздзеянне дзяржавы на функцыянаванне мовы ў грамадстве. Моўная палітыка ажыццяўляецца праз сістэму канкрэтных дзяржаўных мерапрыемстваў і зводзіцца да наступных асноўных напрамкаў: 1) распрацоўка алфавіта і ліквідацыя непісьменнасці людзей;

2) выбар і ўстанаўленне афіцыйнай дзяржаўнай мовы;

3) вызначэнне становішча іншых моў у адносінах да мовы дзяржаўнай;

4) вызначэнне сфер выкарыстання дзяржаўнай і мясцовых моў;

5) кадыфікацыя, нармалізацыя і ўдасканаленне дзяржаўнай афіцыйнай мовы.

На пэўным этапе гістарычнага развіцця мова пачынае выступаць як сімвал нацыянальнага аб’яднання, як фактар барацьбы за нацыянальнае адраджэнне. Нярэдка мова выступае як “апазнавальны знак” усёй нацыі, усяго народа. Напрыклад, класічная арабская мова выступае сёння як сімвал арабскай еднасці, як мова Карана, іслама і ісламскай культуры. У такіх выпадках мова асэнсоўваецца як атрыбут нацыянальнай годнасці, як сімвал веры і патрыятызму.

З пункту гледжання семіётыкі мова набывае асаблівы сэнс у шэрагу знакаў, звязаных з нацыянальнай свядомасцю і культурай пэўнага народа. Найбольш выразна этнічная самасвядомасць праяўляе сябе пры выбары афіцыйнай дзяржаўнай мовы, высвятленні яе крыніцы і вызначэнні статусу іншых моў на пэўнай дзяржаўнай ці адміністрацыйнай тэрыторыі. Выбар і замацаванне мовы ў якасці дзяржаўнай – адна з найбольш складаных праблем у любой краіне. Пры гэтым часцей за ўсе ўлічваюцца наступныя крытэрыі:

1) гістарычная адасобленасць насельніцтва. Дадзены народ прызнецца грамадствам аўтахтонным, карэнным па сваім пражыванні на дадзенай тэрыторыі ў параўнанні з іншымі. Менавіта гэтая акалічнасць выступае часцей за ўсё ў якасці асноўнага крытэрыю пры выбары дзяржаўнай мовы. Аднак любая гісторыка-культурная зона – гэта вынік шматвекавых змяшчэнняў, трансфармацый ў галіне гаспадаркі, сямейных адносін, мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры. Абавязковымі стадыямі такіх трансфармацый з’яўльяюцца білінгвізм і бікультура. Таму крытэрый гістарычнай адасобленасці насельніцтва можна, хутчэй, лічыць умоўным.

2) колькасць людзей, якія размаўляюць на гэтай мове і ўспрымаюць яе як родную. У якасці дзяржаўнай мовы можа быць выбрана мова большасці. Так, у Велікабрытаніі афіцыйна прызнанай дзяржаўнай мовай з’яўляецца родная мова большасці насельніцтва – англійская. Аднак у гісторыі вядомы выпадкі, калі ў якаксці дзяржаўнай выбіралася мова меншасці, напрыклад, іландская мова у Ірландыі, дзе колькасць карэнных носьбітаў мовы не перавышае 3%.

3) прэстыжнасць, аўтарытэтнасць мовы. Гэта важны фактар выбару дзяржаўнай мовы. У якасці такой мовы можа быць выбрана літаратурная мова сацыяльна прэстыжнай дамінуючай (нават нешматлікай) групы насельніцтва. Наяўнасць у народа глыбокіх гісторыка-культурных традыцый, выдатных літаратурных і навуковых твораў на гэтай мове, высокая ступень яе стандартызацыі, міжнароднага аўтарытэту – ўсе гэта стварае высокі ўзровень прэстыжнасці мовы. Між тым, бываюць выпадкі, калі аднолькава прэстыжнымі ў краіне могуць быць дзве мовы. Такая сітуацыя назіраецца, напрыклад, у Канадзе, дзе аднолькава аўтарытэтнымі з’яўляюцца англійская і французская мовы.

4) нейтральнасць мовы. Многія дзяржавы з’яўляюцца шматмоўнымі. У такіх выпадках афіцыйнай дзяржаўнай мовай часцей за ўсе выбіраецца нейтральная мова, а адна ці дзве іншыя аб’яўляюцца афіцыйнымі. Нейтральная мова нярэдка ўсведамляецца як мова-прадстаўнік сусветнай культуры, навукі і тэхнічнага прагрэсу. Для многіх краін свету такой мовай з’яўляецца англійская (у Індыі, ЮАР, Камеруне, Нігерыі і інш.). У Швейцарыі ж, напрыклад, роднай мовай для 65% яе жыхароў з’яўляецца нямецкая мова.

Пры выбары і замацаванні дзяржаўнай мовы вялікае значэнне мае таксама наяўнасць нацыянальнай інтэлігенцыі і культурных традыцый. Такімі з’яўляюцца асноўныя крытэрыі, на якія звычайна абапіраюцца пры выбары той ці іншай мовы ў якасці дзяржаўнай з ліку моў, калі такая мова не склалася ці не сфарміравалася як адзіная дзяржаўная сама па сабе ў выніку працяглай эвалюцыі.

Прыкладам дэмакратычнай моўнай палітыкі можа быць моўная палітыка Фінляндыі, дзе жыве 5 мільёнаў фінаў і 300 тысяч шведаў. Нягледзячы на гэта, яшчэ ў 1919г. шведская і фінская мовы былі аб’яўлены дзяржаўнымі. Своеасаблівай моўнай палітыкі прытрымліваюцца ў ЗША, дзе, як і ў Англіі, няма дзяржаўных органаў, якія адказваюць за моўную палітыку. Моўную палітыку ў гэтых краінах вызначаюць арганізацыі, якія адстойваюць інтарэсы непрывілеяваных слаёў грамадства. У апошні час актыўная моўная палітыка, накіраваная на падтрымку рускай мовы, праводзіцца ў Расіі. У 1996г. пастановай урада была зацверджана Федэральная мэтавая праграма “Руская мова”, асноўнымі кірункамі якой з’яўляюцца наступныя: 1) духоўнае адраджэнне і абнаўленне Расіі; 2) развіццё і падтрымка рускай мовы як нацыянальнай і дзяржаўнай; 3) павышэнне статусу рускай мовы ў сучаснай расійскай і міжнароднай адукацыі; 4) пашырэнне функцый рускай мовы ў грамадстве, яе прапаганда.

Інтэграцыйныя працэсы ў сучаснай Еўропе робяць актуальнымі пытанні моўнай палітыкі, якая павінна рэгламентаваць ужыванне роднай мовы. Заканадаўча павінны замацоўвацца тыя сферы і тыпы моўных сітуацый, якія б прадугледжвалі выключнае выкарыстанне дзяржаўнай мовы (напрыклад, асобныя афіцыйныя віды і тыпы навучання ў школе і ВНУ), а таксама пераважнае выкарыстанне (візуальная і акустычная інфармацыя ў горадзе, на транспарце, рэклама, тапаграфічныя знакі і інш.). Аднак калі дзяржава можа рэгламентавать выкарыстнне мовы ў афіцыйных сферах, то гэта немагчыма зрабіць у звычайнай побытавой сферы. Тут універсальная мова “паглынае” яе пад сябе.

Ва ўмовах білінгвізму ў сучаснай Беларусі неабходна прымаць усе магчымыя меры для пашырэння сфер ужытку беларускай мовы як спрадвечнага сродку зносін нашага народа. Такое пашырэнне, думаецца, можна ажыццяўляць па наступных напрамках:

1) адраджэнне вёскі як спрадвечнай базы аўтэнтычных дыялектаў і сферы штодзённага бытавання беларускай мовы. У гэтым напрамку вялікія намаганні прыкладае сённяшняе кіраўніцтва краіны;

2) адмаўленне ад жорсткіх нарматыўных падыходаў у адносінах да культуры вуснага беларускага маўлення. Крытыку маўленчых памылак трэба, па магчымасці, замяняць на заахвочванне і дапамогу тым, хто імкнецца гаварыць па-беларуску;

3) прызнанне непазбежнай прысутнасці і каштоўнасці рускай мовы ў сучаснай камунікатыўнай прасторы;

4) актыўнае супрацоўніцтва беларускай інтэлігенцыі, усіх прыхіль­нікаў беларускай мовы з дзяржаўнымі органамі і ўладамі. Беларускую мову патрэбна вызваліць з-пад навязанага ёй іміджу апазіцыйнасці. Мова ёсць усяго толькі сродак выражэння сацыяльна значнага зместу, любой ідэалогіі, але не сам гэты змест і ідэалогія;

5) пашырэнне і актывізацыя кантактаў нашай дзяржавы з краінамі Еўрасаюза. Можна выказаць асцярожны аптымізм наконт таго, што беларуская мова будзе паступова ўзмацняць свае пазіцыі па меры збліжэння з Захадам;

6) стварэнне беларускімі культурнымі дзеячамі яркіх, таленавітых твораў як у сферы высокага мастацтва, так і ў галіне масавай, папулярнай, падлеткавай і моладзевай субкультуры;

7) істотнае павышэнне ўзроўню выкладання беларускай мовы ў сярэдніх школах, каледжах і ВНУ як адна з найбольш неабходных умоў росту яе прэстыжнасці.[15]

Лекцыя 3. ГІСТОРЫЯ ЭТНАМОЎНЫХ ПРАЦЭСАЎ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 920 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.01 с)...