Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Этнамоўныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў старажытнасці



Этнамоўныя працэсы – гэта прастора-часавая эвалюцыя моў, якія функцыянуюць у розных сферах, і іх узаемадзеянне ў шматнацыянальным грамадстве. Часткай гэтых працэсаў выступае білінгвізм (двухмоўе) ці полілінгвізм. Весці гаворку пра этнамоўныя працэсы на тэрыторыі Беларусі, думаецца, можна ад часу з’яўлення мясцовых пісьмовых крыніц (ХІ–ХІІ стст.). Эвалюцыю этнамоўных працэсаў на тэрыторыі Беларусі варта разглядаць у адпаведнасці з асноўнымі этапамі яе этнічнай гісторыі:

1) канец ХІ – І палавіна ХІІІ ст. – складванне і развіццё старажытна- рускай супольнасці;

2) І палавіна ХІІІ ст. – ХУІ ст. – фарміраванне протабеларускага этнічнага масіву;

3) ХУІІ – ХУІІІ стст. – развіццё асаблівасцей беларускага этнасу;

4) ХІХ – пачатак ХХ ст. – складванне беларускай нацыі.

Заўважым, што дадзеныя перыяды гістарычна адпавядаюць знаходжанню этнічнай тэрыторыі Беларусі ў складзе Кіеўскай Русі (І этап); ВКЛ (ІІ этап); Рэчы Паспалітай (ІІІ этап) і Расійскай імперыі (ІУ этап).

Агульнай назвай для насельніцтва Кіеўскай Русі, у тым ліку і жыхароў сучаснай Беларусі, была назва “русы” (“руськие”, “русины”), якая к ХІІ ст. выцесніла племянныя назвы тыпу “полочане”, “смоляне”, “псковичи” і інш. На тэрыторыі этнічнай Беларусі ў канцы ІХ–пачатку ХІ ст. функцыянавалі мясцо­выя разнавіднасці ўсходнеславянскай мовы, якія ў пагранічных з балтамі раёнах узаемадзейнічалі з балцкімі гаворкамі. З ХІ ст. на сучасных беларус­кіх землях атрымалі распаўсюджанне дзве літаратурныя мовы – старажыт­на­руская і царкоўнаславянская. Іх узаемадзеянне і характарызуе этнамоўнае жыц­цё на нашых землях у той старажытны перыяд.

Этнамоўная сітуацыя на тэыторыі Беларусі змянілася пасля ўвахо­джання яе ў склад ВКЛ. Былыя старажытнарускія землі склалі большасць тэрыторыі новай дзяржавы (нагадаем, што к ХУст. ВКЛ уяўляла сабою вялікую поліэтнічную дзяржаву, куды ўвайшлі балцкія землі, землі сучаснай Беларусі і Украіны, а таксама велікарускія землі – Смаленшчына, Пскоўшчына, Браншчына). Усходнеславянскае насельніцтва пераважала не толькі колькасна, але і мела, у параўнанні з балтамі, больш высокі культурны ўзровень развіцця. А таму заканамерна, што старабеларуская мова, якая сфарміравалася на грунце паўночна-заходніх старажытнарускіх дыялектаў, стала дзяржаўнай мовай ВКЛ.

Асаблівасці вусна-гутарковай мовы насельніцтва Беларусі таго перыяду пераходзілі ў пісьмовую мову (найперш у дзелавую пісьменнасць). Як заўважаў Я.Ф.Карскі, “прыкметы заходнярускай гаворкі складваюцца ў рукапісах пачынаючы ўжо з ХІІІ ст. і працягваюцца да канца ХУІІІ ст.”. [16] Пісьменства на Беларусі ў ХІУ–ХУІ стст. прадоўжыла традыцыі папярэдняга перыяду, паступова насычаючыся спецыфічнымі мясцовымі (беларускімі) асаблівасцямі..

На працягу ХІУ–ХУІ стст. беларуская мова ўсё больш і больш убірала ў сябе асаблівасці народнай гаворкі, пазбаўляючыся ад архаічных старажытнарускіх і царкоўнаславянскіх рыс. Пісьменнікі ХУІ ст. называлі мову сваіх твораў “руськой”, супрацьпастаўляючы яе тым самым “языку словенскому”. На “руськой” мове напісаны прадмовы Ф.Скарыны, В. Цяпінскага, асобныя творы С. Буднага, А. Рымшы. У другой палавіне ХУІ ст. за беларускай мовай была заканадаўча замацавана сфера справаводства. Так, у другой рэдакцыі Статута ВКЛ (1566г.) было сказана: “…а писаръ земский маеть литэрами и словы русскими вси листы, выписы и позвы писати, а не иъншым языком і словы”. Гэты артыкул якраз і адлюстроўвае моўную сітуацыю ў ВКЛ, якая ўскладнілася ў сувязі з актыўным пранікненнем на яго землі польскай і лацінскай моў. У гэты час народна-гутарковая моўныя рысы ўсё больш і больш ужываліся ў свецкіх і канфесійных творах (прыгадаем мову выданняў Ф.Скарыны, якая з’явілася ўзорам беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы). Часовы ўздым царкоўнаславянскай мовы ў канцы ХУІ ст. быў выкліканы барацьбой за праваслаўную веру, а таксама рухам супраць польска-лацінскай моўнай экспансіі. “Славенская” мова была класічнай мовай праваслаўнай кніжнасці. На ёй існавала канфе­сійная і вучоная літаратура праваслаўных і ўніятаў, яе выкладалі ў брацкіх школах.

Этнамоўная сітуацыя на беларускіх землях змянілася ў другой палавіне ХУІ ст., пасля Люблінскай уніі 1569г., калі адбылося аб’яднанне ВКЛ і Каралеўства Польскага ў складзе Рэчы Паспалітай. У гэты час Польшча мела лепшае эканамічнае і палітычнае становішча, чым аслабленае ў Лівонскай вайне ВКЛ. Валодаючы ўнутрыпалітычнай ініцыятывай ў дзяржаве, Польшча пачала ажыццяўляць вялікадзяржаўную палітыку ў адносінах да ВКЛ, якая выяўлялася найперш у імкненні падпрадкаваць гэты край Кароне, у пашырэнні каталіцызму, польскай мовы і культуры. Такім чынам, характэрная для папярэдняга перыяду “руска-славенскае” двухмоўе дапоўнілася польскай мовай, якая пачала шырока выкарыстоўвацца на землях ВКЛ у справавод­­­стве, літаратуры, а таксама ў побытавых зносінах мясцовай шляхты.

Побач з беларускай польская мова ўзяла на сябе функцыі мовы міжэтнічных зносін у межах усёй Рэчы Паспалітай, у тым ліку і на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Веданне польскай мовы стала лічыцца прэстыжным сярод адукаваных людзей. Многія дзеячы культуры таго часу пісалі і на беларускай, і на польскай мовах, у іх ліку С. Будны, А. Рымша, С. Полацкі. У пісьмовую “руськую” мову ў ХІУ–ХУІ стст. актыўна пранікалі і замацоўваліся на яе глебе паланізмы. Старабеларускае пісьменства ХУІ – ХУІІ стст. па лексічным складзе, як заўважаў Я.Ф. Карскі ў манаграфіі “Беларусы” (т. 3, кн. 3), “мала чым адрознівалася ад польскай мовы”. Апалячванне і акаталічванне беларускага насельніцтва набыло шырокія памеры. Засмечаная паланізмамі, сацыяльна непрыстыжная, беларуская літаратурная мова год за годам пачынае саступаць пазіцыі польскай мове. Трэба адзначыць, што архаізаванасць граматычна-правапісных нормаў беларускай мовы, часам вельмі далёкіх ад жывой народнай, таксама паспрыяла заняпаду беларускай літаратурнай мовы старой традыцыі: яна ўжо не магла задаволіць камунікатыўныя патрэ­бы тагачаснага грамадства. І калі яшчэ ў 1621 г. ашмянскі шляхціц Ян Казімір Пашкевіч з захапленнем пісаў, што “Польска квитнет лацинаю, Литва квитнет русчизною”, то ў 1696 г. Варшаўскі сейм канстатуе, што ў справаводстве княства ўсе рашэнні павінны складацца выключна на польскай мове. З гэтага часу афіцыйная пісьменнасць на беларускай мове спыняецца.Аднак беларуская мова працягвае выкарыстоўвацца ў штодзённым ужытку сялян і іншых ніжэйшых колаў грамадства, якіх польская асіміляцыя пакуль не закранула. Адыход жа ад беларускай мовы мясцовай шляхты ў гэты час насіў масавы характар. ХУІІІ ст. стала часам заняпаду беларускай пісьменнасці і духоўнай культуры беларускага народа. Беларуская мова ў гэты час выкарыстоўвалася выключна ў народна-дыялектнай форме.

Амаль адначасова з польскай мовай на Беларусі з’явілася латынь, веданню якой садзейнічала распаўсюджванне лацінамоўнай культуры і схаластычнай адукацыі, а таксама моўная сітуацыя на польскіх землях Рэчы Паспалітай, дзе латынь выконвала функцыі асноўнай мовы царквы, адукацыі і адміністрацыі. У ХУІ ст. у ВКЛ цэнтрам лацінскай адукацыі была Вільня, у ХУІІ ст. – Кіеў. У мове мясцовага насельніцтва, гісторыі яго літаратуры, лацінская мова, праўда, пакінула невялікі след (паэзія Яна з Вісліцы, паэма “Песня пра зубра” М.Гусоўскага).

Такім чынам, этнамоўная сітуацыя на Беларусі ў канцы ХУІ – ХУІІІ стст. вызначалася ўзаемадзеяннем беларускай, царкоўнаславянскай, польскай і лацінскай моў (сітуацыя полілінгвізму). У цэлым жа, для Беларусі два стагоддзі ў складзе Рэчы Паспалітай былі адзначаны панаваннем масавага беларуска-польскага двухмоўя. Этнамоўныя працэсы вызначаліся ўстойлівым нарастаннем уплыву польскай мовы, што пакінула глыбокі след у моўнай сістэме беларусаў і іх этнічнай гісторыі. Моўная асіміляцыя насельніцтва Беларусі (найперш адукаваных слаёў) выклікала трансфармацыю самасвядомасці ў значнай колькасці прадстаўнікоў беларускага этнасу і змену этнічных арыентацый. Арыентацыя сацыяльных вярхоў ВКЛ на польскую культуру прывяла да практычна поўнага апалячвання мясцовай шляхты.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 932 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...