Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Этнамоўныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ – ХХ стст



Далучэнне тэрыторыі сучаснай Беларусі да Расійскай імперыі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) паклала пачатак новаму этапу этнагенезу беларускага народа. Уз’яднанне з Расіяй не вызваліла беларусаў ад сацыяльнага і нацыянальнага уціску, не прывяло да стварэння хаця б якой-небудзь беларускай аўтаноміі. У складзе Расіі Беларусь канчаткова страціла не толькі дзяржаўнасць, але і сваю этнічную назву, ператварыўшыся ў паўночна-заходнюю ўскраіну імперыі. Царскі ўрад ігнараваў не толькі дзяржаўную самастойнасць, але і этнічную, моўную, культурна-рэлігійную адметнасць беларускага народа, які разглядаўся як частка рускага этнасу, племя “велікарускага народа”. Гаворка вялася толькі пра яго магчымую культурную аўтаномію. Нашу мову называлі дыялектам (“наречием”) велікарускай мовы, якая лічылася найбольш прыдатнай для развіцця навукі і культуры. Да таго ж, трэба прызнаць, што менавіта да гэтых поглядаў падсвядома цягнулася большасць тагачаснага сялянскага насельніцтва краю.

Беларуская мова ў пісьменнасць, афіцыйны ўжытак і школу не дапускалася. Друкаваных органаў на ёй у той час не існавала. Беларускай мовай у яе дыялектнай форме карысталася найперш сялянства, местачкоўцы, ніжэйшыя слаі насельніцтва буйных гарадоў, а таксама дробная шляхта. Прадстаўнікі ж вышэйшага саслоўя гаварылі па-польску ці па-расійску.

Нацыянальная літаратурная мова беларусаў была выпрацавана за параўнальна кароткі гістарычны перыяд у творчасці літаратурных класікаў і “нашаніўскай” публіцыстыцы, стаўшы сімвалам этнічнага самасцвярджэння нацыянальнай інтэлігенцыі. Але гэта ў значнай ступені новая і больш складаная ў адносінах да мясцовых дыялектаў мова не магла быць хутка засвоена народнымі масамі, што ўжо прывыклі да выкарыстання ў палітычнай, адміністрацыйнай і адукацыйнай сферы рускай мовы, якая да таго ж стала на той час асноўнай мовай гарадскога насельніцтва. Загадам Мікалая І у 1840г. на Беларусі ў якасці афіцыйнай была ўведзена руская мова, што адкрывала шлях і рускаму заканадаўству, і рускай школе. У 1839г. была ліквідавана ўніяцкая царква, якая вяла набажэнства на беларускай мове. Усё, што знаходзілася пад беспісьмовым сялянскім бытам (канцылярыя, школа, царква), было рускім.

Такім чынам, паўкаланіяльнае становішча Беларусі ў складзе Расійскай імперыі, адсутнасць уласнай дзяржаўнасці, забарона беларускага друкаванага слова, эканамічная адсталасць і некаторыя іншыя вышэйшыя памянёныя акалічнасці замураджвалі фарміраванне беларускай нацыі і яе мовы. Працэс складвання нацыянальннай мовы расцягнуўся больш як на стагоддзе – ад пачатку ХІХ да першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. Галоўнай прычынай гэтага была найперш адсутнасць свайго дзяржаўна-палітычнага ўтварэння.

Вельмі важнай падзеяй для беларускага этнасу з’явілася ўзнікненне ў ХІХ ст. беларускай літаратурнай мовы на новай, народнай аснове. Новая беларуская мова прыйшла на змену старабеларускай, якая выйшла з ужытку ў канцы ХУІІІ ст. З’яўленне новай беларускай літаратурнай мовы мела вялікае значэнне для складвання нацыі, бо пісьмовая мова здольная ўзмацняць працэсы аб’яднання сярод насельніцтва. На Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. узаемадзейнічалі, у асноўным, тры мовы – беларуская, руская і польская. І калі ў першай трэці ХІХ ст. панавала беларуска-польскае двухмоўе, то ў 30–60-я гады стала фарміравацца беларуска-рускае двухмоўе, якое канчаткова замацавалася да пачатку ХХ ст. у моўным жыцці беларусаў. Паслабленнне польскага моўнага ўплыву на насельніцтва Беларусі і актывізацыя рускага мелі вынікам выхад з ужытку шэрагу паланізмаў і запазычванне шматлікіх рускіх слоў. Ва ўмовах актыўнага ўздзеяння рускай культуры адсутнасць беларускай інфармацыйнай, адукацыйнай і культурна-асветнай сістэмы садзейнічала асіміляцыі беларусаў і далучэнню іх да рускай культуры. Прыток вясковага насельніцтва ў горад, якое, па сутнасці, было адзіным захаваль­нікам этнакультурных традыцый, ператварыў беларусаў у рускамоўных гараджан, падрыхтаваных у культурна-моўным плане да этніч­най асіміляцыі. На пачатку ХХ ст. у некаторых мясцінах Беларусі склалася такая сітуацыя, што “просты народ” не ведаў назвы “беларусы”. Паводле назіранняў Я.Ф.Карскага, “на пытанне: хто ты? просты чалавек адказвае – рускі, а калі ён католік, то называе сябе ці католікам, ці палякам; часам сваю Радзіму назаве Літвой, а то і проста скажа, што ён “тутэйшы” – мясцовы…”[17]

Кастрычніцкі сацыялістычны пераварот 1917г. у Расіі стварыў умовы, якія дазволілі беларусам пачаць нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва: 1918 г. – утварэнне БНР, 1919 г. – утварэнне БССР. ­­­­­ Асаблівасцю этнічнага развіцця беларускага народа ў 20–30-я гады ХХ ст. стаў падзел яго тэрыторыі паміж БССР і Польшчай. Беларуская мова, якая ў 1920г. на тэрыторыі БССР была прызнана дзяржаўнай, з сярэдзіны 20-х гадоў стала найбольш ужывальнай як мова асноўнай часткі насельніцтва Беларусі. Канстытуцыяй БССР 1927г. беларуская мова была прызнана асноўнай для дзяржаўных, прафесійных і грамадскіх устаноў і арганізацый. Беларусізацыя 20-х гадоў была накіравана на развіццё друку на беларускай мове, адкрыццё беларускіх школ, ВНУ, перавод на беларускую мову дзяржаўных, партыйных і іншых грамадскіх органаў. Насельніцтва Беларусі, у цэлым, з энтузіязмам адгукнулася на меры, якія прымаліся па беларусізацыі. Этнамоўная сітуацыя на тэрыторыі БССР у гэты час характарызавалася шырокім распаўсюджваннем беларускай мовы не толькі ў якасці размоўнай, але і пісьмовай. Яна пранікала ў дзяржаўна-адміністрацыйную сферу, юрыспрудэнцыю, навуку, культуру, адукацыю. Беларуская літаратурная мова год ад году ўмацоўвала свае пазіцыі, і гэта суправаджалася ўзмацненнем нацыянальнай самасвядомасці сярод насельніцтва Беларусі. Так, паводле перапісу 1926г., 82% беларусаў назвалі беларускую мову роднай. Руская мова заставалася даволі пашыранай у гарадах. Акрамя беларускай і рускай, у 20-30-я гады на тэрыторыі Беларусі функцыянавалі таксама яўрэйская, польская, украінская і іншыя мовы. Канстытуцыя 1927 г. гарантавала свабоднае выкарыстанне ў рэспубліцы моў усіх нацыянальнасцей, што пражывалі тут. Этнамоўныя працэсы ў Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў 1921–1939 гг. у склад буржуазнай Польшчы, значна адрозніваліся ад тых, што працякалі ў БССР. Польскія ўлады праводзілі палітыку апалячвання насельніцтва далучаных зямель. Друк, школа, каталіцкая царква былі пастаўлены на службу асімілятарскай па сутнасці палітыкі польскай улады. Так, у 1928 г. забараняецца выданне беларускіх газет. К канцу 30-х гадоў у Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы: навучанне паўсюдна вялося на польскай мове. Аднак беларуская мова шырока выкарыстоўвалася ў дыялектнай форме як сродак штодзённых зносін мясцовага насельніцтва.

У 1939г. гістарычныя ўмовы дазволілі беларусам уз’яднацца ў адзінай дзяржаве. Заходнебеларускае насельніцтва было ўцягнута ў працэсы ўнутрыэтнічнай кансалідацыі. У Заходняй Беларусі адчыняюцца беларускія школы, ідзе стварэнне культурна-асветных устаноў. У пачатку 30-х гадоў падчас сталінскіх рэпрэсій у краіне разгарнулася барацьба супраць т. зв. нацдэмаў. Боязь трапіць у лік нацыяналістаў адгароджвала многіх беларусаў ад роднай мовы і культуры. Дзяржаўныя партыйныя органы, ВНУ пераходзілі на рускую мову. Беларусізацыя пачынае расцэньвацца партыйнымі органамі як памылка. Змены ў правапісе 1933 г., праведзеныя дырэктыўным спосабам, спрыялі таму, што паступова беларуская літаратурная мова страчвае сваю нацыянальную адметнасць і набліжаецца да рускай. Далейшы шлях беларускай мовы – гэта паступовы працэс яе нівеліравання і асіміляцыі рускай мовай. У 1938 г. выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП(б) “Об обязательном изучении русского языка в школах национальных республик и областей”. Паступова, крок за крокам, пачынаецца страта роднай мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця, рэзка змяншаецца колькасць беларускамоўных школ.

Этнамоўная сітуацыя ў Беларусі пасля Вялікай Айчыннай вайны характарызавалася далейшым развіццём беларуска-рускага двухмоўя і пашырэннем сфер выкарыстання мовы рускай, што адзначалася ўжо і ў даваенны перыяд. Разам з тым пасляваенны час характарызааўся ўмацаваннем этнічнай самасвядомасці беларусаў. Беларуская мова шырока выкарыстоўвалася ў сельскай мясцовасці, на ёй размаўляла частка гараджан, найперш нядаўніх мясцовых мігрантаў, а гэта азначала, што яна выконвала не толькі сімвалічную функцыю, але і камунікатыўную.

50–60-я гады ХХст. характарызаваліся шырокамаштабным ужываннем, умацаваннем пазіцый рускай мовы і звужэннем сфер выкарыстання мовы беларускай. Гэтаму садзейнічала найперш масавая міграцыя вясковага насельніцтва, асабліва моладзі, у горад і палітыка кампартыі і ўрада БССР, накіраваная на поўнае зліццё моў, культур і нацый у працэсе будаўніцтва камуністычнага грамадства. Павелічэнне колькасці беларусаў сярод гараджан, на жаль, не паспрыяла змене этнамоўнай сітуацыі на карысць беларускай мовы: наадварот, адбылося масавае далучэнне беларусаў да рускай мовы, якая паступова становіцца мовай міжнацыянальных зносін. Адначасова адбываецца падзенне прэстыжу і прыніжэнне ролі нацыянальных моў, у тым ліку і беларускай. Беларуская мова як асноўны сродак зносін выкарыстоўвалася ў вёсках, найперш у сямейна-бытавой сферы, і ў школах, якія працавалі на роднай мове. Моўная інтэрферэнцыя (г. зн. узаемадзеянне моў з адхіленнямі ад іх літаратурных нормаў) на Беларусі сустракалася як у гараджан, так і ў вясковага насельніцтва. Узнікненне змешанай руска-беларускай мовы (т. зв. “трасянкі”) стала, несумненна, вынікам блізкароднаснага беларуска-рускага білінгвізму.

Актыўнае распаўсюджванне рускай мовы на Беларусі ў 70-я – пачатку 80-х гг. спрыяла яе высокаму грамадскаму статусу, яна стала абавязковым прадметам вывучэння ў беларускіх школах, павялічыўся тыраж рускамоўных выданняў. Многія беларускамоўныя школы пераходзілі на рускую мову навучання. Да таго ж, калі яшчэ Канстытуцыя БССР 1927 г. гарантавала народу права “навучання на роднай мове”, то Канстытуцыя БССР 1978 г. гэтае права абмежавала толькі “магчымасцю навучання на роднай мове”. Паступова адбывлася дэфармацыя нацыянальнай свядомасці, страта пачуцця любові і пашаны да роднай мовы як найвялікшага скарбу нацыянальнай культуры. Сістэма адукацыі ў гэты час арыентавала асобу ў вузкім сэнсе на рускую, а ў шырокім сэнсе – на агульнасавецкую культуру.

Лекцыя 4. ГЛАБАЛІЗАЦЫЯ І МОВА

Пытанні

1.Глабалізацыя культуры ў сучасным свеце і звязаныя з ёю моўныя працэсы.

2. Сучасныя праблемы моўнага жыцця і этнічнай самасвядомасці насельніцтва Беларусі.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 732 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...