Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Этналінгвістыка як комплексная навуковая дысцыпліна, яе мэта і задачы. Прадмет і аб’ект этналінгвістычных даследаванняў



На сучасным этапе развіцця мовазнаўства надзвычай востра стаіць

пытанне пра лінгвістыку будучага. Як прыгадвалася вышэй, апошнім

часам заўважаецца прыкметнае перамяшчэнне інтарэсаў навуковых даследаванняў з фармальнай структуры мовы на яе ўнутраны змест, гісторыка-культурную і сацыякультурную функцыі. У сувязі з гэтым узнікаюць новыя міждысцыплінарныя навуковыя кірункі і даследчыцкія методыкі. Сутнасць антрапацэнтрычнай парадыгмы даволі выразна прадстаўлена ў этналінгвістычных даследаваннях.

Этналінгвістыка (ад грэч. еthnos ‘народ’ і франц. linguistiguс ‘навука пра мову’) – новы кірунак у мовазнаўстве, які вывучае мову ў яе адносінах да культуры, народа, а таксама ўзаемадзеянне моўных, этнакультурных і этнапсіхалагічных фактараў у функцыянаванні і эвалюцыі мовы. У шырокім разуменні этналінгвістыка разглядаецца як комплексная дысцыпліна, якая вывучае ўвесь “план зместу” культуры, народнай псіхалогіі і міфалогіі. Па словах М.І.Талстога, “этналінгвістыка ёсць галіна мовазнаўства, якая накіроўвае даследчыка на разгляд суадносін і сувязей мовы і духоўнай культуры, мовы і народнага менталітэту, мовы і народнай творчасці” [10].

Этналінгвістыка – адзін найбольш новых, цікавых і перспектыўных кірункаў сучаснага мовазнаўства – інтэгруе ў сабе мовазнаўства, этнаграфію і фалькларыстыку. Дзякуючы намаганням М. І. Талстога (лінгвістычны дыяпазон яго даследаванняў надзвычай шырокі: даследчык займаўся комплексным вывучэннем традыцыйнай духоўнай культуры славянскіх народаў і рэканструкцыяй старажытнай славянскай культуры па дадзеных мовы, фальклору, абраднасці, вераванняў і міфалогіі, засяродзіўшы асноўную ўвагу на культуры паўднёвых славян і ўкраінска-беларускага Палесся), сёння можна казаць пра цэлую этналінгвістычную школу, якая вырашае такія сур’ёзныя задачы, як стварэнне этналінгвістычных слоўнікаў і атласа духоўнай культуры Палесся (да гэтай працы ў час этналінгвістычных экспедыцый на Палессе было прыцягнута з пачатку 80-х гадоў ХХ ст. шырокае кола лінгвістаў – ад вядомых вучоных да студэнтаў – на чале з М.І.Талстым).

Мэта этналінгвістыкі – семантычная рэканструкцыя традыцыйнай карціны свету, светапогляду і сістэмы каштоўнасцей пэўнага народа. Этналінгвістыка разглядае адлюстраванне народнай культуры, творчасці, псіхалогіі і народнага менталітэту ў мове. Задачамі этналінгвістыкі з’яўляецца аналіз выкарыстання мовы ў розных моўных сітуацыях у розных этнасацыяльных групах, а таксама вывучэнне мовы ў кантэксце традыцыйнай духоўнай культуры. Этналінгвістыка займаецца семантычнай рэканструкцыяй “карціны свету” і сістэмы каштоўнасцей пэўнага этнасу. Прадмет этналінгвістыкі – мова ў яе суадносінах з этнасам. Дадзеная дысцыпліна не апісвае фанемы, марфемы, сказы, не адкрывае новыя заканамернасці ў мове. У этналінгвістыцы катэгорыі і факты мовы, тэксты на той ці іншай мове выкарыстоўваюцца толькі як сродак для больш глыбокага пранікнення ва ўласнаэтнічныя працэсы. Аб’ектам этналінгвістыкі з’яўляюцца ўсе бакі мовы як у яе вуснай форме (дыялекты, фальклор, прастамоўе, літаратурная мовы (наддыялект), так і разнастайныя пісьмовыя тэксты (найперш арыгінальныя і перакладныя мастацкія творы). У якасці аб’екта вывучэння выступае не толькі мова, але і іншыя формы, у якіх выражае сябе калектыўная свядомасць, народны менталітэт, “карціна свету”, характэрная для таго ці іншага этнасу, – г. зн. уся народная духоўная культура, усе яе віды, жанры і формы – вербальныя (лексіка і фразеалогія, парэміялогія, фольклорныя тэксты), акцыянальныя (абрады), ментальныя (вераванні).

Этналінгвістыка цесна звязана з такімі прыватнымі лінгвістычнымі дысцыплінамі, як дыялекталогія і анамастыка, бо выкарыстоўвае набыткі і дасягненні гэтых раздзелаў мовазнаўства, з іншымі сучаснымі гуманітарнымі дысцыплінамі – этналогіяй (навукай пра народ), этнаграфіяй, міфалогіяй, сацыялінгвістыкай і інш., абапіраецца на іх дасягненні.

Шэраг навуковых прац апошніх гадоў сведчыць пра тое, што на сучасным этапе вельмі актыўна развіваецца шырокі комплексны напрамак этналінгвістычных даследаванняў. Сёння ў межах этналінгвістыкі як комплекснай дысцыпліны вылучаюцца асобныя кірункі: этнасемантыка, этнапсіхалінгвістыка, лінгвакультуралогія, лінгвакраіназнаўства. Яшчэ Э. Бенвеніст некалі пісаў, што “на падставе трыяды – мова, культура, чалавечая асоба – магла б быць складзена іншая лінгвістыка”.[11] Так, у 70-я гады ХХ ст. як самастойны навуковы напрамак на стыку лінгвістыкі і культуралогіі ўзнікла лінгвакультуралогія, якая даследуе розныя “праяўленні культуры народа, што адлюстраваліся і замацаваліся ў мове”.[12] Лінгвакультуралогія вывучае мову як “феномен культуры”. Сёння гэтая дысцыпліна ўяўляе не проста “гібрыд” ці “часовы саюз” лінгвістыкі і культуралогіі, гэта міждысцыплінарная навуковая галіна, самастойная па сваіх мэтах, задачах, метадах і аб’ектах даследавання. Між тым, этналінгвістыка і лінгвакультуралогія не з’яўляюцца прынцыпова рознымі навукамі, паколькі яны маюць аднолькавы аб’ект і прадмет вывучэння – мову народа як праўленне яго культуры і светапогляду. Этналінгвістыка і лінгвакульуралогія суадносяцца паміж сабой так, як прыватнае і агульнае мовазнаўства. Лінгвакраіназнаўства – гэта такі кірунак у мовазнаўстве, які спалучае ў сабе элементы лінгвістыкі (раскрыццё семантыкі моўных адзінак) з элементамі краіназнаўства (вывучэнне рэалій краіны праз словы, якія іх абазначаюць).





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 1814 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...