Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Антрапацэнтрызм як галоўны прынцып сучаснай лінгвістыкі



Паняцце парадыгмы навуковых ведаў. Тэрмін “парадыгма навуковых ведаў” упершыню з’явіўся ў працах амерыканскага вучонага Т. Куна ў кнізе “Структура навуковых рэвалюцый” (1962г.). На думку Т. Куна, парадыгма ўяўляе сабой нейкую сукупнасць ведаў і асаблівасці падыходу да аб’екта даследавання, у тым ліку і да мовы. Навуковая парадыгма – гэта “прызнаныя ўсімі навуковыя дасягненні, якія на працягу пэўнага часу даюць навуковай супольнасці мадэль пастаноўкі праблем і іх вырашэння”.[1] Вядома, што “ў лінгвістыцы парадыгмы не змяняюць адна адну, але накладваюцца паміж сабой і суіснуюць у адзін і той жа час, ігнаруючы адна адну”.[2] У сучаснай лінгвістыцы адсутнічае адназначны падыход да вылучэння парадыгмаў, змена якіх і складае гісторыю мовазнаўства. Даследчыкі называюць розную колькасць навуковых парадыгмаў на працягу развіцця лінгвістыкі. Так, Ю. Каравулаў называе гістарычную, псіхалагічную, сістэмна-структурную і сацыяльную парадыгмы.[3] А.С. Кубракова гаворыць, напрыклад, пра чатыры вядучыя парадыгмы – традыцыйную, генератыўную, кагнітыўную і камунікатыўную.[4] В.А. Маслава схільная бачыць толькі тры навуковыя парадыгмы – параўнальна-гістарычную, сістэмна-структурную і антрапацэнтрычную.

Тры навуковыя парадыгмы вывучэння мовы. Параўнальна-гістарычная парадыгма з’явілася першай навуковай парадыгмай у лінгвістыцы, бо параўнальна-гістарычны метад быў першым спецыяльным метадам даследавання мовы. Гэта парадыгма была вядучай у мовазнаўчых працах ХІХ ст.

Сістэмна-структурная парадыгма арыентуе даследчыка на прадмет, рэч, імя, таму ў цэнтры ўвагі знаходзіцца слова. Нават у ІІІ тысячагоддзі мова даследуецца і будзе даследавацца ў межах гэтай парадыгмы, бо колькасць яе паслядоўнікаў усё яшчэ даволі значная. У рэчышчы гэтай парадыгмы па-ранейшаму складаюцца падручнікі і акадэмічныя граматыкі, распрацоўваюцца рознага кшталту даведачныя выданні. На думку В. А. Маславай, “фундаментальныя даследаванні, выкананыя ў межах гэтай парадыгмы, з’яўляюцца найкаштоўнейшай крыніцай звестак не толькі для сучасных вучоных, але і для будучых пакаленняў лінгвістаў, якія працуюць ужо ў іншых парадыгмах”.[5]

Антрапацэнтрычная парадыгма – гэта пераключэнне інтарэсаў даследчыка з аб’екта пазнання на суб’ект, г.зн. аналіз чалавека ў мове і мовы ў чалавеку, паколькі, па словах І. А. Бадуэна дэ Куртэнэ, “мова існуе толькі ў індывідуальных мазгах, толькі ў душы, толькі ў псіхіцы індывідаў ці асобін, якія складаюць дадзеную моўную супольнасць”.[6] Адносна назвы гэтай парадыгмы ў навукоўцаў няма адзінства думак. Многія вучоныя (А.С.Кубракова, В.М.Тэлія, Р.М.Фрумкіна і інш.) называюць згаданую сучасную парадыгму кагнітыўнай. Аднак наўрад ці можна з гэтым пагадзіцца, бо кагнітыўная лінгвістыка – гэта толькі частка праблемы “чалавек і мова”. Тэрмін “антрапацэнтрычная парадыгма”, думаецца, больш удалы, бо дазваляе ахапіць не толькі кагнітыўную лінгвістыку, але і лінгвакультуралогію, камунікатыўную лінгвістыку, этналінгвістыку, у цэнтры якіх таксама знаходзіцца чалавек.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 1315 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...