Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Этнічная функцыя мовы. Мова як кампанент нацыянальнай самасвядомасці . Менталітэт і родная мова



Язык есть исповедь народа; в нем слышится его природа, го душа и быт родной

(П. Вяземский).

Этнічная функцыя мовы. Народ і мова існуюць у непарыўным адзінстве. Як заўважаў І. І. Сразнеўскі ў сваёй працы “Думкі пра гісторыю рускай мовы” (1959 г.), “народ і мова адно без другога прадстаўлены быць не могуць”. Менавіта таму назва народа і назва яго мовы супадаюць. Мяркуюць, што сярод чатырох складнікаў нацыянальнай свядомасці – этнічнай, культурнай, моўнай і рэлігійнай – дамінантнай з’яўляецца моўная. На працягу стагоддзяў народы могуць змяняць сваё месца жыхарства, норавы, звычаі, рэлігію – усё, акрамя мовы. Мова – гэта крыніца культуры народа, гарантыя яго цэласнасці, адна з найважнейшых прыкмет нацыі; гэта тое, што аб’ядноўвае народ у нацыю, гэта ўсведамленне свайго этнічнага “я” ў агульнай супольнасці людзей.

Аднак сітуацыя “адна мова – адзін народ” тыповая, хутчэй, у ідэале, чым на практыцы. Этнічная і моўная карта свету далёка не заўсёды супадаюць. Іншымі словамі, паралелізм паміж этнічнай і моўнай агульнасцю існуе не заўсёды. Нярэдка адна нацыя карыстаецца не адной, а некалькімі мовамі. Напрыклад, на тэрыторыі сучаснай Швейцарыі, якая з’яўляецца дзяржавай швейцарскай нацыі, суіснуюць чатыры мовы – нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская. Дзве мовы – англійскую і ірландскую – выкарыстоўваюць ірландцы. На дзвюх фіна-ўгорскіх мовах, якія вельмі адрозніваюцца паміж сабой, – макшанскай і эрзянскай – размаўляе мардоўская нацыя. Аднак у сучасным свеце шырока распаўсюджана і асіметрыя іншага характару, калі адна мова выкарыстоўваецца некалькімі народамі. Так, на англійскай мове размаўляюць англічане, амерыканцы, канадцы, аўстралійцы, жыхары Паўднёвай Афрыкі (у дзевятнаццаці краінах Афрыкі англійская мова прызнана ў якасці афіцыйнай). Яна з’яўляецца таксама другой афіцыйнай мовай Індыі (пасля хіндзі). Трэба адзначыць, што адна і тая ж мова, абслугоўваючы розныя этнічныя супольнасці, набывае спецыфічныя рысы, якія дазваляюць гаварыць пра варыянты мовы, здольныя ў перспектыве ператварацца ў блізкія, але розныя мовы (напрыклад, амерыканскі, аўстралійскі варыянты англійскай мовы; бразільскі варыянт партугальскай мовы; на нямецкай мове гавораць сёння немцы і аўстрыйцы).

Этнічная функцыя мовы выражаецца ў яе здольнасці быць сімвалам нацыі, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў. Мова адыгрывае ролю этнічнага сімвала. Этнічная функцыя мовы з’яўляецца ў пэўным сэнсе сімвалічнай, бо яна ствараецца не ўжываннем мовы, а адносінамі людзей да яе. Ва ўсіх народаў пачуццё роднай мовы цесна звязана з пачуццём патрыятызму і нацыянальнай свядомасці. Нагадаем, што яшчэ Ф.Скарына ў прадмовах да Бібліі выказваў патрыятычныя ідэі, прычым патрыятызм для яго быў не проста абстрактнай любоўю да Радзімы, а найперш любоўю да народа як носьбіта “русскаго языка”.

Мова як кампанент нацыянальнай самасвядомасці. Этнічная самасвядомасць – гэта сістэма ўяўленняў этнасу аб сваіх характэрных асаблівасцях, якія вылучаюць яго сярод іншых аналагічных утварэнняў, веданне і разуменне традыцый, культуры, мовы, нацыянальных інтарэсаў і ідэалаў. Этнічная самасвядомасць з’яўляецца адной з самых важных характарыстык нацыі і адыгрывае ў яе лёсе істотную ролю. Яна складаецца з наступных асноўных кампанентаў: этнічнай самаідэнтыфікацыі; уяўленняў аб агульнасці паходжання прадстаўнікоў этнасу, яго адзіным гістарычным мінулым; уяўленняў аб тыповых рысах сваёй супольнасці; усведамлення этнічных інтарэсаў. Галоўным з іх выступае этнічная ідэнтыфікацыя, што азначае ўсведамленне індывідам сваёй прыналежнасці да канкрэтнага народа. Апрача таго, вельмі важным складнікам у структуры этнічнай самасвядомасці з’яўляецца ўсведамленне сваёй роднай мовы не толькі як сродку зносін, але і як адной з формаў ментальнасці этнасу.

Мова – самая важная і істотная адзнака любой нацыі. Пераважная арыентацыя культуры этнасу на ўласную моўную аснову – істотная характарыстыка жыцця этнічных супольнасцей. Большасць еўрапейскіх нацый у аснове самаідэнтыфікацыі маюць якраз-такі мову. Да месца будзе прыгадаць англійскага вучонага Эрнеста Гелнера, які называў мову ўмоўным крытэрыем самастойнасці культуры, калі не неабходным, то прынамсі дастатковым. Вялікае значэнне роднай мове надаваў выдатны чэшскі педагот Я. А. Каменскі, які ў “Прадвесніку ўсеагульнай мудрасці” заклікаў вывучаць мудрасць папярэдніх пакаленняў кожнага народа на яго ж мове. Вядомы рускі лінгвіст А. А. Патабня бачыў у мове спосаб духоўнай кансалідацыі этнасу, адзіную прыкмету, па якой мы пазнаём народ.

Родная мова з’яўляецца сродкам, з дапамогай якога мы далучаемся да сваіх продкаў і нашчадкаў, які дазваляе нам арганічна ўвайсці ў шэраг пакаленняў, што жылі да нас і прыйдуць пасля. Усведамленне моўнага адзінства і веданне культурных набыткаў свайго народа іграе важную ролю ў самім працэсе фарміравання нацыянальнай самасвядомасці. Родная мова — гэта не проста сукупнасць нейкіх умоўных знакаў, лексічных адзінак і сінтаксічных канструкцый. Гэта неацэнны духоўны скарб народа, яго жыватворная сіла, яго душа. Яна выступае асноўнай праяваю нацыянальнага жыцця, моцным інструментам уздзеяння на свядомасць чалавека, з’яўляючыся адным са сродкаў фарміравання яго асобы і паўнавартаснага выхавання.

Прыхільнасць чалавека да роднай мовы тлумачыцца яшчэ і тым, што ў кожнага народа існуюць непаўторныя асацыяцыі вобразнага мыслення, абумоўленыя своеасаблівым семантычным напаўненнем кожнага слова. Гэтыя асацыяцыі замацоўваюцца ў моўнай сістэме і складаюць яе нацыянальную спецыфіку.

Этнічная самасвядомасць базіруецца найперш на роднай мове. Страта народам сваёй мовы прыводзіць да знікнення гэтага народа як эт­насу. Адмаўленне ад роднай мовы вядзе да ўнугранай пераарыентацыі асобы і можа прывесці да сацыяльнай непаўнавартаснасці чалавска. I гэта невыпадкова, бо ў мове ўвасоблены ўсе каштоўнасці этнасу, уся яго самабытная культура, па-свойму закадзіраваны ўвесь яго лёс. Таму сапраўднае адраджэнне нацыі можа адбывацца толькі на аснове засваення роднай мовы і выкарыстання яе ў якасці сродку памнажэння культурных і інтэлектуальньгх набыткаў. Як зазначаў вядомы гісторык беларускай мовы Л.М.Шакун, “моўная адметнасць застаецца з ім (наро­дам) назаўсёды – датуль, пакуль яго голас будзе гучаць у шматгалоссі іншых народаў. І менавіта родная мова адкрывае народу магчымасць выявіць саё аблічча”.

На вялікі жаль, у нас, беларусаў, наконт гэтага няма сапраўднага разумення. Сёння многія дазваляюць сцвярджаць (з сур’ёзнай прэтэнзіяй на навуковасць!), быццам мова – гэта нешта другараднае і неістотнае. Але ні пра якое культурнае адраджэнне ў нашай краіне не можа быць і гаворкі без павышэння сацыяльнага статусу і ролі беларускай мовы ва ўсіх без выключэння сферах грамадскага жыцця.

Выконваючы функцыі асноўнага сродку зносін, спосабу перадачы нацыянальных традыцый, інфармацыі пра гісторыю і культуру народа, мова выступае сімвалам прыналежнасці яе носьбітаў да пэўнай супольнасці. Сёння ж на Беларусі практычна не праяўляюцца самастойна іншыя кампаненты нацыянальнай самасвядомасці, акрамя нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Здаецца, значэнне мовы для грамадства разумеюць усе беларусы. Аднак, у масавай свядомасці, як правіла, разумеецца мова ўвогуле, любая мова, без аналізу, на якой мове чалавек павінен размаўляць – на французскай, рускай, беларускай, на “трасянцы”, на нейкім дыялекце, ці гаворцы, ці то нават на нейкай сумесі моў. У пераважнай большасці нашых землякоў няма ўсведамлення роднай беларускай мовы як нацыянальнай святыні, як нечага першаступеннага і жыццёва неабходнага. А гзта, зразумела, выступае паказчыкам нацыянальнай няўстойлівасці. Пранікненне ў самасвядомасць іншаэтнічнай мовы азначае моўную асіміляцыю і сведчыць пра змену этнічнай арыентацыі.

Між тым, мова – прадмет гонару кожнага народа. Яе страта азначае, што мова страціла свайго носьбіта, і калі гэтая з’ява набывае масавы характар, то можна з поўнай падставай гаварыць пра моўны крызіс. У наш час сфера ўжытку беларускай мовы нездавальняюча вузкая, і гэта перашкаджае яе развіццю. Скажам інакш: мова карэннага этнасу знаходзіцца ў занядбаным становішчы, і ёй пагражае знікненне з побытавай сферы. Менавіта таму павышэнне прэстыжу роднай мовы і пашырэнне сфер яе ўжытку павінна стаць надзённай задачай кожнага свядомага беларуса, бо, як вядома, мова жыве, развіваецца і ўдасканальваецца толькі тады, калі яна падтрымліваецца камунікатыўнымі патрэбамі.

Менталітэт і родная мова. Мова з’яўляецца неабходнай умовай існавання любога этнічнага калектыву. Пры тлумачэнні паняцця “родная мова” існуе некалькі падыходаў. З аднаго боку, родная мова – гэта мова нацыі, мова продкаў, якая звязвае чалавека з яго народам, з папярэднімі пакаленнямі, іх духоўнымі каштоўнасцямі. З другога боку, гэта першая мова, якую засвойвае дзіця. Іншы раз пад гэтым паняццем разумеюць мову, якой чалавек найлепш валодае, на якой яму хутчэй і прасцей думаецца, якая з’яўляецца найбольш звыклай і зручнай формай выражэння думкі і моўных зносін. Родная мова адносіцца да тых вымярэнняў чалавека, якія ім самім на выбіраюцца. Прырода моўнай дзейнасці мае дваісты характар: у ёй ёсць і прыроджанае (генетычнае), і набытае. Генетычна ў людзях закладзена здольнасць у першыя гады жыцця засвойваць мову, прычым любую. Тым не менш, не ад генетыкі, а ад сацыяльных умоў залежыць тое, якую менавіта этнічную мову засвоіць дзіця. Авалоданне першай мовай – гэта не прыродны, а сацыяльна-псіхалагічны працэс. Чалавек не свабодны ў выбары сваёй першай, “мацярынскай” мовы, таму што яе засвойваюць падсвядома, без мэтанакіраванага вывучэння. Менавіта з гэтай натуральнасцю, нават стыхійнасцю ў авалоданні роднай мовай звязана “несвабода” чалавека ў моўных адносінах: родную мову, як і бацькоў, не выбіраюць.

Нацыянальна-культурная адметнасць любой мовы, у тым ліку і беларускай, самым цесным чынам звязана з асаблівасцямі этнічнага менталітэту. Менталітэт, ці ментальнасць (лац. mens, -ntis ‘розум, мысленне’) – гэта склад розуму, спосаб мыслення, сукупнасць думак і ўяўленняў, характэрных для пэўнай асобы або грамадскай супольнасці людзей. Меналітэт уяўляе сабой сістэму вобразаў і ўяўленняў, якія ў розных сацыяльных групах людзей ці краінах суаднояцца па-рознаму, але заўсёды ляжаць у аснове ўяўленняў чалавека пра свет і сваё месца ў ім, а значыць, вызначаюць думкі і пачуцці людзей. Беларускі менталітэт выразна аформіўся ўжо ў часы ВКЛ. Па-свойму адметны светапогляд ліцвінаў (беларусаў) аж да ХVІІ ст. уключна цэментаваўся беларускай (старабеларускай) мовай, якая шырока выкарыстоўвалася ва ўжытку, нават у велікакняжацкім і каралеўскім дварах. Істотнай рысай беларускага менталітэту эпохі ВКЛ з’яўляецца станаўленне нацыянальнай самасвядомасці, прыярытэт у фарміраванні якога належыць Ф. Скарыне, які даў свайму народу не толькі кнігадрукаванне і нацыянальную Біблію, але і пачуццё Радзімы, роднай мовы і культуры. Распачатую Ф. Скарынам справу паспяхова працягнулі С. Будны, В. Цяпінскі, Леў Сапега і іншыя культурныя дзеячы.

Наяўнасць значнага перапынку ў пісьмовай гісторыі беларускай мовы, асімілятарская палітыка царскай Расіі, пры якой ігнараваліся нацыянальна-культурныя інтарэсы беларусаў, адмоўна паўплывалі на працэс канчатковага фарміравання нацыянальнага менталітэту на мяжы ХVІІ–ХІХ стст. І толькі з утварэннем у 1919г. першай у гісторыі Беларусі па-сапраўднаму нацыянальнай дзяржавы з’явіўся шанс на гістарычную справядлівасць у барацьбе беларускага народа за суверэнітэт і нацыянальна-культурную незалежнасць. У 50-60-ыя гады ХХ ст., як было адзначана вышэй, адбылося масавае далучэнне беларусаў да рускай мовы і дэфармацыя іх нацыянальнай свядомасці.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 3390 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...