Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Глабалізацыя культуры ў сучасным свеце і звязаныя з ёю моўныя працэсы



Слова “глабалізацыя” ўсё часцей і часцей гучыць у сучасным грамадстве, бо злучаецца ўсё: фірмы і банкі, нацыянальныя валюты і нават цэлыя краіны… Аднак у працэсе злучэння ў адно вялікае цэлае заўсёды ёсць адваротны бок – магчымая пагроза для самастойнага існавання яго складнікаў. Асабліва востра такая праблема паўстае ў выпадку з т. зв. “малымі мовамі”, якія ўсе больш і больш выцясняюцца з розных сфер ужывання “вялікімі”, функцыянальна больш моцнымі міжнароднымі мовамі. Павелічэнне колькасці носьбітаў, якія карыстаюцца такімі “ўніверсальнымі” мовамі, як англійская (роднай яе лічаць каля 400 мільёнаў чалавек), французская, руская і інш., таксама прыводзіць да глабалізацыі, якая з’яўляецца прычынай нівеліроўкі этнакультурных адрозненняў моў.

Сёння пачынае актыўна развівацца спецыяльная дысцыпліна – экалінгвістыка, галоўнай мэтай якой з’яўляецца ахова моў, якім пагражае знікненне. “Кандыдатамі на выміранне” з’яўляюцца перш за ўсе тыя мовы, якія не з’яўляюцца афіцыйна ўжывальнымі і на якіх размаўляе менш за 1 мільён чалавек. Між тым, колькасць моў няспынна скарачаецца. Вось сумныя лічбы: 2 тысячы гадоў назад на зямлі было каля 12 тысяч моў, у канцы першага тысячагоддзя – ужо 10 тысяч, да пачатку XV стагоддзя – 9 тысяч, а ў канцы XX стагоддзя засталося каля 6 тысяч. Відавочна, што гэты аб’ектыўны працэс будзе паскарацца. Кожны месяц знікае прыблізна дзве мовы. Па прагнозах спецыялістаў, у сувязі з глабалізацыяй штогод будуць знікаць у сярэднім па 12 моў і ўжо да канца ХХІ стагоддзя іх застанецца не больш за 600. Каля палавіны моў, якія існуюць зараз, выйдзе з ужытку ўжо да сярэдзіны ХХІ ст.

Па ініцыятыве ЮНЭСКА ў канцы 90-х гадоў ХХ ст. у Парыжы быў выдадзены Атлас моў свету, а таксама складзена Чырвоная кніга моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення і ў хуткім часе могуць стаць мёртвымі. Занепакоенасць спецыялістаў небеспадстаўная: у Афрыцы на мяжы знікнення апынуліся сёння больш за дзвесце пяцьдзесят моў, у Еўропе пад пагрозай вымірання знаходзяцца 50 моў і гаворак, у той час як у адной Францыі іх каля 14. Далёка не самае спрыяльнае становішча з ірландскай мовай. Насельніцтва гэтай краіны не ўспрымае яе як дзяржаўную, і актыўна выкарыстоўвае ўсяго толькі 50 тысяч чалавек. У Чырвоную кнігу занесена таксама дацкая мова, у якой найбольшая колькасць галосных гукаў (аж 18), а таксама адна са старэйшых моў Еўропы – мова баскаў, якой ужо 5 тысяч гадоў. У шматнацыянальнай Расіі зараз каля 150 моў і гаворак, з якіх 66 трапілі ў зону лінгвістычнага бедства і знаходзяцца пад пагрозай знікнення (напрыклад, на алеуцкай мове ў Расіі сёння размаўляе не больш за дзесяць чалавек). Паводле класіфікацыі ЮНЭСКА, беларуская мова таксама адносіцца да ліку моў, якім пагражае знікненне.

Адна з найбольш значных прычын знікнення моў – нераўнамернае іх размеркаванне па жыхарах. Так, 80% насельніцтва планеты валодае толькі 80 мовамі, а 3,5 тысяч моў прыходзіцца на 0,2 % жыхароў Зямлі. На палавіне сучасных моў размаўляе сёння толькі 10 000 носьбітаў, а кожная чацвёртая мова мае менш за 1000 носьбітаў. Больш за ўсё людзей гаворыць на кітайскай, іспанскай, англійскай, рускай, партугальскай і арабскай мовах. На 40 найбольш распаўсюджаных мовах размаўляе прыблізна 2/3 насельніцтва Зямлі.

Асноўнымі ж прычынамі знікнення моў лічацца глабалізацыя і міграцыя вясковага насельніцтва ў горад. Людзі, выязджаючы з вёсак, губляюць мову свайго народа і сувязь з этнічнымі традыцыямі. Некаторыя мовы выміраюць з прычыны таго, што іх носьбіты ўступаюць у кантакт з больш моцным моўным асяроддзем, таму пад пагрозай знікнення ў першую чаргу знаходзяцца мовы малых народнасцей і мовы народаў, якія не маюць дзяржаўнасці ці дзяржаўнай падтрымкі. Нярэдкімі бываюць выпадкі, калі носьбіты той ці іншай мовы знаходзяцца ў культурнай і моўнай меншасці, уступаюць у кантакт з эканамічна моцнай культурай. Немалаважнай прычынай з’яўляецца таксама ігнараванне мовы на ўзроўні сям’і. Па меркаванніях спецыялістаў, кожная мова можа трапіць у Чырвоную кнігу, калі ў той ці іншай супольнасці яе перастаюць вывучаць больш за 30% дзяцей. Нямецкі філолаг Ганс Юрген Зассэ лічыць, што “кожны раз са смерцю той ці іншай мовы наша цывілізацыя страчвае мудрасць і інтэлектуальнае багацце чалавецтва”. Захаванне моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, з’яўляецца важным у плане беражлівых адносін да ўсёй разнастайнасці чалавечых культур і спадчыны.

Адзначым, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў Еўропе і Амерыцы, а з сярэдзіны 80-х гадоў і ў краінах СНД, актывізавалася імкненне захаваць культурна-моўную самабытнасць розных этнічных груп насельніцтва. Кіргізскі і еўрапейскі класік Чынгіз Айтматаў больш за дваццаць гадоў назад, у 1987г., занепакоены станам роднай мовы, пісаў: “Гледзячы на возера (аўт. Ісык-Куль), як яно мяльчэе, памяншаецца, я ўспамінаю пра яшчэ адно возера – гэта таксама святыня народная – мову. Калі не ўліваюцца ў мову новыя магутныя рэкі ў асобе новых пакаленняў, калі яны не паспяваюць засвойваць родную мову, калі для гэтага няма ў іх умоў, няма неабходных дзіцячых устаноў, школ, то гэта таксама абмяльчэнне мовы, гэта калі не экалагічнае, то, значыць, нацыянальнае бедства”.

У сучасным грамадстве яшчэ больш пашыраецца імкненне народаў захаваць, а часам і адрадзіць сваю мову як духоўнае сведчанне і глебу нацыянальна-культурнай самасвядомасці. Абаронцамі этнамоўнай самабытнасці звычайна выступае нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя, знаўцы гісторыі і культуры роднага краю, людзі, чуйныя да багацця народнай мовы. У дэмакратычных дзяржавах сучаснай Еўропы клопат пра рэгіянальныя мовы знаходзіць пэўную дзяржаўную падтрымку, у тым ліку заканадаўчую і матэрыяльную.

Многія народы змагаюцца за захаванне і чысціню сваіх моў. Часам барацьба некаторых народаў за захаванне і чысціню сваіх моў набывае экстрэмальны характар. Так, у 1952г. у Бангладэш (былы Усходні Пакістан) прымусова была ўведзена мова урду замест роднай мовы бангла, што выклікала пратэст мясцовага насельніцтва, найперш студэнцкай моладзі. У выніку гэтага падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў былі застрэлены паліцыяй. Іх забілі толькі за тое, што яны хацелі вучыцца на роднай мове і выйшлі адстойваць свае правы на вуліцу. У адказ актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух, які прывёў да аддзялення Усходняга Пакістана і стварэння новай дзяржавы Бангладэш. А тыя пяць хлопцаў, якія загінулі за сваю мову, сталі ў Бангладэш нацыянальнымі героямі і пакутнікамі. Мова бангла, за якую яны загінулі, цяпер у краіне носіць статус дзяржаўнай. Штогод на галоўнай плошчы іхняй сталіцы ў гэты дзень збіраецца некалькі тысяч чалавек. 21 лютага яны прыходзяць на плошчу ў знак жалобы, памяці і павагі да тых, хто дзеля ідэі не пашкадаваў свайго жыцця. У 2000г. па прапанове іх краіны ЮНЭСКА абвясціла 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы. Зроблена гэта для таго, каб звярнуць увагу грамадскасці найперш на мовы, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (а іх у свеце налічваецца каля 3 тысяч).





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 1078 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...