Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Сучасныя праблемы моўнага жыцця і этнічнай самасвядомасці насельніцтва Беларусі



Беларуская мова мае даўнюю гісторыю, яна сфарміравалася на тэрыторыі, дзе жывуць беларусы сёння. Межы яе распаўсюджання прыблізна супадаюць з сучаснымі дзяржаўнымі межамі нашай краіны. Між тым, этнічныя беларусы насяляюць часткова Смаленшчыну, Пскоўшчыну, Браншчыну (Расія), Беласточчыну (Польшча), Віленшчыну (Літва); у Латвіі нашы суродзічы жывуць у Даўгапілсе і на прылеглых да яго тэрыторыях. На гэтых землях беларусы складаюць нацыянальную меншасць, наша мова ўжываецца часцей у дыялектнай форме, а сучасную беларускую літаратурную мову нашы землякі маюць права і магчымасць вывучаць у агульнаадука­цый­ных або нядзельных школах, а ў некаторых з гэтых краін і ў вышэйшых навучальных установах, як правіла, філалагічнага профілю.

Большасць беларусаў жыве ў Беларусі, дзе яны – тытульная нацыя, бо іх этнічная назва супадае з назвай краіны: Беларусь – беларус. З гэтай прычыны беларускую мову называюць мовай тытульнай нацыі Рэспублікі Беларусь.У нашай краіне беларуская мова разам з рускай мае статус дзяржаўнай мовы, ужываецца ў афіцыйных зносінах, з’яўляецца сімвалам дзяржаўнасці. Яе вывучаюць у садках, школах і ВНУ. На ёй створана самабытная мастацкая літаратура, сучасныя беларускія пісьменнікі працягваюць і развіваюць традыцыі сваіх папярэднікаў. Беларускае радыё і тэлебачанне, тэатры і музеі, бібліятэкі і перыядычныя выданні таксама выкарыстоўваюць беларускую мову. Аднак у сілу пэўных гістарычных, сацыяльных і геапалітычных прычын беларуская мова не з’яўляецца асноўным і адзіным сродкам камунікацыі ў нашай рэспубліцы. Для большасці жыхароў Беларусі гэтую ролю выконвае сёння руская мова.

У найноўшай гісторыі Беларусі з пазіцый яе нацыянальна-культурнага развіцця можна вылучыць два перыяды: першы з іх прыпадае на пачатак 90-х гг. ХХ ст., а другі доўжыцца з сярэдзіны 90-х гг. ХХ ст. і да нашага часу. Цікавасць дзяржавы да беларускай мовы аднавілася ў канцы 80-х гадоў падчас перабудовы па ініцыятыве гарадской інтэлігенцыі. Праводзіліся сацыялагічныя і сацыялінгвістычныя даследаванні, ствараліся грамадскія арганізацыі. 26 студзеня 1990г. быў прыняты “Закон аб мовах у Беларускай ССР”, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі, пачалася беларусізацыя. У гэты час адбываецца мэтанакіраванае ўзмацненне нацыянальна-патрыятычных пачуццяў беларусаў, імкненне адрадзіць у зрусіфікаваным грамадстве гістарычную памяць і нацыянальную самасвядомасць. Дзеля гэтага нават у тэхнічных ВНУ быў уведзены блок грамадска-палітычных дысцыплін – беларусазнаўства, гісторыя Беларусі, гісторыя нацыянальнай культуры, а таксама беларуская мова. Дзякуючы Закону аб мовах, на беларускай мове распачалі працу дзяржаўныя ўстановы, пачалі адчыняцца беларускамоўныя класы і школы ў гарадах. Нацыянальная мова стала выкарыстоўвацца ў вышэйшай школе, пашырацца ў сродках масавай інфармацыі, рэкламе і інш. Адкрылася перспектыва дасягнуць ў будучым рэальнага беларуска-рускага двухмоўя. У прыватнасці, беларусізацыя сярэдняй школы і была разлічана на 10 гадоў – роўна столькі трэба было правучыцца школьніку ад першага да апошняга класа. Аднак гэты працэс, які меў выключнае значэнне для адраджэння этнічнай мовы і культуры беларусаў, быў прыпынены пасля праведзенага ў маі 1995г. рэферэндуму, на які было вынесена некалькі пытанняў, у тым ліку і пытанне аб наданні рускай мовы статусу дзяржаўнай нараўне з беларускай, што і падтрымала 83,3% выбаршчыкаў. Майскі рэферэндум 1995г. змяніў моўную сітуацыю ў краіне: большасць зрусіфікаванага насельніцтва Беларусі выказалася за дзяржаўнае двухмоўе. З гэтага часу беларуская мова пачынае паступова выцясняцца з усіх сфер грамадскага і культурнага жыцця.

Меркаванне, што мова знікае, калі яе не вывучаюць больш за 30 % дзяцей, для Беларусі пакуль не актуальнае, бо мову вывучаюць у кожнай беларускай школе. Іншая справа, што вывучаюць яе многія дзеці, асабліва ў гарадах, як замежную. Аднак па прагнозах некаторых спецыялістаў, наша “матчына мова”, якая з’яўляецца адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і абаронена Канстытуцыяй краіны, мае дрэнныя шансы на выжыванне і патрабуе больш эфектыўнай падтрымкі. Пры юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моў на практыцы баланс іх ужывання не захоўваецца: беларуская мова паступова выцясняецца са справаводства, адукацыйнай і інфармацыйнай прасторы.

Вызначальнай характарыстыкай сучаснай моўнай сітуацыі ў Беларусі з’яўляец­ца незбалансаванае руска-беларускае двухмоўе, якое мае сацыяльна-культурны характар. Беларуская мова валодае дзяржаўным статусам, яна дастаткова развітая на ўсіх структурных узроўнях і патэнцыяльна не абмежаваная ў сферах выкарыстання. Аднак рэальная камунікатыўная практыка ілюструе істотную перавагу больш моцнай у камунікатыўных адносінах і прэстыжнай рускай мовы амаль ва ўсіх сферах. Апошнія афіцыйныя звесткі пра выкарыстанне беларускай мовы ў штодзённных зносінах змешчаны ў матэрыялах перапісу 1999г., паводле якіх, беларускую мову назвалі роднай 73,7 % жыхароў дзяржавы. Але ж пераважная большасць людзей не карыстаецца мовай, якую называе роднай. У паўсядзённым жыцці яе ўжывае не больш за 10–12 % моўнікаў. У такім выпадку паняцце “родная мова”, відавочна, успрымаецца большасцю беларусаў як паказчык асабістай этнічнай самаідэнтыфікацыі, далучанасці да пэўнага народа ці дзяржавы. З гэтага вынікае, што ў свядомасці носьбітаў адсутнічае размежаванне паняццяў “родная мова” і “этнічная мова”. А гэта ў нашым двухмоўным грамадстве тлумачыцца вельмі проста: “Я жыву ў Беларусі, лічу сябе беларусам, значыць, родная мова беларуская, я яе павінен любіць і разумець. А размаўляць буду на той, на якой зручней, да якой прывык, якую зразумеюць у любой кампаніі, у краме і на вуліцы”... Прызнаемся самі сабе: многія ж так думалі, калі адказвалі на пытанні перапісчыкаў. Ці варта тады здзіўляцца дзіўнаму несупадзенню: роднай мовай лічаць беларускую тры чвэрці грамадства, а размаўляе на ёй толькі трэць.

Беларускую мову як мову, на якой звычайна размаўляюць дома, выкарыстоўвае 36,7 % насельніцтва Беларусі. Гэтыя лічбы на першы погляд здаюцца завышанымі, але ў цэлым карэлююць з агульнай колькасцю сельскага насельніцтва ў краіне (31 %). Можна прымаць колькі заўгодна законаў аб абароне мовы (а яна ў нас абаронена Канстытуцыяй 1994г.), можна выдаваць колькі заўгодна кніг на ёй, круціць на ёй па тэлебачанні шмат займальных перадач, але пакуль кожны з нас не зразумее, што мове, якую лічыш роднай, патрэбна яшчэ і рэальная, асабістая, ад кожнага з нас, падтрымка, усё будзе так, як ёсць сёння. Статыстыка будзе сведчыць адно, а насамрэч, у жыцці, усё будзе выглядаць зусім інакш. Руская мова сёння дамінуе ў сферы гаспадаркі і вытворчасці, грамадска-палітычнай сферы і дыпламатычных зносінах, сістэме адукацыі і сродках масавай інфармацыі. Беларуская мова выкарыстоўваецца ў сферы нацыянальнай мастацкай літаратуры і побытавым ужытку вясковых жыхароў.

Такім чынам, асноўным напрамкам развіцця моўнай сітуацыі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. стала, з аднаго боку, няўхільнае пашырэнне рускай мовы ў афіцыйным ужытку і сродках масавай інфармацыі, а з другога боку, паступовае выцясненне беларускай мовы з найбольш значных і ўплывовых сфер зносін. “У сённяшнім свеце, – адзначае Г.А. Арцямёнак, – калі імкліва нарастаюць глабалізацыйныя працэсы, беларускай мове аб’ектыўна ўсё цяжэй канкурыраваць у камунікатыўным плане з функцыянальна моцнымі міжнароднымі мовамі нават на сваёй спрадвечнай тэрыторыі.”[18]

Беларуская мова найбольш ярка адлюстроўвае і ўвасабляе непаўторнае этнакультурнае аблічча беларусаў, таму яе захаванне – неабходная ўмова паўнацэннага існавання беларускага этнасу як самастойнага суб’екта чалавечай цывілізацыі. Тым не менш, зразумела, што павага да роднай мовы і клопат аб яе развіцці не выключае веданне іншых. Свабоднае валоданне замежнымі мовамі з’яўляецца гарантам прафесійнай кваліфікацыі і канкурэнцыі сучаснага спецыяліста, бо, як казаў некалі В. Гётэ, “колькі моў ты ведаеш, столькі разоў ты чалавек ”.

Лекцыя 5. МОВА І КУЛЬТУРА





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 869 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.005 с)...