Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Публіцыстычны стыль маўлення



Публіцыстычны стыль - функцыянальная разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы грамадскіх зносін: грамадска-палітычных, культурных, спартыўных і інш. Гэта стыль перыядычнага друку, грамадска- палітычнай літаратуры, агітацыйна-прапагандысцкіх выступленняў на мітынгах, сходах, на радыё і тэлебачанні і г. д.

Публіцыстычны стыль сустракаецца як у пісьмовай, так і ў вуснай формах маўлення, яны ў межах гэтага стылю ўзаемадзейнічаюць і збліжаюцца. Прычым асновай найбольш часта з'яўляецца пісьмовая форма, таму што большасць вусных дакладаў, прамоў, выступленняў уяўляюць сабой узнаўленне загадзя падрыхтаваных (напісаных) тэкстаў.

Выдзяляюць 3 групы жанраў:

1) інфармацыйныя (нататка, рэпартаж, інтэрв'ю, справаздача);

2) аналітычныя (гутарка, артыкул, карэспандэнцыя, рэцэнзія, агляд);

3) публіцыстычныя (эсэ, нарыс, фельетон, памфлет).

Найбольш пашыраныя жанры публіцыстычнага стылю - артыкулы ў газетах і грамадска-палітычных часопісах, рэпартажы, інтэрв'ю, нарысы, аратарскія выступленні і інш.

Публіцыстычнаму стылю ўласцівыя дзве асноўныя ф у н к ц ы і: інфармацыйная (перадача грамадскай інфармацыі) і экспрэсіўная (уздзеянне на свядомасць людзей). Гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, неаддзельныя адна ад адной. Таму публіцыстычным стылем карыстаюцца тады, калі неабходна не толькі перадаць пэўную інфармацыю, але і адначасова аказаць уздзеянне на адрасата, пераканаць яго ў чым-небудзь, выклікаць цікавасць да канкрэтных ідэй, поглядаў, заахвоціць да пэўных дзеянняў і ўчынкаў.

Тыповымі рысамі публіцыстычнага стылю з'яўляюцца эмацыянальнасць, ацэначнасць, вобразнасць, пабуджальнасць.

Яркая эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка публіцыстычных твораў тлумачыцца тым, што аўтар, перадаючы інфармацыю, выражае свае адносіны да яе. Прычым пазіцыя аўтара-публіцыста ў адрозненне, напрыклад, ад пазіцыі аўтара мастацкага твора выражаецца звычайна прама і адкрыта, што і абумоўлівае агітацыйны, пабу­джальны характар публіцыстыкі.

Асноўныя рысы публіцыстычнага стылю выяўляюцца з дапамогай розных моўных сродкаў. Тут шы­рока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка (грамадзянін, канстытуцыя, суверэнітэт, дэпутат, дэмакратыя, свабода, грамадства; парламенцкія выбары, прэзідэнцкая кампанія, ратыфікацыя дагавора, пакет прапаноў, міждзяржаўнае пагадненне і інш.); словы, якія набываюць прымету публіцыстычнасці толькі пры ўжыванні ў пераносным значэнні (школа выживания, працоўная вахта, палітычная гульня, атмасфера даверу, сустрэча на ўзроўні паслоў і інш.); стылёва афарбаваныя словы са станоўчай і адмоўнай ацэнкай (працаўнік, перадавік, міласэрнасць, дабрабыт, ударнік; экстрэміст, pa­сіст, мешчанін, ваяка і інш.). У публіцыстычных творах могуць ужывацца дыялектызмы, жарганізмы, словы і выразы са зніжанай стылістычнай афарбоўкай. Як і ў мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы выкарыстоўваюцца метафары, эпітэты, параўнанні і іншыя тропы.

Марфалагічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю праяўляюцца ў асноўным у частотнасці ўжывання часцін мовы і іх формаў. Напрыклад, у публіцыстычных тэкстах даволі часта сустракаюцца назоўнікі ў родным склоне (пасля эканамічнага крызісу, рэформа цэн, прапановы прэзідэнта, скарачэнне ўзбраенняў, міністр абароны і інш.), назоўнікі з суфіксамі -осць (-асць), -ств- (-цтв-), -нн-, -ізм, -іст, дзеясловы ў цяперашнім і прошлым часе, дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу. На­прыклад: Праект праграмы, накіраванай на падтрымку беларускай адукацыі, распрацаваны ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны. Яна закранае ўсе ўзроўні навучання - ад дашкольнага да паслядыпломнага.

Публіцыстычны стыль мае і сінтаксічныя асаблівасці. Тут часта выкарыстоўваюцца сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіўнасцю: сказы з інверсійным парадкам слоў, сказы-звароты, рытарычныя пытанні, паўторы і інш.

Найбольш простым і дастаткова пашыраным інфармацыйным жанрам з'яўляецца нататка. Асноўная яе задача - перадаць чытачу, што, дзе, калі адбылося ці павінна адбыцца. Звычайна гэта кароткае паведамленне пра пэўны жыццёвы факт, якое павінна адпавядаць наступным патрабаванням: быць актуальным, лагічна паслядоўным, сціслым, аператыўным.

На старонках перыядычнага друку часта сустракаюцца матэрыялы, якія перадаюць змест гутаркі паміж журналістам і пэўнай асобай пра падзеі, з'явы, што маюць цікавасць для грамадства. Гэта інтэрв'ю (ад англ. inter­view - гутарка) - пашыраны газетны жанр.

Да інфармацыйных жанраў публіцыстычнага стылю адносіцца рэпартаж. Яго асноўная мэта - аператыўна, дакладна і выразна паведаміць пра што-небудзь значнае і цікавае. Рэпартаж дае чытачу магчымасць як бы само­му, на свае вочы ўбачыць тое, аб чым расказвае журналіст. Звычайна ў рэпартажы паведамляецца пра тыя падзеі, сведкам якіх быў сам аўтар.

Артыкул - адзін з асноўных і найболып пашыраных жанраў публіцыстыкі. Яго роля ў газеце ці часопісе вельмі значная. У артыкулах раскрываюцца і аналізуюцца пэўныя тэарэтычныя праблемы, розныя з'явы і факты, тлумачыцца і папулярызуецца палітыка партый, рухаў, аб'яднанняў, расказваецца пра дасягненні і праблемы эканомікі, навукі, культуры, робяцца абагульненні і вывады, даюцца рэкамендацыі па дасягненні канкрэтных вынікаў.





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 12349 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...