Главная Случайная страница Контакты | Мы поможем в написании вашей работы! | ||
|
1 Наяўнасць дэфініцыі (азначэння), г. зн., што сутнасць тэрміна павінна быць вызначана, а не растлумачана, як значэнне звычайнага слова.
2 Стылістычная нейтральнасць.
3 Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку: рукаў (ракі), падол (гары), нос (мыс), калена, гняздо (металург.) і пад.
4 Адназначнасць, г. зн. кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце. Аднак гэта патрабаванне да тэрмінаў не заўсёды вытрымліваецца, і мнагазначнасць знаходзіць пашырэнне ў тэрміналогіі (напрыклад, словаўтварэнне – «працэс утварэння новых слоў” і “раздзел мовазнаўства, які вывучае марфемную структуру і спосабы ўтварэння слоў ”, абзац – «адступленне ўправа ў пачатку радка” і “частка тэксту паміж такімі адступленнямі”).
5 Сістэмнасць, г. зн., што кожны тэрмін з'яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы. Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміналагізацыя тэрмінастрата тэрмінам спецыяльнага значэння: рэакцыя як хімічны тэрмін і дзеянне, амплітуда, раман і пад. Напрыклад, адназначнасць тэрмінаў падкрэсліваецца менавіта праз іх прыналежнасць адпаведнай тэрміналагічнай сістэме. Параўнайце: слова эліпс у мовазнаўстве - 'пропуск у маўленні слоў ці словазлучэнняў, зразумелых з кантэксту', а эліпс у матэматыцы - 'разамкнёная крывая, якая мае такую ўласцівасць, што сума адлегласцей кожнай яе кропкі ад дзвюх дадзеных кропак застаецца пастаяннай'.
У межах пэўнай тэрмінасістэмы тэрміны могуць уступаць у сінанімічныя адносіны, а таксама мець лексічныя дублеты або варыянты. Узнікненне тэрмінаў-варыянтаў і тэрмінаў-сінонімаў у беларускай мове тлумачыцца нераспрацаванасцю многіх тэрмінасістэм, абмежаванасцю ўжыванння беларускамоўных тэрмінаў і стыхійнасцю моўных кантактаў.
У выніку можна выдзеліць некалькі груп такіх тэрмінаў-сінонімаў:
- два іншамоўныя тэрміны: гавань - порт, відэатэрмінал - дысплей, кадзіраванне - шыфраванне, камкордэр - відэакамера і інш.;
- іншамоўны і ўласны тэрмін: квазістатычны працэс - раўнавагавы працэс, імпульс - колькасць руху, полісемія - мнагазначнасць і інш.;
- поўны тэрмін і скарочаны, аднаслоўны: намінальная цана - намінал, крыптаграфічны дакумент - крыптаграма, заработная плата – зарплата і інш.
У тэрміналагічных сістэмах тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці, што дазваляе вылучыць тэрміны-антонімы. Сустракаюцца тэрміны- антонімы практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці і паводле спосабу ўтварэння падзяляюцца на лексічныя (розныя лексемы з супрацьлеглым значэннем) - актыў - пасіў, бедная руда - багатая руда, дэ-юрэ - дэ-факта, лізіс - крызіс і інш.; словаўтваральныя (з антанімічнымі часткамі слоў - запазычанымі ці ўласнабеларускімі асновамі і прэфіксамі) - інтэрпаляцыя - экстрапаляцыя, баланс - дэбаланс, гіпертанія - гіпатанія, увод - вывад, гашаная вапна - нягашаная вапна і інш.
Тэрміны-амонімы часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сістэм (іх называюць міжнавуковымі амонімамі). Так, слова марфалогія вядома некалькім тэрміналагічным сістэмам. Напрыклад, у мовазнаўстве - гэта 'раздзел граматыкі, які вывучае формы слова', у анатоміі - 'навука аб форме і будове чалавека і жывёл', у батаніцы - 'навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін і пад.'.
Паводле ўжывання тэрміналагічная лексіка падзяляецца на агульнаўжывальную, якая ўваходзіць у лексіку агульналітаратурнай мовы, і вузкаспецыяльную, вядомую толькі спецыялістам пэўнай галіны ведаў. Агульназразумелыя, шырокаўжывальныя тэрміны дамінуюць у мове спецыялістаў "шырокага профілю", занятых у сферы спорту, музыкі, выяўленчага мастацтва і пад., таму сэнс іх вядомы і неспецыялісту: электрон, атам, кісларод, жанр, арыя, аэробіка. У асяроддзі т. зв. спецыялістаў "вузкага профілю" (дакладныя навукі, асобныя галіны мовазнаўства, эканоміка, права і інш.) пераважаюць вузкаспецыяльныя тэрміны (элятыў, семіётыка, інтэрфейс, інварыянт, субморф, валіза і інш.).
Распаўсюджванне навуковых і тэхнічных ведаў сярод людзей вядзе да таго, што некаторыя вузкаспецыяльныя тэрміны паступова становяцца агульназразумелымі і пераходзяць у агульнаўжывальную лексіку.
Узаемадзеянне тэрмінаў і агульнаўжывальнай лексікі адбываецца ў выглядзе двух працэсаў: тэрміналагізацыі (напрыклад, жытнёвае поле - магнітнае поле, ільняны пояс - экватарыяльны пояс) і дэтэрміналагізацыі, калі тэрмін пачынае ўжывацца па-за межамі вузкай спецыяльнасці і набывае агульналітаратурны статус. Напрыклад, слова рэйтынг спачатку ўжывалася як спартыўны тэрмін, зараз шырока выкарыстоўваецца ў агульнанароднай мове.
Ад агульнаўжывальных тэрмінаў трэба адрозніваць словы агульнанавуковага выкарыстання з адцягненым, абстрактным значэннем, напрыклад, назоўнікі тыпу аперацыя, гіпотэза, мадэль, працэс, праблема, дослед, праграма, функцыя і інш., а таксама дзеясловы тыпу існаваць, характарызаваць, прадугледжваць, абгрунтоўваць, даказваць, вызначаць, функцыянаваць і інш., якія выкарыстоўваюцца для азначэння паняццяў, сцвярджэння думкі, актывізацыі мыслення, пабуджэння да дзеяння і шырока распаўсюджаны ў розных галінах навукі, тэхнікі і культуры.
Значны пласт тэрміналагічнай лексікі складаюць тэрміны- інтэрнацыяналізмы - словы або спалучэнні слоў, пашыраныя ў многіх няроднасных мовах і агульнапрынятыя ў міжнароднай тэрміналогіі, якія супадаюць па сваёй знешняй форме і лексічным значэнні (Internet (Інтэрнэт), Word, ноўтбук, паскаль, камп 'ютар, ват і інш.). Шматлікія навуковыя тэрміны не з яўляюцца чыстымі інтэрнацыяналізмамі, а маюць у складзе інтэрнацыянальныя словаўтваральныя элементы тыпу: а-, астра-, мікра-, бія-,дэ-, лог-, ультра-, супер- і інш., напрыклад, апазіцыя, астраномія, мікраструктура, біясфера, дэмантаж, марфалогія, ультрагук, суперфасфат і інш.
Тэрміналагічная лексіка неаднародная паводле паходжання. У яе склад уваходзяць уласнабеларускія і запазычаныя з іншых моў словы. Сярод запазычанняў - лексемы лацінскай (аўдыт, актава, адсарбент, абсцыса, арксінус, аргумент, постфікс, канцэпцыя, дэпазіт), грэчаскай (гіпербалоід, гіпатэнуза, апафема, гематыт, графіт, амонімы, антытэза, стыль, аналогія), англійскай (медыкамент, маркетынг, прынтар, фальклор, бестселер, тэкст, вестэрн, мюзікл, дылер, блок), нямецкай (біржа, андэзіт, кварцавы, дызель, дросель, вінт), французскай (бюджэт, дэмантаж, рэле, жанр, верлібр, мадэрнізм, каларыт), італьянскай (адажыа, валюта, піяна, гальванометр, фірма, сола - вэксаль, банк) і іншых моў.
Асноўнымі прыкметамі запазычаных слоў з'яўляюцца:
- нязменнасць назоўнікаў: табло, рэферы, ралі;
- наяўнасць у слове гука [ф]: фізіка, фтор, нафталін, фактар;
- наяўнасць не характэрных для беларускай мовы спалучэнняў галосных: ідэал, дуэт, кансіліум, бібліятэка;
- спалучэнне ге, ке, хе: агент, схема;
- спалучэнне бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані: бюро, капюшон, фюзеляж, рэвю;
- прыстаўкі а-, анты-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі-: амаральны, архіважны, антыцыклон, амфітэатр;
- спалучэнне дэ, ды, тэ, ты: дэтэктыў, дыван, дывідэнт, тыгр, тэрмін;
- суфікс -ізм-(-ызм-), -іст-(-ыст-), -ір-(-ыр-): арганізм, сацыяліст, капіраваць і пад.
Пры запазычванні слоў-тэрмінаў з іншых моў адбываецца адаптацыя, частковае падпарадкаванне іх законам беларускай мовы:
- гукі [ж], [дж], [р], [ў], [ч], [ш] вымаўляюцца цвёрда (брызент, джоўль, журы, чартар і інш.);
- фрыкатыўны гук [г] (гігіена, гіпотэза);
- аканне (геаметрыя, фальклор);
- дзеканне-цеканне (гандзізм, дзюбель, траверцін).
Словы іншамоўнага паходжання падпарадкоўваюцца графіцы і правілам арфаграфіі беларускай мовы (рус. фьючерс - бел. ф'ючарс, рус. география - бел. геаграфія, рус. автограф - бел. аўтограф, рус. биограф - бел. біёграф). Але не ўсе іншамоўныя тэрміны асвойваюцца ў беларускай мове, многія з іх складаюць выключэнні з правілаў напісання, напрыклад: дактыль, верлібр, камп'ютар, рэфрэн і многія іншыя.
Пры перакладзе іншамоўных слоў на беларускую мову:
- не адбываецца пераход е ў я: перыметр, аперацыя;
- э пішацца незалежна ад націску: дэтэрмінант, эксперымент;
- пішуцца спалучэнні: -іо - у пачатку і ў канцы слоў (іон, Токіо); -іё-, -ія- - ыя- - у сярэдзіне слоў (аксіёма, дыяганаль);
- гукі [д], [т] перад суффіксамі -ір-, -ін-, -ёр-, -еец-, -ейск-, -ік- перадаюцца літарамі дз, ц: камандзіроўка, валанцёр, арыенцір.
Паводле будовы тэрміны могуць быць аднаслоўныя (джоўль, прамая, прынтар) і шматслоўныя, тэрміны-словазлучэнні (дысперсія хвалі, інфрачырвонае выпраменьванне, апрацоўка ў акісляльным асяроддзі). Адметнасцю сучаснай тэрміналогіі з' яўляюцца трох- і большкампанентныя тэрміны, якія абазначаюць цэласнае паняцце.
Усе тэрміны паводле свайго ўтварэння падзяляюцца на некалькі груп у залежнасці ад спосабаў утварэння, да якіх адносяць лексіка-семантычны, сінтаксічны, суфіксальны, прэфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны, аснова- і словаскладанне, складанасуфіксальны і абрэвіятурны.
Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 4664 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!