Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

З гісторыі фарміравання і развіцця беларускай тэрміналогіі



Фарміраванне беларускай тэрміналогіі адбывалася непасрэдна ў працэсе развіцця пэўных галін навукі і ўласна тэрміналагічнай работы.

У XIV - XVI стст., калі беларуская мова мела статус дзяржаўнай у ВКЛ, найбольш развітымі тэрміналагічнымі сістэмамі былі грамадска-палітычная, юрыдычная, сельска-гаспадарчая, прамысловая, гандлёвая, ваенная, філалагічная. Ролю тэрміналагічных слоўнікаў у гэты час часткова выконвалі глосы, якія змяшчаліся на палях ці паміж радкамі рукапісу або друкаванага выдання, часткова слоўнікі Л. Зізанія ("Лексіс", 1596 г.) і П. Бярынды ("Лексікон", 1624). Аднак спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў не было.

Забарона беларускай мовы ў значнай ступені разарвала пісьмовую традыцыю, адмоўна сказалася на пераемнасці ў тэрміналогіі.

Беларуская навуковая тэрміналогія пачала фарміравацца ў самым пачатку ХХ стагоддзя, калі адрадзілася кнігадрукаванне, з' явіліся кнігі, газеты, навуковыя і навукова-папулярныя брашуры на беларускай мове.

У лютым 1921 г. пачала працу Навукова-тэрміналагічная камісія, у склад якой уваходзілі тры секцыі: гуманітарных, прыродазнаўчых і матэматычных навук. Камісія павінна была апрацаваць беларускую тэрміналогію па ўсіх галінах ведаў у аб'ёме сярэдняй школы. За час працы камісіі было створана і прапанавана для ўжывання каля 2500 слоў-тэрмінаў, якія друкаваліся на старонках "Весніка Народнага камісарыята асветы ССРБ" у 1921-1922 гг., а ў стане распрацоўкі знаходзіліся яшчэ 4184 тэрміналагічныя найменні. Аднак у працэсе такой дзейнасці высветлілася, што праца камісіі не адпавядае моўнай практыцы і для стварэння беларускай тэрміналогіі патрэбны былі іншыя маштабы, якія б ахапілі ўсю тэрміналагічную лексіку. Таму 30 студзеня 1922 г. быў заснаваны Інстытут беларускай культуры. У выніку тэрміналагічнай працы ў перыяд з 1922 па 1930 гг. было апублікавана больш за 30 тэрміналагічных слоўнікаў па розных галінах навукі.

Галоўным прынцыпам працы камісіі было ўвядзенне слоў, якія бытавалі ў жывой народнай мове. Так, у сферу навукі былі ўведзены агульнаўжывальныя словы бялок, сцябло, ланцуг, ціск, сіла ды іншыя, якія страчвалі сваю бытавую выразнасць, набывалі строга акрэсленае спецыяльнае значэнне.

Другі напрамак - стварэнне неалагізмаў згодна законаў беларускай мовы. Ва ўжытак уводзіліся калькі з рускай мовы: азначэнне, вочка, суквецце. Узмацненне пурыстычных тэндэнцый прывяло да таго, што часам неалагізмы пачалі стварацца без уліку пашырэння таго ці іншага слова ў мове, толькі каб пазбавіцца чужых слоў: замест гібрыд - мяшанец, пейзаж - краеабраз, песіміст - смутнаглядзец, пралетарый - бабыль, прафесійны - умецкі, фокус - вогнішча і пад. У пэўнай ступені штучнымі былі наватворныя пустаслоўе (дыялектыка), в ызыск (эксплуатация), пашыршчык (прапагандыст), споказ (дэманстрацыя), п ераносня (метафара), кантаслуп (прызма), старчак (перпендыкуляр) і пад. Іншамоўныя тэрміны ўжываліся вельмі рэдка і, як правіла, у выпадках, калі ў народнай мове не было адпаведнага беларускага тэрміна.

Значная праца па стварэнні беларускай навуковай тэрміналогіі вялася не толькі тэрміналагічнай камісіяй. У 1923-1927 гг. былі выдадзены наступныя тэрміналагічныям слоўнікі: "Слоўнік геаметрычных і трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў" К. Душ-Душэўскага і В. Ластоўскага, "Беларуска-польска- расейска-лацінскі батанічны слоўнік" Зоські Верас, "Спіс назваў птушак і некаторых рыб" А.В. Фядзюшына ды інш.

У 1929 г. быў створаны Інстытут мовазнаўства АН БССР, які распачаў работу па ўкладанні больш вузкіх тэрміналагічных слоўнікаў. У 1932 г. выйшаў з друку першы выпуск "Слоўніка тэхнічнай тэрміналогіі" А. Гурло, у 1933 г. - "Ваенны руска-беларускі слоўнік".

Аднак у 30-40-я гады праца па стварэнні беларускай тэрміналогіі амаль спынілася. І пасля вайны не было агульнага цэнтра па распрацоўцы і ўпарадкаванні тэрміналагічнай лексікі. Значную ролю ў нармалізацыі беларускай тэрміналогіі адыгралі "Руска-беларускі слоўнік" (1953 г.), "Беларуска-рускі слоўнік" (1962), "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (1977-1984) і некаторыя іншыя.

Аднак шэраг задач па-ранейшаму заставаўся не вырашаным. У прыватнасці, вывучэнне практыкі ўжывання тэрмінаў у навуковых тэкстах і выданне слоўнікаў, папаўненне паняційна-тэрміналагічнага фонду, прывядзенне яго ў адпаведнасць з узроўнем развіцця сучаснай навукі. Для вырашэння гэтых задач у 1980 г. была створана Рэспубліканская тэрміналагічная камісія, якая складаецца з прэзідыума і дзевяці секцый (грамадазнаўчай, навукова-тэхнічнай, фізічнай і матэматычнай, хімічнай, біялагічнай, сельскагаспадарчай, геалагічнай і геаграфічнай, медыцынскай і фізіялагічнай, секцыі па архітэктуры і будаўніцтве). З 1989 г. працуе Тэрміналагічная камісія ТБМ імя Ф. Скарыны.

З прычыны значнага перыяду заняпаду ў развіцці нацыянальнай мовы беларуская навуковая тэрміналогія і на сённяшні дзень знаходзіцца на стадыі фарміравання. Да ліку адносна ўпарадкаваных тэрміналагічных сістэм можна аднесці гістарычную, грамадска-палітычную, сельскагаспадарчую, лінгвістычную, літаратуразнаўчую і інш. Значна менш распрацаваныя матэматычная, фізічная, тэхнічная, біялагічная і інш. У сувязі з уплывам рускай мовы і неканчатковай упарадкаванасцю многіх тэрмінасістэм у сучаснай беларускай навуковай тэрміналогіі асабліва распаўсюджана сінанімія (назапашванне - накапленне, аналізаваць - разглядаць, пытанне - праблема) і словаўтваральная варыянтнасць тэрмінаў (дзеліва - дзялімае, нармуючы - нармавальны, блокавы - блочны).





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 3223 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...