Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Трудовое обучение и воспитание старшеклассников



(4 ЧАСА)

Задачи, содержание и организация трудовой подготовки в старших классах. Особенности специальной подготовки (по профилям). Занятия теоретические и практические. Межшкольные учебно-производственные комбинаты (УПК), их структура и достоинства. Внеурочная и методическая работа в комбинатах.

Працоўнае навучанне ў старшых класах — завяршальны этап полiтэхнiчнай працоўнай падрыхтоўкі вучняў сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Яно ажыццяўляецца на аснове ведаў, уменняў і навыкаў, што набыты на занятках па працы ў майстэрнях, кабiнетах, на прышкольным участку і па агульнаадукацыйных прадметах у няпоўнай сярэдняй школе.

У працэсе працоўнага навучання і тэхналагiчнай адукацыі старшакласнiкаў вырашаюцца (пашыраюцца, ускладняюцца) далей тыя ж асноўныя вучэбна-выхаваўчыя задачы, што стаялі ў папярэднiх класах. Адначасова пры гэтым улiчваюцца асаблiвасцi, якiя абумоўлены ўзростам вучняў і ўзроўнем iх падрыхтоўкі. Сутнасць асноўных задач працоўнай падрыхтоўкі ў старшых класах зводзiцца да:

- далейшага пашырэння полiтэхнiчнага кругагляду вучняў, замацавання ведаў, уменняў і навыкаў, атрыманых у няпоўнай сярэдняй школе;

- фармiравання навукова-тэхнiчных ведаў, практычных уменняў і навыкаў, неабходных для ўключэння вучняў у грамадска карысную, прадукцыйную працу і авалодання пэўнай прафесесiяй у адпаведнасці з іх асабістымі (ці іх бацькоў) пажаданнямі;

- выхавання якасцей асобы, неабходных для пераходу вучняў у грамадскую вытворчасць (працавiтасцi, добрасумленных адносiн да працы, беражлiвых адносiн да грамадскай уласнасці і iнш.);

- усебаковага разумовага і фiзiчнага развiцця асобы чалавека-працаўнiка;

- фармiравання прафесiйных iнтарэсаў да выбраных вiдаў дзейнасцi.

Для атрымання працоўнай падрыхтоўкі ў старшых класах прадугледжаны розныя вiды заняткаў: тэарэтычныя, лабараторна - практычныя, практычныя, а таксама — вытворчая практыка і ўдзел уграмадска карыснай, прадукцыйнай працы.

Працоўная падрыхтоўка старшакласнікаў можа ажыццяўляецца па розных прафесiях. У адпаведнасці з дакументамі папярэдняй рэформы школы (1984 г.) быў распрацаваны і прапанаваны часовы пералiк прафесiй (звыш 750), па якiх увогуле можна было арганiзоўваць падрыхтоўку вучняў у агульнаадукацыйнай школе. Гэтыя прафесіі адбiралiся ў адпаведнасці з наступнымі патрабаваннямі:

- масавасці (распаўсюджанасці ў народнай гаспадарцы, у асобных галiнах і рэгiёнах);

- мэтазгоднасці (адпаведнасці ўзроўню агульнай полiтэхнiчнай адукацыі, атрымлiваемай у сярэдняй школе);

- даступнасці (дастатковасці адведзенага на навучанне часу, бяспечнасці для жыцця і здароўя вучняў).

Для многiх прафесiй ужо распрацаваны і зацверджаны тыпавыя праграмы, на аснове якiх ажьщцяўляецца навучанне. На сённяшні дзень найбольш распаўсюджанымі накiрункамi падрыхтоўкі вучняў з'яўляюцца: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, апрацоўка тканiн, будаўнiчая справа, машынапiс і асновы справаводства, аўтасправа, механiзацыя сельскай гаспадаркі, грамадскае харчаванне і iнш. Праграмы навучання па ўсiх накiрунках падобныя памiж сабой па сваёй структуры, бо iх зместам прадугледжана атрыманне наступных чатырох вiдаў падрыхтоўкі: агульнапрацоўнай, агульнавытворчай, агульнатэхнiчнай і спецыяльнай.

Агульнапрацоўная падрыхтоўка вучняў уключае ў сябе набыццё ведаў, уменняў і навыкаў па планаванню, арганiзацыi і самакантролі iмi сваёй працы.

У змест агульнавытворчай падрыхтоўкі ўваходзяць наступныя адзiныя для ўсiх праграм тэмы:

- агульныя звесткі аб вытворчасці;

- асновы эканомiкi, арганiзацыi працы і вытворчасці на прадпрыемстве;

- ахова прыроды (навакольнага асяроддзя);

- навукова-тэхнiчны прагрэс і перспектывы развiцця вытворчасці (на прыкладзе адпаведнай галіны).

Агульнатэхнiчная падрыхтоўка ўключае тэмы па матэрыялазнаўству, дэталях машын, тэхнічнай дакументацыі, вымярэннях і г.д. і будуецца з улiкам спецыфiкi вывучаемай галiны вытворчасці.

Спецыяльная падрыхтоўка прадугледжвае фарміраванне ў старшакласнікаў спецыяльных уменняў і навыкаў працы па выбранай прафесіі (профiлю). Апрача таго, гэтая падрыхтоўка патрэбна для ўдзелу iх у грамадска карыснай, прадукцыйнай працы.

Значная ўвага надаецца ў праграмах чарцёжна-графiчнай падрыхтоўцы вучняў. Пры паведамленні iм тэарэтычных звестак ажыццяўляецца азнаямленне з адзiнай сiстэмай канструктарскай дакументацыi (АСКД), з асновамі адзiнай сiстэмы тэхналагічнай дакументацыі (АСТД), са спосабамі і прыёмамі чытання i складання чарцяжоў, эскiзаў і схем. На практычных занятках і ў працэсе прадукцыйнай працы вучні знаёмяцца і скарыстоўваюць розныя вiды тэхнiчнай дакументацыі,якая неабходна працаўнiкам адпаведнай галiны вытворчасці.

Праграмамі навучання па ўсiх накiрунках падрыхтоўкі прадугледжана правядзенне шэрагу экскурсiй на прадпрыемствы і ўстановы ў мэтах азнаямлення вучняў з арганiзацыяй работы вытворчасці, а таксама асобных падраздзяленняў, цэхаў і ўчасткаў, са скарыстаннем новай тэхнiкi, з механiзацыяй і аўтаматызацыяй вытворчасці, з прыёмамі работы наватараў і перадавiкоў, з масавымі рабочымі прафесiямi.

Значная ўвага надаецца вывучэнню пытанняў аховы працы, азнаямленню вучняў з правіламi тэхнiкi бяспекі, з супрацьпажарнымі мерапрыемствамі, з вытворчай санітарыяй і гiгiенай. Перад выкананнем практычных работ, пачаткам прадукцыйнай працы, пры арганiзацыi экскурсiй і вытворчай практыкі абавязкова праводзяцца адпаведныя iнструктажы па тэхнiцы бяспекі. Пры гэтым правяраецца веданне вучнямi бяспечных прыёмаў працы, а вынікi праверкі адзначаюцца ў спецыяльным журнале.

Апрача абавязковых гадзін, адведзеных на працоўнае навучанне, у старшых класах могуць скарыстоўвацца і iншыя дадатковыя шляхі добраахвотнага далучэння вучняў да грамадска карыснай, прадукцыйнай працы, напрыклад, удзел у рабоце лагераў працы і адпачынку, у вучнёўскіх вытворчых брыгадах, школьных ляснiцтвах, школьных будаўнічых і рамонтных брыгадах і iнш.

Такiм чынам, у практыцы работы агульнаадукацыйнай школы iснуюць наступныя асноўныя структурныя формы арганiзацыi працоўнага навучання ў старшых класах:

- школьныя цi мiжшкольныя вучэбна-вытворчыя майстэрні;

- вучэбныя ўчасткі, цэхi, заводы;

- мiжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбiнаты і iнш.

Школы маюць магчымасць самастойна выбiраць накiрункi працоўнага навучання ў старшых класах у адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі. Пры гэтым неабходна ўлiчваць:

- характар вытворчага акружэння;

- магчымасці матэрыяльна-тэхнiчнага аснашчэння вучэбна-вытворчай базы і перспектыў яе пашырэння;

- наяўнасць квалiфiкаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання;

- iнтарэсы і здароўе вучняў;

- патрэбнасці мясцовых прадпрыемстваў і ўстаноў у кадрах і iнш.

Пры вызначэнні зместу навучання ў дзеючыя зацверджаныя праграмы могуць уносiцца пэўныя змяненні і дапаўненні, але асноўныя мэты і задачы, структура курсаў павiнны захоўвацца. Пры стварэнні зусiм новых праграм неабходна прытрымлівацца асноўных прынцыпаў адбору iх зместу, размеркавання вучэбнага часу і iншых патрабаванняў.

Пры арганiзацыi і правядзенні заняткаў у старшых класах могуць скарыстоўвацца ўсе раней разгледжаныя метады і прыёмы навучання. Але пры iх выбары звычайна зыходзяць з мэт працоўнага навучання, а таксама са зместу і канкрэтных задач кожных асобных заняткаў.

Асноўная асаблівасць прымянення метадаў навучання ў старшых класах заключаецца ў тым, што ў вучэбна-выхаваўчай рабоце галоўны ўпор робiцца на актыўную самастойную практычную дзейнасць вучняў. Таму яны, як правiла, скарыстоўваюцца ў спалучэнні адзiн з другiм.

Урокі працы ў старшых класах могуць быць розных тыпаў, але ў практыцы работы, што ўжо склалася, найболей часта сустракаюцца два асноўныя тыпы заняткаў:

- тэарэтычныя, на якіх галоўным чынам фармiруюцца тэхнiка-тэхналагiчныя веды;

- практычныя цi лабараторна-практычныя, дзе ў асноўным фармiруюцца пэўныя ўменні і навыкі.

Ад спецыфiкi кожных заняткаў залежаць асаблiвасцi iх правядзення. Напрыклад, на практычных занятках цэнтральнае месца адводзiцца розным вiдам работ вучняў:

- разборцы, зборцы і рэгуляванню машын, механiзмаў і прыбораў;

- навучанню кiраванню машынамі, прыборамі;

- зняццю характарыстык з паказанняў прыбораў;

- адпрацоўцы тэхналагiчных аперацый па канкрэтнаму вiду працы;

- выкананню практычных заданняў, звязаных з грамадска карыснай, прадукцыйнай працай.

Для эфектыўнага выканання практычных работ вучням неабходна папярэдне набыць тэарэтычныя веды аб прынцыпах дзеяння і будове машын, механiзмаў і прыбораў, азнаёміцца з уласцiвасцямi матэрыялаў, тэхналагiчнымi аперацыямі і правiламi бяспечнай работы. Апрача таго, усе практычныя заданні павiнны быць распрацаваны з апорайна веды вучняў па агульнаадукацыйных прадметах, а таксама на веды і ўменні, набытыя ў школьных вучэбных майстэрнях, у кабiнетах абслуговай працы і на прышкольным участку.

На тэарэтычных занятках пашырана скарыстоўваюцца метады вуснага выкладання вучэбнага матэрыялу, дэманстрацыі натуральных аб'ектаў і наглядных дапаможнiкаў, дэманстрацыі з дапамогай экранных сродкаў, паказ прыёмаў работы, выкананне тэхнiка-тэхналагiчных разлiкаў, рашэнне задач і iнш. Для актывiзацыi самастойнай творчай дзейнасці вучняў прымяняецца, напрыклад, складанне тэхналагiчных карт і кінематычных схем, распрацоўка заданняў па рацыянальнай арганізацыі рабочых месцаў і iнш. Пры гэтым сярод метадаў вуснага выкладання важнае значэнне надаецца такому з iх, як школьная лекцыя.

Перад лекцыяй патрэбна даць вучням яе план, каб яны маглі бачыць усю сукупнасць вузлавых пытанняў вывучаемага матэрыялу і сачыць за логiкай яго выкладання.

Неабходна, каб у час лекцыі вучні ў сваiх рабочых сшытках рабiлі пэўныя запiсы. Але, безумоўна, немэтазгодна дыктаваць увесь матэрыял, асаблiва, калi ўсё гэта ёсць у вучэбных дапаможнiках (падручнiках). Працяглая дыктоўка стамляе вучняў, знiжае iх разумовую актыўнасць і можа нават адмоўна ўплываць на эфектыўнасць засваення новага матэрыялу. У запiсах павiнны адлюстроўвацца толькі вузлавыя пытанні вывучаемага матэрыялу (сутнасць з'яў, паняццяў, азначэнняў і г.д.).

Па зместу лекцыі, якiя скарыстоўваюцца на занятках, можна падзялiць на ўводныя, тэматычныя і абагульняльныя.

Уводныя лекцыі праводзяцца ў пачатку вывучэння вялiкiх раздзелаў праграмы. У iх раскрываецца тое кола пытанняў, якiя неабходна разгледзець, характарызуецца агульны змест матэрыялу.

Тэматычныя лекцыі арганiзуюцца па асобных тэмах праграмы. Іх, перш за ўсё, скарыстоўваюць у тых выпадках, калi вывучаемы матэрыял носiць апiсальны характар. Напрыклад, звесткі аб асновах вытворчасці, эканомiкi і арганiзацыi працы, тэмы па планаванню вытворчасці, ахове навакольнага асяроддзя і iнш.

Абагульняльныя лекцыі заключаюць у сабе матэрыял, асобных раздзелаў праграмы. У iх падсумоўваюцца ўсе звесткі па пройдзенаму матэрыялу.

На тэарэтычных занятках рэкамендуецца наступная прыкладная паслядоўнасць разгляду (вывучэння) канструкцый, механiзмаў і машын:

- назначэнне iх;

- прынцып работы;

- агульная будова з дэманстрацыяй агульнага вiду і кiнематычных схем;

- будова асноўных частак;

- работа iх і характарыстыка;

- узаемадзеянне асобных частак (цi механiзмаў);

- магчымыя непаладкі, iх прычыны і спосабы лiквiдацыi;

- параўнанне вывучаемых аб'ектаў з падобнымі ў майстэрнях і вызначэнне агульнага ў iх канструкцыях (рэалiзацыя полiтэхнiчнага прынцыпу);

- паказ галiны скарыстання і перспектыў развiцця дадзенага аб'екта тэхнiкi.

Вывучэнне тэарэтычных звестак вучнямі можа ажыццяўляцца і ў працэсе iх самастойнай работы з лiтаратурай на ўроку. Для гэтага выбiраецца нескладаны матэрыял, у працэсе вывучэння якога яны паглыбляюць, пашыраюць і замацоўваюць набытыя раней веды. Часцей за ўсё гэта матэрыял, якi ўтрымлiвае апiсанне галiны выкарыстання тых цi iншых устройстваў, пашпартных і даведачных даных, прафарыентацыйную iнфармацыю і г.д.

Пры арганiзацыi самастойнай работы выкладчыку неабходна дакладна вызначыць змест і аб'ём матэрыялу, прызначанага для самастойнага вывучэння, даць план работы з iм, указаць пералiк кантрольных пытанняў, адказы на якiя вучні павiнны знайсці ў прапанаванай лiтаратуры.

Работа з літаратурай мае не толькі метадычнае, але і выхаваўчае значэнне, бо ў вучняў развiваецца самастойнасць, стараннасць, настойлiвасць, пачуццё адказнасці і iнш. На аснове вывучэння лiтаратуры iм можна прапаноўваць рыхтаваць дома рэфераты, прымяняльна да профілю iх навучання, складаць анатаваныя бiблiяграфiчныя спiсы першакрынiц.

Практычныя заняткі ў старшых класах займаюць вельмі важнае месца ў навучальным працэсе, паколькі на iх адводзіцца ў два-чатыры разы больш часу, чым на тэарэтычныя. У час гэтых заняткаў вучні не толькі набываюць практычныя ўменні і навыкі, але і замацоўваюць тэарэтычныя веды. Пры выкананні розных практычных заданняў могуць скарыстоўвацца франтальная, брыгадна-звеннявая і iндывiдуальная формы арганізацыі работы вучняў.

Нягледзячы на асобныя недахопы, даволі часта на практычных занятках прымяняюць брыгадна-звеннявую форму арганізацыі работы вучняў, таму што многія заданні ў старшых класах патрабуюць узаемнай дапамогі, сумесных намаганняў 2-3 чалавек. У першую чаргу, гэта датычыцца мантажна-дэмантажных і рэгулявальных работ, якiя праводзяцца на складаных аб'ектах тэхнiкi, што вывучаецца. Пры гэтым вучэбная група падзяляецца на асобныя мiкрагрупы (звенні цi брыгады), якiя ствараюцца звычайна на першых занятках і захоўваюцца на працягу ўсяго навучання. Старшым у такiм калектыве з'яўляецца звеннявы цi брыгадзiр, якi атрымлiвае і потым здае аб'екты працы, матэрыялы, iнструменты, iнструкцыйна-тэхналагiчную дакументацыю і размяркоўвае абавязкі ўнутры звяна цi брыгады. Загадзя ўсе вучні знаёмяцца з тэмамі практычных работ і графікам паслядоўнасці iх выканання.

На практычных занятках належная ўвага надаецца правядзенню розных вiдаў iнструктажу. Звычайна вусны iнструктаж спалучаецца з пiсьмовым у выглядзе iнструкцыйных цi тэхналагiчных карт.

Прыкладны змест iнструкцыйных карт можа быць наступным:

- нумар і назва работы;

- мэта яе выканання;

- iнфармацыйная частка (кароткiя тэарэтычныя звесткі);

- iнструкцыйная частка, дзе пералічваюцца пытанні і заданні вучням, даюцца ўказанні па iх выкананню.

- пералік абсталявання і інструментаў, якiя будуць скарыстоўвацца пры выкананні работы;

- указанні па складанню справаздачы.

З набыццём вучнямі вопыту выканання практычных работ па інструкцыйных картах падрабязнасць iх можна паступова скарачаць. Гэта датычыцца, перш за ўсё, iнфармацыйнай часткі. У асобных выпадках, калi тэарэтычны матэрыял ужо вывучаны, яна можа здымацца зусiм. Магчыма таксама скарачэнне падрабязнасці ўказанняў аб парадку выканання заданняў, аб iнструментах і прыстасаваннях. Такiя пытанні вучні павiнны старацца вырашаць ужо самастойна.

У ходзе выканання практычных работ пры неабходнасці праводзiцца бягучы iнструктаж, а пасля iх завяршэння абавязкова падводзяцца вынiкi з разборам памылак, недахопаў і паказам шляхоў iх лiквiдацыi.

Вельмі эфектыўным сродкам сувязі тэорыі з практыкай, пашырэння полiтэхнiчнага кругагляду вучняў, падрыхтоўкі iх да выканання прадукцыйнай працы з'яўляюцца лабараторна-практычныя заняткі. У працэсе iх выканання старшакласнiкi знаёмяцца з прызначэннем, будовай і прынцыпамі дзеяння машын і механізмаў, метадамі і прыёмамi кантролю і аналiзу якасці работ, метадамі скарыстання вымяральных прыбораў і iнструментаў, правядзеннем тэхнiка-тэхналагiчных разлiкаў, чытаннем і складаннем рознай тэхнiчнай дакументацыі і iншымi пытаннямі, якiя адыгрываюць важную ролю ў працы квалiфiкаванага работніка сучаснай вытворчасці.

У вопыце работы па працоўнаму навучанню і тэхналагiчнай адукацыі ў старшых класах склалiся дзве асноўныя формы правядзення лабараторна-практычных работ: франтальная і па графiку. У першым выпадку ўсе вучні адначасова выконваюць адну і тую ж работу, а на кожным чарговым уроку яны атрымлiваюць паслядоўна наступнае заданне. З пункту гледжання методыкі гэта форма больш рацыянальная, бо садзейнiчае паступоваму ўзрастанню складанасці, а таксама развiццю пераемнасці заданняў. Асноўная цяжкасць, якая ўзнiкае пры гэтым, — матэрыяльнае забеспячэнне вучэбнага працэсу. Таму ў старшых класах атрымалі найбольшае распаўсюджанне лабараторна-практычныя работы, якiя выконваюцца паводле графiка. Такiм чынам, вучні паслядоўна на працягу навучання выконваюць усе запланаваныя работы. Калi колькасць звенняў большая, чым колькасць варыянтаў работ, то некаторыя з iх могуць дублiравацца.

Правядзенне лабараторна-практычных работ па графiку патрабуе большай самастойнасці вучняў пры выкананні вучэбных заданняў, паколькі выкладчыку цяжка даць адначасова вусныя ўказанні ўсім звенням, якiя працуюць. Таму вельмі важна правільна, дакладна і ясна складаць апісанні (інструкцыі) да лабараторна-практычных работ. Пры iх выкананні вучні павiнны запісваць вынікі сваіх назіранняў, рабіць неабходныя замалёўкі і разлікі. Усе гэта неабходна ўключаць у справаздачу да работы. Вучняў патрэбна сістэматычна прывучаць да самастойнасці, акуратнасці пры выкананні патрэбных запiсаў, малюнкаў, схем і г.д., каб не губляць дарма часу на iх пераафармленне.

Справаздача можа складацца ў адвольнай форме, але ў ёй пажадана адлюстроўваць наступныя моманты:

- нумар і назву работы, яе мэты;

- кароткую характарыстыку вучэбнага аб’екта працы;

- кароткае апісанне ходу работы;

- вынiкi вымяранняў, назiранняў і iнш;

- схемы, эскізы, разлiкi;

- адказы на пастаўленыя пытанні.

У канцы лабараторна-практычных заняткаў выкладчык павінен сабраць справаздачы вучняў для наступнай праверкі.

Якасць афармлення справаздачы павiнна ўлiчвацца пры выстаўленні вынiковай адзнакі за работу.

Такiя асноўныя моманты арганiзацыi і методыкі правядзення заняткаў па працоўнаму навучанню і тэхналагiчнай адукацыі ў старшых класах.





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 416 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.013 с)...