Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Ва ўзаемасувязі з вывучэннем асноў навук



Дыдактычныя ўмовы сувязі працоўнага навучання з асновамі навук распрацоўвалiся многімi даследчыкамі (К.А.Івановіч, П.Р.Атутаў, М.І.Бабкiн, Ю.К.Васільеў, М.К.Сцепаненкаў і інш.). Такая сувязь заснавана на ўсвядомленым разуменні вучнямі таго факта, што вывучаемыя iмi тэхналагічныя працэсы і аперацыі заснаваны на канкрэтным праяўленні законаў фізiкi, хiмii, біялогii, матэматыкі і іншых навук. Перанос ведаў гэтых навук у практыку працоўнага навучання не толькі павышае якасць працоўнай падрыхтоўкі школьнікаў, але і дазваляе пашырыць межы iх прафарыентацыі. Рэалiзацыя такой сувязі, як сцвярджае П.Р.Атутаў з сааўтарамі, дазваляе:

- паказаць вучням комплексны характар праяўлення любой рабочай прафесіі і пераканаць іх у тым, што патрэбна не толькі спецыяльная, але і агульнаадукацыйная падрыхтоўка;

- садзейнiчаць усебаковаму развiццю школьнікаў пад час фармiравання ў iх прафесiянальных інтарэсаў;

- дапамагчы ў выбары прафесіі і забяспечыць прафесiянальную мабiльнасць выпускнiкоў.

Як было паказана вышэй, прафарыентацыя ў школе ўяўляе сабой не што iншае, як сумесную дзейнасць настаўнiка і вучняў па фармiраванню сацыяльна каштоўнастных установак і прафесіянальных намераў. Зыходзячы з гэтага азначэння, няцяжка зрабiць вывад аб неабходнасці ўзаемадзеяння прафарыентацыі з iншымi аспектамі вучэбна-выхаваўчага працэсу на ўроку. Сярод iх варта адзначыць:

- прафесiянальна-пазнавальныя iнтарэсы;

- эколага-краязнаўчае выхаванне;

- тэхнiка-тэхналагiчнае мысленне і полiтэхнiчны кругагляд.

Адсюль і вынiкае неабходнасць шырокiх сувязей працоўнага навучання з агальнаадукацыйнымі і спецыяльнымі вучэбнымі дысцыплiнамi. Пры гэтым прафарыентацыя выступае ў адзінстве з шырокай полiтэхнiчнай адукацыяй, працоўным навучаннем і выхаваннем школьнікаў. Яна арганiчна ўпiсваецца ў пастаноўку і рэалiзацыю дыдактычных, развiвальных і выхаваўчых задач, спрыяе фармiраванню вядучых iнтэгратыўных якасцей асобы вучня.

А.І. Кочатаў распрацаваў арыентавальную праграму выхавання вядучых якасцей асобы, якiя забяспечваюць эфектыўнасць працоўнай падрыхтоўкі школьнікаў. Гэтая праграма лагiчна ўпiсваецца ў канву ўрока працоўнага навучання з увядзеннем у яго ход прафарыентацыйных звестак і з апорай на прыродазнаўча-навуковыя дысцыпліны.

Прыкладальнасці ведаў па асновах навук да канкрэтных прафесiй належыць iстотная роля ў фармiраваннi псiхалагiчнай гатоўнасці да працы ў сферы матэрыяльнай вытворчасці. Выдзеленыя ў любой з асноў навук прафесіянальныя блокі непазбежна павiнны знаходзiць пункты судатыкнення з адпаведнымі блокамі — у другой, трэцяй і г.д. Такiмi пунктамі судатыкнення могуць стаць масавыя рабочыя прафесіі, арыентацыя на якія і вядзецца пры вывучэнні школьных дысцыплін. Аналагічныя пункты будуць "працаваць" і ў межах адной вучэбнай дысцыпліны.

Напрыклад, прафесiя трактарыста-машынiста "звязвае" тэму курса фiзiкi “Сярэдняя скорасць нераўнамернага руху” (разлiк часу на ворыва адзiнкi плошчы) з тэмай “Магутнасць” (улiк цягавай магутнасці рухавiка пры кампаноўцы трактарных агрэгатаў). Гэтая ж прафесiя знаходзiць пункт судатыкнення ў тэме курса батанiкi “Тэрмiны сяўбы і глыбiня задзелкі насення” (рэалiзацыя разлiкаў і правядзенне палявых работ, звязанных з сяўбой насення). Так узнiкае сiстэма ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей прафарыентацыйнага характару.

Вучэбны матэрыял курса тэхнiчнай (сельскагаспадарчай) працы настаўнiк арганізуе з апорай на адпаведныя блокi прыродазнаўчых дысцыплін, устанаўлiваючы міжпрадметныя сувязі прафарыентацыйнага характару з выхадам на выхаванне вядучых якасцей асобы (паводле А.І.Кочатава). Звязвальным звяном памiж урокамі тэхнiчнай (сельскагаспадарчай) працы і iншымi школьнымі дысцыплiнамi выступаюць канкрэтныя рабочыя прафесіі, звесткі пра iх. Вось прыклады такiх сувязей.

У тэме "Дрэва і драўніна" (тэхнiчная праца, 5 кл.) размова iдзе пра лесаўзнаўленне і лесаводаў — людзей, якiя вядуць нарыхтоўку і сяўбу насення дрэў. У наступных тэмах "Сталярны варштат" і "Разметка" расказваецца аб асноўным абсталяванні і найпершых вымяральных інструментах сталяра, прыёмах работы па разметцы драўнiны. Паведамляючы звесткі аб прафесіі лесавода, настаўнiк абапiраецца на матэрыял прадмета “Чалавек і сусвет” з тэм "Раслiны, будова раслiн" і "Раслiны лясоў". Адначасова па матэматыцы вывучаецца тэма "Абазначэнне дробных лiкаў". Абапiраючыся на яе, настаўнiк працоўнага навучання сведчыць, што карані, ствол і крона з'яўляюцца часткамi адзiнага цэлага — дрэва, дробнымі лiкамi адной велiчынi. На падставе такога азначэння магчыма параўнанне дзвюх соснаў — што расце ў гушчары і на краю лесу — па колькасці дзелавой драўнiны, iнакш кажучы, у якiм дрэве дробны лiк (колькасць драўнiны) будзе большым. У цэлым звесткі аб дзвюх прафесіях — лесавода і сталяра — дапамагаюць настаўніку працоўнага навучання вырашаць у вучэбным працэсе адну з вядучых задач працоўнага навучання — гарманічнае спалучэнне беражлiвасцi і шчодрасці. Пры гэтым фармiруецца адна з вядучых якасцей дадзенага сензітыўнага перыяду — сацыяльная матывацыя паводзін і дзейнасці: сталяры выкарыстоўваюць драўнiну лясоў для патрэб вытворчасці, эканомна яе размячаюць для апрацоўкі, а лесаводы аднаўляюць спiлаваны лес.

Аналагiчным чынам выкладаецца тэма працоўнага навучання “Тыпавыя дэталі” з апорай на матэматыку, 5 кл. (тэмы “Лікавыя множнасці” і “Множнасці з любымі элементамі”). На прыкладзе крапёжных тыпавых дэталяў (гайкi, балты, вiнты і iнш.) настаўнiк фармiруе ўяўленне пра iх як лікавых множнасцях дэталяў, якiмi слесар-зборшчык павiнен карыстацца хутка і ўмела пры зборцы машын і механiзмаў. Настаўнiк пры гэтым вырашае задачу выхавання патрабавальных адносiн да працы і фарміруе адну з вядучых якасцей асобы — выхаванне адказнасці за свае дзеянні.





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 366 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...