Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Организация и проведение занятий по изучению тракторов и сельскохозяйственных машин в старших классах



(4 ЧАСА)

Задачи, содержание и организация учебного процесса по изучению тракторов и сельскохозяйственных машин. Учебно-материальная база. Особенности методики проведения занятий.

Працоўная падрыхтоўка сельскiх старшакласнiкаў праводзiцца па канкрэтных профiлях (прафесiях) аграпрамысловага накiрунку як непасрэдна ў школах, так і ў мiжшкольных ВВК. Пераважнымi профiлямi ў навучаннi з’яўляюцца тэхнiчныя, механiзатарскiя: трактарыст-машынiст, механiзатар-жывёлавод (з уменнем выконваць работу электрыка), слесар па рамонту трактароў, аўтамабіляў і сельгасмашын (слесар-рамонтнік), вадзiцель аўтамабiля, швачка-матарыстка. Больш рэдкiя профiлi — кiнамеханiк, майстар-агароднiнавод, кулiнар, клубны работнiк, выхавацель дзiцячага садка, сакратар-машынiстка і iнш.

Як і ў гарадскіх ВВК, тэарэтычныя заняткi праводзяцца ў форме двухгадзiннага ўрока з яго асноўнымi этапамi: арганізацыйная частка, паўтарэнне пройдзенага матэрыялу, выкладанне новай тэмы, паглыбленне і асэнсаванне вывучаемага матэрыялу, засваенне і сiстэматызацыя новых ведаў, падвядзенне вынiкаў.

На тэарэтычных уроках старшакласнiкi вучацца планаваць сваю дзейнасць, што неўзабаве мае адбыцца, арганiзоўваць сваю працу ў камбiнаце, развiваць тэхнічнае мысленне. Яны авалодваюць графiчнымi, вымяральнымi, вылiчальнымi і iншымi аперацыямi, што звязаны з профілем навучання.

Практычныя заняткi маюць чатырохгадзінную працягласць, праводзяцца яны ў кабiнетах (цэхах) мантажна-дэмантажных работ, майстэрнях па рамонту трактара (аўтамабiля), на станцыях дыягнастычнага абслугоўвання тэхнiкi, у швейных, сталярных, слясарных майстэрнях, на жывёлаводчых фермах і комплексах. Пад час гэтых заняткаў старшакласнiкi навучаюцца мантажным, зборачным, наладачным, рэгулявальным і iншым тэхналагiчным аперацыям, што звязаны з профiльнай працоўнай падрыхтоўкай. Усе дзеяннi вучняў абапiраюцца на атрыманыя iмi тэарэтычныя веды. Выкладчыкi і майстры вытворчага навучання павiнны арганiзоўваць заняткi так, каб максiмальна пазбягаць манатоннасцi і аднастайнасцi ў рабоце, развiваць і заахвочваць самастойнасць і творчасць вучняў, накіроўваць іх намаганні на пошук рацыянальных шляхоў выканання вучэбна-тэхналагiчных заданняў.

Асноўны профiль навучання сельскага старшакласнiка — трактарны. Тут вывучаюцца дысцыплiны: "Трактары", "Сельскагаспадарчыя машыны і тэхналогiя трактарных работ", «Асновы агратэхнiкi палявых культур». Выкладчыкi і майстры вытворчага навучання не толькi навучаюць школьнiкаў зместу гэтых дысцыплiн, вучаць кiраваць трактарам і кампанаваць трактарныя агрэгаты, але і шырока выкарыстоўваюць разнастайныя формы і метады "увядзення" вучняў у сферу дзейнасцi людзей гэтай прафесіі. Сярод iх:

- азнаямленне вучняў з умовамi працы трактарыста і аплаты яе, магчымасцямi і перспектывамi прафесiянальнага росту;

- фармiраванне, падтрымка і актывiзацыя пазнавальнага iнтарэсу школьнiкаў да прафесіі трактарыста-машынiста;

- паглыбленае азнаямленне з асноўным профiлем навучання;

- сiстэматычная арыентацыя на сумежныя прафесіі ў адпаведнасцi з логiкай матэрыялу, што вывучаецца;

- пастаноўка вучняў перад неабходнасцю рашэння задач, што звязаны з аналiзам і выбарам працоўнай дзейнасцi па прафесіі трактарыста-машынiста.

У вучэбным працэсе мэтазгодна шырока і даступна для вучняў выкарыстоўваць прафесiяграму трактарыста-машынiста, бо ў многiх школьнiкаў часам складваецца спрошчанае ўяўленне аб рабоце, перспектывах прафесiянальнага росту, сiстэме аплаты, якасцях асобы людзей гэтай прафесіі.

Прыкладны накiрунак прафесiянальна-тэхналагiчнага навучання і выхавання вучняў (паводле выкарыстання прафесiяграмы) можа быць наступным.

1. Пры вывучэннi тэмы "Уводзiны" матэрыялам для гутаркi служаць звесткi пра ролю трактара і трактарыста ў аграпрамысловым комплексе. Трактар — асноўная машына сельскагаспадарчай вытворчасцi. Ён значна аблегчыў працу рабочых аграпрама, вызвалiў чалавека ад малавытваральных і працаёмкiх працэсаў, таму трактарыст-машыніст — галоўная фiгура на сяле. Прыцягальнасць гэтай прафесіі ў пастаянных зносiнах з сучаснай машыннай тэхнiкай, прыродай, магчымасцю "перасесцi" на другую "тэхнiку", бо прынцыпы будовы і работы трактара маюць шмат агульнага з аўтамабiлем, цягачом, самаходным камбайнам, дарожнымi машынамi.

2. У тэме "Класіфікацыя і агульная будова трактароў" мэтазгодна даць вучням кароткiя звесткi з гiсторыi сельскагаспадарчага машынабудавання. Першы ў свеце гусенiчны трактар быў створаны рускiм механiкам Ф.А.Блiновым у 1879 годзе, а першы колавы — яго вучнем Я.В.Мамiным у 1910 годзе. Серыйная вытворчасць трактароў пачалася ў былым Савецкiм Саюзе з 1923 года на Ленiнградскiм заводзе "Чырвоны пуцiлавец" па амерыканскай лiцэнзii. Яны называлiся "Фардзон-Пуцiлавец". Цяпер гэты завод выпускае трактары-гiганты К-700 i К-701, якiя развiваюць цягу на круку да 6 тон, што можа замянiць запрэжку коней даўжынёй у 500 м.

У 1930-1933 гг. сыйшлi з канвеера трактары ў Сталiнградзе, Харкаве, Чалябiнску, а ў 1944-1945 гг. былi пушчаны Алтайскi, Уладзiмiрскi, Мiнскi трактарныя заводы.

Першы ў свеце прамысловы выпуск плугоў быў наладжаны ў 1763 годзе англiйскiм майстрам Джэймсам Смолетам. Першую сеялку сканструяваў англiйскi механiк Джэкаб Кук у 1782 годзе, а ў 1845 годзе нямецкi селянiн-вынаходнiк Рудольф Сакк стварыў дыскавую сеялку. Ён жа з 1870 года пачаў выпускаць плугi ўласнай канструкцыi ў майстэрнi паблiзу Лейпцыга, якая з цягам часу стала буйнейшым заводам.

Выпуск новай сучаснай аграпрамысловай тэхнiкi (у тым лiку мотаблокаў і добра вядомых ва ўсiм свеце трактароў "Беларусь"), да якой мае дачыненне і наша краiна, узрастанне культуры і ўскладненне тэхналогіі земляробства павышаюць патрабаваннi да ведаў і майстэрства трактарыста — прафесіі сапраўды масавай, полiтэхнiчнай, паважаемай на сяле.

3. Перад пачаткам навучання кiраванню трактарам (язда з iнструктарам) варта пазнаёміць вучняў з патрабаваннямi да прафесіі трактарыста-машынiста. Людзi гэтай прафесіі павiнны мець добрую наглядна-аглядную, а таксама зрокавую, слыхавую і рухальную памяць. На асаблiвасць рухальных навыкаў трактарыста накладвае адбiтак разнастайнае размяшчэнне сельскагаспадарчых прылад: ззаду, збоку, спераду трактара, што абцяжарвае сачэнне за iх работай, ускладняе зваротную сувязь і кiраванне ўсiм агрэгатам (ад лацiнскага "агрэгатус"— далучэнне). Важным для трактарыста з’яўляецца прафесiйны слых, якi ўключае ў сябе здольнасць успрымаць мiнiмальныя гукавыя ваганнi, адрознiваць блiзкiя па тоне і гучнасцi гукi.

4. У тэме "Асновы кiравання трактарам" мэтазгодна звярнуць увагу вучняў на тую частку прафесiяграмы, дзе размова iдзе пра апiсанне тэхналагiчнага працэсу. Трактарыст павiнен валодаць накiраванай і сканцэнтраванай увагай і ў той жа час размяркоўваць яе памiж правiльнасцю руху трактара, дакладнасцю работы навясных (прычапных) прылад і работай рухавiка. Пад час ажыццяўлення тэхналогii трактарных работ (ворыва, культывацыі, сяўбы і iнш.) можа быць дапушчаны брак: ад нераўнамернай устаноўкi рабочых органаў, неадпаведнасцi гэтых органаў тыпу глебы, няправiльна выбранай скорасцi руху і iнш.

Трактарыст-машынiст пры выкананнi тэхналагiчных работ павiнен улiчваць і выконваць шэраг экалагiчных фактараў і патрабаванняў:

- колькасць агрэгатаў кампанаваць паводле механiчнага складу глебы (глiна, пясок, супесь, суглiнак);

- пазбягаць язды на цяжкiх трактарах па палях, каб не вытоптваць iх;

- не псаваць магутнай тэхнiкай прыдарожныя і полеахоўныя пасадкi;

- прымяняць мінеральныя ўгнаеннi і сродкi аховы раслiн у межах устаноўленых нарматываў, каб не забруджваць навакольнае асяроддзе.

У праграме працоўнай падрыхтоўкi сельскiх старшакласнікаў па трактарнаму профiлю закладзены добрыя магчымасцi прафарыентацыі вучняў на сумежныя прафесіі. Гэтую работу варта праводзіць у цеснай сувязi з выкладаннем у групах аўтамабiльнага профiлю, бо будова трактара і аўтамабiля мае шмат падабенства.

Кароткiя звесткі аб сумежных прафесiях добра ўвязваюцца з рашэннем асноўных дыдактычных задач на тэарэтычных і практычных занятках. Яны выклiкаюць дадатковыя пытанні, ажыўляюць урок, пашыраюць яго прафарыентацыйныя межы і ў цэлым павышаюць выхаваўчы патэнцыял.

У прафесiяграме і працоўнай дзейнасці трактарыста-машынiста даволi яскрава вылучаюцца дзве групы асноўных функцый: аператарскiя (кіравальныя) і тэхналагiчныя (агранамiчныя).

На падставе шматлiкiх анкетаванняў у перадвыпускных і выпускных класах старшакласнiкаў дакладна ўстаноўлена, што большасць вучняў на першае месца вылучаюць уменне кiраваць трактарам (46% перадвыпускнiкоў і 35% — выпускнiкоў). На другiм месцы ў iх уяўленні — тэхнiчны догляд трактара (адпаведна 30% і 35%), на трэцім — гукавы і слыхавы кантроль за работай рухавiка (20% і 31%). Уменню рэгуляваць прычапныя трактарныя агрэгаты (плугі, сеялкі, бароны, культыватары) і сачыць за iх работай вучні адводзяць чацвёртае і пятае месцы, а шостае — дастаецца ведам па асновах агратэхнiкi палявых культур (адпаведна 37% i 41%).

Такая тэндэнцыя займае даволі ўстойлiвае месца сярод сельскiх старшакласнікаў. Iх вабiць звычайна тэхнiчны інтарэс, iмкненне да самастойнасці ў кіраванні трактарам, да догляду яго, рэгулявання рухавіка. Дарэчы, паводле аднаго з варыянтаў падобных кругавых анкет было ўстаноўлена, што значная частка вучняў (30%і23%) ставяць на першае месца грамадска значны матыў: пачынаюць адказваць з пытання "Цi можна, валодаючы гэтай прафесiяй, прынесці прыкметную карысць?" (сцвярджальны адказ даюць адпаведна 98% і 100%). Што ж галоўнае бачаць старшакласнiкi ў прафесіі трактарыста? Гэта, на iх погляд, веданне будовы трактара (26% i 37%), любоў да прафесii (25% і 16%), уменне кiраваць трактарам (17% і 15%).

Адна з галоўных метадычных задач выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання па трактарнаму профiлю — фармiраванне ў школьнікаў тэхнолага-экалагiчнага мыслення, падвядзенне iх усiм ходам вучэбна-выхаваўчага працэсу да высновы, што самае галоўнае ў прафесіі механізатара — вырошчваць хлеб. А для гэтага трэба ведаць і трактар (як і ўмець iм кiраваць), і агратэхнiку ў розных экалагiчных умовах, і правiлы кампанавання прычапных агрэгатаў, і шмат iншага.

Пры навучанні старшакласнікаў па профiлю "механізатар-жывёлавод". настаўнiк мае шырокую магчымасць прымяняць т ворчыя задачы тэхналагiчнага зместу.

З дыдактычнага пункту гледжання такiя задачы можна аб’яднаць ў пяць груп: 1.Па замацаванню тэарэтычнага матэрыялу. 2.Па фармiраванню практычных навыкаў непасрэдна на ўроку. 3.Для заняткаў непасрэдна на ферме цi пад час летняй практыкі. 4.Для кантрольных пытанняў і заданняў пры правядзенні пiсьмовых работ. 5.Для развiцця даследчых і аналiтычных здольнасцей вучняў.

Профiльная працоўная падрыхтоўка сельскіх старшакласнiкаў непазбежна звязана з iх эканамiчным выхаваннем (ад грэчаскага "ойканома"— кiраванне гаспадаркай). Паўнацэнную падрыхтоўку школьнiкаў да ўваходжання iх у сферу механiзатарскай дзейнасці, гаспадарання на зямлі немагчыма ажыццявiць без прывiцця iм пэўнай сумы эканамічных ведаў і навыкаў па беражліваму, ашчаднаму выкарыстанню тэхнiкi, рэсурсаў, матэрыялаў, зямельных багаццяў.

Магчымасці эканамічнага выхавання школьнiкаў пры працоўнай падрыхтоўцы ў механiзатарскiх групах аб’ектыўна закладзены ў праграмы ўсiх спецыяльных дысцыплiн. Настаўнiк павiнен рэальна ўлiчыць іх і скарыстаць у вучэбнай рабоце, прафесiянальнай арыентацыі.

У курсе "Трактары" выхаваўчая работа эканамiчнага накiрунку праводзiцца пераважна на ўроках тэарэтычнага навучання. Пры вывучэнні тэмы "Класiфiкацыя і агульная будова трактароў" настаўнiк мае магчымасць даць звесткі пра тэрмiны службы машын, iх асноўных вузлоў і механiзмаў, на канкрэтных прыкладах падкрэслiць эканамічную эфектыўнасць даўгачаснай работы трактара.

У тэме "Сiстэма сілкавання і рэгуліроўка палiўнай помпы рухавіка" звяртаецца ўвага на правiльнасць рэгуліроўкі палiўнай сiстэмы. Менавіта ад яе залежыць знiжэнне страт палiва, яго эканомнае расходванне, што вядзе да павышэння тэрмiну службы рухавiка ў цэлым і галоўнейшых яго вузлоў.

Па тэме "Сiстэма ахаладжэння" размова ў гэтым накiрунку набывае свой працяг. Тэмпературны рэжым рухавiка аказвае ўплыў на расход палiва, на энергетычныя характарыстыкі трактара і, як вынiк, — на яго даўгавечнасць. Парушэнне цеплавога рэжыму работы рухавiка суправаджаецца стратай магутнасці і павелiчэннем расходу палiва. Так, пры знiжэннi тэмпературы ахаладжэння на 20°С ад аптымальнай расход палiва павялiчваецца на 30%, адначасова ўзрастае расход маторнага масла з-за яго выгарання, пры гэтым пагаршаецца яго змазачная якасць.

У гэтым жа накiрунку працягваецца размова пры вывучэнні тэмы "Сiстэма змазкі рухавіка", дзе звяртаецца таксама ўвага на значэнне чысцiнi маслаў, строгую адпаведнасць яе дзеючым стандартам. Выкарыстанне якасных маслаў дазваляе падтрымлiваць магутнасць рухавiка на аптымальным узроўні, эканомiць матэрыяльныя рэсурсы.

Вынік усiм эканамiчным аспектам работы трактарыста-машынiста настаўнiк падводзiць у заключнай тэме "Тэхнiчнае абслугоўванне трактароў", Ён пералiчвае ўсе паказчыкі, паводле якiх робiцца агульны вывад аб эканамiчнай эфектыўнасці машынна-трактарнага парку ўсяго аграпрамысловага прадпрыемства.

Пераканаўчы матэрыял эканамiчнага характару настаўнік мае магчымасць выкарыстаць у працэсе выкладання курса "Асновы агратэхнiкi палявых культур", пачынаючы ад вывучэння глебы, яе ўрадлiвасцi, апрацоўкі і заканчваючы севазваротамі, тэхналогiямi вырошчвання збожжавых, зернебабовых, тэхнiчных культур.

Сiстэма эканамiчнай падрыхтоўкі вучняў трактарнага профiлю забяспечваецца праз:

- навучанне школьнiкаў рабiць эканамiчную ацэнку зямлi;

- азнаямленне з эканамiчнай эфектыўнасцю ворнай плошчы;

- інфармацыю аб эканамiчных вартасцях звёнаў севазваротаў;

- давядзенне да іх ведама сутнасці такіх эканамiчных катэгорый, як сабекошт прадукцыі, рэнтабельнасць вытворчасці, гаспадарчы разлiк, прадукцыйнасць працы і інш.

Найбольш тыповыя прыклады эканамічнага выхавання — рашэнне задач па эканамічнай ацэнцы ворнай Зямлi. Гэта можна зрабiць на прыкладзе сярэднегадовага кошту валавай прадукцыі, атрыманай з 1 га сельгасугоддзяў за 5 гадоў. Дапусцiм, яна была роўная 3 млн. рублёў, а чысты даход з 1 га склаў 1 млн. руб. Сярэднегадавыя вытворчыя фонды на 1 га склалі 2 млн. 900 тыс. руб. Пры аплаце фондаў па нарматыву (8%) у год у памеры 232000 руб. астатак чыстага даходу складзе: 1 млн. - 232 тыс. = 768 тыс. руб. Адсюль ацэнка 1 га ворнай Зямлi ў грашовым выражэнні будзе: 768 тыс. руб: 0,08 = 9,6 тыс. руб.

Настаўнік тлумачыць, што эканамічная эфектыўнасць Зямлi характарызуецца выхадам прадукцыі з адзінкi зямельнай плошчы і памерамі затрат працы і сродкаў у разліку на 100 га. Матэрыялы для разлікаў бяруцца паводле гадавых справаздач гаспадаркі.

Выснова аб эканамiчнай эфектыўнасці Зямлi робіцца паводле такiх паказчыкаў, як:

- сума, на якую атрымана прадукцыя ў супаставімых цэнах;

- сума, на якую атрымана таварная прадукцыя ў цэнах рэалізацыi;

- чысты грашовы прыбытак.

Такое канкрэтнае, прадметнае вывучэнне агратэхнікі вырошчвання палявых культур змушае вучняў па-новаму зірнуць на работу не толъкі трактарыста-машыніста, але і іншых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Міжволі прыходзіць разуменне таго, што галоўнае ў сельскагаспадарчай вытворчасці (тэхналогіі) — гэта як можна больш па колькасці і з найменшымі затратамі атрымаць прадукцыі з адзiнкі плошчы ворнай зямлi, якую апрацоўвае механізатар. Зразумела, што для дасягнення такога ўзроўню работы ён павінен мець высокую кваліфікацыю.

Навучальна-выхаваўчы працэс настаўнік развівае далей, знаёмячы старшакласнікаў з нарміраваннем, улікам і аплатай працы механізатара сельскай гаспадаркі, формамі аплаты (здзельнай, пагадзіннай, прэміяльнай, акордна-прэміяльнай). Так паступова фарміруецца ў кожнага вучня пачуццё грамадзянiна-працаўніка на Зямлi.

ПРОФЕССИОНАЛЬНАЯ ОРИЕНТАЦИЯ МОЛОДЁЖИ В СИСТЕМЕ ПОДГОТОВКИ КАДРОВ (2 ЧАСА)

Профессиональная ориентация молодёжи как потребность социально-экономического развития общества. Развитие теории профессиональной ориентации. Система профессиональной ориентации и роль учителя трудового обучения в её осуществлении.

Тэрмін “ прафесiянальная арыентацыя ” узнік на пачатку 20-га стагоддзя ў Заходняй Еўропе з практычнай патрэбы грамадства ў вызначэнні прыдатнасці людзей да канкрэтных відаў працоўнай дзейнасці. Асноватворцам першых доследаў па прафесiянальнай прыдатнасці лічыцца прафесар Гарвардскага універсітэта (ЗША) Гуга Мюнстэрберг (1863-1916), які высветліў у 1910 годзе, што прычынай частых аварый трамваяў з'яўляецца няўменне многіх вагонаважатых размяркоўваць сваю ўвагу ў дарожных абставінах: гэтыя людзі не падыходзілі да прафесіі вадзіцеля трамвая.

Аднак задоўга да гэтага перадавыя мысліцелі і педагогі папярэдніх пакаленняў распрацоўвалі свае сістэмы працоўнага выхавання дзяцей з арыентацыяй на грамадства раўнапраўных людзей. Іх ідэі атрымалі далейшее развіцце ў наступных пакаленнях.

Томас Мор (1478-1535), англійскі пісьменнік і вучоны-гуманіст, у 1516 годзе выказаў шэраг геніяльных здагадак аб падрыхтоўцы дзяцей да працы ў грамадстве будучага. У яго гіпатэтычнай краіне Утопіі ўсе жыхары з дзяцінства навучаюцца сельскай гаспадарцы, земляробству, а таксама авалодваюць рамёствамі: жанчыны — больш лёгкімі, мужчыны —цяжэйшымі.

Італьянскі філосаф Тамаза Кампанела (1568-1639) намаляваў грамадства без сацыяльнай няроўнасці ў славутым творы “Горад сонца” (1623 ã.). Тут, на яго думку, хлопчыкі і дзяўчынкі навучаюцца сумесна, пры гэтым іх водзяць у майстэрні да сапожнікаў, хлебапёкаў, кавалёў, сталяроў з мэтай выяўлення схільнасцей кожнага. У будучым усе атрымліваюць пасады паводле тых навук, ці рамёстваў, у якіх яны дабіліся поспехаў.

Англійскі літаратар і мысліцель Джэрард Уінстэнлі (1609 - пасля 1659) у трактаце “Закон Свабоды” (1652 г.) намаляваў царства “справядлівасці і міру на зямлі”, дзе “кожны чалавек будзе выхоўвацца, вывучаючы рамёствы і віды сельскагаспадарчай працы”. Сістэма навучання і выхавання з арыентацыяй на пэўныя рамёствы мае на мэце такое становішча, пры якім дзеці б “мелі магчымасць свабодна працаваць сумесна з іншымі”.

Французскі пісьменнік і філосаф 18-га стагоддзя Марэллі (год нараджэння і смерці невядомы) у сваей працы “Кодэкс прыроды, або ісцінны дух яе законаў” (1765 г.) выклаў сутнасць будучага грамадства, у якім моладзь будзе складацца з земляробаў, садаводаў, пастухоў дрывасекаў, землякопаў, возчыкаў, цесляроў і інш. 3 дзесяці гадоў кожны градзянін будзе навучацца той прафесіі, да якой будзе адчуваць схільнасць або мець здольнасць. Кожны грамадзянін “будзе займацца толькі той працай, якую выбярэ сам”.

Французскі сацыяліст-утапіст 19-га стагоддзя Шарль Фур'е (1772-1837) лічыў, што дзяцей трэба прыцягваць да працоўнай дзейнасці і вучэбных заняткаў дзеля задавальнення, без удзелу бацькоў ці настаўнікаў, у адпаведнасці з інтарэсамі вытворчай працы. Пад такой працай ён разумеў дробнае хатняе рамяство.

Англійскі філосаф і літаратар Роберт Оўэн (1771-1858) свае ідэі па працоўнаму навучанню і выхаванню імкнуўся рэалізаваць у арганізаваных ім працоўных калоніях “Новая гармонія” і “Гармоні-Хол”. Усіх людзей да 30 гадоў ён прапанаваў у выхаваўчых мэтах раздзяліць на 5-гадовыя групы, пры гэтым лічыў, што дзеці 2-й групы (5-10 гадоў) будуць займацца з мэтай набыцця карыснага вопыту, “у адпаведнасці з іх сілай і здольнасцямі яны будуць набываць практычныя навыкі ў некаторых самых лёгкіх жыццёвых справах”. У 3-й групе (10-15 гадоў) “навучанне ахопіць усе віды вытворчасці, што адносяцца да зямлі, горнай справы, рыбалоўства, прадуктаў харчавання і ¢мення захоўваць іх...” Р.Оўэн меркаваў арганізаваць прамысловыя прадпрыемствы, дзе б сумесна з дарослымі працавалі дзеці “у адпаведнасці з іх фізічнымі сіламі”.

Французскі асветнік 18-га стагоддзя Жан-Жак Русо (1712-1778) у рамане-трактаце “Эміль, або аб выхаванні” (1762 г.) пісаў, што пры сістэматычным (“адна гадзіна штодзённа”) навучанні сталярнай справе “...мэта наша не столькі ў тым, каб навучыцца сталярнаму рамяству, колькі выхаваць сябе да звання сталяра”. У яго выказваннях прасочваецца думка аб усебаковым выхаванні асобы пад час авалодання рабочай прафесіяй, аб прафесіянальнай мабільнасці людзей працы.

Швейцарскі педагог-дэмакрат Іаган Генрых Песталоцці (1746-1827) у сачыненні “Аб выхаванні беднай сельскай моладзі” (1777 г.) з вялікай доляй эмацыянальнасці выказаўся за тое, “каб выхаванне бедняка падпарадкаваць духу індустрыі”. У гэтым ён бачыў шлях да развіцця здольнасцей і падняцця кваліфікацыі ў дзяцей беднякоў, падрыхтоўкі іх да будучай працоўнай дзейнасці.

Ацэньваючы ў агульным выглядзе выкладзеныя погляды заходне-еўрапейскіх асветнікаў, заўважым, што яны ўтрымлівалі ў сабе:

- неабходнасць ранняй арыентацыі дзяцей на рабочыя прафесіі;

- агульнасць зместу прафарыентацыі для гарадскі і сельскіх дзяцей;

- авалодванне сумежнымі прафесіямі — правобраз будучай прафесіянальнай мабільнасці;

- улік індывідуальных і ўзроставых асаблівасцей дзяцей у авалоданні рамёствамі;

- сувязь працоўных спраў з вывучэннем навук і мастацтваў;

- дыферэнцыраваны падыход да навучання працоўным справам хлопчыкаў і дзяўчынак.

У 19-м стагоддзі інтэнсіўна працягвалася распрацоўка пытанняў працоўнага выхавання і прафарыентацыі дзяцей.

Мікалай Гаўрылавіч Чарнышэўскі (1828-1889) магутным фактарам выхавання людзей у грамадстве будучага лічыў працу, якая “...з цяжкай неабходнасці ператворыцца ў лёгкае і прыемнае задавальненне фізіялагічнай патрэбы...”. У разнастайнай працоўнай дзейнасці ён бачыў шлях вывядзення работнікаў з манатоннай, стамляльнай працы, шлях збліжэння земляробаў з фабрычнымі рабочымі, якія змаглі б “...моцна дапамагаць земляробству ў нядоўгія пярыяды вырошчвання і ўборкі хлеба”.

Мікалай Аляксандравіч Дабралюбаў (1836-1861) важнае месца ў выхаванні дзяцей адводзіў працы па патрэбе. Гэтую патрэбу ён бачыў у кожнага члена пераўтворанага грамадства, патрэбу, якая закладзена ў чалавеку, выхаваная і развітая ў ім. М.А.Дабралюбаў лічыў, “...што будучыя пакаленні чакае не прымусовая праца без узнагароды, а свабодная, жывая дзейнасць, поўная радасных надзей на збіранне пладоў, на неад'емнае, уласнае жніво таго, што пасеяна”.

Дзмітрый Іванавіч Пісараў (1840-1868) істотную ролю ў працоўным выхаванні дзяцей адводзіў вытворчай фізічнай працы ў майстэрнях. Як і Ж.-Ж. Русо, Д.І. Пісараў віднае месца ў арыентацыі моладзі на рабочыя прафесіі надаваў сталярнай, а таксама такарнай справе. У сваей працы “Школа і жыцце” ён прапаноўваў спачатку прафесійную падрыхтоўку каля 10 чалавек, каб яны сталі бліжэйшымі памочнікамі майстра. Затым кожнаму з іх, на яго погляд, трэба даручыць па тры вучні. Праз пэўны час фарміруецца яшчэ адзін такі кантынгент вучняў, і так да таго часу, “...пакуль уся гімназія не акліматызуецца ў майстэрні”. Канчатковы выбар прафесіі, паводле Д.І. Пісарава, павінен адбывацца на больш познім этапе навучання, калі малады чалавек “па сваіх агульных ведах і па свайму разумоваму развіццю здольны прама прымацца за вывучэнне выбранага рамяства”. Менавіта да гэтага часу малады чалавек здольны палюбіць сваё рамяство. Выбар прафесіі, на думку Д.I. Пісарава, павінен быць зроблены самім маладым чалавекам, які адначасова атрымаў “добрую і поўную адукацыю”. Пры гэтым галоўнае — запас ведаў і практычных навыкаў.

Канстанцін Дзмітрыевіч Ушынскі (1824-1870) шмат увагі надаваў працоўнаму выхаванню як у сваей практычнай дзейнасці, так і ў педагагічных сачыненнях. Сутнасць выхавання ен бачыў у тым, каб “рыхтаваць да працы і жыцця”, “развіваць у чалавека прывычку і любоў да працы”, дапамагчы “адшукаць для сябе працу ў жыцці”. Школа, на думку К.Д. Ушынскага, павінна паказаць вучню тую самую каштоўную якасць у чалавека, якая забяспечвае яго ўдзел у матэрыяльным жыцці. 3 асновамі навук ён цесным чынам звязваў авалодванне працоўнымі прыемамі адпаведна ўзросту і сілам выхаванцаў. “Роўна столькі працы, колькі змогуць адолець яго маладыя сілы", — пісаў выдатны педагог у сваім артыкуле “Праца ў яе псіхічным і выхаваўчым значэнні”.

Карл Маркс (1818-1883) і Фрыдрых Энгельс (1820-1895) распрацавалі навуковыя падыходы да працоўнага выхавання і прафарыентацыі моладзі ў грамадстве будучага. К.Маркс лічыў недапушчальным прымяненне працы дзяцей, “калі яна не спалучаецца з выхаваннем”. Ён вызначыў тры ўзроставыя групы навучэнцкай моладзі ў 9-10, 13-15, 16-17 гадоў для якіх праца павінна мець працягласць адпаведна 2, 4, 6 гадзін. Гэтай працы “... павінен адпавядаць з паступовым удасканаленнем курс разумовага і фізічнага выхавання і тэхнічнага навучання”. Чалавек, аднойчы выбраўшы прафесію, не застаецца назаўжды прывязаны да яе, бо “...прырода буйнай прамысловасці абумоўлівае перамену працы, рух функцый, усебаковую рухомасць рабочага”. На гэтую ж акалічнасць звяртаў увагу і Ф.Энгельс, указваючы, што развітая прамысловасць павінна мець людзей, “...здольных арыентавацца ва ўсей сістэме вытворчасці”. Іх, гэтых людзей, зможа даць выхаванне, якое дазволіць пачаргова асвойваць розныя галіны вытворчасці “...у залежнасці ад патрэб грамадства або ад іх уласных схільнасцей”.

Уладзімір Ільіч Ленін (1870-1924) выказаў у 1897 годзе думку аб спалучэнні навучання з прадукцыйнай працай. Пазнёй ён дапоўніў яе палажэннем аб наданні працоўнаму навучанню на яго завяршальным этапе прафесіянальнага характару. Усе навучэнцы, на яго думку, павінны стаць сталярамі, слесарамі, але з дабаўленнем “агульнаадукацыйнага і політэхнічнага мінімуму”, кожны “рамеснік” павінен мець “шырокую агульную адукацыю”.

Фядот Андрэевіч Кудрынскі (1867-1933), выкладчык Нясвіжскай семінарыі, літаратар і этнограф, які друкаваў свае працы пад псеўданімам Багдан Сцепанец, выступаў супраць схаластычнага, адарванага ад жыцця, навучання, за сувязь асноў навук з практычнымі справамі. “Веды — толькі сродак..., настаўнік, які мае перад сабой поўны клас дзяцей, абавязкова павінен мець на ўвазе практычнае прымяненне паведамляемых вучням ведаў”, — лічыў ён. У навучанні школьнікаў практычным справам — дамаводству, розным рамёствам — найбольш поўна выяўляюцца іх здольнасці і прыродныя таленты.

Надзея Канстанцінаўна Крупская (1869-1939) надавала важнае значэнне непарыўнасці сувязі ручной працы ў школе з выкладаннем прыродазнаўчых навук. Ручная праца “нясе ў гэтыя прадметы жыццё, робіць іх бліжэй, больш разумелымі дзецям..., вучыць назіраць, самастойна думаць”. Фундамент, базу для правільнага выбару прафесіі Н.К.Крупская бачыла ў развіцці політэхнічнай адукацыі. Такая адукацыя аб'ектыўна аблягчае вывучэнне “усякай спецыяльнасці” і дазваляе ўжо ў 16-17 гадоў свядома яе выбраць. Яна лічыла, што вытворчасць мае патрэбу ў людзях, прыстасаваных да сваёй прафесіі, падкрэслівала важнасць прафарыентацыі як для карысці агульнай справы, так і для самога работніка. “Політэхнічная школа павінна вывучаць не толькі тэхніку ў вузкім сэнсе слова, але і характар працы, характар прафесіі. Прафарыентацыю я і меркавала ў гэтым сенсе”. Яна прапаноўвала вывучаць работу заводаў і фабрык, розныя рабочыя прафесіі прадпрыемстваў, “бо гэта дае вельмі акрэсленую прафарыентацыю, асабліва важную для падлетка”, раіла праводзіць у школах кансультацыі “па папярэдняй арыентацыі на выбар прафесіі”.

Анатоль Васільевіч Луначарскі (1875-1933) быў вялікім прыхільнікам навучання дзяцей праз працоўныя працэсы (“веды павінны ісці праз працу”). Сам працэс навучання ў школе першай ступені, на яго думку, павінен праходзіць у выглядзе гульні, дзе, апрача набыцця новых ведаў, дзеці павінны “навучыцца таму ці іншаму маленькаму рамяству”. На другой ступені працоўнай школы ён меркаваў прывучэнне дзяцей да сапраўднай фабрычнай працы. “Школа прыходзіць на фабрыку, рассыпаецца на групы, расходзіцца па розных цэхах для работы, і праз некалькі дзён месца работы мяняецца...”. У праграме такой школы, на яго думку, адначасова з агульнаадукацыйнымі прадметамі павінны быць і спецыяльныя, “якія рыхтуюць моладзь да той ці іншай жыццёвай функцыі”.

Павел Пятровіч Блонскі (1884-1941) непасрэдна займаўся распрацоўкай праграм працоўнай школы першай ступені. Задачу такой школы ён бачыў у тым, каб “навучыць жыць”, і ўпершыню ўвёў тэрмін “сацыяльная праца” замест “ручной працы”. У кніжцы “Працоўная школа” (1919 г.) ён выклаў змест працоўнага выхавання ў школе першай ступені як канкрэтную вытворчасць, а арганізацыю яе — як дыферэнцыраваную дзіцячую супольнасць. У гэтай супольнасці раздзяленне працы павінна спалучацца з яе разнастайнасцю і пераменай. Школа другой ступені, паводле П.П.Блонскага, павінна быць політэхнічнай, індустрыяльна-працоўнай, дзе юнацтва павінна быць размеркавана “...па разнастайных відах працы”. Вывучаць школьныя прадметы ён прапаноўваў з індустрыяльных пазіцый. Касцяк гэтай работы бачыў у інтэгральным яднанні прыродазнаўча-навуковай і гуманітарнай адукацыі з індустрыяльным выхаваннем.

Станіслаў Тэафілавіч Шацкі (1878-1934) важнае значэнне надаваў рухальнай актыўнасці дзяцей у працы, не выніку, а працэсу працы, якая з'яўляецца для школьніка магутным жыццёвым прыстасаваннем. Ён сфармуляваў два палажэнні па падрыхтоўцы вучняў да жыцця: 1)“усё, чаму трэба вучыць у школе, — гэта вучыць працаваць”, 2)“школа ёсць месца, дзе адпрацоўваюцца, сістэматызуюцца вынікі свайго асабістага вопыту і прыводзяцца ў сувязь з вынікамі чужога”. У створанай ім працоўнай калоніі “Бадзёрае жыццё” (1911 г.) дзеці займаліся доглядам раслін і жывёлы, выпечкай хлеба, дробным будаўніцтвам і інш. Такая праца “не рыхтуе спецыялістаў”, але “...дае пазнанне самых важных жыццёвых працэсаў і іх узаемаадносін”. Перыяд выяўлення прафесіянальнага прызвання С.Т.Шацкі адносіў да 17 гадоў, але лічыў, што настаўнік павінен высвятляць тое, як дзеці “адносяцца да разнастайных форм працы”, і рабіць гэта трэба значна раней. Праграма працоўнай падрыхтоўкі вучняў, на яго погляд, павінна складацца з трох этапаў-гадоў: 1) Знаёмства з працоўнымі справамі сям'і і сваей школы; 2) знаёмства з жыццём пасёлка, вёскі, гарадскога квартала; 3) увядзення дзяцей у свет жыцця краіны.

Антон Сямёнавіч Макаранка (1888-1939) унёс значны практычны і тэарэтычны ўклад у распрацоўку пытанняў працоўнага навучання, выхавання і прафарыентацыі моладзі. Яго выхаванцы выпускалі карысную прадукцыю розных найменняў, у гэтай працы яны ўдасканальваліся як асобы, рыхтавалі сябе да самастойнага жыцця. На яго думку, “...дзіця павінна навучацца якой-небудзь вытворчай працы, дабівацца якой-небудзь кваліфікацыі”. Самай пачэснай задачай педагогаў ён лічыў “...ствараць людскія кадры для ўсіх галін нашага жыцця”. У падрыхтоўцы дзяцяці да выбару будучай прафесіі (“кваліфікацыі”) А.С.Макаранка раіў падыходзіць комплексна, з дзяржаўных пазіцый: “Кваліфікацыю хлопчык або дзяўчынка атрымаюць у якой-небудзь грамадскай арганізацыі: у школе, на заводзе, ва ўстановах, на курсах”. У 1937 годзе ён прымаў актыўны ўдзел у правядзенні кансультацый выпускнікоў школ па выбару прафесіі. У гутарках з вучнямі спасылаўся на свой шматгадовы вопыт па падрыхтоўцы дзяцей да працы, выказваў задавальненне тым, што ўсе яго дзеці адчулі “чароўнасць свабоднага выбару дарогі”.

У 20-30-х гг. у былым СССР пачала складвацца дзяржаўная служба прафарыентацыі і прафкансультацыі школьнікаў. У 1927 годзе ўпершыню ў краіне быў створаны прафкансультатыўны пункт (г. Ленінград). Пазней такія пункты арганізаваліся ў іншых гарадах. Уся работа па прафарыентацыі каардынавалася Центральнай лабараторыяй па прафесіянальнай кансультацыі і прафесіянальнаму адбору. Асноўным недахопам гэтай службы былі: пасіўная аб'ектыўнасць выдаваемых падлеткам рэкамендацый, адсутнасць сацыяльнай накіраванасці іх, педагагічны нейтралізм і вузкі прафесіяналізм. Паступова работы па прафесіянальнай асвеце пачалі пераносіцца ў школу. Яны зводзіліся да асобных асветніцкіх мерапрыемстваў на працягу апошняга года навучання.

Шырокую вядомасць у тыя гады атрымалі работы псіхолага і педагога Аляксандра Паўлавіча Балтунова (1883-1942), які надаваў выключную ўвагу анкетнаму метаду даследавання прафесіянальнай прыгоднасці асобы. Пад час заканчэння школы па методыцы А.П. Балтунова складаліся прафарыентацыйныя характарыстыкі, у якіх за аснову гатоўнасці да выбару прафесіі браўся ўзровень “вучэбнай паспяховасці” па школьных дысцыплінах. Такая прафарыентацыя “па адукацыйнай лініі” дапушчальна, яна ў больш поўнай меры гарантавала далейшае развіццё пэўных задаткаў, схільнасцей вучняў да адпаведнага “прафесіянальнага ўхілу”.

Недастатковасць такой работы па прафарыентацыі была для многіх педагогаў відавочнай. Яна не стала арганічнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу школы. Задача ўвядзення прафарыентацыйнага матэрыялу ва ўсе школьныя прадметы не ставілася і не рэалізоўвалася. Асновы навук, асабліва прыродазнаўчага цыклу, да арганізацыі прафесiянальнай арыентацыі непасрэдна на ўроку не прыцягваліся.

У 1937 годзе працоўнае навучанне ў школах краіны было адменена, а адноўлена толькі на пачатку 50-х гадоў. Са спазненнем праблема працоўнага выхавання і прафарыентацыі вучняў паступова прабівала сабе дарогу.

Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі (1918-1970) падрыхтоўку моладзі да жыцця бачыў у актыўнай вучэбна-выхаваўчай дзейнасці як у школе, так і па за ёю. Галоўнай мэтай выхаваўчай работы ў школе ён лічыў маральную, разумовую, практычную і псіхалагічную падрыхтоўку вучняў да працы. Ім сфармуляваны 12 прынцыпаў працоўнага выхавання школьнікаў, сярод якіх найбольш важныя: адзінства працоўнага выхавання і агульнага развіцця; ранняе ўключэнне ў вытворчую працу; разнастайнасць відаў працы; творчы характар працы, спалучэнне намаганняў розуму і рук і інш. Вядучы накірунак усяго комплексу працоўнай загартоўкі школьнікаў у сістэме В.А. Сухамлінскага — далучэнне іх да роднай зямлі, да працы хлебароба. Традыцыйнымі ў яго школе сталі працоўныя святы: першай баразны, першага снапа, ураджаю, першага хлеба. Выдатны педагог надаваў важнае значэнне сувязі навучання асновам навук з працоўнымі справамі школьнікаў. “Веды набываюцца для працы і іграюць вельмі важную ролю ва ўсім жыцці чалавека”, — пісаў ён. У школе, якой кіраваў В.А. Сухамлінскі, многія вучні мелі па 2-3 прафесіянальныя захапленні і бесперашкодна займаліся імі.

Пытанне аб далучэнні ўсіх вучняў да канкрэтных прафесій народнай гаспадаркі да пачатку 70-х гадоў яшчэ не стаяла ў практыцы работы масавай школы. Тэрмін “прафесіянальная арыентацыя” увайшоў у шырокі ўжытак толькі ў 1971 годзе.

Істотны ўклад у распрацоўку тэорыі і практыкі працоўнага навучання і прафесіянальнай арыентацыі сельскіх школьнікаў унеслі працы акадэміка Карнелія Агафонавіча Івановіча (1901-1982) і створанай ім навуковай школы. Ён абагульніў і зрабіў здабыткам Уñіх сельскіх школ станоўчы вопыт узнікшых у 50-я гады вучнёўскіх вытворчых брыгад (ВВБ), раскрыў сутнасць арганічнай сувязі сельскай школы з мясцовай сельскагаспадарчай вытворчасцю як асновы політэхнічнай адукацыі і падрыхтоўкі вучняў да выбару прафесіі сельскагаспадарчага накірунку. Змест работы ВВБ, паводле К.А.Івановіча, складаюць наступныя кампаненты: вытворчая праца (ручная і механізаваная); авалодванне сучаснай тэхнікай на сяле; выкананне вучэбна-практычных заданняў; доследніцкая работа; правядзенне вытворчых экскурсій; арганізацыя рацыяналізатарства і вынаходніцтва школьнікаў. Вучоны назваў 18 фактараў, што ляжаць у аснове арганізацыі сістэмы працоўнага навучання і прафесiянальнай арыентацыі сельскіх школьнікаў. Цэнтральнае месца сярод іх займае “сістэматычная прафесіянальная арыентацыя вучняў на працягу ўсяго перыяду навучання з улікам узроставых асаблівасцей і выкарыстаннем усіх форм і магчымасцей па выхаванню ў вучняў інтарэсу да сельскагаспадарчай працы і выпрацоўцы практычных навыкаў і ўменняў кваліфікаванай працы ў сельскай гаспадарцы”.

Распрацоўваючы метадалагічныя асновы працоўнага выхавання і прафарыентацыі, Аляксандр Ільіч Кочатаў адзначаў, што кардынальным пытаннем у гэтай справе “...з’яўляецца праблема вывучэння суадносін гатоўнасці да працы з сістэмай якасцей асобы”. Гатоўнасць да працы аўтарам разглядаецца як адзін з кампанентаў цэласнай асобы.

Многія вучоныя (К.К.Платонаў, І.М.Назімаў, А.Я.Галамшток, А.Д.Сазонаў, В.Д.Сіманенка, Я.А.Клімаў, В.Г.Саўрукова і інш.) падкрэслівалі складанасць і шматаспектнасць прафарыентацыі. Аднак усе яны былi адзінымi ў меркаваннях аб тым, што асноўная частка работы па вырашэнню гэтай праблемы кладзецца на агульнаадукацыйную школу. Канкрэтным пытанням арганізацыі прафарыентацыі ў школе прысвечаны метадычныя распрацоўкі А.Я.Галамштока, М.І.Калугіна, А.Д.Сазонава, В.Ф.Сахарава, В.Д.Сіманенкі, Я.М.Паўлюценкава, М.К.Сцепаненкава, Б.А.Федарышына, М.М.Чысцякова, С.М.Чысцяковай, Т.А.Буянавай, Н.Э.Касаткінай, Л.А.Йовайшы і інш.

Сутнасць і сістэмы прафесіянальнай арыентацыі вучняў

Шматлікія аўтары лічаць прафесіянальную арыентацыю “ сістэмай мерапрыемстваў ”, якая дапамагае чалавеку ў прафесіянальным самавызначэнні з улікам асаблівасцей яго асобы (Ю.П.Аверычаў, К.К.Платонаў, Л.Л.Кандрацьева, А.Д.Сазонаў, В.Д.Сіманенка, В.Г.Саўрукова і інш.). В.Ф.Сахараў і Л.А.Йовайша лічаць прафарыентацыю “ сістэмай работы ” (адукацыйнай, выхаваўчай) па фарміраванню прафесiянальнай накіраванасці вучняў. На думку С.М.Чысцяковай, прафарыентацыя — гэта практычная “ сістэма падрыхтоўкі ” да свабоднага і свядомага выбару прафесіі. В.Д. Сіманенка выдзеліў у прафарыентацыі сацыяльна-эканамічны, псіхолага-педагагічны і методыка-фізіялагічны аспекты.

Я.А.Клімаў вызначыў прафарыентацыю як “ сукупнасць грамадскіхуздзеянняў на матывы выбару прафесіі”. Гэтыя ўздзеянні разглядаюцца ім ў шырокім аспекце: як інфармацыйная, растлумачальная і прапагандысцкая работа, рэкамендацыі прафкансультантаў, выхаваўчая работа школы і сям'і і інш.

На ўзроўні прафесіянальнага самавызначэння вучняў разгледзеў прафарыентацыю П.А.Шавір, назваўшы яе “ навуковым кіраваннем ” у самавызначэнні асобы. Е.Н.Вольскі пад прафарыентацыяй разумеў “ работу ” па падрыхтоўцы вучняў да выбару прафесіі з улікам іх прафесіянальных інтарэсаў і патрэб народнай гаспадаркі. Гэтая работа з'яўляецца вынікам агульнай і політэхнічнай адукацыі. С.Я.Батышавым прафарыентацыя разглядаецца як “ працэс мэтанакіраванай дзейнасці педагогаў, псіхолагаў, урачоў і іншых работнікаў па фарміраванню ў падрастаючага пакалення прафесiянальных інтарэсаў і схільнасцей і аказанню дапамогі ў выбары прафесіі...”.

Заўважым, што тэрмін “ арыентацыя ” (ад лацінскага “арыенціс” — усход) у даведачнай літаратуры трактуецца як “накіраванне дзейнасці ў пэўны бок” (Словарь иностранных слов.- М., 1955, с.500). Гэтая дзейнасць можа быць разлічана “на каго-небудзь, што-небудзь, залежыць ад каго-, чаго-небудзь” (Словарь русского языка, т. 2. — М., 1982, с.639). Працэс навучання, як вядома, носіць двухбаковы характар — узаемадзеянне настаўніка і вучня.

Відавочна, што ва ўмовах агульнаадукацыйнай школы прафесіянальная арыентацыя як від дзейнасці носіць вучабна-выхаваўчы характар. Асоба вучня пры гэтым набывае сацыяльна-каштоўнасны вопыт, далейшае развіццё атрымліваюць схільнасці і прыродныя задаткі. “Па свайму зместу, — пісаў Ю.К.Бабанскі, — дзейнасць ёсць... развіццё самога чалавека, яго здольнасцей, уменняў, ведаў”. На гэтай падставе І.А.Карабанаў даў наступнае азначэнне прафесіянальнай арыентацыі: “Прафесіянальная арыентацыя — гэта сумесная дзейнасць выхавацеляў івыхоўваемых па мэтанакіраванаму фарміраванню сацыяльна каштоўнасных установак і прафесiянальных намераў усебакова развітай асобы, што вядзе да выбару прафесіі і прафесіянальнага ўдасканалення”.

Прафарыентацыйная работа — гэта работа па арганiзацыi прафарыентацыі (дзейнасцi). Яна можа праводзiцца на розных узроўнях: з перавагай, аптымальным, недастатковым функцыянаваннем любога з трох фактараў — вывучэння асноў навук, пазаўрочнай выхаваўчай работы, працоўнага навучання і выхавання.

Паводле мадэлі прафарыентацыі, прапанаванай М.К.Сцепаненкавым, структура прафесiйнай скiраванасцi асобы вучня складаецца з трох кампанентаў: прафесiйных намераў; iнтарэсаў і схiльнасцей; матываў выбару прафесіі. Пэўны ўплыў на ўзаемадзеянне гэтых кампанентаў аказваюць: сацыяльна-эканамiчныя фактары; прыроднае прызванне асобы вучня; педагагiчныя фактары. Згодна з названымі кампанентамі аўтар і прапануе весці дыягностыку і падрыхтоўку школьнiкаў да iх прафесіянальнага самавызначэння.

Зыходзячы з аналiзу розных бакоў прафесiянальнай накiраванасцi вучняў, М.К.Сцепаненкаў робiць высновы, што:

- па меры пераходу эканомікі да рыначных адносiнаў ад вучняў спатрэбiцца больш iнтэнсiўнае развiццё сваiх здольнасцей для больш грунтоўнага зацвярджэння на рынку працы;

- шматпланавасць здольнасцей вучняў у спалучэнні з полiтэхнiчнай адукацыяй дае магчымасць не толькі выбраць прафесiю ў вялiкiм дыяпазоне вытворчай сферы, але пры неабходнасці і даволі лёгка перагледзець свой выбар.

Педагагiчнай навукай і практыкай прапанаваны розныя сiстэмы прафарыентацыі. Паводле К.К.Платонава, навуковае рашэнне задачы прафарыентацыі можна параўнаць з рашэннем "трохвугольніка" прафарыентацыі.

Прафарыентацыя, на думку К.К.Платонава, складаецца з некалькіх этапаў. Першы з іх — прафесiянальная асвета. Адна з важнейшых яе задач — зацiкавiць вучняў прафесiямi, не адрываючы працэс навучання ад працоўнага выхавання ў школе. Прафесiянальная асвета цесна звязана з прафесiянальнай прапагандай, а таксама з вывучэннем інтарэсаў школьнікаў. Наступны этап прафарыентацыі — прафесiянальнаякансультацыя. Ён падраздзяляецца на тры самастойныя падэтапы: падрыхтоўчы, завяршальны і ўдакладняльны. Першы з iх ставiць сваёй мэтай вывучыць функцыянальную структуру асобы вучня, сфармiраваць недастаткова развітыя яе ўласцiвасцi. Другі — наступае пры заканчэнні выпускных класаў і ставiць сваёй мэтай аказаць навукова абгрунтаваную дапамогу вучню ў выбары далейшага жыццёвага шляху. Трэці — адбываецца за межамі школы (у ПТВ, ВНУ, на прадпрыемстве), ён ставiць на мэце выпраўленне раней дапушчаных памылак. Трэці этап прафарыентацыі — прафесіянальны адбор (падбор).

Апошні, чацвёрты, этап прафарыентацыі — прафесiянальная адаптацыя. Яна садзейнiчае ўваходу маладых спецыялiстаў у новыя для iх ўмовы працоўнай атмасферы. Прафадаптацыя бывае падрыхтоўчая (падрыхтоўка да канкрэтнага вiду працы) і непасрэдная (адаптацыя на рабочым месцы).

Такi чынам, у прапанаванай К.К.Платонавым сiстэме прафарыентацыі яскрава выдзяляюцца дзве падсiстэмы: псiхалагiчная (звяртанне да псiхалагiчных здольнасцей дзяцей) і медыцынская (звяртанне да стану арганiзма, здароў'я дзяцей).

У сістэме прафарыентацыі Я.А.Клiмава прапануецца класiфiкацыя прафесiй, у аснову якой пакладзены прынцып адносiнаў чалавека да аб'екта сваёй працы. Па гэтаму прынцыпу ўсе прафесii аўтар раздзялiў на 5 тыпаў: чалавек — тэхнiка, чалавек — чалавек, чалавек — знакавая сістэма, чалавек — мастацкі вобраз, чалавек — прырода.

У тыпе прафесiй ''чалавек — тэхніка'' выдзяляюцца тры падгрупы спецыяльнасцей, звязаных:

- з апрацоўкай матэрыялаў (токар, сталяр, сталявар, фрэзероўшчык і iнш.);

- з рамонтам, зборкай і рэгуляваннем тэхнiкi (слесар, наладчык, зборшчык і iнш.);

- з выкананнем аператарскiх функцый (вадзіцель, машынiст, трактарыст-машынiст і iнш.);

Ад спецыялiстаў гэтага вiду прафесiй патрабуецца аператыўнасць тэхнiчнага мыслення, назіральнасць, добра развiтыя прасторавыя ўяўленні.

Зместам прафесiй тыпу " чалавек — чалавек " з'яўляецца пераважна пазнавальная дзейнасць. Праца людзей гэтага тыпу накiравана на выяўленне матываў ва ўчынках людзей (следчы, журналiст), навучанне і выхаванне (настаўнiк), абслугоўванне людзей (афiцыянт, урач) і iнш.

У прафесiях тыпу ''чалавек — знакавая сiстэма'' прадметам працы з'яўляюцца ўмоўныя знакi, сiмвалы, лiчбы, коды (карэктар, справавод, стэнаграфiст, бугалтар, праграмiст і iнш).

Да тыпу прафесiй " чалавек-прырода " адносяцца прафесіі, у якiх прадметам і аб'ектам працы з'яўляюцца жывыя арганiзмы, бiялагiчныя працэсы, глеба, лес, насенне раслiн. Гэта шматлікiя прафесіі сельскай гаспадаркі, мiкрабiялагiчнай прамысловасцi, лясной гаспадаркі.

Да тыпу прафесій " чалавек — мастацкі вобраз " адносяцца прафесii людзей, предметам працы якіх з’ўляюцца мастацкія вобразы, умовы iх пабудовы. Гэта — мастакі, акцёры, кантралёры музыкальных вырабаў, антыквары, лiтаратуразнаўцы, мастацтвазнаўцы і iнш. Яны павінны валодаць творчым уяўленнем, вобразным мысленнем, здольнасцямі да мастацтва, сцэнiчнай дзейнасці.

П.М.Манаеў прапанаваў сістэму прафарыентацыі сельскіх школьнiкаў у выглядзе схемы, у якой у арганiчнай сувязі спалучаюцца вучэбна-выхаваўчы працэс школы, прафесійных навучальных устаноў, а таксама дзейнасць вытворчых калектываў, сям’і і грамадскасці. Аб’ектам аб’яднаных прафарыентацыйных уздзеянняў звёнаў сiстэмы праз рэалізацыю кампанентаў сувязі з’яўляецца вучань (мал. 8).

М.К.Сцепаненкаў раздзяліў прафарыентацыю на 4 этапы: 1. Прафесiянальную асвету. 2. Прафесiянальнае перакананне. 3. Практычную падрыхтоўку да выбару прафесiі. 4. Дыферэнцыраваны падыход. Кожнаму з гэтых этапаў адпавядае выніковая функцыянальная характарыстыка:

- прапаганда прафесiй сродкамі масавай iнфармацыi; лiтаратуры і мастацтва;

- самасцвярджэнне ў выбары прафесіі, прыняцце рашэння;

- рэалiзацыя прафесiянальных схільнасцей у грамадска карыснай дзейнасці;

- дыферэнцыраваная работа з вучнямі ў залежнасці ад успрымальнасці прафарыентацыі.

М.В.Рэцiвых і В.Д.Сiманенка ў распрацаванай iмi сістэме таксама выдзелiлi 4 этапы прафарыентацыі: 1.Актуалізацыя праблемы выбару прафесіі (1-4 класы). 2.Фарміраванне прафесiянальнай накiраванасіi (5-7 класы). 3.Фарміраванне прафесiянальнай самасвядомасці (8-9 класы). 4.Удаскаленне сацыяльна-прафесіянальнага статусу (9-11 класы). Кожнаму з гэтых этапаў адпавядаюць свае мэты:

- сфармiраваць першапачатковае ўяўленне аб працы, пазнаёмiць з найбольш даступнымі прафесiямi;

- сфармiраваць грамадска значымыя матывы выбару прафесіі і ўсвядомлены iнтарэс да праблемы выбару прафесіі;

- падрыхтаваць вучняў да ўсвядомленага выбару прафесii і шляху працягу адукацыі;

- сфармiраваць перакананасць у правільнасці выбару прафесіі.

Аўтары вылучылі тры групы форм і метадаў прафарыентацыйнай работы: азнаямленчую, мэтанакiраваную і метады прафарыентацыйнага вывучэння школьнiкаў.

Прафесiянальная арыентацыя ў працоўным навучанні (тэхналогіі)





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 362 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.026 с)...