Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Політэхнічны прынцып у працоўным навучанні 4 страница



Чым каляндарна-тэматычны план больш падрабязны, тым лягчэй настаўнiку рыхтавацца потым да ўрокаў, але, безумоўна, складанне падрабязнага разгорнутага плана патрабуе дадатковых затрат часу.

Каляндарна-тэматычны план можа афармляцца звычайным тэкстам з падкрэслiваннем (выдзяленнем) асобных яго раздзелаў цi ў выглядзе табліцы, што значна зручней для карыстання iм.

Апрача складання каляндарна-тэматычных планаў настаўнiкi могуць ажыццяўляць і iншыя вiды планавання ў працэсе сваёй работы. Напрыклад, складаюцца планы падрыхтоўкі матэрыяльна-тэхнiчнай базы да новага навучальнага года, у якiх указваюцца плануемыя мерапрыемствы і тэрмiны iх выканання.

Пры арганiзацыi прадукцыйнай працы ў школьных вучэбных майстэрнях ці на прышкольным участку звычайна складаюцца планы выпуску прадукцыі.

Пры правядзенні заняткаў па механiчнай апрацоўцы драўнiны i металаў настаўнiк плануе паслядоўнасць выканання розных работ, выкарыстання абсталявання i складае графік перамяшчэння вучняў па рабочых месцах.

Закончыўшы вывучэнне i аналiз праграмы і лiтаратуры, прадумаўшы пытанні падрыхтоўкі матэрыяльна-тэхнiчнай базы, настаўнiк прыступае да выбару вырабаў (вырошчваемых раслiн), якiя будуць служыць аб'ектамi працы вучняў. Такiм чынам, ён складае i ўносіць у каляндарна-тэматычны план пералiк аб'ектаў працы (вырошчваемых раслiн).

Складанне пералiку аб'ектаў працы (вырошчваемых раслiн) праводзiцца з улiкам зместу праграм, наяўнасці абсталявання, канструкцыйных (цi пасадачных) матэрыялаў і магчымасцей iх набыцця, неабходнасці тых цi iншых вырабаў (раслiн), дыдактычных i метадычных патрабаванняў і г.д.

Выбар аб'ектаў працы — празмерна адказны этап у падрыхтоўцы настаўнiка да правядзення заняткаў у майстэрнях і на прышкольным участку. Пагэтаму пры адборы аб'ектаў працы павiнны ўлiчвацца наступныя патрабаванні да iх:

- гаспадарча карысная значнасць,

- адпаведнасць школьнай праграме,

- пасільнасць для выканання (вырошчвання),

- даступнасць для разумення вучнямі асаблiвасцей тэхналагiчнага працэсу і iнш.

Пры арганiзацыi ў школьных майстэрнях і на прышкольным участку, у цяплiцы прадукцыйнай працы патрэбна падрабязна знаёмiць вучняў не толькі з тымi заказамі (деталямі, вузламі, раслiнамi, якiя яны будуць вырабляць цi вырошчваць, але і з месцам і прызначэннем выпускаемай прадукцыі (вырошчваемых раслiн), у вытворчым працэсе прадпрыемства, калгаса, саўгаса, кааператыва.

Кожнае патрабаванне да аб'екта працы павiнна быць абгрунтавана і растлумачана вучням. Яны павiнны зразумець, што кожнае патрабаванне вынiкае з тых функцый, якiя вырабляемыя дэталі выконваюць у машынах, вырошчваемыя расліны і iх прадукцыя — у балансе аграпрамысловага прадпрыемства, пашытыя вырабы — у гаспадарчым (хатнім) выкарыстанні. Праца вучняў пры гэтым становiцца болей асэнсаванай, што станоўча ўплывае на вынiкi ўсёй вучэбна-выхаваўчай работы школы.

Калi ў майстэрнях (на ўчастку, у цяпліцы) вырабляюцца аб'екты прадукцыйнай працы (вырошчваюцца раслiны), то пры iх выбары павiнны ўлiчвацца дадатковыя наступныя патрабаванні:

- ярка выражанае вытворчае прызначэнне;

- комплекснасць аперацый, якiя ўваходзяць у тэхналагiчны працэс;

- магчымасць выкарыстання розных форм арганiзацыi працы вучняў;

- серыйнасць (колькасць) вырабаў у заказе (цi велiчынi пасяўных плошчаў);

- тэхналагiчнасць апрацоўкі (магчымасць атрымання прадукцыі з дапамогай той матэрыяльна-тэхнiчнай базы, што маецца ў школе);

- бяспека працы вучняў і iнш.

Асаблiвую ўвагу патрэбна надаваць захаванню бяспечных умоў працы вучняў у майстэрнях, на прышкольным участку, у цяплiцы.

Складзены прыкладны пералiк аб'ектаў працы вучняў пры неабходнасці можа пераглядацца і ўдакладняцца ў залежнасці ад матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння, патрэбнасці майстэрань, школьных кабiнетаў у тых цi iншых вырабах, наборах пладоў, насення i iнш.

У час навучальнага года пры непасрэднай падрыхтоўцы настаўніка да ўрокаў на аснове каляндарна-тэматычнага плана яму неабходна ажыццявiць мерапрыемствы арганiзацыйна-метадычнага характару i вырашыць праблемы павышэння сваёй асабiстай квалiфiкацыi. Безумоўна, што веды настаўнiка павiнны быць значна шырэйшымі i глыбейшымі, чым гэта патрабуецца ад вучняў. Ён павінен быць гатовым да адказу на любое iх пытанне па тэме, якое можа нават выходзiць за межы школьнай праграмы. Апрача таго, настаўнiк павінен выдатна валодаць шматлiкiмi прафесiйнымi практычнымі ўменнямі i навыкамі, мець, як кажуць, "залатыя рукi".

Пры падрыхтоўцы да правядзення заняткаў настаўнiку неабходна выкарыстоўваць і дасканала ведаць не толькі ўсе вучэбныя дапаможнiкi для дзяцей, але і спецыяльную літаратуру па сталярнай i слясарнай справе, электратэхнiцы, швейнай і кулiнарнай вытворчасці, сельскагаспадарчаму доследнiцтву.

Прыкладны змест падрыхтоўкі настаўнiка да кожнага канкрэтнага ўрока можа быць наступным:

1. Вывучэнне лiтаратуры па тэме ўрока і перадавога вопыту. Настаўнiк праглядвае метадычную і спецыяльную лiтаратуру, падручнiкi па асновах навук, знаёміцца з лiтаратурай, якая ўтрымлiвае абагульненне вопыту лепшых настаўнікаў. Пры магчымасці настаўнiк наведвае адпаведныя ўрокі ў больш вопытных настаўнікаў, настаўнікаў-метадыстаў.

2. Аналiз аналагічных папярэднiх урокаў. Пры гэтым звяртаецца ўвага на тыя мэты і задачы, якiя ставіліся, на тое, як яны былi дасягнуты, якiя былi знаходкі і недахопы. На аснове аналiзу ўдакладняюцца мэты і задачы маючага адбыцца ўрока.

3. Вызначэнне структуры ўрока i методыкі яго правядзення. Вядома, што структура ўрока залежыць ад пастаўленых мэт i задач, зместу вывучаемага матэрыялу, матэрыяльнага забеспячэння, тыпу ўрока і iншых фактараў. Настаўнiк сам асабiста вызначае змест, паслядоўнасць і метады iзлажэння новага матэрыялу, рыхтуе наглядныя дапаможнiкi, ТСН і дэманстрацыі. Ён намячае пытанні для кантролю, устанаўлiвае iх паслядоўнасць, вызначае вучняў для апытання. Асаблівая ўвага надаецца методыцы правядзення інструктажаў. Настаўнiк плануе віды інструктажаў, iх змест, паслядоўнасць правядзення і г.д.

4. Праверка спраўнасці і падрыхтоўка матэрыяльнай базы па тэме ўрока. Выпадкі выхаду са строю абсталявання на ўроку выклікаюць у вучняў недавер да тэхнікі, скептычныя адносiны да настаўніка і нават парушэннi дысцыплiны. Пры падрыхтоўцы да ўрока вырабляюцца неабходныя дапаможнiкi, рыхтуюцца ТСН, iнструменты, матэрыялы, абсталяванне, прыстасаванні і г.д.

5. Кантрольны выраб аб’екта працы. Вельмі пажадана, каб настаўнiк асабiста сам спачатку вырабiў будучы аб'ект працы вучняў, якi паслужыць узорам для пераймання i добрым наглядным дапаможнiкам пры растлумачэнні новага працоўнага задання. Пры вырабе новага аб'екта працы настаўнiк мае магчымасць адпрацаваць тэхналагiчны працэс, вызначыць прыкладныя затраты часу.

6. Складанне плана i плана-канспекта ўрока. Вопытныя настаўнiкi могуць абмяжоўвацца складаннем плана ўрока, а пачынаючыя — звычайна рыхтуюць план-канспект урока. Яго структура залежыць ад тыпу ўрока. Чым падрабязней складзены план-канспект урока, тым лепшым дапаможнiкам ён служыць настаўнiку ў яго рабоце. Ступень падрабязнасці плана-канспекта ўрока залежыць ад вопыту настаўнiка, яго асабiстай падрыхтаванасці, матэрыяльнага аснашчэння i iншых фактараў.

Стандартызаванай формы плана-канспекта не iснуе, але, як сведчыць вопыт работы, настаўнiк можа быць прапанавана яго наступная структурная схема:

1. Дата правядзення урока.

2. Клас.

3. Нумар урока i тэма.

4. Мэты i задачы ўрока (навучальныя, развiвальныя, выхоўваючыя).

5. Тып урока.

6. Аб’екты працы цi практычныя работы.

7. Абсталяванне, прыстасаванні, iнструменты i матэрыялы.

8. Сродкi нагляднасці і ТСН.

9. Выкарыстаная лiтаратура.

10. Ход урока (яго асобныя этапы).

Асноўнае адрозненне плана-канспекта ад плана ўрока заключаецца ў тым, што ў першым вельмi падрабязна раскрываецца ход урока, усе дзеянні настаўнiка і вучняў, метадычныя прыёмы і сродкі, змест тэарэтычных звестак, практычных работ i г.д.

Ход урока ў плане-канспекце лепей аформіць у выглядзе табліцы на дзве старонкі вучнёўскага сшытка (гл. табл.).

Таблiца

Прыкладная схема плана-канспекта ходу ўрока

Этапы ўрока і час Задачы Метады і змест навучання Аснашчэнне Апорныя веды
         

Пры складанні плана-канспекта ўрока настаўнік павiнен улічваць усе дыдактычныя і агульнаметадычныя патрабаванні да яго правядзення (сувязь новага матэрыялу з вывучаным, пабуджэнне вучняў да актыўнай мысленнай дзейнасцi, разнастайнае спалучэнне метадаў і прыёмаў навучання, выкананне прынцыпаў навучання і г.д.).

У час правядзення ўрока настаўнік павiнен кiравацца сваiмi запiсамi. Аднак у асобных выпадках здараюцца адхiленнi ад намечанага плана па розных непрадбачаных абставiнах (непадрыхтаванасць вучняў, выхад са строю абсталявання, перарасход часу на асобныя этапы ўрока i г.д.). Таму настаўнiку неабходна тэрмiнова ўнесці адпаведныя карэктывы і змянiць план. Напрыклад, выключыць цi крыху скарацiць асобныя этапы ўрока, частку матэрыялу перанесці на iншыя заняткі і г.д.

Калi прасоўванне асобных вучняў у рабоце на ўроку будзе болей хуткiм, чым чакалася, то настаўнiк павiнен гэта прадбачыць i даць iм загадзя падрыхтаваныя рэзервовыя заданні. Перад пачаткам урока заўсёды патрэбна абавязкова правяраць наяўнасць i стан аб'ектаў працы вучняў.

Пры наяўнасці своечасова i добра падрыхтаванага плана-канспекта ўрока ён ажыццяўляецца болей дакладна, а настаўнік адчувае сябе даволі ўпэўнена. Апрача таго, наяўнасць плана-канспекта служыць доказам падрыхтаванасці настаўнiка да ўрока пры яго праверцы.

ПРОВЕРКА, ОЦЕНКА И УЧЁТ ЗНАНИЙ И УМЕНИЙ (4 ЧАСА)

Текущая, периодическая, итоговая проверка. Оценка знаний и умений. Критерии оценки. Норма времени. Самоконтроль. Технический диктант, тестирование в проверке и оценке знаний.

Кантроль паспяховасці вучняў з'яўляецца неад'емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу. Правiльна арганiзаваныя праверка, ацэнка і ўлiк ведаў і ўменняў адыгрываюць важную ролюна занятках у школьных майстэрнях і на прышкольным участку. Яны садзейнiчаюць вырашэнню шэрагу вучэбных і выхаваўчых задач:

- устанаўлiваецца, як вучні засвойваюць тэарэтычны матэрыял і набываюць працоўныя ўменні і навыкі;

- выяўляюцца прагалы ў ведах, памылкі ў тэхналогіі, у разуменні асобных яе пытанняў;

- уносяцца карэктывы ў працэс вучэбна-працоўнай дзейнасці, пры неабходнасці аказваецца дапамога вучням;

- устанаўлiваюцца адносіны да работы і ўзмацняецца выхаваўчы ўплыў на вучняў;

- вызначаецца якасць асабiстай работы настаўніка.

Пры далейшым разглядзе пералiчаных задач будзем лiчыць, што праверка — гэта працэс вызначэння ступені засваення і сфармiраванасцi ведаў і ўменняў, а ацэнка з'яўляецца канчатковым яе вынiкам. Ацэнка можа выражацца як у балах па пяцiбальнай шкале (у выглядзе адзнакi — лiчбавага выражэння ацэнкі ведаў і ўменняў), так і ў ацэначных меркаваннях ("добра", "дрэнна" і г.д.). Улiкам можна лiчыць фiксацыю (запiс) усiх адзнак ў класным журнале цi журнале шматфактарнага ўлiку.

Праверка і ацэнка ведаў і ўменняў не могуць быць самамэтай. Яны павiнны ўваходзiць арганiчнай часткай у вучэбна- выхаваўчы працэс і садзейнiчаць павышэнню яго эфектыўнасці. Месца праверкі і ацэнкі на занятках вызначаецца iх структурай.

Праверка і ацэнка ведаў і ўменняў, як гаварылася раней, выконваюць навучальную, выхаваўчую, пазнавальную і стымулявальную функцыі, садзейнiчаюць дзейснаму кантролю і самакантролю (зваротнай сувязі).

Калi размова iдзе пра навучальную функцыю, то гэта азначае, што сам працэс праверкі ведаў і ўменняў працягвае працэс навучання. Напрыклад, калi настаўнік на ўроку пры адказах вучняў на пытанні заахвочвае iх да прывядзення прыкладаў, то гэта дапамагае iм глыбей засвойваць матэрыял. Дапаўняючы адказы адзін аднаго, вучні пашыраюць кругагляд сваiх аднакласнікаў.

Рэалiзацыя выхаваўчай, развiвальнай і стымулявальнай функцыі забяспечваецца самой арганiзацыяй працэсу праверкі ведаў і ўменняў, характарам адносiнаў настаўнiка да вучняў, стылем яго паводзiн. Напрыклад, Калi настаўнік патрабуе дакладнага адказу, то выхоўваецца звычка ясна і дакладна фармуляваць свае думкi. Калi настаўнiк рэгулярна правярае веды ўсiх вучняў, то выхоўваецца звычка пастаянна рыхтавацца да заняткаў, фармiруецца пачуццё адказнасці. Калi настаўнiк патрабуе граматнага і акуратнага афармлення тэхналагiчных карт, чарцяжоў, эскiзаў, пiсьмовых прац, то выхоўваецца тэхнічная культура. Заўсёды, калi настаўнiк хвалiць за правiльны адказ, за добра выкананую работу, з'яўляецца жаданне вучыцца і працаваць яшчэ лепш. Тлумачэнне настаўнiкам прычын памылак, паказ шляхоў iх лiквiдацыi, стварэнне ўпэўненасці ў поспеху прыводзiць да iмкнення апраўдаць давер, дасягнуць пастаўленых мэт.

Ступень выхаваўчага ўплыву адзнакі на асобных этапах навучання розная. Так, на пачатку заняткаў, калi ў вучняў яшчэ няма працоўнага вопыту, адзнака настаўнiка служыць для iх асноўным паказчыкам поспехаў у рабоце. Па адзнацы яны мяркуюць не толькі аб сваiх магчымасцях, але нават і аб сваiх асабiстых якасцях. Настаўнiку вельмі важна на гэтым этапе старанна ўлiчваць iндывiдуальныя магчымасці кожнага вучня. Не трэба захапляцца выстаўленнем дрэнных адзнак і ў той жа час нельга празмерна перахвальваць вучняў. У далейшым, па меры назапашвання вопыту, у вучняў фармiруюцца свядомыя адносiны да крытэрыяў ацэнкі сваёй работы і выпрацоўваюцца навыкі самакантролю за якасцю і колькасцю зробленага імi. Веданне крытэрыяў дазваляе вучням ацэньваць вынiкi як сваёй работы, так і работы таварышаў, параўноўваць сваю ацэнку з той, што дадзена настаўнікам. Пагэтаму істотна, каб ацэнка настаўніка заўсёды была аб'ектыўнай, а адзнака выстаўлялася з улiкам усіх крытэрыяў. У адваротным выпадку знiжаецца выхаваўчая роля праверкі і ацэнкі, з'яўляецца незадаволенасць настаўнікам, падае iнтарэс да работы, знiжаецца якасць яе выканання, узнiкаюць спрэчкі.

Ад усебаковасці і аб’ектыўнасці праверкі і ацэнкі набытых ведаў і ўменняў вучнямі ў многім залежаць iх адносіны да працоўнага навучання, а таксама паспяховасць фарміравання такіх якасцей асобы, як самастойнасць, працавітасць, мэтанакiраванасць,

Вельмі важныя функцыі кантролю, самакантролю і зваротнай сувязі праверкі і ацэнкі, таму што пры гэтым вызначаюцца глыбіня і паўната засваення ведаў і ўменняў. Пры апытанні, калі адказы вучняў аналізуюцца, школьнiкі даведваюцца аб сваіх памылках, пераконваюцца ў тым, ці разумеюць, ці ведаюць яны матэрыял, ці — не (самакантроль).

Пры праверцы настаўнік даведваецца, як вучні разумеюць новы матэрыял, як засвоілi ўменні і навыкі. Ён асэнсоўвае, ці навучыў, ці — не, вызначае прагалы ў асабістай рабоце (зваротная сувязь).

Пра формы правядзення праверкі ведаў і ўменняў (франтальная, індывідуальная) гаварылася раней. Дададзім, што на занятках у майстэрнях ці на прышкольным участку ў час практычнай работы ствараюцца найбольш спрыяльныя ўмовы для iндывідуальнай праверкі, бо апытанне аднаго з вучняў не адцягвае ўвагу астатніх ад работы. Франтальная праверка часцей скарыстоўваецца ў тых выпадках, калі неабходна даведацца, наколькі правільна засвоены ўсёй групай якія-небудзь складаныя працоўныя прыёмы ці важныя тэарэтычныя звесткi. Франтальную праверку звычайна прымяняюць для ацэнкі выкананых практычных работ ці атрыманых вырабаў.

Пра спосабы правядзення праверкі (вусная, пісьмовая, практычная) таксама гаварылася раней. Вусная дазваляе вызначыць перш за ўсё ўзровень ведаў вучняў, трываласць і ўсвядомленасць (асэнсаванасць).

Пісьмовая праверка прымяняецца радзей і, як правіла, у тых выпадках, калі трэба зрабіць педагагічны "зрэз", вызначыць, з якiмі ведамі па таму ці іншаму пытанню школьнікі падыходзяць да вывучэння канкрэтнай тэмы, наколькі гэтыя веды папоўніліся пасля яе разгляду.

Практычная праверка служыць у асноўным для кантролю практычных уменняў і навыкаў. Яна займае асобнае месца ў працоўным навучаннi, бо дзейнасць вучняў на занятках накiравана галоўным чынам на атрыманне грамадска карыснай прадукцыі, і iх фізічныя намаганні знаходзяць пры гэтым сваё матэрыяльнае ўвасабленне.

Такiм чынам, на аснове дзвюх форм і трох спосабаў праверкі можна атрымаць шэсць камбiнацый яе правядзення.

Франтальнае вуснае апытанне прымяняецца пры неабходнасці высветліць агульную падрыхтаванасць вучняў у класе да ўспрымання новага матэрыялу. Франтальнае пісьмовае апытанне — для больш глыбокага выяўлення характару ведаў вучняў (кантрольная работа па вырыянтах, па картках, праграмаванае машыннае і безмашыннае апытанне, складанне тэхналагiчных карт, электрычных схем, напiсанне тэхнiчнага дыктанта і iнш.).

Франтальную практычную праверку настаўнiк праводзiць амаль на ўсiх занятках метадам назiрання для выяўлення ступені авалодання практычнымі прыёмамі работы.

Індывiдуальнае вуснае апытанне звычайна скарыстоўваецца пры праверцы дамашняга задання. Пры неабходнасці яно дапаўняецца рашэннем задач і выкананнем прасцейшых графічных работ на дошцы.

Індывідуальнае пiсьмовае апытанне звычайна праводзiцца з дапамогай картак для праверкі, галоўным чынам, дамашняга задання.

Індывiдуальная практычная праверка арганізуецца часцей за ўсё пры самастойным выкананні работ. Яна ўключае паказ вучнямі рабочай позы, хваткі iнструментаў, прыёмаў работы. Ад вучня настаўнiк патрабуе паказу, а не тлумачэння. Апошняе скарыстоўваецца толькі ў выпадку памылак, каб высветлiць сітуацыю: ён ведае, але не ўмее; цi не ведае і не ўмее.

Многiя настаўнiкi часта прымяняюць праграмаваны безмашынны кантроль ведаў, якi з'яўляецца разнавіднасцю пiсьмовага франтальнага апытання. Перавагі гэтага метаду ў тым, што скарачаецца час апытання і адначасова кантралююцца ўсе вучнi.

Для праграмаванага кантролю распрацоўваюць некалькі варыянтаў картак-заданняў, якiя ўтрымлiваюць часцей за ўсё 5 цi 10 пытанняў (задач) з адказамі. Колькасць адказаў на кожнае пытанне звычайна роўна чатыром. Прычым толькі адзiн з адказаў поўны і правiльны. Вучань павiнен выбраць і назваць яго. Робіцца гэта рознымі спосабамі.

У першым выпадку вучнi проста адзначаюць (падкрэслiваюць цi выпiсваюць) правiльныя адказы, якiя потым настаўнiк уважліва вывучае.

У другім выпадку вучнi атрымлiваюць спецыяльную пласцiнку з адтулінамі, якую накладваюць на чысты аркуш паперы. Тыя адтулiны, якiя, на думку вучня, адпавядаюць правiльным адказам, замалёўваюцца (затушоўваюцца) алоўкам цi ручкай. Для паскарэння праверкі настаўнiк скарыстоўвае адпаведны трафарэт (шаблон). Калi прыкласці яго да вучнёўскай работы, то можна адразу ўбачыць колькасць правiльных адказаў. Напрыклад, вучань атрымаў картку, на якой першае з пяцi пытанняў наступнае: колькі працэнтаў вугляроду ўтрымлiваецца ў сталі маркі «Сталь 20»? Пад пытаннем знiзу пералічаны чатыры адказы: 1) 20; 2) 2; 3) 0,2; 4) 0,02. Вучань павiнен замаляваць трэцюю адтулiну, таму што гэта правiльны адказ. Такiм жа чынам ён знаходзiць і адказы на тыя чатыры пытанні, якiя засталіся.

З ростам матэрыяльнай забяспечанасці школьных майстэрань праграмаванае апытанне можа праводзiцца з дапамогай электронна-вылiчальнай і iншай тэхнiкi.

Даволі распаўсюджаным вiдам франтальнай пiсьмовай праверкі з'яўляецца тэхнічны дыктант. Сэнс яго ў тым, што вучні ўважлiва слухаюць тэхнiчны тэкст і запiсваюць у час пауз, якiя перыядычна робiць настаўнiк, толькі прапушчаныя iм словы. Пры падрыхтоўцы да гэтага вiду праверкі настаўнiк падбiрае, цi сам складае такi тэкст, у амаль кожным сказе якога апошняе, цi апошнiя словы з’яўляюцца тым тэрмiнам, якi правяраецца. Для эканоміі часу ўвесь тэкст вучням запiсвацьне трэба.

Прывядзем прыклады такiх сказаў з тэхнiчнага дыктанта:

1. Здольнасць металу супрацiўляцца ўцiсканню ў яго якога-небудзь цела пад дзеяннем сiлы называецца — паўза — цвёрдасцю.

2. Пачалі рубiць стальную паласу зубiлам, але аказалася, што яго рабочая частка крышыцца. Значыць, на яе патрэбна ўздзейнічаць такiм вiдам тэрмiчнай апрацоўкі металаў, як — паўза — водпуск.

З дапамогай пытанняў і заданняў павiнна правярацца не столькі памяць вучняў, колькі разуменне матэрыялу. Заданні павiнны насіць творчы, нестандартны характар, дазваляць праводзіць ускосную праверку і ўстанаўлiваць сувязь з іншымі тэмамі праграмы і нават прадметамі (напрыклад, з фізікай — вызначыць даўжыню ручак плашкатрымальнiка пры вядомых сiлах супрацiўлення ў працэсе наразання разьбы плашкай).

У залежнасці ад часу правядзення праверка ведаў і ўменняў можа быць трох вiдаў: бягучай, перыядычнай і выніковай.

Бягучая праверка праводзiцца на кожным уроку. Пры гэтым настаўнiк правярае (вызначае, кантралюе) розныя элементы вучэбнага працэсу. У ходзе бягучай праверкі вызначаюцца:

- якасць засваення матэрыялу і ўменне прымяняць яго на практыцы;

- правільнасць выканання лабараторна-практычных, пiсьмовых, графiчных i iншых работ; веданне iнструментаў, прыстасаванняў, абсталявання і ўменне правiльна скарыстоўваць iх, рыхтаваць да работы;

- правільнасць выканання аперацый і працоўных прыёмаў;

- выкананне правiлаў бяспекі працы;

- уменне арганiзаваць і ўтрымлiваць у парадку сваё рабочае месца;

- уменне ашчадна расходваць матэрыял;

- уменне ўлічваць фактар часу;

- уменне дасягаць патрабуемай дакладнасці і г. д.

Апрача апытання, пры праверцы настаўнік шырока выкарыстоўвае назіранне. Вынікі назiранняён адзначае ў сваiм рабочым сшытку і ўлічвае iх пры выстаўленні вынiковай адзнакі.

Ацэньвацца можа ўся работа вучняў на ўроку цi толькі асобныя, больш важныя моманты (за адказы на пытанні, за выкананне тэхналагiчнай аперацыі, за лабараторна-практычнуго работу і г.д.). Канчатковая адзнака аб'яўляецца вучням з абавязковай матывіроўкай і заносіцца ў класны журнал.

Перыядычная праверка звычайна праводзiцца ў канцы вывучэння тэмы цi раздзела. Адным з важнейшых момантаў пры перыядычнай праверцы з'яўляецца ацэнка выкананай кожным вучнем практычнай работы (вырабу) і выстаўленне адзнакі за яе. Настаўнiк улiчвае дакладнасць апрацоўкі, час работы і яе якасць у цэлым. Пры гэтым скарыстоўваюцца розныя формы і спосабы праверкі: вуснае апытанне, пісьмовая работа цi выраб кантрольнага аб’екта працы. Але вельмі часта праводзiць кантрольныя работы немэтазгодна, бо будзе губляцца шмат рабочага часу. Таму патрэбна выбiраць больш аптымальныя спосабы праверкі. Звычайна пра тэрмiн правядзення кантрольнай работы і аб яе характары вучні папярэджваюцца загадзя, iм таксама паведамляюцца патрабаванні, што прад'яўляюцца да яе. Адзнакі, атрыманыя вучнямі пры перыядычных праверках, таксама заносяцца ў класны журнал.

Выніковая праверка праводзiцца ў канцы кожнай чвэрці і навучальнага года. Вынiковыя адзнакі часцей за ўсе выстаўляюцца вучням на аснове адзнак бягучай і перыядычнай праверак. Гадавая адзнака па працоўнаму навучанню (тэхналогіі) улічваецца пры пераводзе вучняў у наступны клас нароўні з адзнакамі па іншых прадметах.

Каб правiльна ацанiць веды і ўменні ў працэсе праверкі, неабходны пэўныя крытэрыі, з якіх настаўнiк павінен зыходзіць пры выстаўленні канкрэтнай адзнакі (бала). Крытэрыі — гэта, iншымі словамі, розныя паказчыкі для параўнання.

У аснову ацэнкі ведаў звычайна кладуцца наступныя крытэрыі:

- дакладнасць (правiльнасць сфармуляваных законаў, азначэнняў, высноў і iнш.);

- трываласць (скарыстанне неабходных ведаў у патрэбны момант);

- усвядомленасць (доказнасць, здольнасць асэнсавана растлумачваць, выкарыстоўваць на практыцы);

- гiбкасць (здольнасць скарыстоўваць iх ў новых цi нетыповых сiтуацыях);

- глыбіня (вялiкi аб'ём, усебаковасць).

Пры ацэнцы практычных уменняў і навыкаў скарыстоўваюцца наступныя крытэрыі:

- дакладнасць апрацоўкі;

- расход (ці норма) часу;

- правiльнасць выканання працоўных прыёмаў і аперацый;

- арганiзацыя рабочага месца;

- выкананне правілаў бяспечнай работы і iнш.

На сённяшні дзень яшчэ, на жаль, няма навукова абгрунтаваных патрабаванняў да дакладнасці вырабаў. Не сфармуляваны таксама выразныя тэхнiчныя патрабаванні, якiя можна прад'явiць да якасці вырабаў. Мiж iншым, назіранні за працай вучняў паказваюць, што прад'яўленне пэўных патрабаванняў да дакладнасці выкананай работы павышае інтарэс да працоўных заданняў, у вучняў узрастае пачуццё адказнасці за работу, якая выконваецца.

Усе даныя па дакладнасці апрацоўкі, якiя часам указваюцца ў некаторых даведнiках, атрыманы пераважна доследным шляхам. Таму кожнаму настаўніку ў сваёй дзейнасці неабходна самому ўстанаўліваць і распрацоўваць патрабаванні да дакладнасці вырабаў, абагульняючы свой асабісты і чужы вопыт работы, улічваючы ўзроставыя асаблівасцi вучняў і іншыя фактары. Патрабаванні павінны распрацоўвацца для кожнай тэхналагічнай аперацыі з улікам таго, у якім класе яна выконваецца.

Дакладнасць апрацоўкі залежыць ад віду матэрыялу. Напрыклад, допускі пры апрацоўцы драўніны прыкладна ў два разы больш допускаў пры апрацоўцы металаў. З увядзеннем у школы грамадска карыснай, прадукцыйнай працы патрабаванні да дакладнасці работ вучняў павышаюцца.

Вельмі важным крытэрыем пры ацэнцы практычных работ з'яўляецца расход (ці норма) часу. Устаноўлена, што нарміраванне працы вучняў стымулюе iх дзейнасць. Яны пачынаюць больш цанiць час, павышаецца iх увага да дакладнасці апрацоўкі і якасці вырабу аб'ектаў працы ў цэлым. Пры гэтым настаўнік навінен пазнаёміць вучняў з паняццямі "прадукцыйнасць працы", "нормы працы" і iншымi эканамічнымi тэрмінамi.

Вядома, што нарміраванне працы чалавека садзейнічае развіццю тэхнічнай творчасці, рацыяналізацыi і вынаходніцтва. Вучні спрабуюць удасканалiць тэхналагiчны працэс, прапаноўваюць новыя спосабы апрацоўкі, новыя прасцейшыя прыстасаванні. Нармiраванне працы вучняў вельмі важна, бо на вытворчасці ўсе здзельныя работы нармiруюцца, Наогул, пры нармiраваннi працы прымяняюцца ў асноўным два спосабы: доследна-статыстычны і разлікова-аналітычны. У школьных вучэбных майстэрнях зручней скарыстоўваць першы з iх.

Устанаўліваючы нормы працы, настаўнiк павiнен улiчваць узрост вучняў, наяўнасць і стан матэрыяльна-тэхнiчнай базы, прыпускі на апрацоўку, час на адпачынак і iншыя фактары.

Пры выстаўленні агульнай адзнакі настаўнiку неабходна ўлiчваць калi не ўсе, то асноўныя, важнейшыя крытэрыі. Тут адны з iх могуць быць галоўнымі, другiя — дапаможнымі. Гэта вызначаецца зместам заняткаў, iх мэтамі і задачамі, этапамі навучання, вопытам настаўнiка і iншымi абставiнамi. Часам устанаўлiваюцца і ўводзяцца новыя дадатковыя крытэрыі, але аб iх патрэбна загадзя папярэдзiць вучняў.

Нельга знiжаць адзнаку вучню за парушэнні дысцыплiны. Яны павiнны карацца ў дысцыплiнарным парадку. Калi парушэнне дысцыплiны прывяло да знiжэння якасці выкананай работы, што часцей за ўсё i бывае, то зніжаецца і адзнака за работу. Пры гэтым вучню тлумачыцца, што дрэнная яго работа — гэта вынiк парушэння дысцыплiны.

Усе крытэрыі ацэнкі адначасова ўлiчыць дастаткова цяжка. Пагэтаму маладым настаўнiкам пажадана весці свой асабісты рабочы журнал шматфактарнага ўлiку дзейнасці вучняў, пра якi ўжо гаварылася раней.

Адзiных навукова абгрунтаваных нормаў адзнак па працы (тэхналогіі) пакуль няма. Настаўнiк распрацоўвае iх сам. У метадычных дапаможнiках даюцца па гэтаму пытанню пэўныя рэкамендацыі.

Пры праверцы і ацэнцы практычных работ і выстаўленні адзнак настаўнiк скарыстоўвае наступныя прыёмы:

- папярэдне памячае і выстаўляе адзнакі, а потым iх каменцiруе;

- у канцы ўрока выклікае па чарзе вучняў да сябе, ацэньвае iх работу, ставiць адзнакі, каменцiруе iх;

- каменцiруе толькі адзнакі за лепшыя і горшыя работы, а астатнiя ацэньвае без каментарыяў;

- да ацэнкі выкананых работ прыцягвае самiх вучняў цi брыгадзiраў, звеннявых і г.д.

Вучні павiнны ведаць і разумець нормы адзнак, імкнуцца ў вучобе і пры выкананні практычных работ выконваць патрабаванні, якiя пры гэтым прадугледжаны. Калi яны ўсё гэта добра ведаюць, то адпадае неабходнасць падрабязнага тлумачыння (матывiроўкi) адзнакі, якая выстаўляецца ў класны журнал. Нормы адзнак пажадана ўказаць на стэндзе (плакаце) цi рэкамендаваць вучням запiсаць у рабочыя сшыткі.

Безумоўна, пры выстаўленні адзнак трэба скарыстоўваць iндывiдуальны падыход да вучняў.

На занятках, апрача кантролю з боку настаўнiка, павiнен прымяняцца і самакантроль самiх вучняў. Ён з'яўляецца састаўной часткай і абавязковай умовай эфектыўнага выканання самастойных работ вучняў і павiнен праводзiцца пры планаванні работы, у яе ходзе і ў канцы.

Самакантроль уключае ў сябе пачуццёвыя, разумовыя і рухальныя кампаненты працэсу дзейнасці. Ён дазваляе вучню на аснове пастаўленай мэты, намечанага плана і засвоенага ўзору сачыць за сваiмi дзеяннямі, вынiкамi гэтых дзеянняў і свядома рэгуляваць iх. Пры самакантролі ўлiчваецца мэтазгоднасць і эфектыўнасць як самога выканання работы, так і намечанага плана.

Самакантроль уключае ў сябе наступныя структурыя элементы:

- асэнсаванне мэты дзейнасці,

- ацэнку работы,

- карэкцiроўку асобных этапаў работы.

Першы структурны элемент з'яўляецца асноўнай умовай ажыццяўлення самакантролю. Вучні павiнны дакладна ўяўляць сабе тую мэту, да якой трэба iмкнуцца. Апрача таго, iм неабходна засвоiць патрабуемы ўзор (тэхналогiю) і канчатковы вынiк сваёй дзейнасці:





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 769 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.022 с)...