Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Тэхналагічныя задачы



Яны могуць быць наступных відаў:

1. Задачы на растлумачэнне тэхналагічнага працэсу.

2. Задачы на ўдасканаленне тэхналагічнага працэсу.

3. Задачы на распрацоўку тэхналагічнага працэсу.

4. Задачы на выбар загатовак і рацыянальных спосабаў іх разметкі.

5. Задачы на выбар інструментаў і прыстасаванняў.

6. Задачы на выбар спосабаў устаноўкі загатовак, інструментаў і прыстасаванняў.

7. Задачы на кантроль тэхналагічнага працэсу.

1. Задачы на растлумачэнне тэхналагічнага працэсу. Прыступаючы да вырабу розных дэталяў у майстэрнях, вучні ўпершыню сустракаюцца з тэхналагічнай дакументацыяй. Пагэтаму перш за ўсё ім неабходна навучыцца чытаць тэхналагічныя карты. Таму спачатку настаўнік павінен даць неабходныя тлумачэнні, а затым праверыць, наколькі правільна яны гэта зразумелі. З гэтай мэтаю ён прапаноўвае вучням растлумачыць змест тэхналагічнай карты, гэта значыць расказаць, у якой паслядоўнасці яны будуць выконваць работу, з дапамогаю якіх інструментаў і г.д.

2. Задачы на ўдасканаленне тэхналагічнага працэсу

Звычайна на занятках настаўнік выбірае і выкарыстоўвае аптымальныя варыянты ажыццяўлення тэхналагічных працэсаў. Але даволі часта ёсць магчымасць удасканалення тэхналагічных працэсаў, распрацаваных самымі вучнямі. Пры гэтым можа змяняцца паслядоўнасць асобных аперацый, ці яны а’бядноўваюцца, ці нават асобныя з іх зусім выдаляюцца. Тэхналагічны працэс можна ўдасканаліць шляхам выкарыстання новых інструментаў, прыстасаванняў ці абсталявання, замены аперацый. Некаторыя ручныя аперацыі могуць быць заменены механічнай апрацоўкай, складаныя і працаёмкія — болей простымі і лёгкімі.

3. Задачы на распрацоўку тэхналагічнага працэсу

Каб правільна скласці паслядоўнасць выканання працоўных аперацый, патрэбна дакладна ўяўляць сабе, як павінна змяняцца форма загатоўкі ў працэсе апрацоўкі з тым, каб пераўтварэнне яе ў гатовую дэталь праходзіла найбольш рацыянальным шляхам. У сувязі з гэтым вельмі важна азнаёміць вучняў з агульнымі правіламі, якімі кіруюцца, калі распрацоўваюць тэхналагічны працэс.

Выраб любой дэталі ўключае ў сябе, як правіла, некалькі працоўных аперацый. Пагэтаму пасля складання паслядоўнасці аперацый неабходна вызначыць іх змест. Вучняў патрэбна навучыць уяўляць сабе, які выгляд будзе мець загатоўка пасля той ці іншай аперацыі.

Паступова пераходзячы ад простых тэхналагічных задач да болей складаных, вучняў можна навучыць самастойна распрацоўваць тэхналагічныя працэсы. Безумоўна гэты момант наступае ва ўсіх не адначасова. Пагэтаму, улічваючы індывідуальныя асаблівасці школьнікаў, іх узрост, настаўнік працы павінен пераводзіць кожнага з іх з адной ступені засваення тэхналагічных ведаў да наступнай. Пры распрацоўцы тэхналагічных працэсаў настаўнік можа азнаёміць вучняў з практыкай работы машынабудаўнічых прадпрыемстваў у гэтым накірунку.

4. Задачы на выбар загатовак і рацыянальных спосабаў іх разметкі.

Самастойная распрацоўка вучнямі тэхналагічнага працэсу пасля неабходнай канструкцыйнай прапрацоўкі пачынаецца з выбару загатоўкі для вырабу. Гэты выбар — вельмі важны і адказны этап у рабоце тэхнолага. Каб правільна выбраць загатоўку, неабходна ведаць аперацыйную тэхналогію і ўлічваць міжаперацыйныя прыпускі. Пагэтаму спачатку вучні атрымоўваюць спрошчанае заданне: яны павінны правільна выбраць матэрыял і профіль загатоўкі, а габарытныя размеры задаюцца настаўнікам. Па меры авалодання школьнікамі тэхналагічнымі ведамі складанасць заданняў павінна ўзрастаць.

Вельмі важна пасля выбару загатоўкі знайсці найбольш рацыянальны спосаб яе разметкі. Патрэбна правільна выкарыстоўваць розныя спосабы разметкі: па шаблону ці чарцяжу. Пры серыйным спосабе вытворчасці трэба знайсці магчымасць, каб зусім адмовіцца ад разметкі, як досыць маруднай аперацыі, выкарыстоўваючы розныя прыстасаванні і найбольш эфектыўныя спосабы апрацоўкі дэталяў.

5. Задачы на выбар інструментаў і прыстасаванняў

Да такога выбару вучні прыступаюць пасля таго, як яны азнаёмяцца з адпаведнымі працоўнымі аперацыямі і выкарыстоўваемымі інструментамі і прыстасаваннямі. Напрыклад, пазнаёміўшыся з аперацыяй апілоўвання металаў, вучні даведваюцца, калі выкарыстоўваецца напільнік з буйнай насечкай, а калі з дробнай. Яны даведваюцца таксама аб тым, ад чаго залежыць выбар профілю напільніка. Абапіраючыся на гэтыя веды, настаўнік павінен прапанаваць вучням самастойна выбраць інструмент, калі ў тэхналагічных працэсах сустракаецца аперацыя апілоўвання. У такім выпадку ў тэхналагічнай карце інструмент, патрабуемы для выканання аперацыі апілоўвання, не ўказваецца, а вучні выбіраюць яго самастойна.

Каб правільна выбраць тое ці іншае прыстасаванне, патрэбна ведаць іх віды і асаблівасці выкарыстання. Таму азнаёміцца з імі пратрэбна папярэдне ў час вывучэння абсталявання вучэбных майстэрань і выканання асобных тэхналагічных аперацый.

6. Задачы на выбар спосабаў устаноўкі загатовак, інструментаў і прыстасаванняў

У працэсе назапашвання практычнага вопыту па апрацоўцы канструкцыйных матэрыялаў вучні сустракаюцца з рознымі магчымымі спосабамі замацавання загатовак, інструментаў і прыстасаванняў. Напрыклад, пры апілоўванні металаў загатоўку замацоўваюць у залежнасці ад патрабуемай чысціні апрацоўкі непасрэдна ў губках ціскоў ці ў губках, закрытых нагубнікамі. Пры рубцы металаў загатоўку замацоўваюць так, каб лінія рэзання была не ніжэй узроўню губак ціскоў. Загатоўкі ў цісках можна замацоўваць у залежнасці ад іх размераў па адной ці пакетам.

Ёсць таксама шмат спосабаў устаноўкі розных інструментаў і прыстасаванняў. Напрыклад, свердзел у залежнасці ад канструкцыі і рамераў можа замацоўвацца на свідравальным станку непасрэдна ў шпіндэлі, у шпіндэлі праз пераходную ўтулку, у шпіндэлі з дапамогаю патрона. Напрыклад, прыстасаванне з інструментам для механічнага наразання рэзьбы можна замацаваць у разцатрымальніку ці ў задняй бабцы. Такім чынам, правільна выбраць спосаб устаноўкі загатоўкі, інструмента ці прыстасавання – значыць рашыць тэхналагічную задачу, якая ставіцца перад вучнямі.

7. Задачы на кантроль тэхналагічнага працэсу

Апрацоўваючы розныя дэталі, вучні павінны ўмець самастойна праводзіць кантроль правільнасці выканання асобных тэхналагічных аперацый. Для гэтага іх патрэбна азнаёміць со спосабамі самакантролю, з кантрольна-вымяральнымі інструментамі і прыстасаваннямі, з тымі прыкметамі, па якіх ажыццяўляецца самакантроль, а таксама з прыёмамі, якімі ён праводзіцца.





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 484 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...