Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Полацкая школа дойлідства



Звесткі пісьмовых крыніц пра помнікі полацкага манументальнага дойлідства. Асаблівасці і асноўныя рысы полацкай школы дойлідства (погляды айчынных і замежных вучоных). Праблемы храналогіі помнікаў полацкага манументальнага дойлідства ХІІ – ХІІІ стст. Распаўсюджванне здабыткаў полацкіх дойлідаў на тэрыторыі Усходняй Еўропы: гістарыя­графія праблемы.

Праблема развіцця полацкага манументальнага дойлідства ХІ – ХІІ стст. надзвычай актуальная ў сучаснай гістарычнай навуцы. Феномен існавання самабытнай школы дойлідства з выразнымі непаўторнымі рысамі на Полаччыне ў ХІІ ст. – факт вельмі значны. Па вобразнаму вызначэнню М.В. Гогаля: “Архітэктура – гэта той жа летапіс свету, калі летапісы маўчаць, яна пачынае гаварыць”.

У сучасным мастацтвазнаўстве ў развіцці манументальнага сакраль­нага дойлідства Старажытнай Русі вылучаюць два асноўныя перыяды. Першы з іх характарызуецца як дзяржаўна-мітрапалічны (Х – ХІ стст.), другі – прыдворна-княжацкі ці епіскапскі (канец ХІ – сярэдзіна ХІІІ стст.). Першы манументальны помнік, пабудаваны на Полацкай зямлі, – гэта храм св. Сафіі. Сафія пабудавана ў межах першага этапа развіцця старажытна­беларускай храмавай архітэктуры. Да будаўніцтва полацкай Сафіі на Русі працавалі тры грэчаскія арцелі: першая ўзвяла Дзесяцінную царкву, другая – Чарнігаўскі Спас (пачатак 1030-х гг.), трэцяя – Сафіі ў Кіеве і Ноўгарадзе, цэрквы Ірыны і Георгія ў Кіеве. Параўнанне ўсіх трох Сафій, на думку вядомага расійскага гісторыка Л.В. Аляксеева, паказвае, што полацкую будавала асобная арцель. Паміж трыма Сафіямі ёсць рысы падабенства: усе пабудаваны ў новай частцы горада (Горад Яраслава, недаўна ўмацаваны дзядзінец у Ноўгарадзе, новы дзядзінец – Верхні замак у Полацку). Аднак у полацкай Сафіі ёсць істотныя рысы адрознення: падоўжаная алтарная частка, падкупальныя слупы, ва ўсходняй частцы храма алтарная пера­гародка перанесена на адзін нэф на ўсход, полацкая Сафія мае 5 папяроч­ных нэфаў, а не чатыры, некаторая “базілікальнасць” плана з выцягнутымі нэфамі. Самая істотная рыса – план сабора сіметрычны па абедзвюм восям, што сведчыць пра некаторую выцягнутасць уверх. Гэтае імкненне ўверх невядома ў Сафіях Кіева і Ноўгарада. Узнёсласць храмаў характэрна для помнікаў полацкай школы дойлідства ХІІ ст.

На думку С.В. Тарасава і І.У Ганецкай, найбольш блізкія аналогіі полацкай Сафіі прадстаўляюць сінхронныя па часу помнікі Балкан (напрыклад, Сафія ў Ахрыдзе найбольш падобна па прапорцыях на полацкую Сафію). Аднак Т.В. Габрусь аспрэчвае гэтую тэзу і звяртае ўвагу, што памеры плана Св. Сафіі ў Ахрыдзе 27,5×17,6 м і яна з’яўляецца іншай па тыпалогіі базілікай, чым Сафійскі сабор у Полацку. Даследчыца выказвае меркаванне, што полацкую Сафію будавалі ноўгарадскія майстры. Аднак у даследчыкаў не выклікае пярэчанняў думка аб тым, што ў Сафійскім саборы былі закладзены ўсе асноўныя ідэі, якія атрымалі далейшае развіццё ў помніках мураванага дойлідства на працягу наступнага стагоддзя.

Пасля ўзвядзення Сафійскага сабора мураванае храмавае будаўніцтва ў Полацку прыпыняецца больш чым на паўстагоддзе. Аднаўленне будаўніцтва храмаў адбываецца пры епіскапе Міне (1105 – 1116 гг.). Боль­шасць даследчыкаў (М.М. Варонін, М.К. Каргер, П.А. Рапапорт і інш.) адзінадушна адзначаюць, што наступным вядомым помнікам манументаль­нага дойлідства з’яўляецца Вялікі безымянны сабор Бельчыцкага манасты­ра. Гэтая царква падобная на царкву Спаса на Бераставе ў Кіеве, магчыма, яе будавала адна арцель. Кіеўскі храм датуецца мяжой ХІ – ХІІ стст., вергодны час будаўніцтва Вялікага сабора ў Бельчыцы – пачатак ХІІ ст. Асаблівасцю помніка з’яўляецца перанос падкупальнай прасторы на адно чляненне на захад, пры гэтым храм набыў моцна ўзвышаную цэнтральную частку. Гэтая царква, па вызначэнню П.А. Рапапорта, працягнула традыцыі ступенчата-пірамідальных храмаў старажытнай Русі і ў той жа час прадставіла шырокія магчымасці для далейшай мастацкай распрацоўкі. На думку М.М. Вароніна, у параўнанні з Кіеўскім храмам, полацкі сабор прадстаўляе значны крок наперад у вырашэнні шэрагу мастацкіх і канструкцыйных пытанняў. Паводле Т.В. Габрусь, крыжова-купальная кампазіцыя Вялікага сабора з трыма прытворамі ў далейшым стала першаўзорам для шэрага помнікаў як полацкага рэгіёна, так і іншых школ старажытнага дойлідства ўсходніх славян (цэрквы на дзядзінцы ў Полацку, Міхаіла Архангела і Троіцкай на Клоўцы ў Смаленску, Пятніцкай у Ноўгарадзе, Успенскай у Чарнігаве, Спаскай у Ноўгарадзе-Северскім, Успенскай у Старой Разані, Нараджэння Багародзіцы ў Суздалі, Георгіеўс­кай у Юр’еве-Падольскім і інш.). Магчыма назва – Барысаглебскі – магла быць страчана пасля разбурэння храма ў XVI ст.

Храм-пахавальня полацкіх епіскапаў яшчэ існаваў у 1563 г. пад назвай Георгій Вялікі (паводле звестак аб узяцці горада Іванам IV). У 1580 г. падчас перадачы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра езуітам храм ужо быў блізкі да разбурэння. Будаваў храм бацька Еўфрасінні князь Георгій Усяс­лавіч. Менавіта ён запрасіў у Полацк новую будаўнічую арцель з Візантыі ці, прынамсі, новага дойліда. Архітэктурныя навацыі на думку П.А. Рапа­порта, праявіліся ў аднаапсіднасці, складанай форме галерэй і інш. рысах, што раней не было вядома на Русі. Cувязь Полацка з Царградам была даўняй: сястра князя Георгія ў 1106 г. была аддадзена замуж за візан­тыйскага імператара.

Трэці храм, вельмі падобны на два папярэдніх, быў узведзены ў пачатку ХІІ ст. на стрэлцы Ніжняга замка, верагодна, тымі ж майстрамі. Храм з’яўляўся ўсыпальняй полацкіх князёў і таксама меў выразную трох­прытворную канструкцыю.

Паводле Л.В. Аляксеева, у сярэдзіне ХІІ ст. пачынаецца новы этап развіцця полацкай школы дойлідства, уласна яе сталенне. Манах Бельчыцкага манастыра Іаан, верагодна, падчас будаўніцтва Вялікага сабора вучыўся ў грэкаў. Пасля ад’езду грэкаў манах-дойлід Іаан стаў шукаць свой метад будаўніцтва “высотнага” сабора і ўпершыню апрабі­раваў яго ў Бельчыцы (цэрквы Параскевы Пятніцкай, Барыса і Глеба). Дарэчы, да “ўзнёсласці” сабораў імкнуліся многія майстры ў іншых усходнеславянскіх землях (напрыклад, дойлід Мікола ў Вышгарадзе), аднак безпаспяхова. За творчымі памкненнямі Іаана пільна сачыла Еўфрасіння, ад якой майстар атрымаў першую замову пабудаваць у жаночым манастыры другі каменны храм, што ён палічыў выканаць з вялікім гонарам.

Вядома, што перад зыходам Еўфрасінні ў Святую Зямлю (1163 г.) па яе загаду быў пабудаваны мужчынскі манастыр Багародзіцы. Асноўны храм гэтага манастыра мог будаваць Іаан. Магчыма, што гэты манастыр размяшчаецца на тэрыторыі сучасных Касавер’еўскіх могілак. Дагэтуль археалагічныя раскопкі на Касавер’і не праводзіліся, паколькі могілкі дзейнічаюць і зараз.

Храм Архангела Міхаіла на Верхнім замку пабудаваны ў 1180-х гг. Аналагічны храм быў узведзены полацкімі майстрамі ў Смаленску ў 1190-х гг. Як заўважае Л.В. Аляксееў, зачараваныя хараством сабора смаленскія дойліды пачалі будаваць цэрквы на манер полацкіх, аднак новаадбудаваныя храмы трохпрытворнай канструкцыі былі нетрывалымі, метад Іаана аказаўся куды больш надзейны.

Магчыма ў трэцяй чвэрці ХІІ ст. пабудавана Царква-на-рове. Боль­шыя цяжкасці з датаваннем храма тыпу Трыконх, які быў узведзены, вера­годна, напрыканцы ХІІ ст. Дагэтуль застаецца адкрытым пытанне аб полац­кім мураваным дойлідстве ХІІІ ст.

Паводле Г.В. Штыхава і Ю.А. Якімовіча, характэрнымі рысамі полац­кай школы дойлідства ХІІ ст. з’яўляюцца наступныя: будынкі выцягнутыя ў плане, бакавыя нэфы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда, бакавыя апсіды знадворку не выяўлены і найчасцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен, храмы і княжацкі церам маюць вежападобную канструкцыю.

У цэлым, калі характарызаваць цэнтральна- і паўднёваеўрапейскія ўплывы ў полацкай архітэктуры ХІІ ст., то іх можна звесці да наступных:
1) наяўнасць выразнай цэнтральнай апсіды, 2) выцягнутасць плана, 3) вузкія бакавыя нэфы, 4) перанос купала на адно чляненне на захад, 5) імкненне да цэнтрычнай кампазіцыі. Усе гэтыя асаблівасці набліжаюць полацкія храмы да крыжова-купальных базілік. Полацкае манументальнае дойлідства ХІІ ст. развівалася на аснове крыжова-купальнага храма, аднак перыферыйнае становішча княства на сутыку розных цывілізацый (усходнеславянскай, візантыйскай, рамана-гатычнай) абумовіла шэраг непаўторных рыс (моцна выцягнуты крыжова-купальны храм складанага тыпу з адметнай дэкара­тыўнай сістэмай).

Безумоўна перспектыўным накірункам сучаснай полацкай археалогіі з’яўляецца пошук новых помнікаў манументальнага дойлідства. Найбольш прывабнай у гэтым плане з’яўляецца тэрыторыя Верхняга замка, дзе на адносна кампактнай тэрыторыі ў сталым сярэднявеччы размяшчалася вялі­кая колькасць манастыроў. Даследчыкаў чакаюць новыя адкрыцці і новыя старонкі гісторыі яшчэ будуць унесены ў летапіс архітэктурных традыцый старажытнага Полацка.





Дата публикования: 2015-01-14; Прочитано: 1625 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...