Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Археалагічнае вывучэнне манументальных пабудоў ХІІ – XV стст. На Верхнім і Ніжнім замках



Княжацкі храм ХІІ ст. на Верхнім замку (царква Архангела Міхаіла), гісторыя адкрыцця, раскопкі і графічная рэканструкцыя. Гісторыя даследавання і асаблівасці размяшчэння Храма-пахавальні на стрэлцы Ніжняга замка і Царквы-на-рву. Функцыянальная прыналежнасць помні­каў. Архітэктурна-стылістычныя асаблівасці храмаў.

Гісторыя мураваных свецкіх пабудоў ХІІ – ХІІІ стст. на Беларусі і суседніх землях. Княжацкі церам ХІІ – XV стст.: гісторыя даследавання і архітэктурныя асаблівасці помніка. Выкарыстанне дэндрахраналагічнага метада датавання княжацкага церама і прыбудоў да яго. Вынікі комп­лекснага археалагічнага вывучэння артэфактаў з княжацкага церама.

У XI – XVІ стст. Верхні замак адыгрываў ролю адміністрацыйнага цэнтра горада. Але гэта быў і культурна-ідэялагічны цэнтр. Верхні замак з’яўляўся месцам пражывання гарадскога набілітэту, у першую чаргу епіс­капа, князя і знатных баяр. Таму менавіта на Верхнім замку сканцэнтравана вялікая колькасць манументальных культавых і свецкіх пабудоў. Адна з іх – княжацкі храм.

Падчас рыцця катлавана пад будынак морга полацкай бальніцы ў 1966 г. былі выпадкова адкрыты магутныя каменна-цагляныя падмуркі. Аб цікавай знаходцы стала вядома ў Інстытуце гісторыі АН БССР. Будаўнічыя работы былі спынены да высвятлення характара будынка. Узімку 1966 г. археолаг М.К. Каргер даследаваў падмуркі і канстатаваў, што яны былі моцна пашкоджаны экскаватарам і нават часткова знішчаны. У 1967 г. М.К. Каргер правёў раскопкі на месцы храма. Было высветлена, што ўскрытыя падмуркі належаць 3-нэфаваму,
6-стаўповаму, 3-апсіднаму храму, памерамі 24×16 м. Падкупальная прастора была пера­несена на адно чляненне на захад. Да асноўнага аб’ёму прымыкалі з паўночнага і паўднёвых бакоў прыбудовы з самастойнымі апсідамі. Сцены складзены з плінфы ў тэхні­цы муроўкі “са схаваным радам”, характэр­най для полацкай школы дойлідства. Фасады аздаблялі лапаткі складанага профілю, зака­мары, аркатурныя паясы. Інтэр’ер размаля­ваны фрэскамі, падлога выкладзена кераміч­нымі пліткамі. Была знойдзена вялікая колькасць фрэсак, маёлікавых плітак падлогі і кавалкаў плінф з рэльефнымі клеймамі на тарцах. Падчас раскопак было высветлена, што царква існавала ў XII – XVI стст.

С.В. Тарасаў прывёў пераканаўчыя аргументы аб назве храма. Паводле С.В. Тарасава, адкрытая М.К. Каргерам царква не толькі з’яўлялася прататыпам царквы Архангела Міхаіла ў Смаленску, але і мела аднайменную назву. Аналагічная царква была пабудавана ў Смаленску полацкімі дойлідамі, што адлюстроўвае ўплыў полацкай школы дойлідства. Той факт, што храм змяшчаўся каля Сафіі на княжацкім падвор’і ў 50 м на паўночны-захад, дазваляе разглядаць яго як княжацкі. Першую рэканструкцыю плана царквы зрабіў М.К. Каргер, графічную рэканструк­цыю знешняга выгляду прапанаваў Г.В. Штыхаў.

П.А. Рапапорт мяркуе, што храм пабудаваны напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гг. ХІІ ст. Гэтае датаванне падтрымліваецца большасцю даслед­чыкамі старажытнай архітэктуры.

Другая вельмі цікавая пабудова была адкрыта каля рова Верхняга замка – г. зв. Чорнага ручая. У 1962 і 1967 гг. М.К. Каргер выявіў развал плінф і старажытнай будаўнічай рошчыны ў двары былой 8-й школы (зараз трохпавярховага цаглянага будынка насупраць вучэбнага корпу­са ПДУ – былога езуіцкага калегіўма). Рэшткаў царквы даследчык не выявіў, аднак падчас яго раскопак былі адкрыты дзве цагляныя грабні­цы. У 1976 – 1977 гг. П.А. Рапапор­там былі праведзены археалагічныя раскопкі і былі ўскрыты старажытныя падмуркі невядомага раней храма. Дагэтуль дакладна не высветлены суадносіны царквы і цагляных грабніц.

Царква змяшчалася на знешнем краю абарончага рова дзяцінца, яна была разабрана на цэглу задоўга да раскопак, а ў пачатку ХХ ст. падчас будаўніцтва будынка школы яе падмуркі былі часткова знішчаны. Падчас раскопак была даследавана толькі ўсходняя частка царквы, ад якой заста­ліся падмуркі і падмурковыя равы.

Царква-на-рове мела толькі адну апсіду – моцна выступаючую з корпуса будынка. Даўжыня апсіды 7,5 м, шырыня 7,1 м, шырыня сярэдняга нэфа 4,45 м. Падмурак зроблены з каменю. Шырыня падмуркаў храма 1,4 – 1,6 м. Знойдзены пліткі падлогі з палівай зялёнага, жоўтага і карычневага колеру. Таўшчыня плітак ад 1,8 да 3 см. Верагоднае датаванне храма – трэцяя чвэрць ХІІ ст.

Чаму храм на рове пабудаваны па-за межамі замкавых умацаванняў? Якая яго асноўная функцыя? Паводле С.В. Тарасава, цікавае размяшчэнне храма на беразе Чорнага ручая каля падэшвы Верхняга замка тлумачыцца яго прызначэннем. Царква абслугоўвала патрэбы шматлікага гандлёвага люду і размяшчалася каля гандлёва-вечавай плошчы Вялікага пасада на месцы падвоза грузаў з Дзвіны па прытоку Чорнага ручая (сёння гэта тэрыторыя паміж будынкамі вучэбнага корпуса ПДУ і Верхнім замкам). Паводле аналізу корпуса пісьмовых і археалагічных крыніц XVI – XVII стст. Д.У. Дукам выказана меркаванне аб назве храма ў гонар Раства Хрыстова.

На думку П.А. Рапапорта, архітэктурнай асаблівасцю храма з'яўляецца вялікая і вельмі выцягнутая ў плане апсіда. Гэтая рыса – сведчанне пра існаванне вельмі своеасаблівага прыёму вырашэння кампазіцыі храма.

Не менш загадкава размяшчэнне яшчэ адной манументальнай пабудовы ХІІ ст. – Царквы на стрэлцы Ніжняга замка. Гэтая стрэлка сёння выпінаецца ў паўночным накірунку ў бок Палаты і добра бачна з Чырвонага маста. Аднак да змены русла Палаты гэтая пляцоўка ўтварала адно цэлае з гарадзішчам і знаходзілася каля яго ўскраіны. Адсюль вынікае і тлумачэнне будаўніцтва царквы ў гэтым месцы. Справа ў тым, што гарадзішча дзесці ў ХІІ ст. становіцца гарадскімі могілкамі. Царква, верагодна, існавала пры манастыры каля гарадскіх могілак. Знойдзены магільны склеп і рэшткі багата аздобленага саркафага сведчаць аб знатнасці пахаванага ў ёй чалавека. На думку П.А. Рапапорта, гэтая царква з’яўлялася княжацкай усыпальняй. Але якога князя ці князей? І што ўяляла сабой царква ў старажытнасці?

Гісторыя адкрыцця помніка вядзецца з тых часоў, калі М.К. Каргер зафіксаваў наяўнасць развалу плінфы, аднак сам храм так і не быў адкрыты. У 1976 г. Г.В. Штыхавым быў выяўлены фрагмент старажытнага падмурка ў раёне дамоў № 22 і 23 па вул. Горкага. У 1977 г. П.А. Рапа­портам зроблены раскоп. Большая частка помніка занятая гаспадарчымі пабудовамі, садам і агародам. Было вызначана, што помнік уяўляў сабой чатырохслупавую царкву шырынёй 14,1 м і даўжынёй (без апсіды) каля 14,5 м. Таўшчыня сцен ад 1,1 – 1,12 да 1,9 м, муроўка “са схаваным радам”. З паўночнага боку храма выяўлены невялікі фрагмент падмуркавай галерэі. Падмуркі зроблены з каменю, пакладзенага без рошчыны. Галерэя мела шырыню 2 м, каля заходніх вуглоў храма яна пашыралася, падобна галерэі храма-ўсыпальні Ефрасіннеўскага манастыра. Сцены галерэі былі значна больш тонкімі ў параўнанні са сценамі храма, усяго каля 0,75 м. П.А. Рапа­порт прапанаваў графічную рэканструкцыю храма. Адметнасцю царквы з’яўляецца наяўнасць капліц каля ўсходняй лапаткі паўночнай сцяны.

Падчас раскопак былі выяўлены некаторыя элементы пачатковай ўнутра­най аздобы царквы – пліткі падлогі і кавалкі тынкоўкі з фрэскавым роспісам. Пліткі падлогі пакрыты палівай жоўтага, зялёнага ці чырвона-карычневага колераў. Фрэскавы роспіс паходзіць з ніжняй часткі храма і зроблены ў разнастайнай тэхніцы (чырвона-карычневыя палоскі, “змейкі” арнаменту, “напырск” пад мармур, белы раслінны арнамент на карычневым фоне). Знойдзена некалькі фрагментаў амфар ад галаснікоў. Аднак самая цікавая знаходка – гэта кавалак чырвонага пірафінітавага сланца ад пліты таўшчынёй 6 см з рэштка­мі дэкаратыўнай разьбы. Гэты фрагмент ад саркафага, прывезенага з далё­кай Валыні для нейкага вельмі знатнага чалавека. Рэшткі пахаванняў выяўлены на знешнім баку падмурка галерэі. Захаваліся сляды драўляных трун разам з мужчынскімі і жаночымі пахаваннямі, гэта значыць, царква не была манастырскай. Няма сумненняў, што багата аздобленыя фрэскавым роспісам усыпальні і шыферны саркафаг сведчаць пра прызначэнне храма як усыпальні полацкіх князёў альбо аднаго князя. Але якога? Ці не Усяслава Брачыславіча Чарадзея?

Нельга не звярнуць увагу на тую акалічнасць, што царква на стрэлцы Ніжняга замка ўяўляла сабой першы вядомы на Русі храм, дзе выкарыста­ны складаныя планы галерэй з пашырэннем на вуглах. Аднаапсіднасць вылучае храм-усыпальню на Ніжнім замку і падобны да яго храм-усы­пальню ў Ефрасіннеўскім манстыры ад усіх помнікаў усходнеславянскага дойлідства: такія прыёмы будаўніцтва на Русі дагэтуль не сустракаліся. Новаўвядзенні, на думку П.А. Рапапорта, могуць тлумачыцца тым, што полацкія князі падчас вяртання са ссылкі ў Візантыю маглі прывезці з сабой новага дойліда, які развіў некаторыя мясцовыя традыцыі і ўключыў у іх новыя архітэктурныя прыёмы (менавіта ў Візантыі была шырока распаўсюджана муроўка сцен “са схаваным радам”). Не выключана, што візантыйскі дойлід быў запрошаны ў Полацк да высылкі князей (да 1130 г.), гэта тым больш верагодна, калі ўлічыць даўнія сувязі Полацка з Візантыяй (дачка князя Усяслава ў 1106 г. была выдадзена замуж за сына візан­тыйскага імператара). Храмы-ўсыпальні на Ніжнім замку і ў Ефрасін­неўскім манастыры будавала адна арцель, толькі храм-усыпальня Ефрасін­неўскага манастыра быў пабудаваны першым. Таксама падчас раскопак было высветлена, што да перабудовы мураванай царквы на яе месцы існавала драўляная. Мураваная царква неаднаразова рамантавалася, аб чым сведчыць культурны пласт каля храма. Час разбурэння царквы вызначаны знаходкай дынарыя Александра Ягелончыка (1501 – 1506 гг.) у культур­ным пласце, які перакрывае царкву.

Мураваныя свецкія пабудовы з’яўляюцца маладаследаванымі ста­ронкамі старажытнай гісторыі ўсходнеславянскіх гарадоў. Усяго на сённяшні дзень археолагамі адкрыты не больш дзесятка такіх пабудоў. Княжацкі церам быў выпадкова адкрыты падчас пракладкі вадаправоднай траншэі ў 1976 г. У 1976 – 1977 гг. П.А. Рапапортам былі праведзены рас­копкі помніка.

Ад пабудовы захаваліся толькі падмуркі. Гэта быў невялікі, амаль квадратны ў плане будынак з памерамі 4,7×4,2 м. З захаду да яго прымыка­ла яшчэ меншае па плошчы памяшканне памерамі 2,5×2,4 м. Падмурак складзены з камянёў на вапнавай рошчыне, яго шырыня каля 0,6 м – 0,75 м. Аснова падлогі выкладзена камянямі на вапнавай рошчыне, зверху камянёў на тонкім пласце гліны з пяском ляжала падлога з дошак. Сцяна будынка складзена з плінфы. Муроўка сцен “са схаваным радам”.

Падчас раскопак было высветлена, што будынак узведзены ў трэццяй чвэрці ХІІ ст., найверагодней, разам з царквой Архангела Міхаіла. Гэта быў княжацкі церам. Бліжэйшыя аналагі яму можна знайсці ў Гародне, Чарнігаве і Смаленску. Напрыклад, княжацкія церамы ў Сма­ленску і Гародне былі размешчаны, як і Полацкі, на краю дзядзінца, над схілам да ракі. Полацкі церам меў бэлькавыя перакрыцці, некалькі паверхаў і разам з драўлянымі прыбудовамі ўтвараў маляўнічы архітэктурны выгляд. Магчыма, выява церама змешчана на мініяцюры Радзівілаўскага летапісу, дзе згадваецца пра мор у Полацку 1092 г. У тэксце летапісу згаданы “хароміны”, а на мініяцюры змешча­на выява вузкага двухпавярховага будынка з дзвярамі на першым паверсе і вялікім акном на другім. Верагодна, менавіта гэты мураваны будынак (грыдніца) прызначаўся для княжацкіх сходак і піроў.

Вядома, што да будынка пры­мыкала драўляная зрубная прыбудова (5,3×5,4 м). Мураваны церам прызна­чаўся для цэрыманіяльных мэтаў, тады як драўляная пабудова, верагод­на, была грамадскім, добра абагрэтым памяшканнем. Сведчаннем гэтага з’яўляецца раскапаныя археолагамі рэшткі чатырох печаў, якія існавалі ў розны час. У развалах печаў знойдзе­ны кавалкі нешматлікага керамічнага посуду і кафлі. Зусім нешматлікая колькасць побытавых рэчаў (акрамя фрагментаў посуду знойдзена толькі маленькая бронзавая фігурка птушкі) сведчыць пра тое, што драўляная прыбудова наўрадці з’яўлялася жылым памяшканнем. Дата заснавання першай печы вызначана дэндрахраналагічна – 1304 г. Знойдзеныя ў запаў­ненні печы кавалкі гаршковай кафлі прадстаўляюць самы ранні прыклад існавання кафляных печаў не толькі ў Полацку, але і на тэрыторыі Беларусі і Польшчы. На думку А. Дзярновіча, печ была збудавана ганзейскімі майстрамі з Любэка, якія ўпершыню скарысталі прынцыпова новы тып печаў з гаршковай кафлі. Ад гэтага часу на працягу двух стагоддзяў печы з гаршковай кафлі становяцца атрыбутам памяшканняў гарадскога набілітэту.

Выявы церамаў на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу

У XIV – XVІ стст. раскапаны комплекс з’яўляўся часткай “гаспа­дарскага двара”, г. зн. двара полацкіх намеснікаў, які традыцыйна быў звязаны са старажытным палацам полацкіх князей. Існаваў палац прыкладна да пачатку XVІ ст. Аналагічных помнікаў на тэрыторыі Бела­русі, акрамя Гародн, і больш не выяўлена, што падкрэслівае каштоўнасць знаходкі археолагаў.

Такім чынам, у ХІІ – ХІІІ стст. на тэрыторыі Верхняга і Ніжняга замкаў існаваў мураваны ансамбль свецкіх і культавых пабудоў. Мура­ваная забудова Верхняга замка была добра спланавана і адлюстроўвала тагачаснае ўяўленне палачан аб цэнтральным ансамблі горада. У цэнтраль­най частцы Верхняга замка, непадалёк ад Сафійскага сабора, існавала вольная ад якой-небудзь забудовы плошча, уключаная ў архітэктурны комплекс драўляных і мураваных цэркваў. Непадалёк ад гэтай плошчы ў XIV – XV стст. былі размешчаны двор епіскапа, полацкага намесніка, а з XVI ст. ваяводы. Большая частка гэтай тэрыторыі зараз знаходзіцца на тэрыторыі гарадской бальніцы.





Дата публикования: 2015-01-14; Прочитано: 484 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...