Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Матэрыяльная культура старажытнага Полацка па дадзеных археалагічных крыніц



Кавальскае рамяство, ювелірная справа. Крыж Еўфрасінні Полац­кай. Гарбарна-шавецкае рамяство, віды старажытнага абутку. Апрацоўка дрэва, косці, каменя.

Ганчарства: кухонны, сталовы, тарны посуд. Спосаб вырабу посуду на ганчарным крузе. Тыпалагічная класіфікацыя гаршкоў, найбольш масавага матэрыялу з археалагічных раскопак.

Вытворчасць керамічных будаўнічых матэрыялаў (плінфа, пліткі для падлогі, кафля, дахоўка і інш.).

Адліўка вырабаў у каменных раз’ёмных формах. Абразок “Канстанцін і Алена” – шэдэўр дробнай пластыкі ХІІ ст.

Знешні гандаль. Вырабы паўднёварускай вытворчасці, знойдзеныя ў Полацку (оўручскія праселкі, царкоўныя прыналежнасці, шкляныя вырабы і інш.). Самшыт з Каўказа. Амфары з Прычарнамор’я. Пацеркі з Візантыі і Сярэдняй Азіі.

Вызначэнне сфрагістыкі. Віслыя свінцовыя пячаткі і пломбы з Полацка. Помнікі эпіграфікі.

Археалагічныя адкрыцці апошніх гадоў з раскопак у Полацку.

Самабытныя і інтэграцыйныя рысы матэрыяльнай культуры палачан.

Да XVI ст. Полацк з’яўляўся найбуйнейшым гандлёвым і рамесным цэнтрам на тэрыторыі Беларусі. Тут квітнелі і развіваліся рознага роду рамёствы, заключаліся гандлёвыя здзелкі з суседнімі гарадамі і замежнымі краінамі, запрашалаіся дыпламатычныя місіі і ўсё гэта абумоўлівала рост велічы полацкага княства, намесніцтва, ваяводства. Пасля XVI ст. палітыч­нае значэнне Полацка зменшылася, аднак, як паказваюць вынікі археала­гічнага вывучэння Полацка, яго матэрыяльная культура ў XVI – першай палове XVII стст. перажывала стадыю росквіту. Гэты росквіт быў абумоў­лены набыццём Полацкам магдэбургскага права (1498 г.), пашырэннем кантактаў з заходнееўрапейскім светам, пранікненнем новых тэхналогій рамеснай вытворчасці, запатрабаваннямі моды ў асяроддзі вышэйшых гарадскіх саслоўяў і інш.

Апрацоўка чорных металаў з’яўлялася важнейшым відам рамяства. Па вызначэнню Г.В. Штыхава, непасрэдных слядоў вытворчасці жалеза на тэрыторыі старажытнага горада ІХ – ХІІІ стст. не зафіксавана. Даследчык зрабіў выснову, што таварная крыца прывозілася ў горад з сельскай мясцовасці. У Полацку ХІІ – ХІІІ стст. знойдзена крыца (вага 2,5 кг, дыяметр 15 см) і рэшткі вытворчай пабудовы, у якой апрацоўваліся чорныя металы. Паводле раскопак у двары былога езуіцкага калегіўма ў 2001 – 2003 гг. былі зафіксаваны ніжнія часткі печаў-домніц, што сведчыць аб металургіі жалеза непасрэдна на тэрыторыі Вялікага пасада ў XVI – XVII стст.

Гарадскія рамеснікі атрымоўвалі сталь, важнейшымі прыёмамі выра­бу прылад з жалеза і сталі былі: каванне, зварка, у тым ліку жалеза і сталі, тэрмічная апрацоўка сталі, рэзка зубілам і прабіванне адтулін, абточванне на тачыльных кругах і шліфоўка, паянне жалеза і сталі і пакрыццё іх каляровымі металамі, чаканка і інкрустацыя (часцей за ўсё меддзю). Асартымент вырабаў з чорных металаў вельмі багаты. Гэта зброя, будаў­ні­чыя матэрыялы, побытавыя рэчы, дэталі конскай вупражы, рамесныя інструменты, замкі, ключы і г. д. Полацкія рамеснікі валодалі ўсімі тэхніч­нымі прыёмамі апрацоўкі чорных металаў, якія былі вядомы ва ўсходне­славянскім рэгіёне.

Ліцейная справа актыўна развівалася ў Полацку са старажытных часоў. Каляровыя металы – сыравіна для златарскай справы – былі цалкам прывазнымі. Асноўнай сыравінай для вытворчасці ювелірных рэчаў з’яўлялася медзь, волава, свінец і іх сплавы – бронза, латунь і інш., асаблі­ва шмат у пластах ХІІІ ст. знойдзена свінца, з якога рабіліся побытавыя рэчы, асобныя кавалкі ліставога свінца вагой да 3 кг прызначаліся для пакрыцця дахаў шматлікіх мураваных храмаў. Доказам мясцовай златарскай вытворчасці з’яўляюцца знаходкі формаў для адліўкі юве­лірных упрыгожванняў з рэшткамі каляровых металаў на сценках, ювелірны брак. Сёння вядома існа­ванне чатырох ювелірных майстэрняў Х – ХІІ стст. ў розных частках горада.

З гатовых златарскіх вырабаў Х – ХІІІ стст. вылучаюцца калекцыі скроневых кольцаў – найстаражыт­нейшага жаночага ўпрыгожвання ўсходніх славян, пярсцёнкаў, бранза­летаў, прывесак, ланцужкоў, бубень­чыкаў, спражак, фібул, прадметаў вайсковай справы і рэлігійнага культа.

Гарбарна-шавецкае рамяство Полацка прадстаўлена вялікай калек­цыяй скуранога абутку ХІ – ХІІІ стст., прыладамі рамеснай вытворчасці. Цалкам даследавана гарбарная майстэрня. Старажытны полацкі абутак падзяляецца на тры асноўных тыпа: чаравікі, поршні і боты. Самымі распаўсюджанымі былі чаравікі (чаравік меў вораты-берцы, якія прыкры­валі шчыкалатку), у пластах ХІ – ХІІ стст. знойдзены толькі гэты від абутку, некаторыя з іх, пераважна жаночыя, у наступным стагоддзі ўжо ўпрыгожваліся вышыўкай.

У XVI ст. з’яўляецца прынцыпова новы тып абутку на цвёрдым абцасе. Тыпы абутку сталі больш разнастайнымі, з’явіліся туфлі. Абцас стаў умацоўвацца спецыяльнымі набойкамі – абутковымі падкоўкамі. У пластах XVI – XIX стст. абутковыя падкоўкі на мужчынскі і жаночы абутак сустракаюцца вельмі часта. Адным з цэнтрам па рамеснай вытвор­часці і рамонту абутку з’яўлялася паўночна-ўсходняя частка Вялікага пасада. Як паказалі вынікі археалагічнага нагляду, тут існавалі рамесныя майстэрні і лаўкі са спецыялізацыяй па продажы абутку.

Керамічны посуд з’яўляецца самай распаўсюджанай катэгорыяй археалагічных знаходак у Полацку. Начынне, якое захавалася цалкам, вылічваецца адзінкамі, пераважная большасць посуду прадстаўлена фрагментамі. Самай распаўсюджанай формай посуду ў ІХ – XVIII стст. заставаўся гаршчок. Менавіта дзякуючы знаходкам керамічнага посуду Г.В. Штыхаў прадатаваў найбольш старажытную частку полацкага пасе­лішча (перадграддзя) на правым беразе Палаты, вызначыўшы роменскія аналагі.

Самы ранні керамічны посуд з Полацка – ляпныя гаршкі, тыповыя для культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганаў. Прыналежнасць гэтай культуры да крывічоў не аспрэчваецца большасцю сучаснымі даследчы­камі. У Х – ХІ стст. распаўсюджваецца ганчарны круг і з’яўляецца спачат­ку падпраўлены на ганчарным крузе посуд, а затым і цалкам кругавая кераміка. Посуд дзеліцца на кухонны, сталовы і тарны. Да сярэдзіны XVI ст. полацкі керамічны посуд выраблялі на ручным ганчарным крузе, сапраўдная рэвалюцыя ў ганчарнай справе адбылася пасля з’яўлення і засва­ення тэхналогіі “тачэння” на нажным ганчарным крузе. У XVI – XVIII стст. рэзка ўзрастае асартымент посуду, асобнае месца надаецца яго аздаб­ленню, з’яўляецца звыш дзесяці тэхнік роспісу керамікі, пералік адных толькі тыпаў керамічнага посуду займае некалькі дзесяткаў найменняў (гаршкі, патэльні, талеркі, макотры, латкі, міскі, збаны, біклагі, кружкі, куфлі, памадныя слоікі і інш.). Асобныя дэкаратыўныя тыпы посуду прызначаліся выключна дзеля аздаблення. У дворыку мастацкай школы знойдзена прадстаўнічая калекцыя распісных талерак (каля 30), што можа сведчыць пра існаванне на гэтым месцы лаўкі са спецыялізацыяй па продажу дэкаратыўнага посуду ў XVII cт.

На падставе тыпалагічнай класіфікацыі керамічнага посуду археолагамі зроблены важныя высновы аб датаванні тых ці іншых археалагічных комплексаў, ступені развіцця ганчарных рамёстваў. Асобнае месца займае імпартаваная кераміка – для ХІ – ХІІІ стст. гэта пераважна амфары, якія прывозіліся з Прычарнамор’я, карчагі з Кіева, час бытавання якіх дасягае XIV – XV стст. Гэтае начынне выкарыстоўвалася як тарнае.

Асобнае месца займае плінфа – старажытная цэгла, з якой рабіліся полацкія храмы ХІ – ХІІ стст. Таўшчыня плінфы звычайна не перавышала 3 – 4 см, затое шырыня і даўжыня дасягалі 19 – 22 см. Знойдзены ў вялікай колькасці разнастайныя дэкаратыўны пліткі падлогі храмаў. Застаецца не высветленым пытанне аб месцы, дзе выраблялася полацкая плінфа. Факт яе мясцовай вытворчасці бясспрэчны, відавочна, што цэнтраў па вытвор­часці плінфы магло быць некалькі. Адзін з іх, верагодна, знаходзіўся на Востраве, другі – у Экімані, трэці – непадалёк ад Бельчыцкага Бары­саглебскага манастыра. Усе тры месцы ўказваюць на значную адлегласць ад найбольш заселеных частак горада, паколькі вытворчасць плінфы была справай пажаранебяспечнай і акрамя таго патрабавала вольнай ад забудо­вы тэрыторыі.

Графічная рэканструкцыя інтэр’ера жылля палачаніна сярэдзіны XVI – XVII стст.

У XIV ст. з’яўляецца брусковая цэгла, аднак у Полацку яна археалагічна выяўлена толькі ў пластах XV ст. Падчас дзейнасці археа­лагічнай экспедыцыі ПДУ на тэрыторыі паўночнай частцы Запалоцкага пасаду ў 2003 г. быў разбіты шурф, у якім была адкрыта печ, зробленая з брусковай цэглы і гаршковай кафлі. Гэты факт сам па сабе вельмі адметны, паколькі дагэтуль печы XV ст. у Полацку былі знойдзены толькі ў княжац­кім цераме на Верхнім замку. Паводле пісьмовых крыніц вядома, што з наданнем Полацку магдэбургскага права (1498 г.) паміж 1508 – 1510 гг. было вырашана паставіць ратушу “ў месцы годном”, дзеля чаго адмыслова пабудаваць цагельню (плітніцу) у мястэчку Бор (магчыма, сучасная Баравуха 2 ці 3).

Масавая драўляная забудова з’яўлялася вельмі кансерватыўнай і практычна не зведала зменаў на працягу XI – XVII стст. У першай палове XVI ст. з’яўляюцца першыя дамы са шклянымі вокнамі. Прыкладам такога дома з’яўляецца пабудова першай паловы XVI ст., выяўленая падчас раскопак 2002 – 2003 гг. у двары былога езуіцкага калегіўма. У XVII ст. большасць пабудоў шляхты і заможных мяшчан мелі шкляныя вокны (для прыкладу заўважым, што аналагічная з’ява ў гарадах Расіі адзначаецца толькі з канца XVIII ст.). Аднак развіццё масавага мураванага свецкага і культавага дойлідства адзначаецца ў Полацку не раней за сярэдзіну XVIII ст., хаця асобныя цагляныя дамы гараджан вядомы з XVII ст. У XVII –
XVIII стст. для пакрыцця і аздаблення дахаў шырока ўжываецца кераміч­ная дахоўка двух асноўных тыпаў: плоская і хвалістая. Асабліва шмат дахоўкі знойдзена на месцы размяшчэння езуіцкага калегіўма, каталіцкіх і праваслаўных манастырскіх збудаванняў.

У тэхналогіі будаўніцтва печаў у XIV – XV стст. назіраюцца новыя якасныя змены, якія звязаны з вынаходніцтвам кафлі. Замест старых глінабітных і печаў-каменак усё часцей у дамах заможных палачан пачалі будавацца печы з выкарыстаннем гаршковай кафлі. Гэта аблегчыла канструкцыю печаў і зрабіла іх больш практычнымі. Паступова кафля з выключна ўтылітарнага вырабу пера­ўтварылася ў твор дэкаратыўнага мастацтва. Печы з гаршковай кафлі пачалі будавацца ў Полацку з 1403 г. (вызначана дэндрахраналагічным ме­тадам). Печы гэтага часу зафіксаваны ў княжацкім цераме на Верхнім замку. У пласце XV ст. выяўлена аснова печы, якая была пабудавана ў Запалоцці.

 
 
 
Графічная рэканструкцыя печаў ХІV – ХV стст. з княжацкага церама (паводле Ю.А. Заяца)

Печы з гаршковай кафлі працягваюць ужывацца і ў XVI ст., а ў дамах простых палачан нават у XVII ст. У XVI ст. гаршковую кафлю выцясняе каробчатая, альбо сценавая. Печы са сценавай кафлі патрабавалі прынцыповага змянення спосабу ацяплення ад праматочнага да камернага, г. зн. дамы пачалі атаплівацца не па-чорнаму, як раней, а праз комін. У Полацку існавала каля сотні арнаментальных матываў кафлі у розных стылях готыкі (XV ст.) рэнесанса (першая палова XVI ст.), маньерызма (канец XVI – першая трэць XVII стст.) барока (другая трэць XVII – сярэдзіна XVIII стст.) і класіцызма (дру­гая палова XVIII ст.).

Асаблівую цікавасць прадстаўляе “гербавая” кафля. Шляхам рас­шыфроўкі выяў “гербавай” кафлі стала магчымым вызначыць лакалізацыю двароў асобных прадстаўнікоў полацкай шляхты, такіх як Дарагастайскія, Друцкія-Сакалінскія, Зяновічы, Кішкі.

Месцазнаходжанне кафлі з выявамі гербаў полацкай шляхты

Златарская справа традыцыйна з’яўлялася адным з прыарытэтных відаў рамеснай дзейнасці. Ювелірныя майстэрні ў Полацку вядомы з Х ст. Асабліва шмат ювелірных формачак знойдзена ў пластах ХІІІ ст. Упры­гожванні адліваліся ў раз’ёмных формах, зробленых з мяккага шчыльнага каменю. Знойдзены формы для адліўкі гузікаў, прывесак, крыжыкаў, пярсцёнкаў, бранзалетаў. Акрамя ліцця полацкія златары валодалі тэхніка­мі коўкі, чаканкі, цісненнем, штампоўкай, валачэннем дроту, філігранню, зерню. Выключна рэдкім узорам ювелірнага мастацтва з’яўляецца крыж Еўфрасінні Полацкай ХІІ ст. Шасціканцовы крыж зроблены Лазарам Богшай у 1161 г. Крыж меў даўжыню 51,8 см, аснова яго зроблена з кіпарыса і аздоблена залатымі і срэбранымі пласцінамі. Галоўная мастац­кая каштоўнасць крыжа – перагародкавыя эмалі і надпісы. Па сваім мастацкім вартасцям крыж не саступае лепшым здабыткам візантыйскага ювелірнага мастацтва, якое карысталася сусветнай павагай.

Падчас археалагічных раскопак Г.В. Штыхава ў 1967 г. на Верхнім замку быў знойдзены унікальны твор дэкаратыўнага мастацтва – рэльефны абраз з выявай св. Канстанціна і св. Алены. Стратыграфічнае датаванне абраза – 20-я гг. ХІІІ ст. Абраз зроблены з мяккага каменю са слядамі пазалоты, не выключана яго мясцовая вытворчасць. Пра гэта, у прыват­насці, сведчаць асаблівыя раманскія рысы выяў, а таксама выразна падкрэсленая “узорыстасць” адзення святых.

Стылістычна падобная выява святых на сценцы керамічнай чарніліцы была знойдзена падчас археалагічнага нагляду ў 2003 г. на тэрыторыі былога Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра. Выява нанесена драўля­ным стэкам па вільготнай гліне і прадстаўляе стылізаваную выяву князей Барыса і Глеба. Стратыграфічнае датаванне выраба – пачатак XVII ст.

Рэдкім творам ювелірнага мастацтва з’яўляецца гравіраваная бронзавая накладка з выявай шляхціча. Датаванне выраба – мяжа XVI – XVII стст. Знойдзена падчас археалагічных рас­копак у 2002 г. на тэрыторыі былога Езуіцкага калегіўма. Шляхціч прадстаўлены ва ўсходнім адзенні, а сама накладка, верагодна, прызначала­ся для аздаблення папулярных у ман’ерыстыч­ную эпоху кніг аб падарожжах у краіны Ўсходу.

Полацк ва ўсе часы свайго існавання з’яўляўся важным гандлёвым цэнтрам. Гэта не ў апошнюю чаргу абумовіла статус горада на шляху “з ва­раг у грэкі” (ІХ – ХІІІ стст.). З XIV ст. – Полацк становіцца цэнтрам буйнога намесніцтва, і ў ХVІ ст. ваяводства, у якім вялікая частка палачан займалася гандлем з Рыгай, Любэкам, Смаленскам і інш. гарадамі. Сведчанне гэтаму – археалагічныя знаходкі розных часоў.

Нягледзячы на частыя войны, гандаль паміж Полацкам і паўднёва­рускімі княствамі ў ХІ – ХІІІ стст. ажыцяўляўся на сталай аснове. Вялікая колькасць шыферных праселак, знойдзеная ў Полацку, сведчыць аб гандлёвых стасунках з Оўручам, дзе існавалі майстэрні па апрацоўкі сыра­віны і вытворчасці гатовых вырабаў. З паўднёварускіх цэнтраў у Полацк імпартаваўся тонкасценны шкляны посуд, шкляныя бранзалеты везлі з Кіева, пакуль у другой палове ХІІІ ст. не была наладжана іх мясцовая масавая вытворчасць. Цяпер ужо полацкія бранзалеты вывозіліся ў “малод­шыя” гарады Полацкай зямлі і нават у Рыгу.

На працягу ХІІІ ст. у Полацк паступаў самшыт з чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. У старажытнабеларускія гарады самшыт прывозіўся волжскім шляхам. Тым жа шляхам траплялі ў Полацк і ракавіны каўры з Індыйскага акеану, ракавіны выкарыстоўваліся як упрыгожванні на каралях. Напрыклад, у пахаванні палачанкі ХІІІ ст. на гарадзішчы быў знойдзены каралі з 32 ракавін каўры. З драўніны грэцкага арэха былі зроблена рукаяць нажа з пласта 20-х гг. ХІІІ ст.

Вельмі шматлікай групай прадстаўлены знаходкі бурштыну і бурштынавых вырабаў. Асабліва іх шмат знойдзена ў пластах Х – ХІІ стст., што дазваляе лічыць бурштынавыя вырабы датую­чай прыкметай гэтага перыяду.

Полацкія скарбы, самыя знакамітыя з іх каз’янкаўскі 1973 г., скарб з Верхняга замка 1910 г. і скарб залатых вырабаў з Ніжняга замка 1984 г., сведчаць аб шырокай геаграфіі знешніх сувязяў палачан. Срэбра да ХІІ ст. трапляла ў Полацк ў выглядзе манет, у “безманетны” перыяд з ХІІ ст. на працягу больш за двух стагоддзяў срэбра ўвозілі ў выглядзе нечаканных зліткаў.

Сведчанне шырокага гандлю з гарадамі Візантыі і Паўднёвай Русі з’яўляюцца знаходкі старажытных амфар і карчаг, у XV – XVII стст. ужо з краін Заходняй Еўропы пачалі ўвозіць спецыфічны тып керамікі з “камен­най масы” (спецыяльным чынам апрацаваная гліна, якую здабывалі бліз Кёльна ў Германіі і на тэрыторыі паўднёвай Польшчы). З Візантыі ў Полацк прывозілі шкляныя пацеркі з глазкавым арнаментам Х – пачатку ХІ стст.

Яскравым помнікам сфрагістыкі і дробнай пластыкі з’яўляюцца віслыя пячаці. Пячаць (була) – знак пацвярджэння дакумента, надання яму правамоцнасці. Пячаць адціскалася на свіцовай пласціне і прывешвалася на вяровачцы да дакумента. Самая знакамітая – гэта віслая пячаць князя Ізяслава Уладзіміравіча апошняй чвэрці Х ст. з кірылічным надпісам на грэчаскі манер “Ізяславос”. Знойдзена пячаць у Ноўгарадзе.

Жанчынам княжацкага паходжання належылі пячаці, знойдзеныя ў розных частках полацкага княства, адна з іх – у Кукенойсе. У Ноўгарадзе знойдзена пячаць Еўфрасінні Полацкай з надпісам “Господи, помози рабе своей Ефросини нарецаемой”. У Полацку знойдзены і епіскапскія пячаці, адна з іх належала епіскапу Міне, адна – Дыянісію. У 2005 г. на Вялікім пасадзе падчас раскопак была знойдзена пячаць епіскапа з надпісам “Серафимс”.

Асобную групу прадстаў­ляюць свінцовыя пломбы. Плом­бы прывешваліся да цюкоў з таварамі, якія вывозілі на знешні рынак для гарантыі іх захаванасці. У Полацку ў пласце 1240-х гг. знойдзена пломба з выявай святога Барыса ці Глеба, а на адваротным баку – расквітнеўшага крыжа.

Даволі шматлікая група знойдзеных у Полацку артэфактаў утрымлі­вае надпісы ці графіці. Асабліва шмат графіці нанесена на шыферных прасліцах, касцяных вырабах (літары, надпісы “моих”, “нина”). У алтарнай частцы полацкай царквы Спаса-Праабражэння знаходзіцца надпіс сярэдзіны ХІІІ ст. “Домоу твоемоу подобаеть святы…”. У русле Заходняй Дзвіны ніжэй Полацка каля вёскі Падкасцельцы знаходзіўся адзін з вядомых Барысавых камянёў з надпісам ХІІ ст. “Господи помози рабю своему Борису“. Мясцовая назва камяня – Барыс-хлебнік, зараз камень экспануецца каля Сафійскага сабора. У самім жа саборы знаходзіцца камень, знойдзены падчас будаўніцтва Сафіі, з пералікам імёнаў будаўнікоў.

Археалагічныя раскопкі, якія падчас дзейнасці археалагічных экспе­дыцый Полацкага дзяржаўнага універсітэта з 2000 г. праводзяцца штога­дова, прывялі да цікавых адкрыццяў. За гэты перыяд археалагічныя даследаванні ў г. Полацку былі праведзены на тэрыторыі Вялікага і Запа­лоцкага пасадаў, былым Бельчыцкім манастыры, у склепах Спаса-Праабражэнскай царквы.

Найбольш адметнымі археалагічнымі адкрыццямі стала даследа­ванне ў 2004 г. невядомай раней часткі Запалоцкага пасада на плошчы больш за 21 га. Некалі квітнеючы пасад, а зараз сельскагаспадарчая ўскраіна горада, на тэрыторыі якой быў адкрыты некрануты перакопамі культурны пласт з матэрыяламі Х – ХІІІ стст. Пасад быў добра ўмацаваны: уздоўж Дзвіны цягнулася крапасная сцяна з вежамі. Вывучэнне Запалоц­кага пасада – перспектыўны накірунак археалагічнага даследавання Полацка.

У 2003 г. былі праведзены археалагічныя даследаванні на паўночнай ускраіне колішняга Запалоцкага пасада, тут, насупраць Машны – гістарыч­най часткі Верхняга замка, была адкрыта сядзіба феадала, які жыў у XV ст. З унікальных артэфактаў даследавана аснова печы, зробленай з гаршковай кафлі. Раней такія печы ў Полацку былі адкрыты толькі ў княжацкім цераме на Верхнім замку.

У 2005 г. падчас выратавальных раскопак каля плошчы Свабоды былі адкрыты рэшткі ювелірнай майстэрні першай паловы ХVII ст. Сярод ювелірных вырабаў (а гэта каля 100 найменняў нарыхтовак, паўфабрыка­таў і гатовых рэчаў) вылучаюцца ўпрыгожванні, дэталі касцюма, утылітар­ныя рэчы. Былі знойдзены інструменты вытворчасці, тыглі для плаўкі металаў, побытавыя рэчы з майстэрні. Ювелірная майстэрня XVII ст. пакуль што адзіная, адкрытая ў Полацку гэтага часу. Яе адкрыццё вельмі значная падзея для гістарычнай навукі, паколькі прадстаўляе магчымасць рэканструяваць усе стадыі златарскай вытворчасці.

Асноўныя віды бронзавых вырабаў з ювелірнай майстэрні

Такім чынам, на працягу ХІ – XVIII стст. палачане выпрацавалі самастойныя здабыткі ў разнастайных галінах рамеснай дзейнасці (металаапрацоўка, златарства, ганчарства, шкларобства і інш.). Полацкія рамеснікі былі знаёмы з культурна-стылістычнымі накірункамі Сярэдня­вечча і ранняга Новага часу, аднак творы, вырабленыя палачанамі, маюць рысы адметнасці і непаўторнасці, уласцівыя мясцовай традыцыі. Гэтыя рысы – каштоўны скарб, які ўнеслі нашы продкі ў развіццё культуры Беларусі і менавіта яны ў першую чаргу вартыя далейшага спасціжэння і вывучэння.





Дата публикования: 2015-01-14; Прочитано: 1725 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.01 с)...