Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Распаўсюджванне культурных напластаванняў Полацка IX – XVIII стст. , іх датаванне па дэндрахраналогіі і рэчавых матэрыялах



Тэрытарыяльнае развіццё Полацка ІХ - ХVIII стст. Помнікі славянскай культуры VIII – XI стст. у Полацку. Праблема суадносін ранніх культурных напластаванняў Полацка і іх датаванне (на прыкладзе вывучэння стара­жытнага гарадзішча і паселішча). Этнавызначальныя артэфакты з По-лацка ІХ – ХІ cтст.

Характарыстыка будаўнічых гарызонтаў Верхняга замка і Вялікага пасада. Майстэрні ювеліраў (залатароў) у Полацку Х – ХІІІ стст. Жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Вуліцы і завулкі, водаатводы. Знешні выгляд Полацка ў ХІІ – ХVIII стст. Праблемы рэканструкцыі.

Візантыйскія і арабскія манеты ІХ – Х стст., знойдзеныя пры раскопках у Полацку. Полацкі манетна-рэчавы скарб ХІ ст., знойдзены ў 1910 г. Скарб залатых рэчаў (1984 г.). Унікальны скарб выяўлены каля
в. Каз’янкі. Значэнне знойдзеных скарбаў для вывучэння грашовага абара­чэння ў старажытным Полацку.

Самыя раннія напластаванні старажытнага Полацка былі выяўлены на першапачатковым гарадзішчы і паселішчах каля яго.

Старажытнае гара­дзішча знаходзілася за
0,8 км ад вусця Палаты, уверх па цячэнні ракі. Гэта было гарадзішча мысавага тыпу. Плошча гарадзішча зараз каля
0,8 га, аднак у старажыт­насці яно магло мець плошчу 2 га. Справа ў тым, што ў 1563 г. на пляцоўцы паміж стара­жытнымі гарадзішчам і паселішчам было прака­пана новае русла Палаты, якое магло знішчыць пэўную частку помніка. Выбраная зямля ў аб’ёме каля 230 тыс. куб. метраў спатрэбілася маскоўскім стральцам для будаў­ніцтва вала Ніжняга замка (зараз – т. зв. вал Івана Грознага).

Паселішча (перадграддзе) плошчай 0,25 га было адкрыта Г.В. Шты­хавым у 1962 г. на правым беразе Палаты (раён Чырвонага маста). Цікава, але абедзве гэтыя часткі (гарадзішча і перадграддзе) ад пачатку былі раз­мешчаны на розных берагах Палаты. З моманту адкрыцця паселішча на правым беразе Палаты ў гістарычнай навуцы панавала думка, што ў ІХ –
Х стст. плошча Полацка не перавышала 1,25 га. У 1986 г. старажытнае паселішча плошчай каля 7 га было адкрыта С.В. Тарасавым на тэрыторыі стадыёна Спартак (Ніжні замак). Гэтае паселішча было размешчана на левым беразе Палаты і яно прымыкала да гарадзішча, разам яны ўтваралі плошчу каля 9 га. У Х – ХІ стст. горад “крочыў” далей. У гэты час фармі­руецца Запалоцкі пасад, які па плошчы быў не менш за 40 га, плошча Вялікага пасада ў сярэдзіне ХІ ст. акрэслена дзякуючы найноўшым археалагічным адкрыццям і вызначана С.В. Тарасавым і Д.У. Дукам як 12 га. Такім чынам, у сярэдзіне ХІ ст. плошча пачатковага Полацка была не менш за 60 га.

Этнавызначальнымі артэфактамі ІХ – ХІ стст. з Полацка з’яўляюцца ляпны і раннеганчарны славянскі керамічны посуд, шкляныя пацеркі, рэчы з бурштыну, косці і вялікая колькасць златарскіх вырабаў. Большая частка гэтых артэфактаў знойдзена на полацкім гарадзішчы, паселішчы і на Запа­лоцкім пасадзе.

Верхні замак з сярэдзіны ХІ па ХVІ стст. адыгрываў ролю адмі­ністрацыйнага і культурнага цэнтра горада. Па звесткам пісьмовых крыніц, напрыканцы ХІІІ ст. “оу святое Софье” знаходзілася рэзідэнцыя полацкіх епіскапаў. Тут было і памяшканне для ўсяго складу духоўных асоб пры епіскапскай кафедры (“Крылос”). У часы Вялікага княства Літоўскага на Верхнім замку жылі ваяводы, тут размяшчаліся шэраг полацкіх манасты­роў (Троіцкі разам з Сафіяй, Уваскрэсенскі Машоначны, Пятра і Паўла).

Тэрыторыя дзядзінца фарміравалася на працягу значнага прамежку часу. Найбольш магутны культурны пласт – да 5 м і болей – захаваўся на тэрыторыі паўночна-ўсходняй часткі Верхняга замка. Адзначым, што Верхні замак з’яўляўся месцам жыхарства гарадскога набілітэту да тых часоў, пакуль гэтая тэрыторыя канчаткова не страціла сваей адміністра­цыйнай функцыі (XVIІІ ст.).

У паўночна-ўсходняй частцы Верхняга замка археолагамі даследаваны самы магутны культурны пласт, менавіта тут размяшчалася шчыльная два­рова-сядзібная забудова. Ва ўсходняй частцы Верхняга замка (раскопы ІІ і ІІІ) у ХІІ – ХІІІ стст. жылі рамеснікі. На паўночнай і паўночна-заходняй частцы Верхняга замка магутнасць пласта не перавышае ў сярэднім 4 – 4,5 м. Анала­гічны па магутнасці культурны пласт быў выяўлены на тэрыторыі, прылягаючай да Верхняга замка ўздоўж Вала Івана Грознага. Як было пераканаўча паказана С.В. Тарасавым, плошча Верхняга замка павялічы­лася ў ХІV – XVI стст. за кошт “уключэння” часткі пасадскай тэрыторыі на месцы сучасных усходніх карпусоў гарадской бальніцы.

Такім чынам, раскопы ІІ – ІІІ ва ўсходняй частцы Верхняга замка праводзіліся на колішняй пасадскай тэрыторыі. Самы старажытны абарончы вал на Верхнім замку датуецца не раней ХІ ст. На яго знешнім баку жылі рамеснікі, на ўнутраным – прадстаўнікі знаці і духавенства.

Буйнамаштабныя раскопкі Верхняга замка праводзіліся ў 50-е гг. ХХ ст. Ва ўсходняй частцы Верхняга замка гарадскімі ўладамі ў 1957 г. было распачата будаўніцтва анкалагічнага дыспансера. Катлаван у выглядзе літары “Г” меў плошчу 880 кв. м. Работы былі спынены. Інстытутам гісто­рыі АН БССР створана археалагічная экспедыцыя на чале з М.К. Каргерам (Ленінград). У катлаване быў разбіты раскоп плошчай 112 кв. м. У 1958 г. быў закладзены раскоп І (400 кв. м) у 20 м на захад ад Сафійскага сабора (кіраўнік А.Р. Мітрафанаў). Гэты паўднёвы раскоп быў зробле­ны на ўласна замкавай тэрыторыі. Кіраўніцтва экспедыцыі разлічвала знайсці найстаражытнейшыя напластаванні Верхняга замку, аднак замест гэтага ў пласце магутнасцю 2,2 – 2,6 м былі знойдзены пераважна матэрыялы XIV – XVIІ стст. і рэшткі трох пабудоў, якія загінулі ў моцным пажары. Усе пабудовы знаходзіліся на мацерыку і існавалі ў XVI – XVII стст.

Такім чынам, будаўнічая дзейнасць палачан у XVI ст. прывяла да знішчэння больш ранніх культурных напластаванняў паўднёвай частцы Верхняга замка. Аднак сярод артэфактаў XVI – XVIIІ стст. сустракаліся адзінкавыя рэчы часоў старажытнага Полацка ІХ – ХІІІ стст.

Асноўныя археалагічныя матэрыялы былі атрыманы ў ІІ і ІІІ раскопе (1959 – 1960 гг. і 1961 – 1962 гг.). Гэтыя раскопы размяшчаліся на ўсход­няй ускраіне плато Верхняга замка (месцы будаўніцтва згаданага анка­дыспансера, зараз – радзільнага дома) і сведчаць аб інтэнсіўным жыцці палачан на дадзенай тэрыторыі ў ХІІ – ХІІІ стст. У гэтых раскопах былі выяўлены XIV будаўнічых гарызонтаў, асноўная колькасць якіх (гары­зонты V – XIV) існавалі з ХІ да канца ХІІІ стст. Датаванне будаўнічых гарызонтаў вызначана пры дапамозе дэндрахраналагічнага метаду. Найбольшая інтэнсіўнасць жыцця, адпаведна, самая шчыльная забудова дадзенай тэрыторыі была ў ХІІІ ст. З 40-х гг. ХІІІ ст. утварэнне культур­нага пласта адбываецца выключна хутка за кошт таго, што сярэдняя працягласць існавання аднаго будаўнічага гарызонта сладала, у сярэднім, 10 гадоў.

Паводе вывучэння культурнага пласта Г.В. Штыхавым было зроб­лена заключэнне, што на тэрыторыі ўсходняй часткі Верхняга замка з дру­гой паловы ХІІІ ст. існавала ўстойлівая планіроўка ў забудове. Ускрытыя раскопкамі пабудовы ўваходзілі ў склад гаспадарчых комплексаў – пагон­ных двароў, абнесеных парканам. Тэрыторыя двароў выцягвалася ўглыб ад вуліцы, такім жа чынам размяшчаліся і пабудовы. Двары належалі рамес­нікам, у раскоп трапілі пабудовы ювеліра і гарбара-шаўца. Падвор’е, як правіла, было машчонае дрэвам, каля маставой быў пракладзены вадаадвод (калектар).

У IV раскопе (1967 г.) рэшткі пабудоў прадстаўлены фрагментарна.

Сярод значнай колькасці даследаваных пабудоў (каля 70) вылу­чаюцца жылыя дамы, пабудовы гаспадарчага і вытворчага прызначэння. Асноўным тыпам жылога дома ў ХІ – ХІІІ стст. была драўляная ізба, у плане блізкая да кавадрата з бакамі ад 3 да 5 м. Зруб рабілі на драўляных падкладах (чурбанах), нярэдка з завалінкамі.

Графічная рэканструкцыя інтэр’ераў драўляных ізбаў Ноўгарада Х – ХІІІ стст.
(паводле Г.В. Барысевіча): 1 – ізба без падклета, 2 – ізба на гаспадарчым падклеце,
3 – ізба на жылым падклеце

У жылым памяшканні абавязкова знаходзілася печ, размешчаная на слупавым апечку. Ацяпляліся пабудовы па-чорнаму. Падлогу рабілі з цясін на лагах. Пабудовы мелі двускатны дах. Дзверы ўсталёўваліся высока. У Полацку існавалі і вялікія двухпавярховыя дамы на падклетах (хароміны). Выявы такіх пабудоў змешчаны на мініяцюрах радзівілаўскага летапісу. Графічную рэканструкцыю інтэр’ера ноўгарадскіх харомін прапанаваў
Г.В. Барысевіч, блізкасць гістарычнага развіцця Ноўгарада і Полацка дазва­ляе атаясамляць асноўныя тыпы харомін.

Вялікую цікавасць прадстаўляе пабудова ювеліра 7М у ІХ будаўні­чым гарызонце Верхняга замка. У пабудове былі знойдзены нажы (3 экз.), нажніцы (1 экз.), шыферныя праселкі (22 экз.), фрагменты шкляных бранзалетаў (23 экз.), металічныя бранзалеты (2 экз.), шмат кавалкаў ску­ранога абутку, фрагменты керамікі. Тут жа былі знойдзены два тыглі для плаўкі каляровых металаў, кавалкі бронзавага дроту, нарыхтоўка з латуні, дзве сапожныя калодкі-правілы і драўляная лыжка (баклуша). Дэндра­хра­налагічным метадам было высветлена, што пабудова існавала паміж 1243 – 1245 і 1265 гг. За гэты час вакол яе ўтварыўся культурны паласт магутнасцю 0,9 м. Гэты пласт сведчыць аб інтэнсіўнасці жыцця на дадзеным месцы і аб актыўным занятку жывёлагадоўлей і рамяством.

Г.В. Штыхаў зрабіў выснову, што ў 40-х гг. ХІІІ ст. шчыльнасць забудовы паўночна-ўсходняй частцы Верхняга замка становіцца вельмі вялікай, а ўтварэнне культурнага пласта выключна хуткім. Працягласць існавання аднаго будаўнічага гарызонта складала ў сярэднім 10 гадоў. Пажары часта вынішчалі пабудовы і пераважная большасць рамеснікаў імкнулась сяліцца ў непасрэднай блізкасці да добра ўмацаванага Верхняга замка. У XIV ст. гэтая тэрыторыя ўвайшла ў склад Верхняга замка.

Двор ваяводы размяшчаўся ў паўночна-заходняй частцы Верхняга замка (тэрыторыя сучаснай гарадской бальніцы). Паводле рэвізіі 1552 г. двор ваяводы ўключаў у сабе шэсць жылых будынкаў, півніцу (склеп) са складскім памяшканнем пад ёй, кухню і пекарню, злучаную сеньмі, стайню, лазню, каралеўскую клець каля замкавых варот. Дамы на падклетах прадстаўлялі сабой двух-трохкамерныя пабудовы. Шосты дом знаходзіўся “ў замкавай сцяне” на гародне і, верагодна, з’яўляўся каравульным памяш­каннем, адкуль ваявода мог назіраць за перамяшчэннем войска.

Зусім іншая карціна забудовы гарадской тэрыторыі назіраецца на Вялікім пасадзе. У 1987 – 1988 гг. у раёне су-часнай плошчы Свабоды
С.В. Тарасавым быў разбіты раскоп плошчай 1100 кв. м. Гэты раскоп дагэтуль з’яўляецца самым вялікім ў гісторыі археалагічнага вывучэння

Полацка. Падчас раскопак была адкрыта крапасная сцяна ХІ ст., якая была збудавана з вялікіх бутавых камянёў у падэшве драўляных гародняў. Працяг гэтай сцяны быў адкрыты Д.У. Дукам ў 2002 г. на тэрыторыі, прылеглай да дворыка былога Езуіцкага калегіўма. Такім чынам, стала магчымым вызначыць плошчу самай старажытнай частцы Вялікага пасаду ў ХІ ст.: яна была роўная 12 га. Да гэтага часу камен­ных ці мураваных умацаванняў у Полацку вядома не было. Аднак даследчыкі-скандынавісты звярталі ўвагу на тое, што ў адной з ісландскіх саг, запісанай у ХШ – ХІV стст. («Сага о Тидрике Бернском»), згадваюцца мураваныя ўмацаванні Полацка. Віда­вочна, што пры ўсёй міфалагічнасці паведамлення сагі сувязь з фактыч­ным матэрыялам усё ж такі існуе.

У ХІІ ст. пасад ужо далёка “крочыў” за межы абарончай сцяны ХІ ст. Падчас раскопак каля плошчы Свабоды С.В. Тарасаў даследаваў сядзібу ювеліра ХІІ ст., якая стала першай пасадскай пабудовай на месцы раскопа пасля заканчэння функцыянавання абарончай сцяны. Непасрэдна каля сядзі­бы праходзіла машчоная дрэвам вуліца, якая вяла ў бок да Верхняга замка. Сядзіба ювеліра складалася з сямі пабудоў, чатыры з якіх былі выцягнуты ўздоўж вуліцы. Памеры жылой часткі сядзібы былі 340 кв. м! З улікам тэры­торыі, якая прымыкала да жылой і вытворчай часткі сядзібы з поўдня, і дзе быў агарод і гаспадарчы двор, агульная плошча сядзібы перавышала 1500 кв. м. Гэта з’яўляецца сведчаннем вельмі высокага сацыяльнага статуса ўладаль­ніка, магчыма, што гэтая сядзіба належала Лазару Богшы ці другому, вядомаму па полацкіх граматах “мужу палачаніну”.

На тэрыторыі сядзібы быў сабраны багаты археалагічны матэрыял, які характарызуе ўсе ступені ювелірнай вытворчасці. Багатыя ювелірныя традыцыі Полацка і Полацкай зямлі таксама пацвярджаюцца дзвюмя адкрытымі С.В. Тарасавым ювелірнымі майстэрнямі на Ніжнім замку. Прычым у адной выраблялі шкляныя ўпрыгожванні: пацеркі і бранзалеты, у другой – рэчы з каляровых металаў. У апошняй была знойдзена формач­ка для адліўкі фальшывых манет – так у ІХ – Х стст. некаторыя вынаходлі­выя злотнікі навучыліся падрабляць куфіцкія дырхемы.

Тэрыторыя Вялікага пасада ў ХІІІ ст. дасягнула плошчы не менш за 50 га. З гэтага часу экстэнсіўны рост пасадскай тэрыторыі змяняецца на інтэнсіўны. Менавіта тут селяцца самыя заможныя і ўплывовыя полацкія рамеснікі. У ХІІІ ст. пасад дасягнуў межаў сучаснай вул. Свярдлова і плошчы Ф. Скарыны. Размяшчэнне вуліц, двароў і манументальных пабудоў у ХІІ – ХІІІ стст. захавала галоўныя асаблівасці практычна да нашага часу. Як заўважыў А.Р. Мітрафанаў паводле вынікаў раскопак на Верхнім замку, такія паказчыкі як развіццё планіровачнай структуры асобных сядзіб, плошча прысядзібных комплексаў, характар грамадзянскай гарадской забудовы істотна не меняліся з ХІ ст. да канца XVII ст. Аналагічную выснову зрабіў і С.В. Тарасаў на падставе вывучэння сядзібнай забудовы Вялікага пасада.

Працэс узбуйнення горада ў ХІ – ХІІІ стст. праходзіў за кошт, у першую чаргу, з’яўлення і разрастання пасадаў (Вялікага і Запалоцкага). У сярэдзіне ХІ ст. дзяцінец Полацка пераносіцца з гарадзішча на Верхні замак. Дагэтуль Верхні замак быў слаба заселены, аб чым сведчыць невялікі (0,2 – 0,4 м) пласт канца Х – пачатку ХІ стст. Перанос рэзідэнцыі князя на Верхні замак, верагодна, адбыўся падчас праўлення Усяслава Брачыславіча (Чарадзея). Гэтая падзея – сведчанне адмысловага фармі­равання новай гарадской структуры.

Паралельна з асваеннем і адбудовай Верхняга замка ішоў працэс утварэння будучага Вялікага пасада. Згаданая абарончая сцяна пасада ХІ ст. была зроблена ў руставай (перакладной) тэхніцы (спалучэнне драўляных і каменных канструкцый), што адлюстроўвае ўплыў цэнтральна-еўрапейскага фартыфікацыйнага дойлідства.

У ХІІ – ХІІІ стст. Вялікі пасад узбуйняецца да сучаснай плошчы
Ф. Скарыны і дасягае плошчы каля 50 га. Запалоцкі пасад у ХІ – ХІІ стст. меў плошчу каля 40 га і з захаду, а таксама з боку Дзвіны, быў акружаны моцнымі абарончымі ўмацаваннямі. Такім чынам, на мяжы ХІІ – ХІІІ стст. тэрытарыяльнае развіццё горада ў межах Вялікага і Запалоцкага пасадаў практычна спынілася. Можна казаць, што выкарыстанне гарадскіх плош­чаў ад экстэнсіўнага перайшло да інтэнсіўнага. Гэта напрамую адбілася на росце магутнасці культурных напластаванняў.

Плошча Полацка ў ХІІІ ст. упершыню была вызначана Г.В. Штыхавым (80 га). На падставе палявых даследаванняў С.В. Тарасаў удакладніў яе памеры і вызначыў як не меншую за 120 га. Важнае адкрыцце было зроблена падчас працы археалагічнай экспедыцыі ПДУ ў 2004 г., калі была даследавана невядомая раней умацаваная частка Запалоцкага пасада Х – ХІІ стст. на плошчы не менш за 21 га. Культурны пласт меў магутнасць
1 – 1,5 м і ўтрымліваў рэчы Х – ХІІ стст. Запалоцкі пасад пачаў фарміра­вацца разам з Вялікім пасадам напрыканцы Х ст. З боку Дзвіны Запалоцкі пасад быў умацаваны крапасной сцяной з востракола і размяшчаўся ад вусця Палаты ўздоўж Дзвіны на адлегласць 1200 м. Пасад быў шчыльна заселены, на яго паўночна-заходняй ускраіне размяшчалася знішчанае пад кар’ер у 1978 г. пасяленне на стромкім пагорку (мясцовая назва “Гара”). Ад гэтага пасялення часткова ці нават цалкам у пераадкладзеным выглядзе захаваўся культурны пласт з рэчамі ХІ – XVIII стст. Не выключана, што гэтае пасяленне ў Х – ХІІ стст. адыгрывала ролю ўмацаванага гарадзішча на заходняй ускраіне Полацка.

Такім чынам, з улікам новых дадзеных, плошча Полацка ў ХІІ ст. была не менш 140 га, аднак у пачатку ХІІІ ст. адбываецца яе скарачэнне на 21 га менавіта за кошт заходняй часткі Запалоцкага пасада. Менавіта ў гэты час Запалоцкі пасад склаўся ў тых межах, у якіх і сёння існуе гістарычная частка Полацка – Запалоцце. У 1986 г. С.В. Тараса­вым была адкрыта крапасная сцяна ХІІІ ст. на заходняй ускраіне сучаснага Запалоц­ця, якая і з’яўляецца маркерам мяжы пасада ў наступныя стагоддзі.

Такім чынам, у ХІІ – ХІІІ стст. уласна горад складаўся з умацаванага дзядзінца – Верхняга замка, Запалоцкага і Вялікага пасадаў, у які было ўключана і старажытнае паселішча. У гэты час узнікаюць манастыры ў Бельчыцы і Сяльцы, магчыма, на Востраве. Аднак гэтыя манастыры і пасяленні пры іх яшчэ не належалі да ўласна гарадской тэрыторыі.

Падобная тапаграфічная структура горада захавалася практычна нязменнай да XVI ст. У 1563 г. Полацк быў захоплены войскамі Івана IV. Па загаду цара Вялікі пасад быў спалены, частка яго жыхароў – тая, што не была палонена і адпраўлена ў Масковію – пераселена ў Запалоцце, пабуда­ваны Ніжні (Стралецкі) замак і дзеля гэтага змяняецца русла Палаты. Тым не менш, пераўтварэнні Івана Грознага 1563 г. не здолелі ўнесці карды­нальных зменаў ў развіццё тапаграфічнай структуры горада, Полацк па-ранейшаму развіваўся па радыяльных накірунках ад адміністрацыйнага цэнтра на Верхнім замку. Да таго ж будаўніцтва Ніжняга замка сябе не апраўдала: пасля Інфлянцкай вайны (1558 –1583 гг.) замак паступова губляе свае абарончыя функцыі і далей, на працягу XVII – XVIII стст., гэтая частка горада так і не стала месцам жыхарства найбольш уплывовай і заможнай часткі гараджан.

Пасля адваёвы горада Стэфанам Баторыем з 1579 г. Распачынаецца новы этап развіцця гарадской структуры. Менавіта з гэтага часу ў якасці паўнапраўных частак горада можна разглядаць пасяленні на левым беразе Дзвіны – Экімань, Крыўцоў пасад, Слабаду і, магчыма, Востраў, частка якіх раней выконвала функцыю сельскагаспадарчых гарадскіх прадмесцяў. Некалькі пашырыў сваю плошчу і Вялікі пасад, у той час як Запалоцкі застаўся ў ранейшых межах.

З наданнем Полацку магдэбургскага права ў 1498 г. адбываецца будаўніцтва ратушы і шэрагу гарадскіх грамадзянскіх пабудоў (лазні, важніцы, капніцы). Дакладна не вядома, на якім месцы была пабудавана ратуша, мяркуецца, што гэта адбылося ў раёне сучаснай плошчы Свабоды пасля 1510 г. Дзеля будаўніцтва ратушы была пабудавана цагельня (плітніца) у мястэчку Бор, такім чынам, грамадскага прызначэння ратуша з’яўляецца першым вядомым мураваным будынкам, узведзеным у Полацку пасля ХІІІ ст.

З будаўніцтвам ратушы Верхні замак паступова пачынае губляць функцыю адміністрацыйнага цэнтра горада і з гэтага часу адбываецца пераразмеркаванне акцэнтаў у архітэктурнай і сацыяльнай дамінантах гарадской структуры. У 1580 г. (па іншых звестках у 1581 г.) езуіцкі кале­гіўм пераносіцца з Вострава на Вялікі пасад, у XVII – XVIII стст. на Вялі­кім пасадзе ў барочным стылі ўзводзяцца культавыя і свецкія пабудовы, у XVIII ст. мураваны ансамбль цэнтральнай плошчы горада быў спланаваны і збольшага завершаны.

Паводле С.В. Тарасава, тэрытарыяльнае пашырэнне горада IX –XVII стст. адбывалася ў некалькі этапаў:

I этап: IX – пач. XI стст. Умацаваны дзядзінец знаходзіўся на левым беразе Палаты, да яго прымыкала паселішча-пасад, якое ахоплівала значную тэрыторыю пазнейшага Ніжняга замка, а потым і частку Верхняга замка і невялікія плошчы правага берага Палаты ў непасрэднай блізкасці ад гарадзішча.



Тэрыторыя распаўсюджвання культурнага пласта ІХ – ХVIII стст. у Полацку:

1 – паселішча к. VIII – IX ст., 2 – тэрыторыя горада ў ХІІ – пач. ХІІІ ст.,
3 – поплавы на Палаце, 4 – курганы, 5 – цэрквы ХІІ ст., 6 – Полацкая Сафія,
7 – прыкладная мяжа гарадской тэрыторыі Полацка ў XVI – XVIII стст.

II этап: сярэдзіна XI – XIII стст. Дзядзінец горада пераносіцца на Верхні замак. Актыўна пачынаюць разрастацца пасады, узнікаюць гарадскія сельскія прадмесці (паселішчы-спадарожнікі), у прыгарадах паўстаюць манастыры, складваецца касцяк веерна-радыяльнай сістэмы на пра­вым беразе Дзвіны.

III этап: XIV – сярэдзіна XVI стст. Тэрытарыяльны рост горада практычна спыніўся. У гэты час узнікаюць толькі невялікія пасяленні на левым беразе Дзвіны: Экімань, Слабада, Крыўцоў пасад.

IV этап: канец XVI – XVII стст. Адбываецца пераразмеркаванне гарадскога цэнтра, з Верхняга замка (які ў значнай ступені губляе свае функцыі, і ў першую чаргу фартыфікацыйную) ён пераносіцца на Вялікі пасад. Спыняецца тэрытарыяльны рост Запалоцця, у той час як Вялікі пасад расце яшчэ больш інтэнсіўна ва ўсходнім напрамку. Паселішчы левага берага Дзвіны цалкам уваходзяць у гарадскую структуру. У яе межах апынуліся і некаторыя манастыры: Бельчыцкі, Іаана Прадцечы на Востраве.

На працягу двух стагоддзяў ад княжання Рагвалода Полацкая зямля стала далёка вядома за сваімі межамі. Палітычнаму ўздыму садзейнічаў той факт, што праз Дзвіну праходзіў знакаміты шлях з “варагаў у грэкі”, агульная даўжыня якога складала 2200 км.

Вікінгі (варагі, нарманы) з’яўляліся адначасова і гандлярамі, і воінамі. У ІХ – Х стст. “таварам усіх тавараў”, як называюць грошы, былі срэбра­ныя дырхемы самай моцнай на той час дзяржавы – Арабскага халіфату. Штогадовыя паступленні ў казну Арабскага халіфату ў Х ст. складалі каля 530000000 дырхемаў. Вікінгі актыўна выкарыстоўвалі срэбраныя манеты ва ўсіх краінах Еўропы, і па знаходках скарбаў гэтых манет можна праса­чыць накірункі сярэднявечнага гандлю.

У 1972 г. Г.В. Штыхавым быў даследаваны скарб каля в. Каз’янкі, што ў ваколіцах Полацка, ухаваны на берагах Дзвіны ў 940-я гады. Архео­лагі сабралі 7588 куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата, агульнай масай каля 20 кг. Рэальная колькасць манет была большай, таму што скарб быў адкрыты вясковымі хлапчукамі, і пакуль звесткі аб знаходке трапілі да археолагаў Інстытута гісторыі АН БССР, многія манеты казьянкаўскага скарбу былі ўжо страчаны.

Па вызначэнні вядомага беларускага вучонага-нумізмата, доктара гістарычных навук В.Н. Рабцэвіча, скарб з’яўляўся казной рабаўнікоў, што прамышлялі разбоем на бе­рагах Дзвіны. Можа быць, падчас аднаго з рабаўнічых набегаў ці пры правядзенні прэвентыўнай аперацыі суп­раць злодзеяў, банда была схоплена, а яе казна так і засталася схаванай у надзей­ным месцы.

Разбойнічая казна збі­ралася напрацягу аднаго або двух гадоў, пры гэтым напа­ду падвяргаліся толькі асоб­ныя купецкія ладдзі, бо супраць злодзеяў у той час прымаліся адэкватныя меры. Напрыклад, крыніцай існавання многіх варажскіх дружынаў была служба па ахове гандлёвых караванаў. Сёння можна толькі прыкладна ўявіць сябе гандлёвы абарот па Дзвіне ў сярэдзіне Х ст., калі прыняць да ўвагі, што толькі адна рабаўнічая арцель за год-два здолела сабраць вялізарны скарб.

Другі скарб вагой 9,43 кг быў знойдзены на Верхнім замку ў 1910 г. падчас пракладання вадасцёкавай траншэі. Клад утрымліваў срэбра ў выглядзе кавалкаў куфіцкіх дырхемаў, 142 цэлых і 13 пашкоджаных заходнееўрапейскіх манет. Геаграфія іх паходжання ўключае такія краіны як Англія, Чэхія, Германія, Данія, Венгрыя. Таксама скарб змяшчаў у сабе пяць зліткаў срэбра і вялікую колькасць кавалкаў сечанага срэбра. Па ўсёй верагоднасці, скарб з’яўляўся сыравінным запасам ювеліра, ухаваным паміж 1060 і 1070 гг.

Асобнае месца ў геаграфіі полацкіх скарбаў займае скарб з шасці залатых (проба 958°) рэчаў ІХ – першай паловы ХІ стст. Скарб складаецца з пяці бранзалетаў рознай формы і адной грыўні. Рэчы былі выпадкова знойдзены на тэрыторыі стадыёна “Спартак” (былое старажытнае паселішча) у 1984 г.

Адзінкавыя манеты нярэдка сустракаюцца падчас раскопак. Так, у ІІ раскопе на Верхнім замку ў перадмацерыковым пласце была знойдзена візантыйская манета Рамана І (919 – 944 гг.), у ІІІ раскопе на тым жа ўзроўні – куфіцкі дырхем пачатку ХІ ст., куфіцкі дырхем быў знойдзены і на тэрыторыі старажытнага паселішча (перадграддзя) на правым беразе Палаты.

Знаходкі старажытных скарбаў і асобных манет з’яўляюцца важнай крыніцай па вывучэнні імпарта металічнай сыравіны і ступені развіцця златарскай справы ў Полацку. Геаграфія паходжання манет можа стаць ключом для разумення гандлёвых сувязяў старажытнага Полацка. Кожная такая знаходка дае важную гістарычную інфармацыю і сведчыць пра Полацк як пра важны гандлёвы і рамесны цэнтр Падзвінскага рэгіёна, пасрэдніка ў транзітным гандлі паміж Усходняй і Заходняй Еўропай.





Дата публикования: 2015-01-14; Прочитано: 563 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.012 с)...