Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Роля ЭГС у развiцці аб’екта i яго ацэнка



Значэнне ЭГС для развiцця эканомiка-геаграфiчнага аб’екта. Эканоміка-геаграфiчнае становішча нярэдка выступае ў ролi вызначальнага фактару развiцця таго ці iншага аб’екта. У першую чаргу гэта адносіцца да населеных пунктаў. Цяжка пераацаніць ролю ЭГС у развіцці гарадоў. "Развiццё горада ёсць рэалiзацыя яго эканоміка-геаграфiчнага становішча", – такі вывад робiць расiйскi географ Г. Лапо, вядомы сваiмі працамі па геаграфіі гарадоў.

Можна прывесці шмат прыкладаў уплыву ЭГС на развiццё города, фарміраванне яго функцый. Так, хуткае эканамiчнае развіццё Мінска ў канцы мінулага стагоддзя абумоўлена тым, што горад у 1873 годзе стаў першым на Беларусі чыгуначным вузлом. Тут перасеклiся чыгункi, што вялі на Украiну і да портаў Балтыйскага мора, у цэнтральныя раёны Расii i ў Польшчу. У 1918 годзе Мінск стаў сталіцай Беларусі дзякуючы свайму цэнтральнаму становішчу ў абшары беларускіх зямель. Цэнтральнасць становiшча і сталiчныя функцыі – узаемазвязаныя фактары, якiм абавязаны Мiнск вылучэннем сярод iншых гарадоў i пераўтварэннем на працягу кароткага часу ў самы буйны прамыслова-транспартны, адмінiстрацыйны, навуковы, культурны цэнтр Беларусі.

Выгаднае экономіка-геаграфічнае становiшча меў у старажытнасцi Тураў, размешчаны на Прыпяці, на гандлёвых шляхах, што вялі ў Прычарнамор’е і Прыбалтыку, Кiеў i Ноўгарад. Тураў быў сталiцай Турава-Пінскага княства, буйным гандлёва-рамесным цэнтрам. Аднак пазней горад страціў сваё значэнне: яго абмiнулi чыгункі; аддаленасць ад важнейшых сухаземных шляхоў не садзейнiчала росту i развiццю горада. Сённяшні Тураў – невялікі гарадскі пасёлак у межах Жыткавіцкага раёна.

Размяшчэнню на перакрыжаванні чыгунак у многiм абавязаны сваiм развiццём, ператварэннем у буйныя прамысловыя цэнтры Баранавічы, Маладзечна, Лiда, Жлобін і iншыя гарады Беларусі. Яны рэалiзавалі зручнасці свайго эканоміка-геаграфiчнага становішча. З другога боку, аддаленасць ад вялiкiх гарадоў і чыгунак, ускраiннасць, перыферыйнасць ЭГС адмоўна адбiваецца на развiцці такiх гарадскiх пасяленняў, як Карэлiчы, Глуск, Хоцiмск, Лельчыцы, Бягомль i інш.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 348 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...