Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Эканоміка-геаграфічнае становiшча і яго віды



Эканоміка-геаграфічнае становішча (ЭГС) як атрыбут геаграфічных аб’ектаў. Пад геаграфiчным становішчам прынята разумець становiшча ў двухмернай прасторы, адносiны аб’екта да знешнiх абставін, да ўсяго, што знаходзiцца па-за яго межамі. Найбольш дакладна вызначаецца становішча ў сістэме геаграфiчных каардынат: геаграфiчная шырата і даўгата пункта ёсць не што іншае, як яго матэматыка-геаграфiчнае становiшча. Фiзiка-геаграфічнае становiшча азначае адносіны да розных прыродных аб’ектаў: акіянаў, гор, узвышшаў і інш.

Эканомiка-геаграфiчнае становiшча, як ужо вызначалася, – гэта адносiны аб¢екта да ўсяго таго, што знаходзіцца па-за яго межамі, мае эканамiчнае значэнне і аказвае пэўны ўплыў на яго развіццё. Сутнасць ЭГС, яго віды, гiстарычны характар, уплыў на развiццё аб’екта прааналізаваны ў працы М. Баранскага, якая так i называецца "Эканоміка-геаграфічнае становішча"[6].

Гэты вялікі артыкул практычна паклаў пачатак распрацоўцы палажэнняў тэорыi ЭГС.

У рабоце падкрэсліваецца, што ЭГС – гэта адносіны да прыродных аб’ектаў, што маюць гаспадарчае значэнне, і да аб’ектаў эканамічных, гістарычных. Напрыклад, пры характарыстыцы ЭГС горада маецца на ўвазе яго размяшчэнне і ў адносінах да рэк, марскога ўзбярэжжа, радовішча ці басейна карысных выкапняў, і ў адносiнах да транспартных шляхоў, іншых гарадоў, сельскагаспадарчых баз.

ЭГС з’яўляецца ўласцiвасцю, атрыбутам розных аб’ектаў СЭГ: асобнага прадпрыемства, населенага пункта, адмiністрацыйнага раёна, вобласці, эканамічнага раёна, краіны. ЭГС маюць, такім чынам, і "кропкавыя" аб’екты, і вялікiя па плошчы, унутрана неаднародныя тэрыторыі.

У дачыненні да краін можна гаварыць не толькі аб іх эканомiка-геаграфiчным, але i палітыка-геаграфічным, ці геапалітычным, становішчы. ЭГС краіны – гэта яе размяшчэнне, скажам, у адносінах да палiўных ці сыравiнных баз мiждзяржаўнага значэння, марскіх узбярэжжаў, цэнтраў культуры сусветнага значэння, мiжнародных турысцкіх шляхоў. Пры ацэнцы геапалiтычнага становiшча краiны перш за ўсё маюць значэнне такiя моманты: хто з’яўляецца суседзямі і адносіны з імі, цi ўваходзiць краiна у саюзы, супольнасцi, як размешчана яна ў адносінах да краiн, што ўваходзяць у ваенныя групоўкі, у адносінах да сусветных гандлёвых шляхоў, да сiстэмы міжнародных камунікацый і г. д.

Індывiдуальнасць i тыповасць ЭГС. Прасторавае становiшча аб’екта з’яўляецца яго своеасаблiвасцю, індывідуальнай уласцiвасцю. Не можа быць, скажам, у межах краіны двух гарадоў з абсалютна аднолькавым ЭГС. Тое ж самае можна сказаць аб ЭГС краiн, адмiнiстрацыйных частак краiны. ЭГС надае таму ці іншаму эканомiка-геаграфiчнаму аб’екту рысы непаўторнасці, унiкальнасці.

Чым, напрыклад, ЭГС Мінскай вобласці адрознiваецца ад ЭГС iншых абласцей нашай краіны? У чым яго непаўторнасць, iнды-вiдуальнасць? Можна адзначыць тры наступныя моманты ў гэтых адносінах: вобласць займае цэнтральнае становішча ў краіне, яна мяжуе з усімі пяццю астатнімі абласцямі, толькі Мінская вобласць не мае выхаду да дзяржаўнай мяжы. Індывідуальнасць ЭГС г. Браслава заключаецца ў размяшчэнні яго на поўначы Беларусі, у непасрэднай блізкасці дзяржаўнай мяжы з Лiтвой i Латвіяй, у акружэнні азёр. Унікальнасць ЭГС г. Брэста абумоўлена тым, што гэта – крайні ў межах Беларусі заходні пункт на транспартнай полiмагiстралі Масква – Мінск – Варшава, канцавы порт Дняпроўска-Бугскай воднай сістэмы.

Разам з тым пры ўсёй непаўторнасцi, iндывiдуальнасцi ЭГС кожнага асобнага аб’екта (прадпрыемства, горада, адмiнiстрацыйнага раёна) у становiшчы шэрагу аднародных аб’ектаў нярэдка можна знайсці пэўнае падабенства, агульныя рысы. Напрыклад, агульныя рысы ЭГС Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці і Глускага раёна Магілёўскай вобласці наступныя: раёны найбольш аддаленныя ад сваіх абласных цэнтраў, размешчаны на ўскраiне абласцей, прыкладна на аднолькавай адлегласці ад Мінска. Няцяжка вызначыць рысы падабенства ЭГС гарадоў Мазыра, Пінска, Магiлёва, Бабруйска: яны размешчаны на суднаходных рэках.

Агульныя рысы ў ЭГС гарадоў ці iншых геаграфiчных аб’ектаў могуць служыць падставай да правядзення iх групоўкi ці тыпалогіі. Напрыклад, у дачыненні да гарадоў у гэтых адносiнах можна вылучыць гарады, размешчаныя: 1) на суднаходных рэках; 2) на чыгунках; 3) на перасячэнні чыгункай суднаходнай ракі; 4) на перакрыжаванні чыгункі i г. д.

Усе краіны свету ў залежнасці ад iх становiшча ў адносінах да Сусветнага акiяна можна падзялiць на тры групы: астраўныя, краіны мора (маюць выхад да мора), краiны сушы.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 526 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.005 с)...