Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

ББК 63.4 я73



ISBN 985-418-434-Х

© Д.У. Дук, 2006

© УА “ПДУ”, 2006

 
 
 

УВОДЗІНЫ


Значэнне археалогіі ў даследаванні старажытнабеларускіх гарадоў. Роля і месца Полацка ў гісторыі Беларусі.

Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, яго ства­рэнне і развіццё. Ахоўная зона старажытнага Полацка. Стан, актуальныя праблемы і перспектывы развіцця археалогіі Полацка на сучасным этапе. Археалагічныя экспедыцыі Полацкага дзяржаўнага універсітэта, асноў­ныя вынікі і накірункі дзейнасці.

Полацк – самы старажытны горад на тэрыторыі Беларусі, бярэ пачатак сваёй гісторыі з 862 г., калі згадваецца ў летапісу сярод першых гарадоў на тэрыторыі Усходняй Еўропы. На гербе горада адлюстраваны трохмачтавы карабель як старажытны знакавы хрысціянскі сімвал.

Імя першага полацкага князя – Рагвалода – знаёма многім. Шмат хто з палачанаў ведае легенду пра “крывавае вяселле” дачкі Рагвалода – Рагнеды і подзвіг малалетняга князя Ізяслава. Рагва­лод княжыў у 70-х г. Х ст., а што было да яго? Як развіваўся горад ў XI –
XVIII стст.? Дзе ў Полацку размяшчалі­ся старажытныя вуліцы, сядзібы шлях­ты і мяшчан, колькі ў горадзе было му­раваных храмаў і дзе яны размяшча­ліся? Калі б гісторыкі вывучалі толькі летапісы, то многія старонкі старажытнай гісторыі Полацка засталіся невя­домымі. На дапамогу прыйшла археалогія, якую небезпадстаўна назы­ваюць “гісторыяй з рыдлёўкай”.

Беларускімі археолагамі ў справе даследавання старажытных гарадоў зроблена шмат. З 50-х гг. пачынаюцца буйнамаштабныя раскопкі ў Полацку, якія дазволілі ў прамым сэнсе ўбачыць, якім быў старажытны Полацк, чым займаліся яго жыхары і якую багатую спадчыну мы павінны асэнсаваць і захаваць для будучых пакаленняў.

У выніку археалагічнага вывучэн­ня Полацка была ўскрыта плошча больш за 5000 кв. м. Падкрэслім, што толькі за апошнія дзесяцігоддзі паба­чылі свет дзве манаграфіі вядомейшых беларускіх археолагаў – Г.В. Штыхава (“Древний Полоцк ІХ – ХІІІ вв.”) і С.В. Тарасава (“Полацк IX – XVII стст.: гісторыя і тапаграфія”), у якіх разглядаецца палітычная гісторыя і матэрыяльная культура старажытнага Полацка ІХ – ХІІІ стст., а таксама тапаграфія горада ў ІХ – XVII стст. У гэтых працах прадстаўлена панарам­ная карціна сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіццця Полацка ад старажытнасці да навейшага часу. Шырокую характарыстыку заняткаў, по­быту гараджан немагчыма было б зрабіць без дадзеных археалагічных крыніц.

Эстафету даследчыкаў-археолагаў Полацка працягнулі вучоныя По­лацкага дзяржаўнага універсітэта, на базе якога з 1999 г. праводзяцца што­гадовыя археалагічныя раскопкі ў горадзе. Упершыню з’явілася магчы­масць даследаваць старажытнасці Полацка на сталай аснове. Вынікам гэтай працы стала абарона кандыдацкай дысертацыі Д.У. Дука, прысве­чанай вывучэнню матэрыяльнай культуры насельніцтва Полацка XVI – XVIII стст. па археалагічным крыніцам.

Штогадовыя археалагічныя раскопкі ў Полацку прыносяць вялікі плён. Іх вынікі ўжо сёння дазволілі ўдакладніць і значна пашырыць уяўленне пра пачатковую гісторыю горада. Варта згадаць адкрыццё ў 2003 – 2005 гг. невядомай раней часткі Запалоцкага пасаду з культурным пластом Х – ХІІІ стст. на плошчы больш за 21 га, ювелірнай майстэрні XVII ст. на Вялікім пасадзе, пабудовы феадала XV ст. у паўночнай частцы Запалоцця. А колькі яшчэ адкрыццяў ляжыць літаральна пад нагамі! Фактычна “terra inсognita” зяўляецца культурны пласт на Задзвінскіх пасадах Полацка, Экімані, большай часткі Верхняга замка. Працы хопіць не на адно пакален­не археолагаў, таму і перспектывы археалагічнага вывучэння Полацка на сённяшні дзень практычна невычарпальныя.

Усе знаходкі, якія ў выніку прафесійнай дзейнасці археолагаў былі знойдзены ў Полацку, захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка (НПГКМЗ). Гэта датычыцца ўсіх артэфактаў, знойдзеных у межах ахоўнай зоны гістарычнай часткі Полацка. НПГКМЗ з’яўляецца буйнейшай культурнай ўстановай у Полацку, сёння ён аб’ядноўвае 11 музеяў рознага профілю. Створаны ў 1985 г. на базе Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка, які існаваў з 1967 г. Статус “Нацыянальнага” запаведнік атрымаў у 2000 г., што падкрэслівае яго значнасць на агульнадзяржаўным узроўні. Зараз запаведнік з’яўляецца захавальнікам вялікай калекцыі археалагічных рэчаў (56770 прадметаў асноўнага фонду, з іх больш 14000 – археалагічныя артэфакты), нумізма­тычны збор налічвае звыш 10000 адзінак, у тым ліку скарб залатых рэчаў ІХ – першай паловы ХІ стст., манеты з буйнейшага ў Еўропе каз’янкаўска­га скарбу Х ст. і інш. знаходкі. Ахоўная зона старажытнага Полацка ўклю­чае ў сябе ўсе вядомыя гістарычныя часткі: Верхні і Ніжні замак з валам Івана Грознага, тэрыторыю Вялікага і Запалоцкага пасадаў, пасадаў на левым беразе Дзвіны, старажытнае гарадзішча і паселішча, тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і былога Бельчыцкага манастыра. Усялякая гаспадарчая дзейнасць, якая датычыцца архітэктурных помнікаў, правядзення земляных, будаўнічых і іншых работ у межах ахоўнай зоны не можа адбывацца без узгаднення з археолагамі. У прыватнасці, запаведнік павінен сачыць за выкананнем нацыянальнага заканадаўства аб ахове куль­турнага пласта, які сам па сабе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоў­насцю. Таму любыя земляныя работы могуць адбывацца толькі пад нагля­дам прафесійнага археолага з адпаведным дзяржаўным дазволам (адкры­тым лістом).

Мэтай спецкурса “Гісторыя Полацка: па матэрыялах археалагічных даследаванняў” з’яўляецца набыццё і замацаванне студэнтамі пашыраных ведаў па гісторыі Полацка паводле рэчавых (археалагічных) крыніц, а адной з прыярытэтных задач – авалоданне студэнтамі ведамі, уменнямі і навыкамі атрымання гістарычнай інфармацыі з рэчавых (археалагічных) крыніц.

Спецкурс “Гісторыя Полацка: па матэрыялах археалагічных дасле­даванняў” у Полацкім дзяржаўным універсітэце ў 1998, 1999 гг. выкладаў доктар гістарычных навук, прафесар Георгій Васільевіч Штыхаў; у 2000 г. – кандыдат гістарычных навук Сяргей Васільевіч Тарасаў.

Культурны пласт Полацка – гэта кніга, якую здольны прачытаць уважлівы даследчык. Таму галоўнай задачай спецыяліста-гісторыка з’яўляец­ца выхаванне павагі да гістарычнага мінулага сваёй Бацькаўшчыны, славу­тых продкаў-палачан і ашчаднага стаўлення да той далёка не спасцігнутай спадчыны, якую захоўвае старажытны Полацк.





Дата публикования: 2015-01-14; Прочитано: 336 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...