Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Блок самаправеркi



1. Растлумачце, чаму тэорыя тэрытарыяльнай арганізацыі грамадства з’яўляецца найбольш агульнай у параўнанні з iншымі тэорыямі СЭГ. 2. Дайце вызначэнне фактараў размяшчэння насельнiцтва i гаспадаркі. На якія групы падзяляюцца фактары размяшчэння? 3. Ахарактарызуйце ролю тэрыторыі як рэсурса мнагамэтавага выкарыстання. 4. Якi ўплыў аказваюць велічыня і канфiгурацыя тэрыторыі на яе асваенне, на фармiраванне тэрытарыяльнай структуры гаспадаркі? 5. Прывядзiце прыклады ўплыву прыродных фактараў на размяшчэнне пэўных галін гаспадаркі.

Сацыяльна-эканамiчныя фактары. Навукова-тэхнiчны прагрэс памяншае залежнасць размяшчэння вытворчасці ад прыродна-рэсурс-ных фактараў. Паступова на першы план выходзяць розныя фактары сацыяльна-эканамiчнага характару: створаны вытворчы і навукова-тэхнічны патэнцыял, наяўнасць i кваліфiкацыя працоўных рэсурсаў, затраты на аплату працы, забяспечанасць транспартам i iнш.

Зразумела, што забяспечанасць працоўнымi рэсурсамі мае значэнне для размяшчэння практычна ўсіх галін гаспадаркi. У той жа час для некаторых галін названы фактар становіцца адным з вызначальных. Гэта адносiцца да вытворчасцей з вялікай колькасцю працуючых, з вялiкiмі затратамі працы. Такiя галіны і вытворчасцi атрымалі назву працаёмістых. Да іх адносяцца, напрыклад, тэкстыльная, швейная, трыкатажная прамысловасць.

Шэраг галiн і вытворчасцей арыентуецца на навукова-тэхнiчныя кадры, разгалінаваную сетку навукова-даследчых, праекта-канструк-тарскiх, эксперыментальна-доследных устаноў і арганiзацый. Развіццё такiх вытворчасцей магчыма пры адпаведным узроўні квалiфікацыi працуючых, пры выкарыстанні навукова-тэхнічных распрацовак, укараненні новых тэхналогій. Гэта навукаёмiстыя галiны: радыёэлектронiка, вытворчасць вымяральных, аптычных прылад i інш.

Ва ўмовах паглыблення эканамічнай інтэграцыі паміж краінамі, функцыянавання транснацыянальных карпарацый нярэдка вызначальным у размяшчэнні прадпрыемстваў становіцца фактар таннай рабочай сiлы. Новыя вытворчасці размяшчаюцца на тэрыторыі тых краiн, дзе затраты на аплату працы з’яўляюцца мінiмальнымі.

Агульнавядома велiзарнае значэнне транспарту для размяшчэння прадукцыйных сіл. Асваенне новых тэрыторый, як правіла, пачынаецца з іх транспартнага асваення. Асаблiвы ўплыў транспартны фактар аказвае на размяшчэнне прадпрыемстваў з разгалінаванымі вытворчымі сувязямi, што ўласціва ў першую чаргу прадпрыемствам ма- шынабудавання. Узровень транспартнай насычанасцi тэрыторыі аказвае важкае ўздзеянне на размяшчэнне вытворчасці, на фарміраванне тэрытарыяльнай структуры.

Транспарт – адзiн з элементаў інфраструктуры. У больш шырокiм плане можна гаварыць аб ўзроўні інфраструктурнай забяспечанасці тэрыторыі. Вытворчую інфраструктуру ўтвараюць сеткі камунікацый, неабходныя для функцыянавання вытворчасці: грузавы транспарт, сiстэма вода-, энерга- i цеплазабеспячэння. Сацыяльную інфраструк-туру ўтварае сетка прадпрыемстваў і ўстаноў па абслугоўванні насельніцтва. Да сацыяльнай iнфраструктуры адносяць пасажырскі транспарт, установы адукацыі, культуры, аховы здароўя і інш.

Узровень i асаблiвасцi iнфраструктурнай забяспечанасці тэрыторыі садзейнiчаюць яе засяленню, разгортванню на ёй гаспадарчай дзейнасцi, размяшчэнню новых прадпрыемстваў або, наадварот, абмяжоўваюць такiя магчымасці. Менавiта наяўнасць разгалінаванай iнфраструктуры абумоўлiвала размяшчэнне прадпрыемстваў у вялiкiх гарадах. Інфраструктура, такім чынам, выступае як фактар, што арганізуе тэрыторыю ва ўсiх адносінах. Можна зрабіць вывад аб узмацненні ўплыву iнфраструктурнага фактару на рассяленне і размяшчэнне гаспадаркi.

Да лiку сацыяльна-эканамічных фактараў размяшчэння адносiцца таксама спажывецкі фактар. Яго ўздзеянне выражаецца ў арыентацыі вытворчасцей у сваiм размяшчэннi на раёны спажывання тых цi іншых вiдаў прадукцыi. Спажывецкую арыентацыю маюць хлебапякарная, малочная, піваварная прамысловасць. Спажывецкі фактар у значнай ступені вызначае размяшчэнне прадпрыемстваў сельскагаспадарчага машынабудавання. Вытворчасць бульбаўборачных машын мэтазгодна размяшчаць у раёнах iнтэнсiўнага бульбаводства, збожжаўборачных камбайнаў – у раёнах таварнай вытворчасці збожжа і г. д.

Экалагiчны фактар. Ва ўмовах, калi пагаршэнне стану навакольнага асяроддзя стала глабальнай праблемай чалавецтва, калі навісла пагроза жыццю і здароўю людзей, пры размяшчэнні вытворчасцяў нельга не ўлічваць экалагiчны фактар. На жаль, у мiнулыя дзеся-цігоддзі яго мала бралі пад увагу. Так, пры размяшчэнні хімічных прадпрыемстваў у межах Беларусі зыходзілі толькі з чыста экана-мічных меркаванняў: зручнасцi эканомiка-геаграфічнага становішча, забяспечанасці працоўнымi рэсурсамі, воднымі рэсурсамі, наяўнасці сыравiны. Вынікам стала неабгрунтаваная, недапушчальна крытычная канцэнтрацыя вытворчасці мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў.

Экалагiчная экспертыза павінна папярэднiчаць гаспадарчаму рашэнню аб размяшчэнні таго ці iншага прадпрыемства, той ці iншай вытворчасцi. Яе задача – ацанiць магчымае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, магчымыя змены ў экалагічных абставінах.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 311 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...