Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Тэарэтычныя і практычныя цяжкасці перакладу. Нацыянальныя моўныя элементы ў мастацкім перакладзе



Тэарэтычныя і практычныя цяжкасці перакладу. Пераклад мастацкіх тэкстаў з’яўляецца часткай літаратуры і надзвычай важным элементам “супрацоўніцтва”, узаемадзеяння культур і развіцця кожнай з іх. На думку чэшскіх лінгвістаў Б. Матэзіуса і В. Прахазкі, пераклад – гэта не толькі замена мовы, але і функцыянальная замена культуры. Такая замена ніколі не бывае поўнай. Як вядома, асноўным прынцыпам пры перакладзе з’яўляецца прынцып “бліжэй да арыгінала”. Аднак патрабаванне адносна таго, каб пераклад чытаўся так, як арыгінал, наўрад ці можна выканаць поўнасцю. Тэкст перакладу заўсёды нясе адзнакі “бікультурнасці”, бо ён у нейкай ступені адаптаваны да нормаў іншай культуры. Паміж тэкстам арыгінала і перакладу заўсёды ёсць пэўны “сацыяльна-культурны” бар’ер, абумоўлены адрозненнямі грамадскага жыцця і культурных традыцый аўтара тэксту і яго перакладчыка. Так, адрозненні ў культурах могуць праяўляцца ў тым, што ў розных мовах словы, якія маюць аднолькавую прадметную суаднесенасць і супадаюць па дэнатаце, могуць адрознівацца канататыўнай семантыкай (г.зн. сваімі эмацыйна-ацэначнымі адценнямі). Напрыклад, ва ўспрыняцці славянскіх народаў, як прыгадвалася ў папярэдняй лекцыі, ужыванне назоўніка балота выклікае адмоўныя эмоцыі, бо гэта вобраз руціны, застою, у той час як у фінскай мове балота – гэта нешта “добрае” (адзін фінскі вучоны параўноўваў у сваёй лекцыі фінскую мову з балотам, у якой, як у балоце, куды трапілі галінкі дрэў, стагоддзямі захоўваюцца старажытныя запазычанні. Такім чынам, для фінаў балота акружана “пазітыўным” сэнсам, гэта “нешта станоўчае”, з чым можна параўнаць родную мову.

У мовазнаўстве пераклад лічыцца адной з найбольш складаных формаў камунікацыі. Практычныя цяжкасці перакладчыцкай дзейнасці звязаны найперш з тым, што перакладчыку, працуючы з тэкстам даводзіцца “дабірацца” да “неперакладаемага”, якое адлюстроўвае побыт чужога народа і яго культуру. З гэтага вынікае, што ён выступае як пасрэднік не толькі паміж мовамі, але і паміж культурамі. Выкарыстоўваючы мову як камунікатыўны сродак, перакладчык павінен ажыццяўляць камунікацыю на аснове ведаў і разумення моў і культур. Іншымі словамі, перакладчык павінен валодаць лінгвакраіназнаўчымі ведамі, добра ведаць культуру народа, на мову якога перакладае тэкст. Яму спачатку трэба зразумець, пра што гаворыцца ў мове арыгінала, а затым перадаць сэнс выказвання на мове перакладу з улікам таго, што дадзеная з’ява можа адсутнічаць у паўсядзённым жыцці носьбітаў мовы перакладнога тэксту. Без ведаў культурнага асяроддзя ніякая камунікацыя праз перакладчыка ўяўляецца немагчымай. Як слушна заўважыў П. Садоўскі, “…занядбанне перакладчыкам пэўных культурна-гістарычных каштоўнасцей арыгінала закранае ўжо сферу адносін паміж перакладчыкам і чытачом не толькі як “спажыўцом” пэўнай мастацкай інфармацыі, але і як з носьбітам адпаведнай сацыяльна-гістарычнай свядомасці” [27].

Мастацкія тэксты, якія найбольш поўна і ўсебакова адлюстроўваюць культуру таго народа, з мовы якога вядзецца пераклад, даюць тлумачэнне карціны свету, сістэмы вобразных сродкаў і нацыянальнай ідыяматыкі, што садзейнічае знаёмству з нацыянальнай культурай і краіназнаўчымі рэаліямі.

Адной з найважнейшых задач пры перакладзе тэксту з’яўляецца вывучэнне дыялагічных структур у зносінах паміж людзьмі, што складае прастору інтэртэксту. Тэкст як адзінка перакладу выступае ў якасці пасрэдніка ў працэсе міжкультурнай камунікацыі, які адначасова належыць дзвюм сістэмам – культуры рэцыпіента і зыходнай культуры. Разуменне тэксту, яго ўспрыманне – гэта складаны шматэтапны працэс кодавага пераўтварэння знешняй лінгвістычнай інфармацыіі ва ўнутраныя веды.

Нацыянальныя моўныя элементы ў мастацкім перакладзе. Адрозненне паміж мовамі, абумоўленае адрозненнем культур, найбольш відавочнае ў лексіцы і фразеалогіі. Таму паняцце міжкультурнай камунікатыўнай кампетэнцыі перакладчыка традыцыйна звязваецца з яго ўменнем пераадольваць культурную інтэрферэнцыю на ўзроўні слоў і ўстойлівых словазлучэнняў. Веды пра рэчаіснасць, якая апісваецца мовай арыгінала, называюцца “ фонавымі” ведамі, якія неабходныя перакладчыку для таго, каб правільна перадаць значэнні рэалій, пра якія ідзе размова ў арыгінале. Таму “цяжкімі ” мясцінамі пры перакладзе з’яўляецца найперш безэквівалентная лексіка, дыялектызмы і фразеалагізмы.

Безэквівалентная лексіка, у асноўным, абазначае спецыфічныя з’явы мясцовай культуры. Экзатызмы ж не столькі раскрываюць ці тлумачаць чужую культуру, колькі сімвалізуюць яе. Некаторыя экзатызмы з’яляюцца гістарызмамі. Яны таксама не паддаюцца перакладу (андарак, панарод, пастаў ‘віды ткацкіх станкоў на Беларусі ў ранейшыя часы’, дзядзькаванне і інш.). А між тым, гэта ключ да разумення мінулага культуры (гэтым пытанням прысвечаны многія этналінгвістычныя працы М.І.Талстога). Такія “прабелы”, “белыя плямы на семантычнай карце мовы” называюцца лакунамі, якія могуць быць абумоўлены не толькі адсутнасцю ў адной з моў адпаведнага дэнатата, але і тым, што мове быццам бы не так важна адрозніваць тое, што адрознівае іншая мова (напрыклад, двум беларускім словам дзяўчынка і дзяўчына ў англійскай мове адпавядае адзін назоўнік – girl, у той час як двум англійскім найменням bank ‘бераг ракі’ і shore ’бераг мора’ адпавядае ў беларускай мове адно слова бераг. Своеасаблівыя лексічныя “прабелы” ўяўляюць сабой этнаграфічныя лакуны, якія непасрэдна звязаны з пазамоўнай нацыянальнай рэальнасцю, з адрозненнямі этналінгвістычнага і нацыянальна- культурнага характару. Як заўважаў В. Л. Мураўёў, адметная асабліваць этнаграфічных лакун – “адсутнасць у адной з моў слова ці фразеалагізма для выражэння пэўнага паняцця”[28]. Па словах І.С. Роўды, “колькасць лакун і структура іх запаўняльнікаў будзе залежыць ад таго, якія канкрэтна мовы параўноўваюцца” [29].

Што да дыялектных слоў у мове арыгінала, то яны або літаральна перадаюцца пры перакладзе, або замяняюцца лексічнымі адпаведнікамі. Безумоўна, у перакладзеным тэксце захаванне дыялектных формаў і слоў не заўсёды прымальнае. Таму задача перакладчыка якраз і заключаецца ў тым, каб знайсці для дыялектызмаў агульналітаратурныя лексічныя адпаведнікі, якія б адлюстроўвалі адмысловасць і каларыт арыгінала.

Паколькі кожнаму народу ўласцівы свой “вобраз свету”, ёсць і ў беларускай культуры асаблівасці, абумоўленыя беларускім менталітэтам, якія звязаны з прыналежнасцю беларусаў да пэўнага культурна-гістарычнага арэалу, геаграфічнай і гістарычнай прасторы. Уваходжанне ў беларускі “свет культуры”, удзел у дыялогу культур магчымы толькі пры ўмове разумення кодаў беларускай культуры, якія вызначаюцца “нацыянальным вобразам свету”, нацыянальным складам псіхікі, мыслення, геаграфічным становішчам Беларусі. Культура чалавецтва не ведае абсалютна непаўторных кодаў, але своеасаблівыя неадпаведнасці, несупадзенні тых ці іншых культурных рэалій заўсёды выяўляюцца ў працэсе міжкультурнай камунікацыі. Пераадолець гэтыя складанасці дапамагаюць разнастайныя гісторыка-культурныя і этнаграфічныя каментарыі [30].

У свеце няма такой мовы, якой быў бы не характэрны такі тэзаўрусны складнік, як фразеалогія. Устойлівыя адзінкі, з’яўляючыся элементамі моўнай сістэмы, найбольш ярка і дакладна адлюстроўваюць побыт народа, традыцыі, народнае мысленне і ўспрыняцце навакольнага свету. З гэтай прычыны фразеалагізмы таксама выклікаюць пэўныя цяжкасці пры перакладзе. Тлумачыцца гэта, зразумела, яшчэ і тым, што фраземы выражаюць асаблівасці светапогляду таго ці іншага народа, утрымліваючы пэўную этнакультурную інфармацыю. Пры перакладзе фразеалагізмаў з адной мовы на другую перакладчыкі, як правіла, карыстаюцца наступнымі спосабамі:

– перадача фразеалагізма фразеалагізмам (бел. як жару ўхапіўшы – рус. как на пожар; бел. збіць з панталыку – рус. сбить с толку); замена прыказкі прыказкай (рус. О вкусах не спорят; На вкус и цвет товарища нет. – бел. Дзеду міла, а ўнуку гніла; Каму падабаецца поп, каму пападдзя, а камупапова дачка; рус. Язык до Киева доведет – бел. Хто пытае, той не блудзіць; рус. Насильно мил не будешь – бел. Даганяючы не нацалуешся);

– замена фразеалагізма словам ці свабодным словазлучэннем (бел. як Піліп з канапель, як чорт з табакеркі – рус. неожиданно, внезапно; бел. падняць на ногі – рус. взбудоражить);

– замена асобнага слова ці словазлучэння фразеалагізмам (бел. служыць – рус. тянуть лямку; бел. уцячы – рус. дать драпака).

Заўважым, што найбольш прадуктыўным і ўдалым з’яўляецца першы спосаб, бо застаецца непарушанай першапачатковая эмацыйна-экспрэсіўная афарбоўка арыгінальнага тэксту. Выкарыстанне ж іншых спосабаў прыводзіць нярэдка да недакладнага ўспрыняцця тэксту: ён становіцца ці больш эмацыйным, ці менш экспрэсіўна афарбаваным.

Спецыялісты ў галіне перакладчыцкай дзейнасці заўважаюць, што перакладаць з блізкароднасных моў цяжэй, чым з моў, далёкіх па сваіх генетычных вытоках. Любы пераклад, як бы кваліфікавана ён ні быў выкананы, змяшчае пэўную колькасць адхіленняў ад эталона. Успрымаючы перакладзены тэкст, чытач выкарыстоўвае набор правіл, уласцівых толькі яго мове і культуры. Так, сэнс параўнання рус. ты прекрасна, как теплый летний день на адну з моў Афрыкі страчвае свой сэнс, бо на афрыканскім кантыненце круглы год пануе лета.

Выкарыстанне нацыянальных моўных элементаў з’яўляецца ў перакладзе абгрунтаваным і мэтазгодным, калі яно адпавядае агульнаму стылістычнаму характару твора і нормам той мовы, на якую перакладаецца тэкст. Напыклад, свядомае ўжыванне беларускіх моўных элементаў у рускім кантэксце можа выконваць пэўныя функцыі. Беларусізмы могуць выкарыстоўвацца як

– сродак індывідуалізацыі моўных паводзін персанажаў. Ствараючы моўныя характарыстыкі герояў, беларусізмы фарміруюць пэўны нацыянальны фон твора. Так, у перакладах рамана І. Пташнікава “Мсціжы”, выкананых В. Кудзінавым і М. Гарбачовым, шырока ўжываецца беларускі выклічнік ат: А-ат! Как-нибудь разберёмся; часціцы аж і хай, якія надаюць рэплікам персанажаў адценне размоўнасці: Аж дрожь берёт, как вспомнишь… Хай медведя Внук сам кусает;

– сродак узмацнення выразнасці і экспрэсіўнасці мовы – как гарбузов на грядках: У него самого было уже трое детей – сыновей, что желтых гарбузов на грядках: мал мала меньше;

– сродак стварэння мясцовага каларыту – зацірка, ваўкалака, дзядзькаванне у У. Караткевіча: “ Кто такой?” – спросил Мстислав? “Ваўкалака”, – оскалив зубы, сказал Кондрат;

– сродак стварэння этнаграфічнага фону і перадачы нацыянальнага каларыту: батька, хлопчик, житьё, бульба, богун, чугунок, шкодить, коваль, гультай, гостевать. Заўважым, што тры апошнія словы ў рускай мове разглядаюцца як дыялектызмы, у той час як у беларускай мове яны з’яўляюцца літаратурнай нормай.

Выкарыстанне беларусізмаў у перакладах на рускую мову з’яўляецца, як правіла, аб’ектыўнай і заканамернай з’явай: беларускія моўныя элементы адпавядаюць структурна-кампазіцыйнай і моўнай пабудове мастацкай тканіны твораў.

Лекцыя 7. МОЎНАЯ КАРЦІНА СВЕТУ І КУЛЬТУРА





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 2333 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...