Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Моўная карціна свету і яе адлюстраванне ў нацыянальна-культурнай семантыцы слова. Канцэптуальная аснова моўнай карціны свету



Моўная карціна свету і яе адлюстраванне ў нацыянальна-культурнай семантыцы слова. Як вядома, мова, з аднаго боку, адлюстроўвае самапазнанне народа, а з другога – яго светаўспрыманне, маральныя прынцыпы, эстэтычныя погляды і інш. Сума ведаў індывіда ці этнасу пра прадметы аб’ектыўнай рэчаіснасці называецца карцінай свету (тэрмін быў запазычаны лінгвістамі з прыродазнаўчых навук).

Уяўленні чалавека пра свет, адлюстраваныя ў значэннях розных слоў і выразаў, складваюцца ў пэўную сістэму поглядаў і “навязваюцца” ў якасці абавязковых усім носьбітам мовы. Інакш можна сказаць, што мы ўспрымаем свет у вобразах той мовы, на якой гаворым. Сукупнасць ведаў пра свет, выражаных у моўнай форме, называецца моўнай карцінай свету. Паняцце моўнай карціны свету ўпершыню сустракаецца ў амерыканскім і нямецкім мовазнаўстве ХІХ ст. Сутнасць моўнай карціны свету якраз і заключаецца ў тым, што ў кожнай мове па-свойму выражаецца спосаб успрыняцця рэчаіснасці. Менавіта ў мове адлюстроўваюцца тыя ці іншыя культурныя традыцыі, сімвалы, эталоны, якія арганізуюць пэўны соцыум. Іншымі словамі, моўная карціна свету – гэта свет, убачаны праз прызму мовы.

А.Л. Садоўская адзначае, што функцыянаванне мовы не абмежавана толькі афармленнем жыццёвага вопыту людзей. Прадстаўнікі пэўнай этнічнай супольнасці ўспрымаюць свет праз катэгорыі іх уласнай мовы. Многімі лінгвістамі моўная карціна свету ўспрымаецца сёння як зафіксаваная ў мове інтэрпрэтацыя рэчаіснасці ў выглядзе сукупнасці меркаванняў пра свет [31]. Тым не менш, у сучасным мовазнаўстве на сённяшні дзень няма пакуль адзінага пункту гледжання на сутнасць гэтага тэрміна. Як заўважаюць некаторыя даследчыкі, “моўная карціна свету – гэта прадукт свядомасці, вынік узаемадзеяння мыслення, аб’ектыўнай рэальнасці і мовы як сродку выражэння думак пра свет, … гэта выяўленая з дапамогай моўных сродкаў сістэмна ўпарадкаваная інфармацыя пра навакольны свет” [32].

На думку Ю.Д. Апрасяна, “кожная мова адлюстроўвае пэўны спосаб успрымання, арганізацыі (“канцэптуалізацыі”) свету. Значэнні, што выражаюцца ў ёй, складваюцца ў пэўную адзіную сістэму поглядаў, своеасаблівую калектыўную філасофію, якая прапануецца ў якасці абавязковай усім носьбітам мовы” [33]. Але мова не стварае новы свет. Яе крэатыўная функцыя накіравана не на стварэнне, а на яго “пераўтварэнне”.

Апрача таго, што ў кожнай мове зафіксавана ўласцівая толькі ёй карціна свету, пазамоўная рэчаіснасць мае аб’ектыўны характар (менавіта таму і магчымы пераклад з адной мовы на другую, нягледзячы на відавочныя адрозненні паміж мовамі). З гэтага вынікае, што нацыянальная моўная карціна свету ўяўляе сабой суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнага свету. Так, напрыклад, для носьбітаў беларускай і рускай моў здаецца верагодным, што псіхічнае жыццё чалавека падзяляецца на інтэлектуальнае і эмацыйнае, прычым інтэлектуальнае жыццё звязана з галавой, а эмацыйнае – з сэрцам. Мы кажам, што ў некага светлая галава ці добрае сэрца; запамінаючы нешта, захоўваем гэта ў галаве, а адчуваем сэрцам; перахваляваўшыся, хапаемся за сэрца. Нам здаецца, што інакш і быць не можа, а таму са здзіўленем даведваемся, што для носьбітаў некаторых афрыканскіх моў усё псіхічнае жыццё можа канцэнтравацца …ў печані. Менавіта таму яны гавораць, што ў кагосьці “разумная печань” ці “ добрая печань”, а калі хвалююцца, падсвядома адчуваюць дыскамфорт у печані. Зразумела, гэта звязана не з асаблівасцямі іх анатамічнага складу, а з моўнай карцінай свету, з якой яны звыкліся.

Заўважым, што сёння ў лінгвістыцы побач з тэрмінам “моўная карціна свету” сустракаецца шэраг іншых тэрмінаў: “моўная мадэль свету”, “моўная рэпрэзентацыя свету”, “канцэптуальная мадэль свету”, “моўны вобраз свету” і інш. Адзначым, што моўная карціна свету – гэта стрыжнёвы тэрмін этналінгвістыкі і лінгвакультуралогіі, які, па словах В.А. Маславай, “не больш, чым метафара, бо ў рэальнасці спецыфічныя асаблівасці нацыянальнай мовы, у якіх зафіксаваны ўнікальны грамадска-гістарычны вопыт пэўнай нацыянальнай супольнасці людзей, ствараюць для носьбітаў гэтай мовы не якую-небудзь іншую, непаўторную карціну свету, адрозную ад аб’ектыўнай, а толькі спецыфічную “афарбоўку” гэтага свету, абумоўленую нацыянальнай значнасцю прадметаў, з’яў, працэсаў, выбіральнасцю адносін да іх, якая спараджаецца спецыфікай дзейнасці, ладу жыцця і нацыянальнай культуры дадзенага народа” [34].

Канцэптуальная аснова моўнай карціны свету. З’явы навакольнага свету і нацыянальнай культуры знаходзяць сваё адлюстраванне ў канцэптах. На сённяшні дзень у мовазнаўстве ўжываецца некалькі дзесяткаў азначэнняў гэтага тэрміна. Найбольш прымальным мы лічым азначэнне В.А. Маславай, згодна з якім, “ канцэпт – гэта семантычнае ўтварэнне, якое адзначана лінгвакультурнай спецыфікай і якое тым ці іншым чынам характарызуе носьбітаў пэўнай этнакультуры”[35]. Канцэпт з’яўляецца галоўным аб’ектам і адзінкай даследавання лінгвакультуралогіі і кагнітыўнай лінгвістыкі. Гэта фрагмент агульначалавечай культуры, які жыве ў свядомасці як цэлых народаў, так і канкрэтных сацыяльных груп і нават індывідыумаў. Менавіта ў канцэптах знаходзіць сваё адлюстраванне моўная карціна свету, бо складаецца яна са спецыфічных, характэрных для дадзенай мовы стэрэатыпаў культурнай свядомасці (напрыклад, канцэпт “падман”, “слова”, “радзіма”, “сяброўства” і інш. Канцэптуальная аснова моўнай карціны свету складаецца, як мінімум, з трох канцэптаў:

1) універсальныя філасофскія канцэпты (“праўда”, “дабро”, “зло”, “свабода”);

2) агульнанавуковыя і вузкагаліновыя (“экалогія”, “генетыка”);

3) унікальныя этнакультурныя канцэпты (“зямля”, “туга”).





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 3113 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...