Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Нацыянальна-культурная семантыка слова і яе роля ў стварэнні моўнай карціны свету



Этнасемантыка ( ethnoscience – тэрмін узыходзіць да амерыканскай этналінгвістыкі) займаецца вывучэннем усёй семантычнай сістэмы канкрэтнай мовы як набытку таго ці іншага этнасу. Этнасемантыка вырасла з першасных апісанняў значэнняў слоў, якія адлюстроўваюць каштоўнасныя катэгорыі ў моўных калектывах. Яна выяўляе на канкрэтным моўным і нацыянальна-культурным матэрыяле этнічную спецыфіку мовы ў параўнанні з іншымі мовамі.

Моўная карціна свету складаецца са слоў, словазлучэнняў, сказаў і іх камбінацый. Нацыянальная самабытнасць моў пакідае след на экспрэсіўна-стылістычнай інфармацыі (г. зн. на экспрэсіўна-стылістычным кампаненце значэння моўнай адзінкі), пашырае поле значэння, уносіць у яго дадатковую інфармацыю пра свет, фарміруючы пэўны тып свядомасці людзей. Напрыклад, выраз блакітныя вочы рускія і беларусы ўспрымаюць як эталон прыгажосці чалавека, у славянскіх народаў ён нясе ў сабе “станоўчую” інфармацыю. Кіргізы ж пакрыўдзяцца на такі камплімент, бо гэта ў іх свядомасці – сімвал непрыгожага, і ўспрымаецца такое словазлучэнне як лаянкавы выраз. А вось выразам у вас вочы, як у каровы кіргіз будзе вельмі задаволены.

Дэнатат, ці дэнататыўны кампанент значэння слова (лац. denotatum ‘абазначаемае’), – гэта ўяўленне пра тыя прадметы, дзеянні, прыкметы, адносіны, якія могуць быць названы адным словам. Дэнатат – гэта менавіта ўяўленне, а не рэалія, таму дэнатат ёсць ва ўсіх слоў. Слова можа змяшчаць не толькі дэнататыўныя, але і канататыўныя семы. У адрозненне ад дэнатата, канатат, ці канататыўны кампанент (ад лац. connote ‘маю дадатковае значэнне’), характарызуе толькі некаторыя словы: гэта можа быць дадатковая эмацыйна-ацэначная афарбоўка слова – адабральная (клёвы, лапачка, лафа) ці неадабральная (ваяка, разнашэрсны, туфта). Канатацыя – гэта “сузначэнне” (не дэнататыўнае і не граматычнае), якое ўваходзіць у склад семантыкі пэўнай моўнай адзінкі. Канатацыя выражае эмацыйна-ацэначныя і стылістычна маркіраваныя адносіны суб’екта маўлення да рэчаіснасці. У плане даследавання нацыянальна-культурнай спецыфікі мовы канатацыі адводзіцца вялікае месца, бо яна, як складнік значэння слова, нясе ў сабе пэўную культурную інфармацыю. Так, напрыклад, у розных этнічных культурах адзначаюцца спецыфічныя канатацыі колераабазначэнняў: белы колер у ЗША сімвалізуе чысціню, у Францыі – нейтральнасць, у Егіпце – радасць, у Індыі – смерць, у Кітаі – смерць або чысціню. Л. Шчэрба адзначаў нацыянальную спецыфіку ў рускім слове вода і ў французскім слове еаи. Для рускіх слова вода ‘пазбаўлена зместу’ і ‘ бескарысная ў харчовых адноснах’, а ў французаў – змяшчае семы ‘адвар’ і ‘харчовая карыснасць’. Як прыгадвалася вышэй, спецыфічную нацыянальна-культурную канатацыю ў розных народаў нясуць словы сонца, балота, а таксама бусел, сабака і інш. Канататыўныя адценні характэрны для назваў “такіх аб’ектаў рэчаіснасці, уласцівасці якіх уключаюцца ў сістэму каштоўнасных арыентацый людзей і выклікаюць стэрэатыпныя ацэнкі.” [36]

Канататыўны элемент ацэначнасці характэрны і для некаторых безэквівалентных слоў. Так, пры супастаўленні адпаведнікаў бел. нікчэмнік – рус. никчемный человек; бел. свінтушка, нязграя – рус. неряшливая девушка; бел. зюзька – рус. горький пьяница і інш. лёгка выяўляецца адмоўная ацэначнасць беларускіх найменняў. Тое ж самае можна сказаць адносна слоў нядбалец, прадажнік, зломак і інш. Для слоў сумленнік, руплівец, весялуха, наадварот, характэрна ацэначнасць іншага, станоўчага характару. Станоўчая ці адмоўная канатацыя ў шэрагу выпадкаў звязана з т. зв. “этымалагічнай памяццю” слова. Напрыклад, у выразах старэйшы сын – яго правая рука ці ўстаць з левай нагі, пісаць левай рукой, левыя заробкі захавалася старажытнае ацэначнае супрацьпастаўленне: правы ‘асноўны, добры, надзейны’ – левы з палярнай, рэзка адмоўнай ацэнкай. А

ў дзеяслове насаліць ‘нашкодзіць, зрабіць непрыемнасць’ замацавалася памяць пра вядзьмарскі прыём раскідванння солі з мэтай наслаць хваробу ці насланнё.

Абрады, звычаі і вераванні беларусаў, часта ў сваім архаічным выглядзе, дастаткова поўна выяўляюць сябе на Палессі, асабліва ў пагранічнай беларуска-ўкраінскай зоне. Пра гэта сведчыць вялікі пласт палескай этнакультурнай лексікі. [37] Так, радзінны абрад, сямейнае жыццё на Палессі характарызуюць наступныя дыялектныя намінацыі: бабіць ‘прымаць роды’, гладка, негуляшча, толста  ‘цяжарная жанчына’, загрубець ‘зацяжарыць’, пустая, накрытка ‘жанчына, якая нарадзіла ў дзеўках’, мезінчык ‘апошняе дзіця ў сям’і’, сямейна ‘шматдзетная маці’.

Рытуал пахавання, а таксама абрады памінавення продкаў выразна адлюстраваны ў вялікай колькасці адпаведных найменняў, у тым ліку назваў свята Дзяды: мерец (мрец) ‘нябожчык, памерлы’, дом ‘труна’, могліца ‘могільнік’, будзіці (будыці) ‘рытуал наведвання нябожчыка на наступны пасля пахавання дзень, гадавая ‘гадавіна смерці’, наўска Троіца ‘чацвер пасля Троіцы’, пакойніцкая субота, дзедовая субота ‘памінальная субота’, калядныя дзяды ‘гадавы памінальны дзень перад Раством’, масленыя дзяды ‘гадавы памінальны дзень перад Масленіцай’, піліпаўскія дзяды ‘гадавы памінальны дзень перад калядным постам’, радонічныя дзяды ‘гадавы памінальны дзень перад Радуніцай’, траецкія дзяды ‘гадавы памінальны дзень перад Троіцай’.

Асаблівасці беларускай нацыянальнай кухні на Палессі выяўляюць сябе ў назвах ежы, страў (у тым ліку выпечкі), якія гатавалі ці выпякалі ў сувязі з правядзеннем тых ці іншых абрадаў, рытуалаў, напрыклад: сарокі ‘маленькія прэсныя хлябцы, якія па форме нагадваюць птушак і выпякаюцца ў сакавіку на свята Саракі’, бабка ‘круглы вясельны хлеб’, шышка ‘від вясельнага хлеба’, хрэст ‘упрыгожванне на вясельным караваі’, просхура ‘хлябцы, якія раздаюцца ў царкве і пасля выкарыстоўваюцца з магічнай мэтай’, коліва ‘памінальнае блюда ў выглядзе хлеба ў салодкай вадзе’, мёд ‘памінальная страва’ і інш.

Надзвычай вялікай разнастайнасцю характарызуюцца на Палессі, у прыватнасці, у Брэсцка-Пінскіх гаворках, назвы ежы ці страў, прыгатаваных з бульбы: голубцы ‘звараная ачышчаная бульба’, гультаі ‘звараная бульба ў мундзірах’, паронкі (паронікі) ‘бульба, звараная цалкам’, солёнікі (зафіксавана ў асобных вёсках) ‘вараная бульба’, цылякі ‘печаная бульба, хамелцы ‘бульба, прыгатаваная для варкі’, пэчонікі ‘печаная бульба’, смажонікі ці тушонікі ‘тушаная бульба’, токмачі (тукмачы) ‘тоўчаная бульба’, компякі (комякі) ‘тоўчаная з салам (скваркамі) бульба’, горелікі ‘падгарэлая зверху ў чугуне бульба’, картоплі ‘бульба, звараная цалкам, якая не таўчэцца’, стычкі ‘смажаная бульба’.

Этналінгвістычныя матэрыялы захоўваюць шэраг цікавых з пункту гледжання нацыянальна-культурнай семантыкі лексем, прадстаўленых дыялектнымі слоўнікамі. Так, у гаворках Магілёўшчыны сустракаем наступныя словы, што характарызуюць этнакультныя асаблівасці яе жыхароў: Маладзенец ‘калядны мясаед; наступны дзень пасля Каляд’, абедня ‘рытуальная юраўская булачка’, комлік ‘стары венік, які сякуць на парозе хаты на провады Каляд’, куст ‘рытуальная саламяная кукла, якую спальваюць у купальскую ноч (Зэльвенскі раён), шурпак ‘незавіты качан капусты’, хамлак ‘жмуток сена ці хваёвая лапка, якую прыбіваюць на верхнюю бэльку пабудаванай хаты’. Прыведзеныя намінацыі пацвярджаюць думку, што на Беларусі, асабліва ў палескім краі, да сённяшняга дня захаваліся многія старажытныя абрады, рытуалы і звычаі.

У жывой беларускай мове сустракаецца шэраг слоў з “празрыстай” этнакультурнай семантыкай. Сярод іх вылучаюцца наступныя назвы месяцаў: бярозавік ‘красавік’, ягаднік ‘чэрвень’, спаснік ’жнівень’, агароднік ‘верасень’, хлебнік ‘кастрычнік’.

Класіфікавальная і намінацыйная прырода слова фактычна супадае з прыродай фразеалагізма, хаця фразеалагізм валодае большай экспрэсіўнасцю. Фразеалагізм, як і слова, таксама мае намінацыйнае значэнне. Этналінгвістычная вартасць фразеалагізмаў складаецца з наступных паказчыкаў:

1) адлюстраванне нацыянальнай культуры комплексна, усімі сваімі структурнымі кампанентамі ці ідыяматычным значэннем: біць у хамут, дабры бабры, гарадзіць плот, вадзіць казу, воўк дарогу перабег, даваць перуноў;

2) адлюстраванне нацыянальнай культуры расчлянёна, лексічнымі адзінкамі свайго складу: байды біць, гула асмаленая, выцягнуць гізунты, блёкату наеўся, гульня ў жмуркі;

3) адлюстраванне нацыянальнай культуры сваімі прататыпамі, паколькі генетычна свабодныя словазлучэнні апісвалі пэўныя звычкі, традыцыі, спецыфіку побыту і культуры, гістарычныя падзеі і інш., напрыклад: бел. перамываць костачкі ‘абгаворваць, бэсціць кагосьці’. Паходжанне ўстойлівага выразу звязана з магічным абрадам другаснага пахавання нябожчыкаў: у старажытнасці чараўнікоў або ведзьмаў хавалі двойчы: першы раз – традыцыйна, як і ўсіх людзей, а другі раз – калі яны і пасля сваёй фізічнай смерці дакучалі людзям (тады прах вяртаўся “на свет божы”, і косці нябожчыка перабіралі і перамывалі, абменьваючыся пры гэтым думкамі адносна характару і паводзін нябожчыка, інакш кажучы, абгаворваючы яго); дыял. закідаць (заганяць) зайца ‘спыняць вясельнае шэсце’. Зайцам называецца бервяно (жэрдка), якім перагароджваюць шлях вясельнай працэсіі. Зараз звычай успрымаецца як жарт, мэта якога – атрымаць ад маладога выкуп за нявесту. Раней у беларусаў існавала павер’е, што сустрэча вясельнага шэсця з зайцам прынясе няшчасце ўсім удзельнікам урачыстасці, у першую чаргу – маладым, бо заяц звязваўся з уяўленнем аб “нячыстай сіле” (у яго сабачыя лапы, асліныя вушы, кашэчая галава).

Прататыпы фразеалагізмаў могуць расказваць і пра дзіцячыя гульні: гуляць у кошкі-мышкі; пра рамёствы: віць вяроўкі, клёпак не хапае, бібікі біць; пра паляванне і рыбалоўства: як рыба ў вадзе, зматваць вуды, замятаць сляды; пра славянскую фаўну: куры не клююць, як баран на новыя вароты, як сабаку пятая нага; пра жыццё селяніна, яго хатнія і працоўныя абавязкі: хоць кол на галаве чашы, агарод гарадзіць, біць у хамут.

Даволі выразна нацыянальна-культурная канатацыя слова выяўляе сябе ў прыказках і прымаўках. Агульнавядома, што бусел у пэўнай ступені з’яўляецца сімвалам Беларусі. У асэнсаванні беларусаў – гэта святая, “божая”, чыстая птушка. Паводле народных павер’яў, бусел здольны аберагаць чалавечае жытло ад маланкі і пажару. У беларускай міфалагічна-фальклорнай сістэме бусел сімвалізуе новае жыццё, з’яўляецца сімвалам дзетанараджэння, пра што сведчаць наступныя парэміі: Дзе бусел вядзецца – там шчаслівае месца; Бусел дзіця прынёс. Журавель – увасабленне нечага значнага, вартага, каштоўнага і часта недасягальнага: Лепш сініца ў руцэ – чым журавель у небе. Раскажаш пра вераб’я, а перакажуць пра жураўля. Апрача таго, з прылётам ці адлётам журавоў звязаны пэўныя прыметы і з’явы: Жураўлі прыляцелі – дзеўкі ашалелі (з прылётам журавоў дзяўчаты сустракалі, гукалі вясну).

Кожная этнічная супольнасць выпрацоўвае пэўныя правілы паводзін і ўзаемаадносін у сям’і і грамадстве. Не з’яўляюцца выключэннем і беларусы. Даследчыкі нашага краю яшчэ ў ХІХ ст. адзначалі тое, што мала дзе на Беларусі сустракаецца жорсткасць у адносінах мужа да жонкі. Мабыць, таму ў нашай мове і мае месца выраз ажаніцца з кімсьці (параўн. з рус. жениться на ком-то), дзе прыназоўнік з, што адзін з самых распаўсюджаных у нашай гаворцы, – нібыта знак роўнасці, павагі аднаго да аднаго. Пра гэта пісаў М. Шавыркін, заўважаючы, што ў свядомасці ліцвіна закладзена справядлівасць і разуменне таго, што і той, хто чыніць насмешкі, кпіць ці нават здзекуецца, і той, хто ад гэтага церпіць, у любы момант могуць памяняцца месцамі, таму, адчуваючы гэткую “нявечнасць”, мы смяёмся, жартуем і здзекуемся з каго-небудзь, дый то нядоўга.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 3842 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.009 с)...