Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Устарэлыя словы ў эканамічнай лексіцы



На пэўным этапе свайго развіцця любая мова імкнецца да таго, каб тая сукупнасць моўных сродкаў, якая склалася і нарматыўна замацавалася, як мага паўней і дакладней адлюстроўвала сістэму разнастайных прадметаў, з’яў, дзеянняў, паняццяў, прымет і г.д.

Змены ў жыцці грамадства (палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, культурныя) адлюстроўваюцца ў мове, перш за ўсё ў яго слоўнікавым складзе. Змены ў лексічнай сістэме мовы абумоўлены тым, што з’яўленне новага ў жыцці прыводзіць да з’яўлення новых слоў, у выніку чаго адбываецца папаўненне слоўнікавага запасу. Але ў мове назіраецца і адваротны працэс – знікненне некаторых слоў, што таксама з’яўляецца адлюстраваннем змен ў жыцці грамадства. Улічваючы гэта, «у лексічным складзе мовы вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія рэдка ўжываюцца і застаюцца ў пасіўным запасе» [3, с. 436].

З’ява існавання актыўнай і пасіўнай часткі ў слоўнікавым складзе можа назірацца не толькі сярод агульнаўжывальных слоў, але і сярод спецыяльнай лексікі, да якой большасць даследчыкаў адносяць тэрміны, прафесіяналізмы, наменклатуру [1, с. 111; 4, с. 167]. Спецыяльная лексіка, з’яўляючыся спецыфічнай і параўнальна самастойнай часткай у сістэме лексікі літаратурнай мовы, у той жа час непарыўна звязана з ёй і падпарадкоўваецца тым законам, нормам і працэсам, якія адбываюцца ў мове.

Спынімся на некаторых асаблівасцях існавання і функцыянавання пасіўнай часткі сярод эканамічных намінацый.

Пасіўная частка ўключае ў сябе словы, якія выйшлі ці выходзяць з ужытку і з’яўляюцца малавядомымі ці невядомымі носьбітам сучаснай беларускай мовы. Існаванне пасіўнай часткі лексікі абумоўлена дзвюма прычынамі: па-першае, у рэчаіснасці перастаюць існаваць прадметы, з’явы, паняцці – і па гэтай прычыне знікаюць адпаведныя назвы, па-другое, у працэсе развіця лексічнай сістэмы на змену адным назвам прыходзяць другія.

У адпаведнасці з гэтым устрэлыя словы сярод эканамічнай лексікі, як і сярод агульнаўжывальных слоў, падзяляюцца на гістрызмы і архаізмы.

Гістарызмы, пад якімі мы разумеем словы, што «выйшлі з актыўнага ўжытку і перайшлі ў пасіўны запас у сувязі са знікненнем тых рэалій, якія яны абазначалі»[3, с. 438] у эканамічнай лексіцы сустракаюцца не часта. Значэнне большасці такіх адзінак на сёння не ўсведамляецца дастаткова поўна без спецыяльных даведнікаў. Такія словы не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове. Аналізуючы «Слоўнік бугальтэрскае тэрмінолёгіі» (Менск, 1928), мы выявілі наступныя адзінкі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца гітарызмамі: ліхвяр ‘ той, хто бярэ высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы ’, гербавы збор ‘ асобы дзяржыўны збор пры афармленні дакументаў па грамадска-прававых справах ’, скарбнік ‘у дарэвалюцыйнай Расіі – кіраўнік казначэйства’, сельскагаспадарчая камуна ‘у першыя гады Савецкай улады – адна з форм калектыўнай сельскай гаспадаркі з поўным абагульненнем сродкаў выворчасці, спажывання і бытавога абслугоўвання’, чырвонец ‘ грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947г. ’, а таксама словы бушаль, тэрміновыя купоны, базная кніга, гарцавы збор, заборная кніжка, картэль, чырвоны процант, ападаткавальны ліст, ордарная кніга, ясак і інш.

Архаізмы, якія ўяўляюць сабой «назвы прадметаў і з’яў, што існуюць і ў наш час, але ў працэсе развіцця мовы былі названы іншымі словамі – сінонімамі» [2, с. 576], больш пашыраны ў эканамічнай лекіцы. У залежнасці ад таго, поўнасцю ці часткова адрозніваюцца яны ад сучасных назваў, вылучаюцца наступныя іх тыпы.

Уласналексічныя архаізмы – словы, якія сваім фанетыка-марфалагічным саставам поўнасцю адрозніваюцца ад сучасных назваў: літацыя – аўкцыён, угода – здзелка, установец – заснавальнік, агуловы прыбытак – валавы прыбытак, павер – крэдыт, дысконт – улік, застава – заклад, гуртавік – аптавік, мыта – пошліна, посул – прапанова, злічва – вынік, падрахунак, застаўны ліст – закладны ліст, каморны – кладаўшчык, манко – недаважванне, гуртавы гандаль – аптовы гандаль, перавознае мыта – транзітная пошліна і інш.

Лексіка-фанетычныя архаізмы адрозніваюцца ад сучасных назваў асобнымі гукамі: амортызацыйны капітал – амартызацыйны капітал, балянс – баланс, дэномінацыя – дэнамінацыя, гіпотэка – іпатэка, процант – працэнт, рэквізыты – рэквізіты, цэртыфікат – сертыфікат, даклярацыя – дэкларацыя, рэялізацыя – рэалізацыя, сортымэнт – асартымент, субсыдыя – субсідыя, фузыя – фузія, экспэдытар – экспедытар і інш.

Лексіка-словаўтваральныя архаізмы адрозніваюцца ад сучасных назваў словаўтваральнымі элементамі – суфіксамі ці прыстаўкамі: акцыйнае таварыства – акцыянернае таварыства, бракар – бракароб, грузаатрымовец – грузаатрымальнік, дастаўнік – дастаўшчык, банкавы крэдыт – банкаўскі крэдыт, пазычковец – пазычальнік, імпортар – імпарцёр, корэспандавальны рахунак – карэспандэнцкі рахунак, попіс – вопіс, выплатнік – плацельшчык, рэзервенны капітал – рэзервовы капітал і інш.

Што да лексіка-семантычных архаізмаў, у якіх страчваецца адно ці два значэнні мнагазначнага слова, то сярод эканамічнай лексікі гэты тып архаізмаў менш распаўсюджаны. Напрыклад, у семантыцы мнагазначнага слова пенсія ўстарэлым будзе значэнне ‘заработная плата’, а значэнне ‘перыядычнае грашовае забеспячэнне ў старасці, у выпадку страты працаздольнасці і г. д’ з’яўляецца сучасным, агульнаўжывальным. У слове сіндыкат выйшла з ужытку значэнне ‘ў СССР на пачатку нэпу – аб’яднанне трэстаў пэўнай галіны прамысловасці, якое вяло планавую закупку і збыт прадукцыі’. З іншай семантыкай слова функыянуе і на сённяшні дзень. Устарэлымі з’яўляюцца значэнні ‘пакупнік’ у слове купец і ‘іншаземны купец’ у слове госць.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што спецыяльная лексіка мае свае спецыфічныя асаблівасці, яна ўсё ж такі застаецца элементам лексічнай сістэмы і падпарадкоўваецца яе законам. Пацвярджэнне гэтаму – наяўнасць устарэлых назваў (гістарызмаў і архаізмаў) як на агульнамоўным узроўні, так і сярод тэрмінаў, прафесіяналізмаў, наменклатур. (А.Садоўская)

Літаратура

1. Антанюк Л.А., Плотнікаў Б.А. Беларуская мова: спецыяльная лексіка: Курс лекцый. – Мінск: Акадэмія кіравання пры Прзідэнце Рэспублікі Беларусь, 2003. – 240 с.

2. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.Я.Міхневіча; Рэдкал.: Б.І.Сачанка (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БелЭн, 1994. – 655 с.

3. Лекікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. А.Я.Баханькова. – Мінск: Навука і тэхніка. 1994. – 463 с.

4. Ляшчынская В.А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка: Вучэб. дапамож. для студэнтаў ВНУ. – Мінск: УП «ІВЦ Мінфіна», 2003. – 243 с.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 1378 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...