Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Да лекцыі 8. Жанры навуковага маўлення



Заданне 1. Прачытайце тэкст. Знайдзіце сказы, якія нясуць галоўную інфармацыю. На аснове іх складзіце тэзісы да тэксту. Якія шляхі кампрэсіі тэксту вы выкарысталі пры складанні тэзісаў?

Вялікае княства Літоўскае – беларуска-літоўская дзяржава

У Вялікім княстве Літоўскім мелася стройная сістэма судовых органаў. Яна складалася з агульных судоў для ўсяго насельніцтва, заснаваных на старажытным звычаёвым праве і нормах Статутаў, і з саслоўных судоў толькі для шляхты, якія былі аддзелены ад адміністрацыі. Акрамя таго, у княстве меліся суды для асобных групаў насельніцтва – духавенства, мяшчан, татар, яўрэяў, якія пераважна дзейнічалі на падставе царкоўнага або старажытнага копнага права.

Суды Вялікага княства падзяляліся на вышэйшыя, так ці інакш звязаныя з вялікім князем, і суды мясцовыя, якія дзейнічалі ў ваяводствах і паветах.

Самым высокім судовым органам лічыўся вялікакняжацкі, ці гаспадарскі суд. Падсуднасць справаў гэтаму суду да сярэдзіны XVI ст. была даволі шырокай, але затым быў устаноўлены інстанцыйны парадак, па якому спярша справы павінны разглядацца ў мясцовых судах па першай інстанцыі. Статут 1588 года вызначыў, што да кампетэнцыі гаспадарскага суда адносіліся справы па дзяржаўных злачынствах, па ісках да шляхты аб выпатрабаванні дзяржаўных маёнткаў і земляў, аб прыналежнасці да саслоўя шляхты, па ісках, што закраналі інтарэсы казны, па скаргах на незаконныя дзеянні вышэйшых службовых асобаў (раздз.І, арт. 3, 4, 14, 15; раздз.ІІІ, арт. 11; раздз. IV, арт. 63, 83, 90).

Статут не вызначаў дакладны склад вялікакняжацкага суда. На практыцы ў якасці засядацеляў на судзе павінны былі прысутнічаць паны-радныя; колькасць засядацеляў залежала ад важнасці справы, ад службовага становішча істца і адказчыка: 2- 3, часам 20.

Суд паноў-рады лічыўся разнавіднасцю вялікакняжацкага суда. Ён мог разглядаць справы незалежна ад таго, уся Рада была ў зборы ці толькі яе частка.

Соймавы суд першапачаткова праводзіўся вялікім князем і панамі-радамі ў час сойма. Такі парадак работы быў нязручным, бо соймы збіраліся рэдка, таму Статут 1588 года вызначыў, што справы ў соймавым судзе павінны разглядаць вялікі князь, паны-рады і восем дэпутатаў сойма (раздз. I, арт. 4, 28; раздз. III, арт. 46),

Суд камісарскі разглядаў зямельныя спрэчкі феадалаў з дзяржаўнымі маёнткамі. У такіх выпадках спецыяльна вызначаныя камісары выязджалі на месца і там разглядалі спрэчкі (раздз. IV, арт. 83).

Скарбовы трыбунал (камісія) разглядаў справы аб нанясенні стратаў дзяржаўнай казне, аб аплаце вэксаляў, дакладнасці адзінкаў вымярэння, празмерных паборах на мастах і грэблях, аб аплаце купцамі пазык і інш. У склад трыбунала ўваходзілі падскарбі земскі ці падскарбі надворны (загадвалі казной), два камісары, прызначаныя соймам, іншыя асобы. Скарбовы трыбунал збіраўся чатыры разы ў год на пасяджэнні па чатыры тыдні кожнае.

Асэсарскі суд – старадаўні вялікакняжацкі суд, які засядаў спачатку ў Гродне, а пазней часам і ў Варшаве. У склад суда ўваходзілі канцлер, двое паноў-рады і чатыры асэсары, што выбіраліся на соймах. Асэсарскі суд галоўным чынам разглядаў справы, якія мелі дачыненне да выдадзеных раней вялікімі князямі прывілеяў на дараваныя землі, маёнткі, рознага роду льготы.

Вялікі князь быў вельмі абцяжараным судовымі справамі. Калі ўлічыць, што князь часта пераязджаў з месца на месца, а бывала, і працяглы час адсутнічаў у дзяржаве, цяжэбнікам нялёгка было знайсці вышэйшага суддзю. Гэта прывяло да таго, што справы ў вялікакняжацкім судзе не разглядаліся дзесяткі гадоў.

Палепшыць разгляд судовых справаў паспрабаваў Стэфан Баторы, які 1 сакавіка 1581 года выдаў прывілей аб утварэнні найвышэйшага суда – Галоўнага суда (Трыбунала), на які ўскладаліся апеляцыйны перагляд справаў і разгляд некаторых справаў па першай інстанцыі.

Галоўны суд Вялікага княства Літоўскага складаўся з суддзяў, якія выбіраліся штогод шляхтай на сойміках па два суддзі ад павета. Справы разглядаліся судовай калегіяй з двух-сямі чалавек. Усёй работай Галоўнага суда кіраваў выбраны суддзямі старшыня – маршалак. На пасаду маршалка рэкамендаваўся Радай адзін з паноў. Пасяджэнні (сесіі) Галоўнага суда праводзіліся ў Вільні – штогод, у Мінску і Наваградку – папераменна праз год. Кожная сесія (кадэнцыя) працягвалася не больш як 22 тыдні, пасля суддзі пераязджалі ў чарговы горад.

Пастанова (дэкрэт) Трыбунала выносілася па большасці галасоў суддзяў і абскарджанню не падлягала. Выкананне дэкрэтаў ускладалася на павятовыя суды або на павятовых стараст.

Сярод мясцовых судоў найбольш старадаўнім быў замкавы, ці гродскі суд, пасяджэнні якога праводзіліся ў замку ці, як называлі яго ў тыя часы – горадзе, градзе. Суддзямі выступалі службовыя асобы мясцовай адміністрацыі – ваявода, стараста, дзяржаўца і іх намеснікі.

Найбольш тыповым, аддзеленым ад адміністрацыі саслоўным судом для шляхты быў земскі павятовы суд. Ён узнік у першай палове XVI ст., канчатковае прававое афармленне набыў у Статутах 1566 і 1588 г. Суддзя, падсудак і пісар павятовага суда выбіраліся на павятовых сойміках, затым зацвярджаліся вялікім князем. Суддзямі маглі быць толькі ўраджэнцы Вялікага княства, шляхціцы, землеўладальнікі, дабрачынныя людзі хрысціянскай веры, якія ведалі права і не займалі духоўных і дзяржаўных пасадаў.

Справы ў земскім судзе разбіраліся пасесійна. Сесіі збіраліся тры разы на год.

Другім судом, аддзеленым ад органаў дзяржаўнага кіравання, быў падкаморскі суд, які быў створаны ў 1566 годзе. 3 1588 г. падкаморага выбіралі на павятовым сойміку, а затым яго зацвярджаў гасудар. Пасада падкаморага лічылася ганаровай і даходнай, бо значная частка судовых пошлінаў, якія ўнеслі бакі, ішла ў даход суддзі. Падкаморы вырашаў спрэчкі аб межах землеўладанняў феадалаў, таму яго часта называюць «межавым судом».

У беларускіх гарадах з магдэбургскім правам, аб чым ужо ішла гаворка, дзейнічалі войтаўска-лаўніцкія суды, якія складаліся з войта і лаўнікаў (засядацеляў, якія выбіраліся мяшчанамі). Дробныя і нязначныя правапарушэнні і спрэчкі сярод мяшчан разглядалі гарадскія бурмістры.

У Вялікім княстве існавалі копныя суды, якія ўзніклі ў старажытныя часы і дзейнічалі да канца ХVIII ст. Суддзямі копнага суда былі простыя людзі – копныя мужы і копныя старцы. Падсуднаcць справаў копнаму суду не была дастаткова акрэслена. Ён мог разглядаць справы аб забойстве, калецтве і пабоях, аб крадзяжах і грабяжах, аб патравах і інш. Пастановы копных судоў, як правіла, абскарджэнню не падлягалі і выконваліся адразу пасля іх прыняцця.

Існавалі і іншыя суды – каптуровы (на час міжкаралеўя), палюбоўны і г.д.

У сучаснай літаратуры нярэдка перабольшваецца значэнне і роля права і суда ў княстве. Вялікае княства характарызуецца амаль як прававая дзяржава. На практыцы справы абстаялі інакш. Пакажам гэта на прыкладах, вядомых нам з дакументаў таго часу. У 1580 годзе слугі гетмана літоўскага Крыштофа Радзівіла ў Вільні забілі нейкага «маскавіцяніна» Заблоцкага толькі за тое, што небарака быццам бы не зняў шапкі пры сустрэчы з гетманам. Заблоцкі быў добра вядомы вялікаму князю і каралю Стэфану Баторыю. Баторы абурыўся на гетмана за забойства свайго знаёмага і... два тыдні не прымаў гетмана. Калі Радзівіл атрымаў дазвол наведаць князя, ён публічна прасіў прабачэння за тое, што з прычыны н е к а т о р ы х абставінаў на працягу апошніх дзён не мог быць у князя. Аб забойстве Заблоцкага нават і не ўпаміналася. На тым справа была закрыта. Як бачым, нават кароль і вялікі князь Баторы быў бяссільным пакараць магната Радзівіла.

Не выконвалі многіх судовых пастановаў і феадалы. Калі вінаваты не выконваў пастановы суда, суд меў права звяртацца да вялікага князя, і князь аб’яўляў непаслухмянага злачынцу банітам, гэта азначала, выгнаннікам з дзяржавы з пазбаўленнем маёмасці, правоў і шляхецкай годнасці. Цэлыя кнігі таго часу спісаны баніцыйнымі лістамі, але наўрад хто з банітаў быў прымусова выгнаны з княства. Нейкі Самуіл Лашч рабіў наезды на шляхецкія маёнткі, забіваў людзей, абразаў ім насы, вушы, увогуле разбойнічаў. За злачынства суды выдалі на яго 236 баніцый, але Лашч так і не пакінуў межы Вялікага княства.

Значным недахопам судовай сістэмы Вялікага княства было тое, што не было надзейнага механізма, які забяспечваў бы выкананне судовых рашэнняў. У распараджэнні суда была службовая асоба – возны, які прызначаўся ваяводай і быў адказны за дастаўку позваў (павестак) асобам на суд, уводзіў ва ўладанне маёнткамі, землямі новых гаспадароў і г.д. Недатыкальнасць асобы вознага гарантавалася Статутам 1588 г.: за абразу вознага належаў штраф і 20-тыднёвае турэмнае зняволенне, за нанясенне яму ранаў ці забойства – смяротная кара.

Але на практыцы феадалы ні ў што ставілі асобу вознага, як і судовыя рашэнні, калі яны супярэчылі іх інтарэсам.

Абсалютная большасць насельніцтва Вялікага княства – простыя людзі: чэлядзь дворная, феадальна-залежныя сяляне зусім былі пазбаўлены праваздольнасці, іх лёсам поўнасцю распараджаліся іх уладальнікі-паны. У пастанове Варшаўскага сойма 1573 года гаварылася: «Духоўныя і свецкія ўладальнікі маюць права на поўнае падпарадкаванне і паслухмянасць сваіх падданых, а калі апошнія будуць ім супраціўляцца, то такія ўладальнікі могуць сваіх падданых... караць па свайму меркаванню...» (М.С.).

Заданне 2. Уважліва прачытайце тэкст. Коратка сфармулюйце асноўную думку кожнага абзаца. Напішыце анатацыю да тэксту. Выкарыстайце структурныя мадэлі, што прыводзяцца ў дужках у канцы тэксту.

Найбольш таленавітыя вучоныя адрозніваюцца шырокім кругаглядам і творчай ініцыятывай, маюць як сілу сінтэзу, так і пачуццё перспектывы, умеюць глядзець далёка ў будучыню. Гэта людзі вельмі вялікай працаздольнасці, моцнай волі, вялікага творчага подзвігу. Яны прынцыповыя аптымісты, вераць у сілу навуковага пазнання, здольныя не толькі марыць, але і дасягаць небывалага. Такіх людзей адносна мала, яны складаюць алмазны фонд чалавецтва.

Якія ж якасці павінен мець чалавек, які рыхтуе сябе да навукова-даследчай дзейнасці? Найперш неабходна самаахвярная, самаадданая любоў да навукі, да выбранай спецыяльнасці. Гэта любоў павінна быць палкай, бескарыслівай, здольнай на пераадоленне ўсялякіх цяжкасцей і перашкод.

Неабходна таксама ўпэўненасць у правільнасці выбранага шляху. Гэта нараджае мэтанакіраванасць, якая дазваляе даследчыку не толькі бачыць аддаленую перспектыву працы, але і дакладна планаваць асобныя яе этапы.

Абавязковай якасцю вучонага з’яўляецца чэснасць. Гутарка ідзе не толькі пра плагіяцтва – выкарыстанне і прысваенне сабе чужых прац, ідэй і фактаў. Амаральным з’яўляецца ўсякі неаб’ектыўны падыход да ацэнкі ўласных доследаў і назіранняў. Строгасць і аб’ектыўнасць у аналізе любых навуковых матэрыялаў і ў пабудове вывадаў з’яўляецца ўмовай, абавязковай для кожнага навуковага даследавання.

Навуковы работнік – і малады, і стары – павінен адрознівацца сціпласцю і самакрытычнасцю, паважаць думкі іншых. Адсутнасць гэтых якасцей параджае эгацэнтрызм, самаўлюбёнасць, пераацэнку сваіх магчымасцей.

Поспех у навуковай творчасці ў значнай ступені залежыць ад агульнай настроенасці чалавека. Аптымізм стымулюе волю, абвастрае ўспрыняцце і думку. Песімізм, наадварот, падаўляе эмоцыі, цягне не наперад, а назад. Вучоны павінен глядзець уперад, любіць жыццё, думаць перспектыўна, быць аптымістам.

I, нарэшце, адной з галоўных якасцей сапраўднага вучонага з’яўляецца працалюбівасць. Неабходна выпрацаваць у сабе цярпенне, вытрымку пры пастаноўцы любога навуковага эксперыменту, які звычайна патрабуе шматразовай праверкі, прыносіць няўдачы, часта звязаныя з недастатковым асваеннем методыкі.

Не супакойвацца на дасягнутым – гэты лозунг павінен быць галоўным у працы кожнага навукоўца.

(Скрябин, К.И. Моя жизнь в науке. – М.: Политиздат, 1969. – 463 с.)





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 880 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.009 с)...