Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Заданне 3. Аформіце цытаты (на аснове прапанаванага тэксту) рознымі спосабамі (як часткі сказаў, як цэлыя сказы; з указаннем і без указання аўтара і інш.)



Юрыдычны склад правапарушэння

Правапарушэнне мае месца толькі тады, калі ў наяўнасці маюцца ўсе элементы, з якіх яно складаецца. Сукупнасць элементаў правапарушэння, неабходных для прымянення мер юрыдычнай адказнасці, называецца юрыдычным саставам правапарушэння.

У юрыдычны састаў правапарушэння ўваходзяць суб’ект, аб’ект, суб’ектыўны бок і аб’ектыўны бок паводзінаў, якія не адпавядаюць нормам права.

Суб’ект правапарушэння – асоба, якая яго здзейсніла: грамадзянін ці арганізацыя. Калі суб’ектам з’яўляецца індывід, ён павінен быць правадзеездольным, а таксама дасягнуць узросту юрыдычнай адказнасці.

Аб’ект правапарушэння – сукупнасць грамадскіх адносінаў, на якія пасягае правапарушэнне. Гэта могуць быць адносіны, звязаныя з аховай жыцця і здароўя індывідаў, парадку кіравання ці грамадскай бяспекі.

Суб’ектыўны бок правапарушэння – сукупнасць прымет, якія характарызуюць адносіны суб’екта да ўчынка, які ён здзяйсняе, і яго наступстваў. Суб’ектыўны бок уключае мэту, матыў і віну.

Мэта – ідэальнае прадугадванне будучыні, таго выніку, які імкнецца дасягнуць суб’ект. Для некаторых відаў правапарушэнняў, такіх, як дзяржаўныя злачынствы, напрыклад, наяўнасць пэўнай мэты суб’екта правапарушэння з’яўляецца неабходнай.

Матыў – унутранае падахвочванне, якім кіруецца суб’ект правапарушэння. Матывы могуць быць рознымі: карыснымі, агрэсіўнымі і г. д.

Віна – псіхічныя адносіны асобы да свайго супрацьпраўнага дзеяння і яго наступстваў. У тэорыі праваадносінаў выдзяляюцца формы віны: намер і неасцярожнасць.

Намер – асоба ўсведамляе грамадска небяспечны характар сваіх дзеянняў, прадбачыць магчымасць наступлення шкодных вынікаў і жадае або дапускае іх наступленне. Намер можа быць прамым і ўскосным. Прамы намер – асоба жадае наступлення ўказаных у законе шкодных вынікаў. Ускосны намер – асоба не жадае, але дапускае наступленне шкодных вынікаў. У юрыдычнай літаратуры таксама можна сустрэць пункт гледжання, у адпаведнасці з якім выдзяляюць азначаны ці неазначаны намер, альтэрнатыўны ці факультатыўны намер. Дадзеныя класіфікацыі маюць не толькі навуковае значэнне, а і практычнае, паколькі ўплываюць на характар правапарушэння і могуць улічвацца пры вызначэнні пакарання.

Неасцярожнасць выражаецца ў дзвюх формах – злачыннай легкадумнасці і злачыннай нядбайнасці. Злачынная легкадумнасць – форма неасцярожнасці, пры якой суб’ект прадбачыць грамадска небяспечныя наступствы сваіх дзеянняў, але легкадумна разлічвае на іх прадухіленне. Напрыклад, індывід дзеля гарэзлівасці садзіцца за руль аўтамабіля і даганяе іншага чалавека. Той трапляе над машыну, таму што шафер не здолеў своечасова затармазіць.

Злачынная нядбайнасцъ – асоба не прадбачыць грамадска небяспечных наступстваў сваіх дзеянняў, хаця можа і павінна іх прадбачыць. Напрыклад, ізноў жа дзеля гарэзлівасці індывід выкідае праз адчыненае акно вазон з кветкай, што правакуе смерць выпадковага прахожага, бо ўпаў вазон яму на галаву. Мае месца неасцярожнае забойства з такой формай віны, як нядбайнасць.

Менавіта суб’ектыўны бок дазваляе адрозніваць правапарушэнне ад казусу (выпадку). Казус узнікае не ў сувязі з воляй і жаданнем асобы. Казус можа быць прыроднай з’явай (навадненне) ці вынікам уласных дзеянняў, якія чалавек не ўсведамляў ці магчымыя наступствы якіх не прадбачыў. Казус – гэта заўсёды невіноўнае прычыненне шкоды, хаця па некаторых фармальных прыметах ён падобны да правапарушэння.

Аб’ектыўны бок правапарушэння – сукупнасць прымет, якія характарызуюць яго знешні бок. Аб’ектыўны бок уключае дзеянне, шкоду і прычынную сувязь паміж дзеяннем і прычыненай шкодай.

Дзеянне – тыя паводзіны індывіда, якія і складаюць правапарушэнне. Дзеянне можа мець актыўную ці пасіўную формы. Гэта значыць, што яно можа здзяйсняцца ў форме дзеяння ці бяздзеяння. Злачынца здзяйсняе крадзеж маёмасці ці ўрач не аказвае дапамогу хвораму. Суб’ект правапарушэння здзяйсняе свае паводзіны ў канкрэтным месцы, часе і пры пэўных абставінах.

Шкода – тыя неспрыяльныя наступствы, якія вынікаюць з правапарушэння. У пэўных выпадках шкода можа быць вельмі лёгка выяўлена: тады, калі яна носіць маёмасны характар або заключаецца ў смерці чалавека ці выражаецца ў нанясенні яму цялесных калечанняў. Але нават тады, калі шкодныя наступствы нельга выразна акрэсліць, яны пры здзяйсненні правапарушэння існуюць заўсёды і маюць форму парушэнняў сацыяльных сувязяў, што склаліся ў грамадстве.

Прычынная сувязь: філасофія сцвярджае, што калі адна з’ява з непазбежнасцю і неабходнасцю цягне іншую, паміж імі існуе прычынна-выніковая сувязь. Дадзены элемент мае вельмі важнае значэнне для характарыстыкі правапарушэння. Неабходна, каб менавіта дадзенае дзеянне (бяздзеянне) з’яўлялася прычынай менавіта дадзеных шкодных вынікаў. У процілеглым выпадку немагчыма гаварыць аб здзяйсненні суб’ектам праваадносінаў паводзінаў, якія не адпавядаюць праву.

Такім чынам, склад правапарушэння – гэта сукупнасць утвараючых яго частак, элементаў, яго структура.

У тэорыі крымінальнага права выдзяляюць агульны склад, які ўключае прыметы, неабходныя для кожнага злачынства, і спецыяльны (відавы), што прадугледжвае тыя прыметы, якія вызначаюць толькі дадзены від правапарушэння (АТП).

▲ Крыж Ефрасінні Полацкай

Па заказе Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. быў зроблены напрастольны крыж для царквы святога Спаса. Крыж шасціканцовы. Ягоная форма сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён сусвет. Аснова крыжа – кіпарыснае дрэва, з якога выраблялі асабліва важныя культавыя рэчы. Рэліквія мае вышыню 51 см; а таўшчыню – 2,5 см. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, упрыгожаны выявамі евангелістаў, заснавальнікаў праваслаўя, святых Ефрасінні і яе бацькоў. Паводле задумы Ефрасінні, святыня павінна была вечна «жыватварыць» душы палачанаў і ўсіх насельнікаў роднае зямлі. Крыж спалучаў хрысціянскія каштоўнасці з патрыятычнымі ідэаламі. Ён адначасова быў сімвалам і святасці старажытнай Беларусі, і яе дзяржаўнасці.

Крыж Ефрасінні – яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі дробны надпіс паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, съделавъшему крьстъ сии цръквни святаго Спаса о Офросиньи». На пазалочаных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. У першай частцы тэксту паведамляецца кошт дарагіх металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў – мабыць, атрыманая майстрам плата. Гэта вялікія па тым часе грошы: прыкладна столькі плацілі за паўтары сотні лісіных шкур. Богша, у хрышчэнні Лазар, быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Другая частка тэксту змяшчае тыповы для таго часу тэкст праклёну, які забараняе любому чалавеку выносіць крыж з належнага яму месца.

У канцы 12 ст. рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе старажытны беларускі горад Смаленск, вялікі князь Васіль забраў крыж у Маскву. У час полацкай вайны святыню вярнулі на ранейшае месца. Палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы. У савецкі час Вацлаў Ластоўскі перавёз крыж у Мінск. У 1929 годзе ён трапіў у Магілёў, адкуль знік у 1941 годзе. Пошукамі крыжа ў розны час займаліся навукоўцы Адам Мальдзіс і Георг Штыхаў, журналіст Алесь Лукашук, дзеячы беларускай эміграцыі. Найбольш верагодна, што наша нацыянальная святыня знаходзіцца ў адным з музейных сховішчаў Расіі. У 1997 годзе беларускі мастак-ювелір Мікола Кузьміч завяршыў пяцігадовую працу над стварэннем вобразу Крыжа святой Ефрасінні (У. Арлоў, А.С.Майкровіч).

☼ Знамянальнай падзеяй для Беларусі ў 2007 годзе стаў візіт у нашу краіну прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбола (ФІФА) Йозэфа Блатэра. Сустрэча з ім адбылася ў Доме футбола, дзе прысутнічалі журналісты і юныя футбалісты з каманды «Суворавец» (клас з футбольнай спецыялізацыяй на базе мінскага сувораўскага вучылішча быў створаны ў 2006 годзе).

Паводле слоў спадара Блатэра, будучыня беларускага футбола аптымістычная, бо ў нашай краіне зрабілі вельмі важны крок для развіцця гульні – увялі ліміт на легіянераў:

– У гэтым напрамку ФІФА рухаецца два гады. Непакоіць, што ў складзе некаторых багатых еўрапейскіх каманд Англіі, Італіі, Германіі і г. д. наогул няма сваіх ігракоў (у лепшым выпадку 1-2). У вас жа ёсць абмежаванне колькасці іншаземцаў, таму вы выбралі правільны курс. У ідэале за сваю каманду павінны выступаць не легіянеры, а то атрымліваецца, што балельшчыкі нават не перажываюць за сваю каманду, бо ў ёй адны толькі іншаземцы.

Наконт увядзення відэапрагляду для вырашэння спрэчных момантаў падчас матча, як у хакеі, галоўны рулявы футбола паведаміў, што ставіцца да гэтага адмоўна. На яго думку, магчыма выкарыстаць прагляд эпізоду з лініі варотаў, каб высветліць, ці быў гол, але, калі суддзя стане глядзець гэта «кіно» і прыме нейкае рашэнне, балельшчыкі пацярпелай каманды ўсё роўна не пагодзяцца з ім і пакінуць стадыён. Дарэчы, вырашэнне такой праблемы сучаснага футбола, як дрэнныя паводзіны хуліганаў-фанатаў, прэзідэнт ФІФА бачыць толькі ў стварэнні па прыкладу Англіі сістэмы відэаназірання не толькі ўнутры стадыёна, але і на падыходах да арэны, каб выключыць выпадкі надзвычайных сітуацый.

Йозэф Блатэр заўважыў, што футбол – школа жыцця, якая заснавана на сумленнай барацьбе, дысцыпліне, павазе да сваіх таварышаў, трэнера, суддзі, сапернікаў, гледачоў. Сёння ў футбол гуляюць 260 мільёнаў чалавек.

Прэзідэнт ФІФА таксама адзначыў, што насілле не частка футбола, яно жыве ў грамадстве. У Бібліі было два браты, а не адзінаццаць чалавек, і футбола не існавала, але брат забіў брата. 207 федэрацый могуць дапамагчы чалавецтву пазбавіцца ад насілля і карупцыі, што даказаў мінулы чэмпіянат свету ў Германіі: месяц на планеце ўладарыў спакой (за выключэннем Ірака).

Напрыканцы свайго выступлення Йозэф Блатэр выказаў меркаванне адносна будучыні футбола, які не павінен губляць свае карані: заўжды застанецца дзве каманды па 11 чалавек, двое варотаў і адзін мячык. Акрамя таго, футбол возьме на сябе сацыяльную адказнасць, якую ён мае перад грамадствам («Звязда»).





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 596 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...