Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Жыццё ваенных у беларускіх фразеалагізмах



У сучаснай беларускай літаратурнай мове існуе шмат фразеалагізмаў, звязаных з маўленнем ваенных. Адны з іх запазычаны з рускай мовы: адпраўляць у штаб Духоніна (каго), баявое хрышчэнне, біць у набат, на ўзводзе. Іншыя з’яўляюцца паўкалькамі ці калькамі: з французскай мовы – браць на абардаж (каго, што), паліць свае караблі; з нямецкай мовы – складваць зброю і інш. Аднак большасць фразеалагізмаў, якія ўзніклі ў маўленні ваенных, па паходжанні агульныя для ўсходнеславянскіх моў (рускай, беларускай, украінскай): разведка боем, цяжкая артылерыя, выклікаць агонь на сябе, выбываць са строю, не з палахлівага дзесятка, у абозе, здаваць пазіцыі і інш. «Дакладную характарыстыку ў генетычным плане... выразы, магчыма, атрымаюць толькі з шырокім вывучэннем славянскай фразеалогіі ў гістарычным плане, калі будуць складзены гістарычныя слоўнікі фразеалагізмаў славянскіх моў. На сённяшнім жа этапе развіцця гістарычнай фразеалогіі і фразеаграфіі выкарыстанне тэрмінаў тыпу «агульны для ўсходнеславянскіх моў» больш правамернае, чым неаргументаваная кваліфікацыя пэўнага выразу як «уласна беларускага» ці «ўласна рускага» і г.д.» [3, с.6–7].

Некаторыя фразеалагізмы ўтвораны ў выніку пераасэнсавання тэрміналагічных словазлучэнняў, якія ў маўленні ваенных ужываліся ў сваім прамым значэнні: браць на мушку (каго, што) (‘засяроджваць увагу на кім-, чым-н., сачыць за кім-, чым-н.’); браць на ўзбраенне (што) (‘дзейсна выкарыстоўваць, прымяняць у сваёй практыцы, дзейнасці’); дымавая заслона (‘маскіроўка, наўмыснае адцягванне ўвагі ад чаго-н.’); камандаваць парадам (‘распараджацца, верхаводзіць, быць завадатарам, аказваць уплыў на ход чаго-н.’); міна запаволенага дзеяння (‘тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі’); падводзіць міну (пад каго, пад што) (‘цішком рабіць вялікую непрыемнасць каму-н.’); пачуццё локця (‘узаемная падтрымка’) і інш. Апошні выраз (пачуццё локця) з’яўляецца паўкалькай з рускай мовы. Ён сведчыць пра стэрэатып рускага салдата: яго ўменне падтрымліваць сінхроннасць руху і раўненне ў страі. Спецыфіка войн на тэрыторыі Расіі заключалася ў іх маштабнасці, у правядзенні асноўных баёў на раўніннай мясцовасці, дзе звычайна задзейнічана вялікая маса людзей і дзе ўменне трымаць строй, адчуваць локаць свайго суседа ў страі, аказваць калектыўны адпор ворагу цаніліся намнога больш, чым гераізм індывіда.

У выніку метафарызацыі свабодных словазлучэнняў склаліся наступныя выразы: браць на абардаж (каго, што) (‘рашуча дзейнічаць у адносінах да каго-, чаго-н.’). Слова абардаж абазначае ‘счэпліванне свайго судна з варожым для рукапашнай схваткі’; станавіцца ў строй (‘рабіцца дзеючым, працаздольным ці баяздольным’). Слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’; ціхай сапай (‘цішком, потайкам і паступова рабіць што-н.’). Усім вядома слова сапёр. У рускую мову яно прыйшло з французскай і мае значэнне ‘той, хто займаецца сапай’. А што такое сапа? Як пазначае Э.А.Вартаньян, у Італіі цаппа – жалязняк, рыдлёўка для земляных работ. Запазычанае з італьянскай мовы ў французскую, гэтае слова спачатку гучала як сап і мела значэнне ‘земляныя, акопныя і падкопныя работы’, а потым перайшло ў слова сапёр. Тэрмін сапа пранік і ў маўленне ваенных, дзе ціхая сапа азначала ‘работы, якія вядуцца з асаблівай асцярожнасцю, без шуму, у поўным сакрэце’. Калі ж гэты выраз шырока распаўсюдзіўся ў агульнаўжывальнай мове, ён набыў значэнне ‘цішком, употай і паступова рабіць што-н.’[2, с.268].

На аснове суадносных дзеяслоўных фразеалагізмаў (аддаць чэсць (каму), выбываць (выходзіць) са строю, ламаць (паламаць) коп’і (з-за каго, за што)) утвораны выразы адданне чэсці (‘вітанне каго-н. па-ваеннаму, з прыкладаннем рукі да галаўнога ўбору’), выхад са строю (чаго) (‘псаванне, паломка чаго-н.’), коп’і ломяцца (з-за каго, з-за чаго) (‘адбываюцца гарачыя спрэчкі, рашучая барацьба’) і пад.

Многія фразеалагізмы звязаны з даўнімі рэаліямі, гістарычнымі падзеямі і асобамі. Напрыклад, фразеалагізм біць у набат (‘настойліва звяртаць усеагульную ўвагу на што-н. небяспечнае, заклікаць на барацьбу з ім’). У маскоўска-рускіх войсках набатам называлі вялікі медны барабан, гук якога з’яўляўся сігналам трывогі. Пазней гэтым словам сталі называць і трывожнае гучанне спецыяльнага звона – набата. Гук гэтага звона, мерны, моцны, далёка разносіўся па акрузе, і людзі ведалі, што ім пагражае нейкая небяспека.

Пра старажытнасць расказвае і фразеалагізм ламаць (паламаць) коп’і (з-за каго, за што) (‘горача спрачацца, даказваць, змагаючыся за што-н., адстойваючы чые-н. інтарэсы’). Тады кап’ё (доўгая драўляная палка з металічным наканечнікам) было зброяй першай сутычкі. Уступаючы ў бой, воіны стараліся выбіць праціўніка з сядла, пры гэтым нярэдка ламалі коп’і.

Ва ўсіх славянскіх мовах, а таксама ў французскай, нямецкай і іншых з той жа вобразнасцю і граматычнай структурай, пры адпаведных лексічных эквівалентах, жыве фразеалагізм спаліць за сабой масты (‘рашуча парваць з мінулым, не мець магчымасці вярнуцца да яго’). Гісторыя войнаў і паходаў ведае нямала выпадкаў, калі, наступаючы і пераправіўшыся на другі бок ракі, палкаводцы спальвалі за сабой масты, каб паказаць салдатам, што назад дарогі адрэзаны і што наперадзе толькі рашучая і пераможная барацьба або смерць. Захавалася паданне, што менавіта так зрабіў Дзмітрый Данскі. Ноччу 8 верасня 1380 г. ён разбурыў пасля сябе ўсе пераправы праз Дон, каб воіны ведалі, што назад дарогі няма. Гэта надало мужнасці воінам, і на Куліковым полі яны канчаткова разбілі мангола-татарскую арду. Цяжкае іга перастала існаваць.

Пра падзеі больш блізкія да нас сведчыць выраз адпраўляць у штаб Духоніна (каго) (‘расстрэльваць’). Гэты выраз быў асабліва хадавым у гады грамадзянскай вайны і пасля. Генерал Духонін узначальваў у 1917 г. Вярхоўнае Галоўнакамандаванне рускай арміі і 20 лістапада 1917 г. на магілёўскім вакзале стаў адной з першых ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Выраз склаўся ў сувязі з гэтай падзеяй [3, с.34].

Як пазначае І.Я.Лепешаў, «свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы» [3, с.3]. (В.Маршэўская)

Літаратура

1. Вартаньян Э.А. Из жизни слов. – М.: Детгиз, 1963. – 319 с.

2. Лепешаў І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. – Мн.: БелЭн, 2004. – 448 с.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 676 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...