Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Асноўныя iдэi, тэорыi i канцэпцыі прасторавай арганізацыі грамадства



Арыгінальны напрамак у СЭГ стварыў І. Цюнен. Ён распрацаваў мадэль прасторавага размяшчэння сістэмы сельскай гаспадаркі вакол цэнтра спажывання (рынку) сельскагаспадарчых прадуктаў. Сутнасць мадэлі крыецца ў тым, што ў залежнасці ад рынку (цэнтра "iзаляванай дзяржавы") змяняецца спосаб выкарыстання зямлі і разам з ім – уся сiстэма вядзення сельскай гаспадаркі. І. Цюнэн матэматычна вырашыў задачу максімiзацыі доходу ў залежнасці ад выкарыстання зямлі пры змяненні адлегласці да цэнтра. Для iнфармацыі: у 1826 г. І. Цюнен надрукаваў кнiгу пад назвай "Ізаляваная дзяржава ў яе адносінах да сельскай гаспадаркі і нацыянальнай эканомікі. Даследаванне аб уплыве хлебных цэнаў, багацця глебы і падаткаў на земляробства" (скарочана "Ізаляваная дзяржава...").

У 1909 г. А. Вебер (Германія) выдаў шырока вядомую працу аб штандорце (размяшчэнні) прамысловасці, у якой адзначалася, што прамысловае прадпрыемства павінна iмкнуцца займець найбольш выгаднае месца адносна крыніц сыравiны і рынку рабочай сілы для забеспячэння найменшых выдаткаў прадпрымальнікамі. Пачатак жа вучэнню аб штандорце прамысловасці паклаў В. Лаўнхарт, які зыходзіў з палажэнняў класічнай палітычнай эканоміі і таму, як i І. Цюнен адносна сваёй мадэлі сельскай гаспадаркі, улiчваў толькі выдаткі вытворчасці, а не прыбытак. Заслуга А. Вебера крыецца ў наданні свайму вучэнню статуса састаўной часткі СЭГ, якую ён бачыў навукай аб тэарэтычным абгрунтаванні размяшчэння эканамічных працэсаў на пэўнай тэрыторыі.

Амаль адначасова ў Германіі і ЗША з’явілiся працы В. Крысталера і А. Лёша, якiя незалежна адзін ад аднаго распрацавалi тэорыю цэнтральных месцаў. Па В. Крысталеру, другасная сiстэма рассялення ўтвараецца шасцю першаснымі шасцiвугольнікамі па перыферыі i сёмым – у цэнтры. У сферы ўплыву кожнай вёскi павінны быць 7 пасяленняў, у сферы ўплыву кожнага пасёлка – 49 пасяленняў, у сферы ўплыву кожнага города – 343 пасяленні. Пры пабудове сваёй тэорыi
В. Крысталер узяў за аснову самыя маленькія адзінкі рассялення, якiя, на яго думку, размяркоўваюцца па тэрыторыі раўнамерна. B. Kpыcтaлep уводзіў у сваю тэарэтычную схему сур’ёзныя абмежаваннi. Яго абстрактная мадэль распрацавана для раёнаў з роўным рассяленнем без уліку ўздзеяння прыродных, сацыяльных i палітычных межаў. А. Лёш таксама будаваў сваю сістему з найпрасцейшых адзiнак рассялення, але яго зыходныя элементы распрацаваны больш дэталёва. Ён лiчыў, што транспартныя выдаткі растуць з павелічэннем адлегласці, а гэта вядзе да росту цэнаў і падзення попыту.

В. Крысталер і А. Лёш зрабiлі спробу знайсці закон узаемнага прасторавага размяшчэння населеных пунктаў, убачыць прыдатны для разлiкаў парадак у хаатычным, на першы погляд, размяшчэннi пасяленняў, што потым можна было выкарыстоўваць у праектаванні на тэрыторыях новага асваення. Яны вызначылі іерархію населеных пунктаў, сувязь паміж месцам населенага пункта ў іерархічнай сiстэме і яго функцыямі, упершыню пачалі вывучаць сферу абслугоўвання. В. Крысталер і А. Лёш будавалі сваё вучэнне на метадалагічнай базе экалагічнай школы, пачатак якой паклаў К. Заўэр (ЗША). А. Лёш выкарыстоўваў паняцце "культурны (эканамічны) краявiд", што з¢яўлялася вынікам яго антрапагеаграфічных поглядаў, а пошукі закона цэнтральных месцаў прывялі даследчыкаў, па сутнасці, да геапалiтычных вывадаў. І ўсе ж, на думку В. Бунге, калі б не было тэорыі цэнтральных месцаў, знікла б магчымасць упэўнена сцвярджаць аб існаванні тэарэтычнай геаграфiі як самастойнай галiны навукi.

Існуе нейкая цыклiчнасць падзей, якая ўздзейнічае на ўзнікненне, узмацненне або нівеліроўку геаграфічных кантрастаў. Змена гіста-рычных стадый звязана з распаўсюджваннем пэўных сацыяльна-эка-намічных працэсаў, што нараджаюць кардынальныя зрухі. Тэрытарыяльны напрамак такiх зрухаў ідзе ад цэнтра да перыферыі. Канцэпцыя " цэнтр – перыферыя" праяўляецца на трох узроўнях. На макраўзроўні назіраюцца працэсы iндустрыялізацыі і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. На мезаўзроўні – пераразмеркаванне паміж галiнамi вытворчай і невытворчай сферы. На мікраўзроўні – частыя новаўвядзенні ўнут-рыгаліновага значэння, якія змяняюцца праз пэўныя перыяды часу. Неадначасовасць, непаўсюднасць з’яўлення і распаўсюджвання ўcіx гэтых працэсаў стварае перадумовы для існавання прасторавай няроўнасці паміж цэнтрамі з¢яўлення зрухаў i перыферыяй, куды гэтыя зрухі перамяшчаюцца.

Стваральнік канцэпцыі "цэнтр – перыферыя" Дж. Фрыдман (ЗША) вылучыў чатыры стадыі тэрытарыяльных зрухаў: 1) даіндустрыяль-ную, калі тэрыторыя краіны адносна аднародная і ўяўляе сабою сiстэму лакальных ядраў з зонамі іх уздзеяння; 2) індустрыялiзацыю, калі найбольш дынамічнае ядро фарміруе вакол сябе палярызаваны раён, які становіцца галоўным ядром нацыянальнай тэрыторыі, абкружаным вялікай тэрыторыяй; З) развіццё рэгіянальных ядраў, калі ў шэрагу перыферыйных раёнаў ствараюцца ўмовы для больш актыўнага развіцця гэтых ядраў, калi ўзнікаюць новыя прамысловыя цэнтры і раёны; монацэнтрысцкая тэрыторыя паступова ператвараецца ў поліцэнтрысцкую; 4) мiжметрапалiтэнскую перыферыю – апошняя стадыя, калі знiжаецца ступень палярызацыі, адначасова з’яўляюцца буйныя індустрыяльна-урбаністычныя ўтварэннi з высокай шчыльнасцю гаспадарчай дзейнасці. Гэтыя палажэннi шмат у чым сугучныя з палажэннямі канцэпцыі палюсоў росту і палярызаванага развіцця Ф. Перу (Францыя), якая была распрацавана ў 50-х гадах ХХ ст.

Працэс фармiравання цэнтра і перыферыі ў межах буйных рэгiёнаў ідзе па той жа схеме, але ў розныя тэрміны. Цэнтральныя і асабліва сталічныя рэгіёны пастаянна імкнуцца да пэўнага сусветнага ўзроўню. У выніку розніца ў выніках i сродках дзейнасці паміж цэнтральнымi раёнамі зніжаецца, затое абвастраецца яна памiж цэнтрам i перыферыяй у асобных кpaінах. Радыкальныя новаўвядзенні маюць хвалепадобны pyx ад цэнтра да перыферыі. Гэтыя хвалі эканамічнага развіцця вызначаюцца трыма асноўнымі элементамі: 1) навукова-тэхнічным прагрэсам; 2) новымі формамі арганізацыі ў вытворчасці; З) геаграфічнымі зрухамі.

Канцэпцыя "доўгіх хваляў (цыклаў)" эканамічнага развiцця распрацавана ў 20-х гадах М. Кандрацьевым (СССР). Адпаведна гэтай канцэпцыi падчас "доўгіх хваль" колькасць і разнастайнасць прамысловых раёнаў павялічваецца, але самымі ўстойлівымі лідэрамі ў гаспадарцы і рассяленні з¢яўляюцца старэйшыя буйнагарадскiя адмi-нiстрацыйна-гандлёвыя і асабліва сталічныя цэнтры са шматфункцыянальнай гібкай структурай гаспадаркi і высокай доляй невытворчай сферы. Развiццё цэнтра ў рэшце рэшт суправаджаецца прагрэсам на перыферыі. Памiж цэнтрам i перыферыяй існуе не толькi колькасны, але і структурны разрыў. Ён звязаны з рознатэрміновым i хвалепадобным распаўсюджваннем у прасторы радыкальных новаўвя-дзенняў. Старыя функцыі выцiскаюцца за межы цэнтра, дзе яны змяняюцца новымі. Такiм чынам, дыстанцыя памiж цэнтрам і перыферыяй па-ранейшаму застаецца.

У заходняй СЭГ "хвалi" Кандрацьева адлюстраваны ў канцэпцыі дыфузii інавацый Т. Хёгерстранда (Швецыя). Навейшыя працы ў галіне культурнай антрапалогii, сацыялогiі сельскай мясцовасці, сацыяльнай псіхалогіі i геаграфiі паказалі, што дыфузiя iнавацый з’яў-ляецца складаным перапляценнем розных працэсаў і вынiкам мi-жасабовых адносiн, пераймання і навучання.

У амерыканскай, шведскай і часткова брытанскай геаграфii з’явiўся новы напрамак – вытворны ад тэорыі В. Крысталера і А. Лёша, якi атрымаў назвы "прасторавая экономіка", "прасторавы бі-хевіярызм", "сацыяльная фізіка". Яго прыхільнiкі шукалі законы прасторавага размяшчэння i ўзаемадзеяння розных сацыяльна-экана-мічных з¢яў у адпаведнасці з канцэпцыяй "экалогіі чалавека". У выніку з¢явілася правiла К. Зiпфа, вызначаны заканамернасцi геаграфiчнага распаўсюджвання новых ведаў, iнавацый, iдэй i iнш. Т. Хёгерстранд разглядаў геаграфiю гандлю на падставе заканамернасцяў прыцягнення да гандлёвых цэнтраў, Б. Беры (ЗША) на аснове паводзін пакупнікоў.

Ідэi "сацыяльнай фізiкi" найбольш распрацаваны ў работах Дж. Сцюарта і У. Уорнтца (ЗША). Яны будавалі гравітацыйныя мадэлі. Па аналогіі з узаемным прыцягненнем фізiчных цел i іншых прыцягненняў вылучаны "эканамiчныя масы", або "геамасы". Шырока выкарыстоўваецца патэнцыял поля рассялення (патэнцыял Сцюарта), які характарызуе ўзаемазалежнасць населеных пунктаў з-за колькасці насельніцтва ў іx.

Taкім чынам, у аснове прац па "сацыяльнай фізiцы" ляжыць імкненне дакладнага колькаснага вылiчэння асобных дэмаграфічных i эканамічных працэсаў у іx прасторавай праяве. Ужо таму нельга праводзіць паралелi паміж спробай прыстасаваць законы фізiкi да геаграфічных з¢яў і спробай знаходжання пэўных аналогій у жыццi бiялагiчных арганізмаў, як гэта рабіў, у прыватнасці, Ф. Ратцэль.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 371 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...