Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Уступнае тлумачэнне. Ацэнка ветру ў жыцці лесу



Ацэнка ветру ў жыцці лесу. Роля ветру ў жыцці лесу даволі шматгранная і складаная і ў залежнасці ад хуткасці яго можа быць як станоўчай, так і адмоўнай. Станоўчая роля ветру праяўляецца ў наступным: 1) павялічваецца транспірацыя; 2) павышаецца эфектыўнасць фотасінтэзу; 3) спрыяе распаўсюджванню спор, пылку, насення, пладоў; 4) пазбаўляе кроны дрэў ад снегавога покрыва. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што станоўчы ўплыў ветру назіраецца пры пэўных яго хуткасцях.

Павелічэнне хуткасці ветру звыш вызначанай прыводзіць да адваротных працэсаў.

Поруч са станоўчым вецер часта робіць шкодны ўплыў на лес: 1) пагаршае форму ствала (павялічвае яго збежыстасць, выклікае эксцэнтрычнасць); 2) прыводзіць да ўтварэння сцягападобнай кроны (пры працяглым уплыве ветру ў адным кірунку); 3) абломвае галінкі, сучкі, абрывае плады і лісце; 4) можа выклікаць паміжкроннае і ўнутрыкроннае абхвостванне дрэў; 5) зніжае вышыню дрэў і адпаведна іх прадукцыйнасць; 6) змяняе каранёвую сістэму дрэвавых парод; 7) выклікае ветравал (паваленыя ветрам дрэвы разам з каранямі); 8) выклікае буралом (злом часткі ствала на якой-небудзь вышыні); 9) засякае ігліцы маладых раслін пясчынкамі.

З хваёвых насаджэнняў у найбольшай ступені ветраўстойлівай з’яўляецца лістоўніца на глыбокіх добра дрэнажаваных глебах. Дуб, ільма, ясень, клён таксама ветраўстойлівыя, але яны могуць падвяргацца ветравалам пры моцных парывістых вятрах на ўчастках з неглыбокім заляганнем грунтавых вод і на мелкіх глебах. Сасна звычайна пашкоджваецца бураломамі, але ў сырых месцах росту яна таксама і ветравальная. Такім чынам, уплыў ветру на лес можа быць вельмі разнастайным.

Адваротны ўплыў лесу на вецер таксама даволі вялікі. Калі гарызантальны паток паветра сустракае на сваім шляху шчыльнае лясное ўзлессе, ён падымаецца над лесам і абцякае яго, а потым зні-жаецца і працягвае свой шлях з той жа хуткасцю. Пры гэтым лес значна змяняе хуткасць ветру з паветранага і заветранага боку: памяншае хуткасць ветру на адлегласці двайной вышыні дрэў ад сцяны лесу, а з заветранай – паслабляецца да адлегласці дзесяцікратнай вышыні насаджэння. Пры гэтым чым шчыльнейшы узлесак і большая вышыня дрэў, тым вышэйшая хуткасць ветру.

Лясная расліннасць, шурпатасць якой у 10–20 разоў большая за шурпатасць бязлесных прастораў, робіць моцны тармазны ўплыў на рух як ніжніх, так і вышэйразмешчаных слаёў паветра. У выніку чаго змяняецца структура паветранай плыні не толькі па гарызанталі, але і па вертыкалі.

Устаноўлена, што характар вертыкальнага профілю хуткасці паветранай плыні ў насаджэнні залежыць ад вышыні, паўнаты, самкнутасці дрэвастою і асаблівасцей будовы полага, звязаных з узроставымі адрозненнямі насаджэнняў. У 90-гадовым сасняку паўнатой 0,6 і самкнутасцю крон 0,5 для вертыкальнага профілю характэрна мінімальная хуткасць ветру на вышыні 0,5–0,6 Н і крыху павялічваецца на вышыні 0,1 Н. У больш самкнутых дрэвастоях 20- і 40-гадовага ўзросту (паўната 0,9) хуткасць ветру практычна не змяняецца да вышыні 0,8 Н, пасля чаго рэзка павялічваецца.

Уплыў лясоў на паветраны рэжым. Атмасфера – важны экалагічны фактар у жыцці лесу, таму што ўсе расліны бяруць з яе неабходныя для фотасінтэзу і дыхання вуглякіслы газ і кісларод. Сухое атмасфернае паветра каля паверхні Зямлі на 78,1% па аб’ёму складаецца з азоту, 21% – кіслароду, 0,9% – аргону і каля 0,03% – вуглякіслага газу. На долю вадароду, неону, азону, гелію, крыптону, ксенону, аміяку, ёду і іншых прыходзіцца каля 0,01%.

Атмасферны азот выдзяляецца з зямной кары ў выніку дзеяння мікраарганізмаў і мае невялікае значэнне ў жыцці дрэвавых раслін. Ён засвойваецца раслінамі часткова разам з ападкамі, а таксама праз клубяньковыя бактэрыі, якія паглынаюць азот з атмасферы. Наадварот, азот, які знаходзіцца ў глебе, з’яўляецца асноўнай крыніцай харчавання дрэў.

Кісларод атмасферы выкарыстоўваецца раслінамі ў працэсе дыхання, пры якім адбываецца біялагічнае акісленне арганічных рэчываў да вуглекіслаты і вады. Пры дыханні расліны спажываюць кісларод і выдзяляюць вуглекіслату. Адначасова расліны выпрацоўваюць кісларод у працэсе фотасінтэзу. Ён уваходзіць у склад бялкоў, тлушчаў і вугляводаў раслін, забяспячваючы іх нармальную жыццядзейнасць. Штогод 1 га сасновых лясоў выдзяляе 30 т, лісцевых – 16 т, сельскагаспадарчых культур – 3–10 т кіслароду.

Асноўныя крыніцы паступлення вуглекіслаты ў лясах наступныя: 1) з ляснога подсцілу ў выніку яго мінералізацыі; 2) з гумусавага гарызонта глебы ў выніку распаду арганічных рэчываў, жыццядзейнасці мікраарганізмаў і грыбоў; 3) у выніку дыхання каранёў; 4) у выніку дыхання раслін, жывёл і чалавека; 5) прыток з атмасферы (вулканічныя газы, прадукты спальвання гаручых выкапняў, лясных пажараў).

Канцэнтрацыя вуглекіслаты ў лесе змяняецца ў сувязі з нераўнамернасцю яе спажывання ў сутачным і гадавым цыклах (ноччу канцэнтрацыя СО2 павялічваецца, у сярэдзіне дня – мінімальная; мінімальнае змяшчэнне СО2 – летам, увосень – павялічваецца); у сувязі з колькасцю ападкаў і тэмпературай (пасля дажджу і ў цёплае надвор’е канцэнтрацыя рэзка павялічваецца), з вышынёй над паверхняй глебы (найбольшая колькасць вуглекіслаты знаходзіцца ў прыземным слоі да 1,5 м вышыні – 0,05–0,08%, найменшая – на ўзроўні крон).

У апошні час у сувязі з развіццём прамысловасці вакол індустрыяльных цэнтраў выкідваецца ў паветра вялікая колькасць газаў, дыму і пылу. Моцна забруджваецца атмасфера выхлапнымі газамі аўтамабільнага транспарту. Асабліва небяспечныя для раслін газы (сярністы, фторысты вадарод, хларыды, двухвокіс азоту, вокіс вугляроду, аміяк), а таксама свінец, ртуць і іншыя, якія выклікаюць апёк лісця і ігліцы, сухаверхавіннасць і зрэджанасць кроны, а затым і гібель дрэў. Шкоднымі з’яўляюцца таксама і цвёрдыя адыходы, якія трапляюць у глебу, павялічваюць яе кіслотнасць, збядняюць мікрафлору. Пыл, попел закупорваюць вусцейкі на лісці і ігліцы.

Лес затрымлівае пыл, асноўная маса якога асядае на ўзлесках. Колькасць аселага пылу залежыць ад саставу і структуры лесу і асаблівасцяў лісця. Шурпатае лісце вяза, ліпы затрымлівае пылу ў 6 разоў больш, чым гладкае лісце асіны і іншых дрэвавых парод. На адлегласці 100 м ад узлесся ў лесе вышынёй 20–25 м асядае да 65% пылу. На працягу года 1 га лясных насаджэнняў адфільтроўвае з атмасфернага паветра 20–70 т пылу.

Адносіны дрэвавых парод да ўздзеяння шкодных газаў неаднолькавыя. Іх па ступені газаўстойлівасці можна падзяліць на: 1) вельмі ўстойлівыя (елка калючая, туя заходняя, акацыя белая, клён ясенялісты і інш; 2) сярэдняй устойлівасці (ядловец звычайны, лістоўніца сібірская, аксаміт амурскі, бяроза пушыстая і павіслая, вяз звычайны, граб, дубы чарэшчаты і чырвоны, клён вастралісты і палявы, ліпа буйналістая, вольха чорная і інш; 3) няўстойлівыя – елка звычайная, піхты еўрапейская і каўказская, сасна звычайная, каштан конскі, рабіна звычайная, ясень звычайны [16].

Патрэбна памятаць, што адчувальнасць адной і той жа дрэвавай пароды да шкодных газаў неаднолькавая і залежыць ад віду газу, яго канцэнтрацыі, урадлівасці глебы, інтэнсіўнасці працэсаў фотасінтэзу і дыхання, агульнай наяўнасці вады ў лісці, узросту расліны, сезону года і стану дрэвавай пароды.

Лес выдзяляе ў навакольнае асяроддзе розныя злучэнні араматычнага шэрагу, а таксама фітанцыды, што станоўча ўплываюць на самаадчуванне і здароўе чалавека, гэта значыць, раслінныя біялагічна актыўныя лёткія рэчывы, якія падаўляюць шкодныя мікраарганізмы. Дзякуючы гэтаму ў лесе колькасць хваробатворных мікробаў у 100–130 разоў менш, чым у паветры горада.

Па ступені фітанцыднасці расліны падзяляюць на:1) вельмі моцнафітанцыдныя (дуб чарэшчаты, клён вастралісты; 2) моцна фітанцыдныя (бяроза звіслая і пушыстая, сасна звычайная, елка звычайная, асіна, ядловец); 3) сярэднефітанцыдныя (лістоўніца сібірская, ясень звычайны, ліпа драбналістая, вольха чорная, рабіна); 4) слабафітанцыдныя (вяз, брызгліна бародаўкавая); 5) найменш фітанцыдныя (бузіна чырвоная, крушына паслабляльная) [16].





Дата публикования: 2014-12-08; Прочитано: 316 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...