Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Геаграфічнае становішча Полацкага княства



Знакаміты водны шлях "з варагаў у грэкі" вызначыў высокі статус Полацка, Кіева і Ноўгарада як важных дзяржаўна-палітычных цэнтраў усходніх славян. Наўгародскае княства кантралявала гэты шлях з поўначы, Кіеўскае – з поўдня. Полацкае княжанне размяшчалася пасярэдзіне і стала цэнтрам барацьбы за першынства ва ўсходнеславянскім свеце і стварыла канкурэнцыю Кіеву ў справе аб'яднання зямель.

У 9-10 стст. на тэрыторыі ўсходніх славян склалася сістэма вялікіх і малых княстваў пад назвай "старажытнаруская дзяржава" з цэнтрам у Кіеве (т.зв. Кіеўская Русь). У ваенным і эканамічным плане яно было нетрывалым аб'яднаннем племянных саюзаў. Мэты яго стварэння:

1. Каб разам супрацьстаяць стэпавым вандроўнікам (хазары (казахі), полаўцы, печанегі).

2. Большасць князёў былі сваякамі і ў бітвах супраць ворагаў выступалі разам (полацкія, кіеўскія, наўгародскія, уладзімірскія).

3. Прыняцце хрысціянства на Кіеўскай Русі ў 988 годзе.

Такім чынам, гэта быў аморфны кангламерат этнасаў і пляменаў, якое нельга лічыць дзяржавай у сучасным сэнсе гэтага слова. Гэтую "Імперыю Рурыкавічаў" К.Маркс назваў "недарэчнай", "скараспелай".

Полацк быў заснаваны крывічамі і да апошняй трэці Х ст. не залежыў ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада. У другой палове Х ст. у Полацку княжыў Рагвалод, які прыйшоў "з-за мора". З'яўленне асобнага князя ў Полацку сведчыць калі не пра незалежнасць ад Кіева, дык пра ўзрастанне яго самастойнасці.

Адносіны Полацка з Кіевам былі складанымі і супярэчлівымі. У 70-х гг. Х ст. распачалася міжусобная барацьба за кіеўскі стол паміж Яраполкам Кіеўскім і Уладзімірам, які княжыў у Ноўгарадзе. Полацкае княства было дастойным супернікам Кіеву па багаццю і аўтарытэту. Каб жыць у згодзе з Полацкай дзяржавай, кіеўскі князь Яраполк і яго брат наўгародскі князь Уладзімір спрабавалі парадніцца з полацкім валадаром Рагвалодам. У 980 годзе засылалі сватоў да яго дачкі Рагнеды. Рагвалод даў згоду на шлюб сваёй дачкі Рагнеды з больш моцным кіеўскім князем Яраполкам. Наўгародскаму князю Уладзіміру было адмоўлена. Рагнеда адказала: "Не хачу разуць рабыніча". Згодна са старадаўнімі звычаямі, нявеста пасля вяселля павінна была ў знак пакорлівасці зняць абутак свайго жаніха. Адказ Рагнеды абразіў Уладзіміра, бо па сваім паходжанні ён сапраўды быў напалову рабынічам, бо нарадзіўся ад пазашлюбнай сувязі свайго князя-бацькі і ключніцы Малушы (прыслуга). Уладзімір адпомсціў полацкай княжацкай сям'і. "Крывавае вяселле" Уладзіміра з Рагнедай закончылася забойствам Рагвалода, яго 2 сыноў і далучэннем Полацкай зямлі да Кіева на непрацяглы час. Так Полацк быў уключаны ў склад Кіеўскай дзяржавы. Але ўжо ў 988 годзе пасля няўдалага замаху Рагнеды на Уладзіміра, кіеўскі князь вярнуў Рагнеду разам з сынам Ізяславам на Полаччыну. У далейшым Уладзімір падманам забіў свайго брата Яраполка і стаў вялікім кіеўскім князем.

Уладзімір увайшоў у гісторыю як Краснае Сонейка, або Уладзімір-Хрысціцель, таму што з яго імем звязана прыняцце на землях усходніх славян хрысціянства. Кіеўская Русь (старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян) пры ім дасягнула свайго найвышэйшага росквіту, было амаль завершана аб'яднанне ўсходнеславянскіх зямель.

Неўзабаве Ізяслаў Уладзіміравіч заняў полацкі пасад, чым аднавілася полацкая дынастыя і полацкая дзяржаўнасць. Падкрэсліваючы, што полацкія князі чужыя астатнім Рурыкавічам, летапісцы называлі іх "Рагвалодавымі ўнукамі", а астатнія рускія князі зваліся Яраславічамі.

З канца 10 ст. Полацк падпарадкуецца Кіеву. 70 год з 500 знаходзіцца пад уладай Кіева, а астатні час – самастойны. У канцы 10 ст. у Полацку замацавалася свая дынастыя – Рагвалодавічаў-Усяславічаў. Усе нашчадкі Рагнеды і Уладзіміра, якія княжылі ў Полацку, называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як усе астатнія "рускія" князі, а таксама не давалі сваім сынам імя Уладзімір.

Найбольшай магутнасці Полацкае княства дасягнула у XIІ ст. пры князях Брачыславе (1003-1044 гг.) і Усяславе Брачыслававічы (Чарадзей), унука Ізяслава (1029-1101 гг.). Сто гадоў бацька з сынам паспяхова кіравалі дзяржавай. У войнах з Кіевам і Ноўгарадам адстойвалі сваю незалежнасць і значна пашырылі межы дзяржавы.

Брачыслаў стаў першым дамагацца аб'яднання пад уладай Полацка крывіцкіх земляў. У 1021 годзе ён ажыццявіў паход на Наўгародскае княства, у выніку якога атрымаў стратэгічныя гарады Усвяты і Віцебск, неабходныя для ўмацавання пазіцый на шляху "з варагаў у грэкі". Пры Брачыславе ў ніжнім рэчышчы Дзвіны пабудаваны гарады Кукенойс і Герцыка (парты), зараз гэта тэрыторыя Латвіі. Праз іх Полацкае княства цалкам кантралявала гандлёвы шлях па Дзвіне да Балтыйскага мора, збірала даніну з балцкіх плямёнаў латгалаў і ліваў.

Яшчэ больш паслядоўна мацаваў самастойнасць Полацкага краю Ўсяслаў, празваны у народзе Чарадзеем.Чвэрць стагоддзя ён правёў у войнах: 1065 – паход Усяслава на Пскоў, 1066 – Ноўгарад, 1067 – зняў званы з наўгародскай Сафіі ў знак падначалення, за што кіеўскія Яраславічы адпомсцілі яму разбурэннем Менска і бітвай на Нямізе ў тым жа годзе. Пераможцы пасля гэтага падманам захапілі Усяслава ў палон і пасадзілі ў вязніцу ў Кіеве. Але ў 1068 годзе кіеўляне ўзнялі бунт супраць кіеўскага князя Ізяслава, вызвалілі Ўсяслава і абвясцілі яго кіеўскім князем. Калі ж Ізяслаў прыйшоў адбіраць кіеўскі пасад з польскім войскам, Усяслаў збег у Полацк, але потым вымушаны быў пакінуць і яго. Ён знайшоў прытулак у фінскіх плямёнаў і з іх дапамогай у 1071 годзе аднавіў сваё княжанне ў Полацку, але самастойнасць палачан была непарушнай.

Такім чынам, князь Усяслаў зведаў перамогі і паражэнні, захоплены падманам сядзеў у кіеўскай турме, быў вызвалены і запрошаны/ абвешчаны вялікім кіеўскім князем, але неўзабаве кінуў княжанне і вярнуўся на радзіму. Пра яго чытаем у "Слове пра паход Ігаравы":

Quot;Всеслав князь людеме суды судяше, князем грады рядеше, а сам в ночь волком рыскаше; из Киева дорыскавше, до кур, Тьмуторокани; великому Хорсови волком путь прерыскаше. Тому в Полотьсте позвонише заутреннюю рано у святые Софии, а он в Киеве звон слышаше".

Пры Ўсяславе Чарадзеі Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і росквіту. Полацкае княства стала буйной еўрапейскай дзяржавай і займала амаль палову тэрыторыі сучаснай Беларусі. На ўсходзе яно межавала са Смаленскім княствам, на поўдні – з Тураўскім, на захадзе – з Літвой, земгаламі і іншымі балцкімі і фінскімі плямёнамі, на поўначы – з Наўгародскай зямлёй. Уладанні полацкіх князёў распасціраліся далёка ўніз па Дзвіне і дасягалі ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Усяслаў пабудаваў Сафійскі сабор у Полацку, хоць сам доўгі час быў язычнікам. Пасля яго смерці закончылася цэлая эпоха ў развіцці беларускай дзяржаўнасці. Полацкая зямля была падзелена паміж шасцю сынамі і двума ўнукамі Ўсяслава на ўдзельныя княствы: Менскае, Друцкае, Усяслаўскае, Лагожскае, Віцебскае, Лукомльскае. Такі падзел на асобныя княствы быў гістарычна прадвызначаны: эпоха феадальнай раздробленасці не абмінула Беларусь. І хаця Полацк захаваў статус "стольнага горада", уплыў яго на іншыя ўдзелы слабеў.

Акрамя таго, палачанам па-ранейшаму прыходзілася змагацца з кіеўскімі князямі – Ўладзімірам Манамахам і яго сынам Мсціславам, а ў першай палове ХІІІ ст. з Лівонскім і Тэўтонскім ордэнамі. Кіеўскія князі неаднойчы нападалі на полацкія землі. Напрыклад, Уладзімір Манамах двойчы, у 1116 і 1119 годзе нападаў на Менск, пакуль не паланіў менскага князя Глеба Ўсяславіча. У 1129 годзе кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч пасадзіў у Полацку прадстаўніка сваёй дынастыі, а ўсіх полацкіх князёў выслаў у Візантыю. Але ў 1132 годзе полацкія князі зноў занялі Полацкі пасад. У другой палове 12 ст. на Полаччыне пачаліся міжусобіцы, і з гэтага часу Полацкая зямля знікае са старонак летапісаў. У сярэдзіне 13 ст. тут ужо княжыў літоўскі князь Таўцівіл, а ў 1307 годзе Полацкае княства ўвайшло ў склад ВКЛ, дзе мела аўтаномію. У знак прызнання асобнага становішча полацкая зямля мела сваіх князёў – пры Гедыміне тут уладарыў яго родны брат, а потым – сын, пры Альгердзе – старэйшы сын Андрэй. Гэта быў апошні полацкі князь, які загінуў у 1399 годзе ў бітве з татарамі пры Ворскле.

Полацкае княства было першай беларускай дзяржавай, якая мела сапраўдны суверэнітэт, само распараджалася сваім лёсам. На працягу 5 стагоддзяў яно захоўвала ўсе важнейшыя атрыбуты дзяржаўнасці, праводзіла самастойную ўнутраную і знешнюю палітыку.





Дата публикования: 2014-11-29; Прочитано: 696 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...