Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Всего: 62 ч



Пры вырашэнні разглядаемай задачы методыка працоўнага навучання абапіраецца на агульныя палажэнні дыдактыкі, на вопыт пазакласнай работы па іншых школьных прадметах. Разам з тым і тут методыка працоўнага навучання вырашае шэраг спецыфічных для сябе задач: адбор матэрыялу для праграмы таго ці іншага гуртка, вызначэнне крытэрыяў адбору аб’ектаў працы, развіццё канструявання і мадэліравання, вызначэнне шляхоў тэхналагічнай адукацыі ўдзельнікаў гурткоў і інш.

6. Распрацоўка і праверка на практыцы матэрыяльнай забяспечанасці вучэбнага працэсу па працоўнаму навучанню.

Вырашэнне гэтай задачы прадугледжвае наданне адпаведнай увагі аснашчэнню лабараторый, кабінетаў, майстэрняў, вучэбных цэхаў і ўчасткаў, забеспячэнню іх неабходным абсталяваннем, прыстасаваннямі, інструментамі і матэрыяламі. Толькі пры наяўнасці адпаведнай матэрыяльнай базы магчыма паспяховае правядзенне вучэбных і пазакласных заняткаў па тэхніцы і працы.


ПРИНЦИПЫ ТРУДОВОГО ОБУЧЕНИЯ (4 Ч)

Принципы трудового обучения: основоположные и дидактические. Дидактические принципы, их основные педагогические задачи и пути реализации в учебном процессе. Политехнический принцип, его сущность.

Змест і працэс навучання будуецца на аснове сістэмы вядучых ідэй, якія называюцца прынцыпамі навучання. Прынцыпы — гэта зыходныя палажэнні тэорыі навучання, якімі кіруецца настаўнік пры арганізацыі і правядзенні заняткаў. Прынцыпы вызначаюць сутнасць арганізацыі працэсу навучання. Яны маюць характар аб'ектыўных законаў. Для паспяховага ажыццяўлення вучэбнага працэсу прынцыпы павінны быць рэалізаваны настаўнікам.

Прынцыпы працоўнага навучання фармулююцца на аснове даных дыдактыкі, абагульнення перадавога педагагічнага вопыту, вынікаў навуковых даследаванняў і інш. Яны вынікаюць з сутнасці самога працэсу працы і законаў вышэйшай нервовай дзейнасці чалавека, што вызначаюць фізіялагічныя і псіхічныя працэсы, якiя праходзяць пры фарміраванні працоўных ведаў, уменняў і навыкаў.

Усе прынцыпы працоўнага навучання можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: асноватворныя і дыдактычныя. Да асноватворных можна аднесці політэхнічны прынцып, прынцып спалучэння навучання з прадукцыйнай працай і прынцып прафарыентацыйнай накіраванасці працоўнага навучання. Да дыдактычных прынцыпаў працоўнага навучання, якiя ўтвараюць адзіную сістэму, адносяцца: навуковасць, нагляднасць, сістэматычнасць і паслядоўнасць, свядомасць і актыўнасць, сувязь тэорыі з практыкай, трываласць засваення ведаў, уменняў і навыкаў, даступнасць, выхаваўчы характар навучання.

Усе дыдактычныя прынцыпы дзейнічаюць у цеснай сувязі адзін з другім. Кожны з іх раскрываецца і рэалізуецца праз правілы навучання — спосабы дзейнасці настаўніка па выкарыстанню прынцыпаў у канкрэтных умовах вучэбнага працэсу. Разгледзім іх паасобку.

Навуковасць навучання. Асноўная педагагічная задача — фарміраванне ў вучняў сістэмы навуковых ведаў аб вытворчасці. Вывучэнне тэхнікі і працы вядзецца на строгай навуковай аснове, вучням усіх класаў даюцца толькі навукова дакладныя, правераныя практыкай веды. Настаўнік адбірае навейшыя дасягненні навукі і тэхнiкi, перадавыя метады тэхналогіі, вопыт наватараў вытворчасці. Пры гэтым змест працоўнага навучання фарміруецца з улікам задач школы, пазнавальных магчымасцей і фізічных сіл вучняў, а таксама адведзенага на працоўнае навучанне часу.

Прынцып навуковасці патрабуе, каб на занятках па працоўнаму навучанню выкарыстоўваліся сучаснае і навейшае абсталяванне, рабочыя інструменты і прыстасаванні, вымяральная тэхніка. Вучні павінны знаёміцца з новымі матэрыяламі, вывучаць іх уласцівасці і спосабы прымянення.

У працэсе навучання неабходна карыстацца толькі навуковай тэрміналогіяй, сімваламі, формуламі, размернасцю. Ізлажэнне павінна весціся папулярна, але на строга навуковай аснове. Неабходна знаёміць вучняў з гісторыяй вывучаемай з'явы, метадамі яе адкрыцця і ўкаранення ў вытворчасць.

Прынцып рэалізуецца праз:

- падбор дакладных, устаноўленных у навуцы, тэхніцы і на вытворчасці, звестак аб прадметах, сродках, прыёмах і працэсах працы;

- аснашчэнне майстэрняў і кабінетаў у адпаведнасці з патрабаваннямі навуковай арганізацыі працы;

- выкарыстанне строга навукова-тэхнічнай тэрміналогіі ў навучанні;

- азнаямленне вучняў з тэндэнцыямі навукова-тэхнічнага прагрэсу (электрыфікацыяй, механізацыяй, аўтаматызацыяй, робатызацыяй і інш.);

- сістэматычнае выкарыстанне ў навучальным працэсе навукова-тэхнічнай літаратуры;

- вывучэнне навуковых асноў тэхнiкi і тэхналогіі.

Нагляднасць у навучанні. Асноўная педагагiчная задача — стварэнне ўмоў для развіцця зрокавай і слыхавой памяці, прасторавых уяўленняў вучняў. На занятках настаўнік шырока абапіраецца на пачуццёва-практычны вопыт школьнікаў, непасрэднае ўспрыманне імі вывучаемых прадметаў і працоўных працэсаў. Чым больш рознабаковае гэтае ўспрыманне, тым глыбей веды вучняў.

На занятках выкарыстоўваецца як знешняя нагляднасць (непасрэднае ўспрыманне ўзораў вывучаемых прадметаў), так і ўнутраная — апора на вопыт вучняў і раней праведзеныя назіранні. Настаўнік вучыць дзяцей успрымаць галоўнае, правільна спалучаць вобраз і слова. Славесныя сігналы (новыя тэрміны, назвы прадметаў) павінны быць падмацаваны пачуццёвымі сігналамі. Патрэбна не толькі гаварыць, але і дэманстраваць.

Шырока выкарыстоўваюцца наступныя віды нагляднасці:

- дэманстрацыя рэальных прадметаў, вопытаў і працоўных прыёмаў;

- паказ мадэляў і макетаў, што імітуюць натуральныя аб'екты;

- паказ відарысаў прадметаў і працэсаў, замалёўкі іх на дошцы;

- паказ дыя- і кінафільмаў, выкарыстанне тэлебачання і камп'ютэраў, графапраекцыі.

Пры адборы наглядных дапаможнікаў улічваецца, што паказ макетаў, мадэляў і ўмоўных адлюстраванняў часта бывае больш эфектыўным, чым паказ рэальных прадметаў. Яны звычайна маюць менш падрабязнасцей, што дазваляе лепш разгледзець асноўныя элементы. Неабходна кіраваць успрыманнем паказваемага вучням і звяртаць увагу на важнейшыя асаблівасці прадметаў. Нельга абцяжарваць урок колькасцю наглядных дапаможнiкаў Iх патрэбна столькі, колькі неабходна для дасягнення вучэбных мэт. Дэманстрацыі настаўнiк павінен праводзіць па меры неабходнасці, а не ўсе адразу.

Прынцып рэалізуецца праз:

- сістэматычнае выкарыстанне розных відаў нагляднасці;

- спалучэнне паказу з растлумачэннямі і гутаркамі;

- рацыянальнае спалучэнне рэальнай нагляднасці з умоўна-сімвалічнай (натуральныя аб'екты і схемы, чарцяжы, эскізы).

Свядомасць і актыўнасць вучняў у навучанні. Асноўная педагагічная задача — падахвочванне вучняў да самастойнасці і актыўнасці ў атрыманні ведаў, уменняў і навыкаў. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам настаўнiк так арганізоўвае навучанне, каб вучні мелі магчымасць свядома і актыўна авалодваць ведамі і метадамі выкарыстання іх на практыцы, працоўнымі ўменнямі і навыкамі. Пры гэтым настаўнікам раскрываюцца задачы працоўнага навучання і канкрэтныя мэты ўрокаў. Школьнікі вучацца самастойна планаваць сваю работу, вызначаць спосабы яе выканання, кантраляваць ход і вынікі працы, уносіць карэктывы. Дзеці навучаюцца творчай дзейнасці, рацыяналізацыі і канструяванню. Дзякуючы гэтаму, дзеянні вучняў не будуць толькі механічным паўтарэннем паказаных настаўнікам прыёмаў і спосабаў работы.

Неабходна навучыць школьнікаў уяўляць ўзор будучага выніку сваіх дзеянняў і магчымыя памылкі, пралікі. Наяўнасць узору дазволіць ім ажыццяўляць самакантроль і выпраўленне дапушчаных памылак. Настаўнiк патрабуе не толькі запамінаць тэрміны і азначэнні, але і асэнсоўваць іх, звязваць з канкрэтнымі працоўнымі працэсамі. Пры гэтым перад вучнямі ставяцца пазнавальныя задачы, выкарыстоўваецца праблемнае выкладанне матэрыялу. Настаўнiк сочыць за мовай вучняў, выпраўляе ўсе памылкі, вучыць дакладна і ясна выказваць свае думкі, правільна выкарыстоўваць тэрмiны.

Прынцып рэалізуецца праз:

- абавязковае вывучэнне тэарэтычных пытанняў на занятках, растлумачванне навуковых асноў практычнай дзейнасці, эфектыўных прыёмаў работы;

- пастаяннае планаванне працоўнага працэсу, складанне тэхналагічных і інструкцыйных карт;

- сістэматычнае рашэнне творчых тэхнічных задач з вытворчым зместам;

- самастойную работу вучняў з навукова-тэхнічнай літаратурай;

- навучанне канструяванню, арганізацыі і правядзенню эксперыментаў, выпрабаванняў і інш.;

- выкананне вучнямі арганізатарскіх функцый у майстэрнях.

Сістэматычнасць і паслядоўнасць у навучанні. Асноўная педагагічная задача — фарміраванне ў вучняў цэласнай сістэмы ведаў і ўменняў па асновах вытворчасці. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам настаўнiк выкладае вучэбны матэрыял у строгім парадку, які адпавядае логіцы навукі і працы, з апорай на раней засвоеныя веды. Дакладнае выкананне праграмы і сістэматычная работа з падручнікам садзейнічаюць засваенню школьнікамі ведаў у пэўнай сістэме. Вучэбны матэрыял вывучаецца ў адпаведнасці з тэхналагічнымі працэсамі і прынятай сістэмай працоўнага навучання. Тэхніка-тэхналагічныя звесткі паведамляюцца ў строгай паслядоўнасці, а веды і ўменні па новаму раздзелу абапіраюцца на раней атрыманыя па асновах навук і на ўжо асвоеныя раздзелы працоўнага навучання (тэхнікі, тэхналогіі).

Настаўнік улічвае ўзроўні пазнавальных магчымасцей вучняў. Улік забяспечваецца паступовым ускладненнем работ. Напрыклад, у 5-м класе вучні атрымліваюць простыя вырабы з фанеры, тонкай бляхі і дроту, якія ўтрымліваюць, як правіла, адну дэталь. У 6-м класе аб'екты працы ўскладняюцца, для іх вырабу ўжо выкарыстоўваюцца 2-3 віды матэрыялаў (напрыклад, бляха і дрот). У 7-м класе вырабы часцей складаюцца з некалькіх дэталяў. Вучні апрацоўваюць іх і выконваюць зборку. У кожным наступным класе дабаўляюцца ўсё новыя і новыя аперацыі. Так забяспечваецца сістэматычнае і паслядоўнае ўскладненне выконваемых вучнямі вучэбна-працоўных заданняў.

Прынцып рэалізуецца праз:

- рэгулярнае складанне каляндарна-тэматычнага плана правядзення заняткаў у адпаведнасці з праграмай;

- планаванне работы на кожныя наступныя заняткі з устанаўленнем сувязей з папярэднімі;

- выкладанне вучэбнага матэрыялу з улікам яго ўнутранай логікі (напрыклад, спачатку вывучаюцца ўласцівасці матэрыялаў, а затым — тэхналогіі іх апрацоўкі);

- сiстэматычнае выкарыстанне метадаў абагульнення вывучаемых матэрыялаў;

- сiстэматычнае выкарыстанне пераемнасці ў вывучэнні матэрыялу ад класа да класа.

Сувязь тэорыі з практыкай. Асноўная педагагічная задача —фарміраванне ўяўленняў аб практыцы як аб'екце прыкладання тэарэтычных ведаў. Настаўнік спалучае тэарэтычную падрыхтоўку вучняў з іх практычнай дзейнасцю. Вучні на практыцы пераконваюцца ў неабходнасці набыцця тэарэтычных ведаў як кіраўніцтва да практычнай дзейнасці. На практыцы веды канкрэтызуюцца, становяцца болыш жыццёвымі. У сваю чаргу набываемы жыццёвы вопыт вучняў дае ім канкрэтны матэрыял, які ў далейшым выкарыстоўваецца на ўроках.

Падрыхтоўка вучняў да практычнай дзейнасці пачынаецца з авалодання ведамі на тэарэтычных занятках, а затым працягваецца на лабараторна-практычных ці практычных, дзе яны пад кіраўніцтвам настаўніка правяраюць дакладнасць атрыманых ведаў, замацоўваюць і паглыбляюць іх, набываюць уменні выкарыстоўваць іх на практыцы.

Вучэбная і працоўная дзейнасці школьнікаў павінны быць цесна звязаны паміж сабой. Пры тлумачэнні новага матэрыялу, абапіраючыся на асабісты вопыт вучняў, настаўнік мае магчымасць прыводзіць прыклады з вобласці тэхнікі, тэхналогіі і працоўнай практыкі дзяцей. На практычных занятках усе выконваемыя школьнікамі дзеянні павінны абгрунтоўвацца тэарэтычнымі палажэннямі і заканамернасцямі. Выкананне працоўных заданняў настаўнік ажыццяўляе ў строгай тэхналагічнай паслядоўнасці. Тэарэтычныя палажэнні, што паведамляюцца, павiнны адпавядаць логіцы практычнай работы вучняў. Працоўныя ўменні і навыкі, атрыманыя без апоры на веды, толькі шляхам механічнага пераймання дзеянняў іншых людзей, будуць недасканалымі, пазбаўленымі гібкасці і трываласці. Варта, каб адбор практычных работ вучняў быў падпарадкаваны рашэнню выхаваўчых задач і павышэнню ўзроўню тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі вучняў.

Прынцып рэалізуецца праз:

- выкарыстанне на ўроках звестак з практычнага вопыту вучняў;

- навуковае абгрунтаванне і растлумачэнне працоўных дзеянняў і тэхналагічных працэсаў;

- рашэнне задач з вытворчым зместам;

- правядзенне экскурсій на прамысловыя прадпрыемствы і выкарыстанне іх матэрыялаў на ўроках;

- азнаямленне вучняў з работай наватараў, рацыяналізатараў і вынаходнікаў;

- выкарыстанне навуковай і даведачнай літаратуры пры падрыхтоўцы да заняткаў і пры выкананні практычных работ.

Трываласць засваення ведаў, уменняў і навыкаў. Асноўная педагагічная задача — стварэнне ўмоў для трывалага засваення і хуткага выкарыстання ведаў, уменняў і навыкаў. Настаўнік павінен растлумачыць, што ўсё набытае вучнямі ў школе патрэбна будзе ім не толькі для будучай працоўнай дзейнасці, але і зараз, для авалодвання новым матэрыялам. Без дастатковай вучэбнай базы не можа быць "росту" вучняў, руху іх наперад у вучобе і жыцці.

Трываласць засваення ведаў, уменняў і навыкаў дасягаецца ўсім ходам вучэбнага працэсу, але для лепшай рэалізацыі гэтага прынцыпу неабходна, каб вучні добра ведалі мэты вывучэння канкрэтнага матэрыялу і выканання працоўных заданняў.

Неабходна выкарыстоўваць рэгулярныя паўторы пры тлумачэнні. Яны патрэбны для папярэджання забыўчывасці матэрыялу, для аднаўлення ў памяці забытага, сістэматызацыі і паглыблення ведаў, уменняў і навыкаў. Настаўнік развівае памяць вучняў з дапамогай розных заданняў па завучванню тэрмінаў, правілаў, лічбавых даных і інш. Завучванне можа быць як механічным, так і асэнсаваным. Механічнае завучванне — шматразовае паўтарэнне матэрыялу. Часцей за ўсё так завучваюцца назвы інструментаў, матэрыялаў, імёны, даты і іíø. Асэнсаванае запамінанне будуецца на ўстанаўленні лагічных сувязей новага матэрыялу з ужо вядомым, назваў розных аб'ектаў з іх прызначэннем, уласцівасцямі, выкарыстаннем. Асэнсаванае запамінанне эфектыўней механічнага. Яно забяспечвае больш трывалае замацаванне вывучанага ў памяці вучняў пры меншых затратах часу.

Прынцып рэалізуецца праз:

- старанны адбор матэрыялу для засваення;

- паўтарэнне і замацаванне вывучанага;

- выкарыстанне трэніровачных практыкаванняў;

- выкарыстанне атрыманых ведаў у зменлівых абставінах;

- правядзенне заліковых і кантрольных (тэарэтычных і практычных) работ.

Даступнасць у навучанні. Асноўная педагагічная задача — арганізацыя працэсу навучання ў адпаведнасці з разумовымі і фізічнымі магчымасцямі вучняў. Даступнасць вызначаецца вышэйшай мяжой магчымасцей вучняў. Неабходна паступовае ўскладненне заданняў. Дзякуючы гэтаму, у школьнікаў развіваюцца фізічныя сілы і пазнавальныя магчымасці, пашыраюцца межы даступнасці ведаў і ўменняў.

Варта нарміраваць працу вучняў з улікам іх індывідуальных асаблівасцей, узросту і стану здароў'я, выключыць з выкарыстання вытворчасці, звязаныя са шкоднымі ўмовамі працы (хімічныя і гарачыя цэхі, праца з ядахімікатамі і інш.).

Неабходна вытрымліваць правільнасць чаргавання вучэбных і працоўных заняткаў. Апошнія мэтазгодна планаваць у канцы рабочага дня і тыдня. На ўроках патрэбна правільна размяркоўваць вучэбны матэрыял. Самы просты матэрыял можа аказацца недасягальным для вучняў, калі даць яго адразу і ў вялікай колькасці. Порцыя матэрыялу на наступным уроку можа быць некалькі большай, чым на папярэднім. Гэта трэба ўлічваць і пры падборы вырабаў. Неабходна іх паступова ўскладняць, дабаўляць новыя аперацыі ў тэхналагічны працэс, праводзіць кароткачасовыя падрыхтоўчыя практыкаванні па кожнай новай тэхналагічнай аперацыі.

Настаўніку неабходна ўлічваць цяжкасць працы і яе працягласць па часе, каб у школьнікаў не было стамлення. Працягласць працы для вучняў 16-18 гадоў не павінна быць большай за øýñöü гадзін у дзень, а да 16 гадоў — не болей чатырох. Дапушчальная вага пераносімага грузу для вучняў 16-18 гадоў не павiнна перавышаць: для юнакоў — 16,4 кг, для дзяўчынак— 10,2 кг. Для падлеткаў 15-16 гадоў дапускаемая вага грузаў павiнна быць зменшана ў 2 разы. Вучні ва ўзросце меней 15 гадоў да работ, звязаных з пераносам грузаў, не дапускаюцца наогул.

Неабходна дыферэнцыяцыя вучэбна-працоўных заданняў. Фізічна ці разумова слабейшым вучням пажадана даваць больш лёгкія заданні, якія могуць быць паспяхова выкананымі.

Прынцып рэалізуецца праз:

- падбор аб'ектаў працы ці работ, якія адпавядаюць узроставым, палавым і пазнавальным магчымасцям вучняў;

- нарміраванне працы з улікам фiзiчных магчымасцей вучняў;

- раздзяленне складаных тэхналагічных аперацый на больш простыя дзеянні;

- выкарыстанне станкоў, механізмаў і прыстасаванняў, спецыяльна сканструяваных для вучняў;

- стварэнне і выкарыстанне інструментаў, машын і прыбораў, разлічаных на работу пры паніжаным электрычным напружанні: 12, 36 ці 42 вольты;

- навучанне ад вядомага да невядомага, ад простага да складанага, ад лёгкага да цяжкага.

Выхаваўчы характар навучання. Асноўная педагагічная задача — стварэнне ўмоў для фарміравання ўсебакова і гарманічна развітай асобы, для падрыхтоўкі яе да жыцця і працы.

Працэс рашэння задач адукацыі і навучання школьнікаў павінен аказваць уплыў на іх выхаванне. Адначасова пры гэтым павiнна адбывацца развіццё разумовых і фiзiчных здольнасцей вучняў, развівацца іх пазнавальныя сілы, актыўнасць і самастойнасць. Выхаванне ў працэсе навучання ажыццяўляецца не стыхійна. Яго мэты, змест, накіраванасць і эфектыўнасць уздзеяння на вучняў залежаць ад многіх умоў: зместу працоўнага навучання, арганізацыі і методыкі яго правядзення, умоў працы, асобы настаўніка і інш. Патрэбна комплекснае рашэнне задач выхавання (маральнага, працоўнага, эстэтычнага і г.д.). Пры выкананні практычных работ павінна арганізоўвацца ўзаемадапамога вучняў і спаборніцтва за якасць і колькасць гатовай прадукцыі. Выкарыстанне розных форм арганізацыі працы дазваляе выхоўваць у школьнікаў розныя якасці асобы: калектывізм, таварыскую ўзаемадапамогу, адказнасць перад іншымі і г.д.

Прынцып рэалізуецца праз:

- выкарыстанне ў рабоце з вучнямі розных дырэктыўных дакументаў і навуковых распрацовак;

- дакладную пастаноўку задач па навучанню, выхаванню і развіццю на кожным уроку;

- выбар і выкарыстанне аптымальнай сукупнасці форм, метадаў і прыёмаў навучання, выхавання і развіцця вучняў;

- фарміраванне ў вучняў маральна-псіхалагічнай і практычнай гатоўнасці да любой працы, патрэбнай грамадству;

- выкарыстанне ў навучанні працоўных традыцый народа, прыкладаў з жыцця перадавікоў і наватараў вытворчасці;

- уключэнне вучняў у працоўную дзейнасць, якая спалучае творчыя і выканаўчыя кампаненты, разумовыя і фізічныя элементы;

- развіццё вынаходніцтва, рацыяналізатарства і доследніцтва;

- выкарыстанне розных форм арганiзацыi працы;

- фарміраванне ў вучняў актыўнай жыццёвай пазіцыі, пачуцця гаспадара вытворчасці.





Дата публикования: 2014-11-26; Прочитано: 623 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.012 с)...