Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Заданне 2. Прачытайце тэксты. Вызначце іх сістэму моўных сродкаў, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці, абгрунтуйце свае вывады



◊ ПРАВА, інстытут грамадскага жыцця, прызначаны для рэгулявання найбольш значных грамадскіх адносін, якія патрабуюць дзяржаўнай аховы. Побач з інш. сац. рэгулятарамі (мараль, звычаі, традыцыі, рэлігія, культура і інш.) П. накіравана на забеспячэнне развіцця і дзеяння ўсяго сац. арганізма ў адпаведнасці з эканам. законамі і аб’ектыўнымі патрэбамі грамадскага развіцця. Сутнасць П. вызначаецца характарам і ступенню выяўлення волі і інтарэсаў розных груп сацыяльна неаднароднага грамадства. У больш раннія перыяды развіцця грамадства (у антычнасці, пры феадалізме) П. адкрыта замацоўвала і ахоўвала класавыя і саслоўныя прывілеі. Па меры дасягнення пэўнага ўзроўню цывілізаванасці, развіцця грамадскіх структур і інстытутаў П. стала адлюстроўваць больш шырокі спектр сац. інтарэсаў і трансфармавацца ў сродак кампрамісу пры іх сутыкненні. У развітым прававым цывільным грамадстве П. у большай ступені дасягне ўзроўню збалансаванасці, гарманічнай стабільнасці інтарэсаў, патрэб сац. груп і асобы. П. як спецыфічны рэгулятар грамадскіх адносін валодае важнымі якаснымі ўласцівасцямі: агульназначнасцю (рэгулюе тыповыя грамадскія адносіны), нарматыўнасцю (выяўляецца ў нормах, правілах, паводзінах агульнага характару), абавязков а с ц ю (парушэнне прававых прадпісанняў цягне ўжыванне мер дзярж. характару). Матэрыялістычнае разуменне П. зыходзіць з прызнання абумоўленасці галоўных уласцівасцей прававой прыродай адпаведных матэрыяльных адносін, якія ў класавым і дзяржаўным арганізаваным грамадстве выклікаюць пэўную юрыд. форму, незалежна ад свядомасці заканадаўцы. П. не можа быць іншым, чым эканам. лад і абумоўленае і культурнае, паліт., маральнае развіццё грамадства. У адпаведных гіст. абставінах П. з’яўляецца своеасаблівым акумулятарам цывілізацыі і нясе значны прагрэсіўны патэнцыял. Сучаснае навуковае праваразуменне грунтуецца на прызнанні асобай значнасці сінтэзу розных пазіцый і кірункаў гіст. прававой думкі, акцэнтуе ўвагу на першасным прызначэнні П. – забеспячэнне і абарона свабоды чалавека, вызначэнне П. як формы і меры свабоды і роўнасці. Успрыманне П. звязваецца з усеагульнымі каштоўнасцямі чалавечай думкі і гіст. практыкі (агульначалавечыя прыярытэты, справядлівасць, гуманнасць, маральнасць і інш.). Менавіта гэтыя каштоўнасці павінны выступаць крытэрыем ацэнкі заканадаўчых актаў з пункта погляду іх адпаведнасці П. і прававым прынцыпам. Удасканаленне праваразумення, вызваленне яго ад застарэлых уяўленняў садзейнічае ўсталяванню вяршэнства прававога закона і развіццю прававой культуры грамадства. Гл. таксама Параўнальнае правазнаўства, Прававая дзяржава, Прававыя адносіны, Прававое рэгуляванне, Прынцыпы права (С.К.).

Паходжанне права, яго прыметы

Права ўзнікае натуральна-гістарычным шляхам у выніку тых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, што адбыліся ў грамадстве пасля трох буйных грамадскіх падзелаў працы.

Першы буйны падзел грамадскай працы – аддзяленне жывёлагадоўлі ад земляробства, другі – аддзяленне рамяства ад земляробства, трэці – адасабленне групы людзей, якія сталі займацца гандлем таварамі, – гандляроў. Непасрэдным следствам трох буйных падзелаў працы стала якасная маёмасная няроўнасць сярод людзей, сутнасць якой у тым, што пэўныя групы насельніцтва пачынаюць спецыялізавацца выключна (альбо пераважна) на нейкім адным відзе вытворчай дзейнасці, яны як бы «манапалізуюць» пэўную вытворчую дзейнасць, фарміруецца спецыялізацыя вытворчасці. 3 аднаго боку, спецыялізацыя садзейнічае значнаму павышэнню вытворчасці працы, а, з другога, натуральна прыводзіць да тавараабмену.

Прычым у выніку першага буйнога падзелу працы, што адбыўся паміж рознымі родамі і плямёнамі, складваецца рэгулярны міжродавы і міжпляменны тавараабмен. «В первой общине, – заўважае Арыстоцель, – т. е. в семье, не было явно никакой надобности в обмене; он сделался необходимым, когда общение стало обнимать уже большее количество членов. В самом деле, в первоначальной семье все было общим; разделившись, стали нуждаться во многом из того, что принадлежало другим, и неизбежно приходилось прибегать к взаимному обмену». Другі буйны падзел працы садзейнічае пранікненню сістэматычнага тавараабмену непасрэдна ў род і племя. Усё гэта непазбежна прыводзіць да колькаснай маёмаснай няроўнасці спачатку паміж родамі і плямёнамі, а пасля і ўнутры іх. Адбываецца пераразмеркаванне лішкавага прадукту на карысць найбольш уплывовых груп насельніцтва, асобных сем’яў, старэйшын, военачальнікаў, шаманаў, так званай «родавай арыстакратыі». Да таго ж рэгулярны тавараабмен лагічна прыводзіць да перамешвання насельніцтва, бо людзі перамяшчаюцца разам з таварамі. На месцы адносна замкнутай родавай, а затым і першабытнай суседскай абшчыны фарміруецца тэрытарыяльная абшчына.

Заканамерным вынікам азначаных працэсаў, якія доўжыліся тысячагоддзі, стала фарміраванне якасна новага грамадства ў параўнанні з першабытным грамадствам, заснаванага на рэгулярным тавараабмене, вядучая роля ў якім належыць таварна-грашовым адносінам і адносінам, што абумоўлены існаваннем тавараабмену і таварна-грашовых адносін.

Важным этапам у фарміраванні грамадства, заснаванага на рэгулярным тавараабмене, з’яўляецца перыяд так званай «прэстыжнай эканомікі». 3 развіццём індывідуальнай уласнасці і з’яўленнем лішкавага прадукту ў развіцці ўзаемаадносінаў паміж людзьмі, якія належалі пераважна да розных суседскіх абшчын, узнікае такая сацыяльная з’ява, як «абмен дарамі», ці, іншымі словамі, – «дараабмен». Пры гэтым дарыцель нічога не губляў, бо пры абмене дарамі дзейнічаў прынцып эквівалентнасці, так званая ўзаемнасць. Дарыцель набываў грамадскі прэстыж. Але больш важным з’яўляецца тое, што падчас існавання ва ўмовах прэстыжнай эканомікі людзі набылі навыкі абмену таварамі на прынцыпе эквівалентнасці. У іх свядомасці замацавалася разуменне таго, што тавары можна мяняць на суразмерных пачатках, пры гэтым яны навучыліся вымяраць эквівалентнасць тавараў.

I калі на самых першасных этапах прэстыжнай эканомікі абмен дарамі меў спарадычны, нерэгулярны характар, а людзі ажыццяўлялі дараабмен пераважна дзеля таго, каб набыць (ці атрымаць) грамадскі прэстыж, то з развіццём рэгулярнага тавараабмену перад грамадствам паўстала пытанне аб тым, як і з дапамогай якіх правілаў паводзін урэгуляваць новыя грамадскія адносіны, заснаваныя на тавараабмене, а таксама грамадскія адносіны, якія сфарміраваліся пад уздзеяннем таварна-грашовых адносін.

Існаваўшыя ва ўмовах першабытнага грамадства правілы паводзін – табу, міфы, аграрныя і жывёлагадоўчыя календары – не ў стане ўрэгуляваць узнікшыя ў выніку трох буйных грамадскіх падзелаў працы новыя грамадскія адносіны. Спатрэбіліся новыя віды нарматыўных рэгулятараў. Так узнікае права, а разам з ім адбываецца трансфармацыя ва ўсёй сістэме нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін.

Якія прыметы выдзяляюць права сярод іншых нарматыўных рэгулятараў і адрозніваюць яго ад правілаў паводзін, якія былі ўласцівы першабытнаму грамадству?

Па-першае, права ўзнікае ў выніку развіцця рэгулярнага тавараабмену і таварна-грашовых адносін. Можна сказаць, што таварна-грашовыя адносіны з’яўляюцца «родавай пупавінай» права. Першапачаткова права ўзнікае менавіта для рэгулявання таварна-грашовых адносін, для рэгулявання такіх адносін, зместам якіх з’яўляецца абмен нейкімі матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Затым права пачынае заканамерна пранікаць і ў іншыя сферы грамадскага жыцця і найперш выкарыстоўваецца для рэгулявання грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пад непасрэдным уплывам таварна-грашовых адносін.

Па-другое, права ўяўляе сістэму такіх правіл паводзін, «стрыжнем» якіх з’яўляецца эквівалент, г. зн., суразмернасць. 3 дапамогай разнастайных па змесце правіл паводзін, іх сістэмы ў таварна-грашовых адносінах, а таксама і ў іншых грамадскіх адносінах усталёўваецца суразмернасць пры абмене матэрыяльнымі каштоўнасцямі, пры кампенсацыі за згубленую маёмасць і г. д., і тым самым забяспечваецца раўнавага, стабільнасць, устойлівасць грамадскіх адносін. Апісанне аднаго з самых старажытных і прымітыўных правіл паводзін, з дапамогай якога забяспечвалася «кампенсацыя» за пэўную каштоўнасць, знаходзім у А.Г. Проста: «Если была убита собака, – піша А.Г. Прост, –то ее необходимо было повесить за хвост так, чтобы она касалась носом земли, и сыпать на нее пшеницу до тех пор, пока она не покроет собаку».

Па-трэцяе, права – гэта такая сістэма правіл паводзін, якая патрабуе абавязковай знешняй фіксацыі, знешняга выражэння, «матэрыялізацыі». Гэта патрэбна дзеля таго, каб аднастайна, «раз і назаўсёды» зафіксаваць у свядомасці людзей тыя суразмернасці, «эквіваленты», якія былі выпрацаваны для рэгулявання пэўных грамадскіх адносін, і надаць ім агульнаабавязковае значэнне, падкрэсліць іх непарушнасць. Прававыя нормы заўсёды фіксаваліся на «матэрыяльных носьбітах», якія былі найбольш зручнымі ва ўмовах існавання той ці іншай чалавечай супольнасці, – на папірусе, гліне, дрэве, камені і г. д.

У 1901 годзе французская археалагічная экспедыцыя, якая вяла раскопкі недалёка ад месца, дзе ў свой час знаходзіўся Старажытны Вавілон, знайшла базальтавы слуп, на якім былі запісаны клінапісам законы цара Хамурапі, выдадзеныя ў XVIIIст. да Н.Х. С.С. Аляксееў слушна падкрэслівае факт запісу законаў на базальтавым слупе і заўважае: «Это не только имело судебно-ритуальное (у столба совершалось правосудие) и не только напоминало всем о существовании законов, но и возвеличивало законы, поддерживало их нерушимость, возвышенность».

Пэўным выключэннем з адзначанай заканамернасці можна лічыць паведамленне Плутарха аб тым, што законы спартанскага цара Лікурга не былі пісанымі. Больш таго, Плутарх нават сцвярджае, што Лікург забараніў мець пісаныя законы, таму што, на думку Лікурга, усё тое, што сапраўды патрэбна для шчасця і маральнага ўдасканалення, павінна ўвайсці ў самыя норавы і лад жыцця, каб застацца ў іх назаўсёды, зжыцца з імі.

Па-чацвёртае, права – гэта такая сістэма правілаў паводзін, якая патрабуе абавязковай знешняй абароны з боку грамадства і яго афіцыйнага прадстаўніка – дзяржавы. Справа ў тым, што рэгулярны тавараабмен, які заснаваны на якаснай і колькаснай маёмаснай няроўнасці, заўсёды суправаджаецца барацьбой інтарэсаў пэўных уласнікаў адносна эквівалентнасці (суразмернасці) абменьваемых каштоўнасцяў. I натуральным выглядае працэс абмену, пры якім яго вынікамі не могуць быць задаволены ўсе ўласнікі абменьваемых каштоўнасцяў. У такім разе для захавання выпрацаванага грамадствам эквівалента (нормы ці нормаў паводзін, з дапамогай якіх рэгулююцца таварна-грашовыя адносіны і забяспечваецца неабходная эквівалентнасць) заканамерна патрабуецца знешняя прымусовая сіла. Такой сілай на самых ранніх этапах развіцця права маглі выступаць родавыя і пляменныя арганізацыі і органы кіравання, а з узнікненнем асобнай публічнай улады ў форме дзяржавы менавіта яна, з’яўляючыся адзіным афіцыйным прадстаўніком усяго грамадства, сканцэнтравала ў сваіх руках абарону права.

Па-пятае, права ўяўляе такую сістэму правіл паводзін, якія маюць прадстаўніча-абавязваючы характар. Гэта азначае, што яны надзяляюць нейкіх сацыяльных суб’ектаў правамі і адначасова ўскладваюць на іншых абавязкі. Пры рознасці ў маёмасным і сацыяльным становішчы людзей і супрацьлегласці інтарэсаў уласнікаў пэўных матэрыяльных каштоўнасцей, якімі яны абменьваюцца, у розных удзельнікаў абмену таварамі складваецца рознае фактычнае становішча, напрыклад, становішча гандляра і пакупніка. Урэгуляваць працэс перадачы нейкай матэрыяльнай каштоўнасці ад гандляра да пакупніка і працэс кампенсацыі на эквівалентных пачатках перададзенай каштоўнасці можна толькі шляхам надзялення гэтых удзельнікаў нейкімі правамі (прававымі магчымасцямі) і ўсклаўшы на іх нейкія абавязкі. Прычым у гандляра і пакупніка з неабходнасцю будуць розныя па зместу правы і абавязкі, але яны павінны быць узаемазвязаны такім чынам, каб кожны з удзельнікаў мог рэалізаваць свае правы праз абавязкі іншага (Сільч.).

Функцыі і ўласцівасці грошай

Грошы – гэта рэч, што ахвотна прымаецца ў якасці аплаты.

Каб тыя ці іншыя рэчы лічыліся грашыма, яныпавінны выконваць чатыры функцыі:

а) сродак абмену. Грошы спрошчваюць працэс абмену таварамі і паслугамі ў эканоміцы. Работнікі імкнуцца атрымліваць заработную плату грашыма, бо ведаюць, што грошы можна абмяняцьна любую рэч, якая ім неабходна.

Калі б не было грошай, то давялося б ажыццяўляць бартэрны абмен. Але бартэр магчымы толькі пры двухбаковым супадзенні жаданняў. Напрыклад, калі ў вас ёсць кураняты, а вы хочаце набыць чаравікі, вам неабходна знайсці кагосьці, хто мае чаравікі і хоча купіць куранятаў. Нязручнасць бартэру абмяжоўвае працэс абмену і перашкаджае эканамічнаму росту. Такую сітуацыю дакладна характарызуюць словы класічных эканамістаў, што часцей здарыцца жаданне супадзення, чым супадзенне жаданняў.

б) мера вартасці. Грошы – гэта мера вымярэння каштоўнасці самых розных рэчаў, створаных у эканоміцы. Так, барэль нафты, мужчынскі гарнітур, наведванне кінатэатра, дом ці набор мэблі можна вымераць адной агульнай велічынёю, якая дазваляе параўнаць іх і атрымаць сукупную велічыню іх вартасці.

Можна сказаць, што ёсць шмат рэчаў, якія не маюць цаны. Напрыклад, вы маеце памятны падарунак ад сваякоў або сяброў, які для вас вельмі каштоўны, але з пункту погляду эканамістаў ён можа нічога не каштаваць, бо эканаміст займаецца вызначэннем менавага кошту рэчы, а не вымярэннем яе эмацыйнага ўздзеяння на чалавека.

в) сродак зберажэння. Па розных прычынах людзі могуць адкладаць частку свайго даходу і зберагаць яго на будучыню. Лепш за ўсё рабіць грашовыя зберажэнні. Калі, напрыклад, чалавек робіць зберажэнні на старасць, то яму немагчыма адкласці ўсё неабходнае – ежу, адзенне, паліва; акрамя таго, яго патрэбы могуць змяняцца. А грошы дазволяць купіць усё, што яму неабходна.

У час інфляцыі вартасць грошай змяншаецца, і людзі могуць укладаць іх, напрыклад, у маёмасць. Кошт маёмасці, аднак, таксама можа змяняцца, да таго ж яе стан можа пагоршыцца, чаго не будзе з грашыма.

г) мера адтэрмінаванага плацяжу. Многія кантракты прадугледжваюць аплату ў будучыні, напрыклад, купля ў растэрміноўку, залогавыя крэдыты і доўгачасовыя будаўнічыя работы. Кожны кантракт, выкананне якога разлічана на пэўны тэрмін, было б вельмі цяжка рэалізаваць, калі б не было агульнай меры плацяжу. Будучыня ўяўляецца даволі невыразнай, але крэдыторы ведаюць, што яны атрымаюць грошы, якія задаволяць іх эканамічныя патрэбы, і таму даюць грошы ў крэдыт.

Інфляцыя адмоўна ўплывае на функцыі, якія выконваюць грошы, але не на ўсе функцыі аднолькава. Інфляцыя павінна расці вельмі імкліва, каб грошы сталі непрымальнымі ў якасці сродку абарачэння. Напрыклад, калі інфляцыяў Вялікабрытаніі была вышэйшая за 20 % у 1970-х гадах, уладальнікі крамаў зусім не адмаўляліся прымаць грошы. Нават ва ўмовах гіперінфляцыі 1923 г. у Нямеччыне грошы працягвалі выкарыстоўвацца.

Інфляцыя ўплывае на функцыю грошай як меру вартасці, бо з часам становіцца ўсё цяжэй супастаўляць розныя паказчыкі. Напрыклад, мы ведаем, што ВГП павялічыўся з 44,1 млрд. фунтаў у 1970 г. да 438 млрд. фунтаў у 1989 г., але наколькі гэта было рэальнае павелічэнне, а наколькі звязана з інфляцыяй? Тут патрэбны статыстычны прыём, каб дэфлявацьгэтыя паказчыкі і вызначыць аб'ём рэальнага і намінальнагазмяненняў. Фактычна, што датычыць паказчыкаў, якія тут прыведзены, адбылося намінальнае павелічэнне ВГП у дзевяць разоў, але пасля таго, як быў улічаны ўплыў інфляцыі, гэты паказчык павялічыўся ўсяго на 37 %.

Інфляцыя не спрыяе росту зберажэнняў, бо яна іх абясцэньвае. Гэта асабліва праяўляецца тады, калі рэальная працэнтная стаўка адмоўная; так было на працягу некалькіх гадоў у 1970-х. Аднак вынікам уплыву інфляцыі было тады павелічэнне зберажэнняў. Людзі пачалі адкладваць больш грошай, бо лічылі, што некалі ім спатрэбіцца больш рэальныхзапасаў. Інфляцыя змушае выкарыстоўваць іншыя спосабы зберагчы каштоўнасць сваіх сродкаў, напрыклад, куплю золата, маёмасці або нават твораў мастацтва. Каб людзі рабілі зберажэнні, дзяржава выпускае розныя каштоўныя паперы з цвёрдым працэнтам, напрыклад, аблігацыі.

Інфляцыя таксама ўплывае на функцыю грошай як сродку адтэрмінаванага плацяжу. Бізнесмены, напрыклад, баяцца даваць грошы ў крэдыт надоўга, калі яны бачаць, што вартасць грошай зніжаецца. Каб развязаць гэту праблему, у кантракт можа быць уключаны дадатковы пункт, які прадугледжвае ўлік тэмпаў інфляцыі. 3 другога боку, людзі імкнуцца браць больш крэдытаў, калі думаюць, што рэальныя выдаткі крэдыту зменшыць інфляцыя.

Інфляцыя ўплывае яшчэ на валютныя курсы. Высокая інфляцыя вядзе да таго, што нацыянальную валюту купляюць усё менш ахвотна, і гэта адмоўна адбіваецца на курсе яе абмену.

Такім чынам, грошы выконваюць чатыры функцыі, многія рэчы могуць выкарыстоўвацца ў якасці грошай. Якімі ж уласцівасцямі або характэрнымі рысамі павінны валодаць гэтыя рэчы, каб выконваць функцыю грошай?

а) прымальнасць. Самая важная ўласцівасць грошай тая, што іх ахвотна прымаюць у якасці аплаты;

б) даўгавечнасць. Грошы не павінны хутка рабіцца непрыдатнымі для выкарыстання. Гэта праблема датычыць больш папяровых грошай, чым манетаў. У сучасным грамадстве галоўная форма грошай – банкаўскія дэпазіты, якія нельга прывесці ў непрыдатнасць, бо гэта ўсяго толькі лічбы на паперы або на камп’ютэрным маніторы;

в) аднароднасць. Пажадана, каб грошы былі уніфікаваныя. Уявіце, напрыклад, што грашовая маса краіны складаецца з манетаў вартасцю 1 фунт, але ў адных манетах утрымліваецца 1 грам золата, а ў іншых – 2 грамы. Што тады зробіцца? Людзі пачнуць збіраць двухграмовыя манеты і будуць хутчэй траціць аднаграмовыя манеты. Так аб'ём грашовага абарачэння значна зменшыцца. Гэтым мы наглядна прадэманстравалі дзеянне закона Грэшэма, згодна з якім «дрэнныя грошы выцясняюць добрыя». Менавіта тое адбылося з многімі відамі таварных грошай;

г) падзельнасць. Яшчэ адзін недахоп таварных грошай той, што іх нельга падзяліць на меншыя адзінкі. Сучасныя банкноты і манеты дазваляюць нам разбіць любую суму грошай на больш дробныя сумы;

д) партатыўнасць. Недахопам таварных грошай з’яўляецца тое, што іх цяжка перавозіць. Сучасныя банкаўскія ўклады з дапамогай электронікі могуць быць пераведзеныя з аднаго месца ў любое іншае;

е) стабільнасць вартасці. Вельмі пажадана, каб грошы захоўвалі сваю вартасць. У мінулым гэта дасягалася тым, што вартасць грошай прывязвалася да вартасці якой-небудзь рэчы, і даволі ўстойлівай, напрыклад, золата. Адзін з найбольшых недахопаў сучаснай грашовай сістэмы той, што на яе можа ўплываць інфляцыя;

ж) непадробнасць. Калі грамадства карыстаецца грашыма, якія маюць толькі абменную вартасць і не маюць унутранай, то неабходна да мінімуму звесці магчымасці для падробкі грошай і падману людзей (Б.Дж.).

Кейнсаўская тэорыя грашовага попыту

Кейнс сцвярджаў, што існуе тры матывы захоўвання грошай: матыў ажыццяўлення здзелак (куплі і продажу), матыў прадбачлівасці і спекулятыўны матыў.

1. Матыў ажыццяўлення здзелак. Гэты матыў адпавядае погляду прыхільнікаў колькаснай тэорыі грошай. Людзі трымаюць наяўныя грошы і ўклады ў банках, каб проста рабіць свае штодзённыя справы – плаціць за газ, купляць бензін, гародніну і г. д. Аднак людзі атрымліваюць грошы раз у тыдзень ці ў месяц, а расходуюць іх кожны дзень (г. зн. атрыманне грошай і іх расходванне не супадаюць па часе) і таму павінны захоўваць частку свайго даходу ў грашах, а не ў менш ліквідных формах.

Што вызначае аб'ём попыту на грошы, патрэбных для здзелак? Кейнс думаў, што гэты паказчык залежыць ад узроўню грашовых даходаў. Сапраўды, гэта здараецца. Але попыт на грошы для ажыццяўлення здзелак можа змяншацца таксама пры павышэнні працэнтнай стаўкі.

2. Матыў прадбачлівасці. Людзі зберагаюць грошы на выпадак непрадбачаных абставінаў – паломка аўтамабіля, хвароба, вялікі рахунак на аплату электрычнасці і г.д. Можна дапусціць, што чым вышэйшы ўзровень даходу, тым большы аб'ём запасаў на выпадак непрадбачаных абставінаў. Гэта можна растлумачыць тым, што забяспечаным людзям трэба больш такіх зберажэнняў; калі, напрыклад, вы карыстаецеся некалькімі аўтамабілямі і ў вас вялікі дом, то непрадбачаныя расходы будуць большыя, а таму трэба больш грашовых запасаў. Але гэты матыў падобны на матыў ажыццяўлення здзелак, і таму вельмі часта іх змешваюць у адно цэлае.

3. Спекулятыўны матыў (маецца на ўвазе матыў атрымання прыбытку). Падкрэсліваючы ролю гэтага матыва, Кейнс разыходзіўся ў поглядах з прыхільнікамі колькаснай тэорыі грошай. Яныне лічылі, што людзі могуць зберагаць грошы для сябе, а не дляажыццяўлення здзелак. Аднак Кейнс сцвярджаў, што людзі могуць спекуляваць сваімі зберажэннямі, як і іншымі актывамі. Спекулятыўны попыт на грошы – гэта такі попыт, калі грошы захоўваюцца дзеля атрымання даходу ці для таго, каб пазбегнуць магчымых стратаў у выніку змянення працэнтных ставак і цэнаў фінансавых актываў. Кейнс дэманстраваў гэта на прыкладах захоўвання грошай у наяўных грашах і ў аблігацыях з фіксаваным даходам. Каб зразумець яго аргумент, трэба ведаць, што цана аблігацый і працэнтная стаўка – адваротна прапарцыянальныя велічыні. Уявіце, напрыклад, што аблігацыя з фіксаваным даходам прыносіць 5 % прыбытку за год. Калі рынкавая працэнтная стаўка – 10 %, цана гэтай аблігацыі будзе 50 фунтаў. Гэта таму, што працэнтная стаўка на аблігацыях павінна быць роўная той, якую ўкладчыкі могуць атрымаць, інвеставаўшы свае грошы куды-небудзь яшчэ. Калі рынкавая працэнтная стаўка ўпадзе да 2 1/2 %, цана той самай аблігацыі павялічыцца да 200 фунтаў.

Кейнс зыходзіў з таго, што ўкладчыкі маюць некаторае ўяуленне пра нармальную працэнтную стаўку. Калі пабежная працэнтная стаўка ніжэйшая за нармальную працэнтную стаўку, то людзі спекулююць трымаюць наяўныя грошы, чакаючы, што працэнтныя стаўкі павысяцца і, значыць, цана аблігацый упадзе. Адсюль вынікае, што чым ніжэйшыя будуць працэнтныя стаўкі, тым больш людзей будзе чакаць зніжэння цаны аблігацый і таму больш людзей будзе імкнуцца трымаць у сваім «партфелі актываў» наяўныя грошы, а не аблігацыі. Значыць, нізкія працэнтныя стаўкі спараджаюць высокі спекулятыўны попыт на грошы. Наадварот, калі працэнтная стаўка высокая, людзі купляюць аблігацыі, бо яны маюць нізкую цану і высокую даходнасць. Такія ўладальнікі аблігацый будуць таксама імкнуцца атрымаць даход, калі, як гэта чакалася, працэнтная стаўка ўпадзе, а цана аблігацый падымецца. Такім чынам, пры высокай працэнтнай стаўцы попыт на грошы нізкі (Б.Дж.).

☼ Вытокі зараджэння барацьбы – у глыбіні стагоддзяў. У Старажытнай Спарце была цэлая сістэма фізічнага выхавання моладзі, у якой вялікае месца займала барацьба. Гэты від спорту меў папулярнасць і ў Старажытнай Грэцыі, дзе быў уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў. З 708 г. да н. э. барацьба ўваходзіць у праграму алімпіяд як самастойны від спорту. Першапачаткова барацьба вялася звычайна на сілу, у абхват ці на паясах.

У кожнага народа былі і ёсць свае нацыянальныя віды барацьбы. Кожны з іх мае свае традыцыі і рытуалы, кожны шануецца прыхільнікамі. Напрыклад, у беларускай барацьбе «да крыжа» саперніка кідалі на спіну і разводзілі рукі ў бакі, у грузінскай «чыдаоба» для перамогі дастаткова кінуць барца на спіну, у азербайджанскай «гулеш» трэба прыціснуць саперніка лапаткамі да дывана, у якуцкай «хапсагай» барэц абавязаны захапіць любую частку цела праціўніка і кінуць яго цераз ногі.

Ужо ў ХІУ-ХУ стагоддзях у рускіх волатаў быў багаты арсенал прыёмаў барацьбы. Паядынак найчасцей завяршаўся кідком аднаго з партнёраў на зямлю. На народных гуляннях, святах, урачыстасцях барацьба карысталася вялікім поспехам. У барцоўскіх паядынках можна было праявіць сілу, адвагу, спрытнасць, кемлівасць. Адзінаборствы заўсёды прыцягвалі гледачоў, а пераможцы станавіліся любімцамі публікі.

Сёння крытэрыем спартыўнага майстэрства барца з’яўляецца яго тактыка-тэхнічная падрыхтаванасць. Любая спаборніцкая схватка ацэньваецца па колькасці і якасці тэхнічных дзеянняў, якія праводзяць з дапамогай розных спосабаў тактычнай падрыхтоўкі. Таму ўдасканаленню тэхнікі прыёмаў спартыўнай барацьбы і тактыкі адводзіцца значнае месца ў трэніровачных занятках спартсменаў, асабліва высокай кваліфікацыі.

Працэс першапачатковага навучання прадугледжвае вывучэнне ўсіх груп прыёмаў, абароны, контрпрыёмаў, пэўных камбінацый і ўзаемадзеянняў з тым, каб барцы маглі правесці любы прыём у стойцы і партэры.

Часта барцы і трэнеры надаюць мала ўвагі асновам тэхнікі, яе рацыянальнай структуры, намагаюцца адразу ўнесці свае карэктывы, адхіляючы шматгадовы практычны вопыт. Такі падыход неапраўданы. Перш за ўсё трэба навучыцца выконваць тэхнічнае дзеянне так, каб прыкладаць намаганні з большым эфектам пры найменшай затраце энергіі. Засвоіўшы ўжо адпрацаваную структуру прыёму, можна ўносіць змяненні, якія найбольш поўна адпавядаюць індывідуальным асаблівасцям барца.

З усёй разнастайнасці тэхнічных дзеянняў спартсмен выбірае тыя, якія адпавядаюць яго фізічным дадзеным. У залежнасці ад узроўню развіцця індывідуальных фізічных якасцей барэц вывучае і ўдасканальвае тое або іншае тэхнічнае дзеянне, а таксама спосаб тактычнай падрыхтоўкі. Калі ў спартсмена добра развіты мышцы спіны, яму мэтазгодна ўдасканальваць прыёмы, у якіх удзельнічае гэтая група мышцаў.

Хуткі барэц перамагае дзякуючы добрай рэакцыі, лягчэй засвойвае выклікі з наступным апярэджваннем праціўніка, моцны – больш паспяхова валодае сілавым ціскам з наступным выбарам спрыяльнага моманту для правядзення прыёму, вынослівы – можа працягла выконваць шматлікія рыўкі і падманныя рухі, каб выкарыстаць стамленне праціўніка для правядзення задуманых тэхнічных дзеянняў, праводзіць прыёмы ў канцы паядынку. Як правіла, выбар падае на найбольш эфектыўныя прыёмы, якія часта выконваюць у трэніровачных і спаборніцкіх схватках.

Спартсмен з вялікімі фізічнымі магчымасцямі, добрай каардынацыяй рухаў, вынослівы, спрытны, які ўмее ацэньваць пазіцыю, можа засвойваць не адзін-два прыёмы, а пяць-шэсць.

У далейшым адпрацоўваецца стыль барацьбы кожнага спартсмена з улікам яго індывідуальных асаблівасцей. У выніку адны барцы авалодваюць адным-двума прыёмамі, другія – бяруць на ўзбраенне тры і больш, мацнейшыя – выкарыстоўваюць на спаборніцтвах дзесяткі варыянтаў тэхнічных дзеянняў.

Устаноўлена залежнасць тактыка-тэхнічнай дзейнасці ад асаблівасцей нервовай сістэмы спартсмена. Так, у барцоў атакуючага стылю пераважаюць працэсы ўзбуджэння, і ў сувязі з гэтым яны праводзяць прыёмы, для якіх патрэбна вялікая сіла, навязваюць сваю манеру вядзення схваткі, умеюць бароцца ў шчыльным захопе. У барцоў камбінацыйнага стылю працэсы ўзбуджэння і тармажэння адносна ўраўнаважаныя, высокая рухомасць дазваляе ім хутка пераключацца з адных прыёмаў на другія. Яны валодаюць шырокім дыяпазонам спосабаў тактычнай падрыхтоўкі і некалькімі прыёмамі. Гэтую акалічнасць неабходна ўлічваць пры выбары і ўдасканаленні тэхнічных дзеянняў.

Адпрацоўваючы контратакуючыя дзеянні, трэба мець на ўвазе, што іх паспяховае выкананне залежыць ад прыёму, які праводзіцца. Найбольшая эфектыўнасць атакі дасягаецца пры выкананні кідкоў падварочваннем, падхопліваннем і задняй падножкай, сярэдняя – пры зачэпліванні галёнкай знутры і пярэдняй падножцы, малая – пры кідках падварочваннем з каленяў і з захопам ног. Прычым больш мэтазгодна праводзіць контратаку ад задняй падножкі ў заключнай частцы прыёму, пры кідку прагінаннем – у пачатковай. З дапамогай назіранняў можна ўстанавіць найбольш выгадныя сітуацыі для правядзення контрпрыёмаў ва ўсіх відах спартыўнай барацьбы.

У трэніровачным працэсе неабходна ўдасканальваць не толькі атакуючыя, абарончыя і контратакуючыя дзеянні, але і накіраваныя на разведку, аднаўленне сіл, утрыманне перавагі, дэманстрацыю актыўнасці, рэалізацыю і ліквідацыю небяспечнага становішча. Прычым трэба ажыццяўляць усе пералічаныя дзеянні ва ўмовах сітуацыі, якая хутка мяняецца, нарастання стамлення, таксама з рознымі па кваліфікацыі і фізічнымі дадзенымі сапернікамі.

У першую чаргу належыць асвойваць прыёмы і контрпрыёмы вядзення барацьбы ў тым становішчы, у якім спартсмен адчувае сябе больш упэўнена, гэта значыць, развіваць тэхніку на падставе яго моцных бакоў.

З кожным праціўнікам прыём выконваецца па-свойму, з пэўнымі адхіленнямі. Выкарыстоўваецца толькі аснова альбо спосаб тактычнай падрыхтоўкі, але таксама ў некалькі змененым варыянце. Напрыклад, звальванне збіваннем з зачэпліваннем нагі знутры многія барцы выконваюць у высокай стойцы. Уважліва назіраючы за іх дзеяннямі, можна было заўважыць, што гэты прыём не заўсёды атрымліваецца. Аказалася, што ўсё залежыць ад вагі спартсменаў. У сярэдніх і лёгкіх вагавых катэгорыях лягчэй вывесці праціўніка з раўнавагі. Больш цяжкія барцы не так хутка перамяшчаюцца, яны больш устойлівыя. Высветлілася, што для цяжкавагавікоў выкананне гэтага прыёму з нізкай стойкі больш эфектыўнае.

С. А. Прэабражэнскі ўказвае, што ў майстроў дывана трэба вучыцца заўсёды, але нельга іх капіраваць. Сляпое перайманне не прынясе поспеху.

Пажадана выбіраць такія тэхнічныя дзеянні, якія дазваляюць пашырыць магчымасці для правядзення тых прыёмаў, якія ўжо маюцца на ўзбраенні. Барэц выдатна валодае тэхнікай перавароту ў партэры, але ў яго арсенале няма эфектыўных дзеянняў для пераводу праціўніка ў партэр. Значыць, яму неабходна працаваць у гэтым напрамку.

З вопытам да барцоў прыйдзе ўменне абараняцца ад прыёмаў, якія часта прымяняюць на спаборніцтвах, і праводзіць іх будзе ўсё складаней і складаней. Тады трэба пераходзіць да ўдасканалення іншага прыёму, напрыклад, такога, пры якім абарона ад аднаго тэхнічнага дзеяння стварае спрыяльныя ўмовы для правядзення другога. Напрыклад, барэц спачатку захоплівае галаву саперніка левай рукой зверху. Праціўнік пачынае актыўна вызваляцца, ствараючы спрыяльныя ўмовы для імгненнага перахопу галавы правай рукой і выканання кідка паваротам. Калі партнёр не дае выканаць прыём паваротам, прыкладаючы максімум намаганняў, каб вызваліцца ад захопу, то трэба адпусціць яго. Сапернік, нечакана атрымаўшы свабоду, выпроствае тулава. Гэтага імгнення дастаткова, каб выканаць звальванне збіваннем з зачэпам нагі знутры. У выпадку няўдачы праводзяць іншыя тэхнічныя дзеянні з захопам ног.

У схватцы з барцом, які добра валодае кідком падварочваннем, праціўнік у мэтах абароны часта перамяшчаецца назад, даючы магчымасць правесці звальванне. Таму вывучэнне гэтай групы прыёмаў дазволіць праводзіць іх ва ўзаемадзеянні, значна ўзбагаціць тэхнічны арсенал спартсмена.

Удасканаленню тэхнікі служаць спецыяльныя практыкаванні з партнёрам і трэніровачным манекенам, прыёмы вучэбных і вучэбна-трэніровачных схватак з пэўным тактычным заданнем. Напрыклад, партнёр стварае спрыяльную сітуацыю, а барэц, ацэньваючы яе, прымае рашэнне і выконвае тэхнічнае дзеянне, якое найбольш падыходзіць у дадзенай сітуацыі.

У трэніроўцы трэба імкнуцца не да максімальнага павелічэння колькасці прыёмаў, а да ўдасканалення іх шляхам больш хуткага выканання, тактычнай падрыхтоўкі і г. д. (В. І., Я. К., В. М.).





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 2040 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.014 с)...