Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Паронімы. Гіпонімы



Паронімы – словы, блізкія паводле гучання, але розныя паводле значэння, якія маюць, як правіла, адзін корань і належаць да адной часціны мовы. Напрыклад, альянс (саюз, аб’яднанне на аснове дагаворных абавязацельстваў) – альяс (расліна алоэ); імігрант (перасяленец з якой-небудзь краіны) – эмігрант (чалавек, які перасяліўся са сваёй радзімы ў іншую краіну); інжынерны (факультэт, войскі) – інжынерскі (дыплом, абавязкі); канцэсія (дагавор аб перадачы замежнай фірме ў эксплуатацыю на пэўны тэрмін прыродных багаццяў, прадпрыемстваў і інш. гаспадарчых аб’ектаў, якія належаць дзяржаве) – канфесія (веравызнанне – 1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэлігійнага вучэння якой-небудзь царквы, 2) рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізацыйную структуру); камітэт (выбарны орган, які кіруе якой-небудзь работай) камітэнт (асоба, якая даручае камісіянеру заключыць якую-небудзь здзелку: куплю, продаж і інш.); трасат (асоба, абавязаная заплаціць па пераводным вэксалю) – трасант (асоба, якая выдае другой асобе пераводны вэксаль; вэксаледаўца); лакаўт (адна з форм барацьбы прадпрымальнікаў супраць рабочага класа ў заходніх краінах) – накаўт (стан баксёра ў час бою, калі ён пасля вельмі моцнага ўдару на працягу 10 секунд не можа падняцца і лічыцца пераможаным); спаборнасць (адзін з функцыянальных прынцыпаў, які вызначае працэсуальную дзейнасць суда з мэтай забеспячэння паўнаты фактычнага і доказнага матэрыялу, неабходнага для ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей справы, устанаўлення ісціны па справе) – спаборніцтвы (спартыўная сустрэча для выяўлення пераможцы).

Рода-відавыя адносіны лексічных адзінак называюцца гіпаніміяй. Тэрміны, што абазначаюць больш шырокае, родавае паняцце, называюцца гіперонімамі, а тэрміны, якія абазначаюць больш вузкае, відавое паняцце, – гіпонімамі.

Як заўважае Я.М.Сцепановіч, на рода-відавых адносінах пабудавана ўся біялагічная наменклатура, змест відавога паняцця шырэй родавага, а аб’ём вузей. Напрыклад, у заалогіі з сям’і кашачых тыгры, ільвы, пантэры, барсы, пума, ягуар, дамашні кот адносяцца да роду кошак сапраўдных, рысь – да роду рысяў, гепард – да роду гепардаў. Яшчэ прыклады гіпонімаў з эканомікі, права, спорту: банк – банк акцыянерны, банк узаемаашчадны, банк дзяржаўны, банк інавацыйны, банк іпатэчны, банк каптыўны, банк квазідзяржаўны, банк-каменеджэр, банк камерцыйны, Банк Сусветны, банк дамашні, банк цэнтральны; права – права аўтарскае, права на ўнясенне прапаноў, права на жыллё, права на матэрыяльнае забеспячэнне, права на спадчыну, права на адукацыю, права на аб’яднанне ў грамадскія саюзы, права на адпачынак, права на ахову здароўя, права на судовую абарону, права на працу, права на ўдзел у кіраванні дзяржаўнымі і грамадскімі справамі, права адклікання дэпутата, права падпісу, права поўнага гаспадарчага вядзення, права ўласнасці, права прытулку, права прыватнае, права экстэрытарыяльнасці; удар – удар вонкавым бокам пад’ёму, удар вонкавым бокам ступні, удар унутраным бокам пад’ёму, удар унутраным бокам ступні, удар галавой у скачку, удар здалёк, удар нізам, удар нажніцамі, удар ад варотаў, удар рэзаны, удар абарончы, удар па мячы, удар звыш блока, удар плоскі, удар па шайбе, удар з краю сеткі, удар з лёту, удар з нізкай перадачы, удар з месца, удар з адскоку, удар з паваротам, удар укарочаны, удар цераз сябе і інш.

Такім чынам, спецыяльная лексіка падпадае пад уплыў усіх тых лексіка-семантычных працэсаў, якія характэрны літаратурнай мове ў цэлым. Ёй уласціва мнагазначнасць, аманімія, сінанімія, варыянтнасць, антанімія і інш. Аднак усе гэтыя працэсы маюць свае асаблівасці, яны працякаюць у тых межах, якія не парушаюць семантычнай пэўнасці тэрміна.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 922 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.005 с)...