Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Мнагазначнасць і аманімія



Да гэтага часу адкрытым застаецца пытанне – ці валодае тэрмін уласцівасцю пазакантэкставасці, ці адназначнасці (прынцып незалежнасці тэрміна ад кантэксту ўпершыню ў мовазнаўстве быў прапанаваны Д.С.Лотэ). Большасць лінгвістаў (В.П.Даніленка, Н.З.Кацялова, Б.Н.Галавін, Т.А.Чаботнікава, В.С.Ахманава, І.С.Квітко і інш.), якія прызнаюць тэрміналогію часткай агульналітаратурнай мовы, лічаць, што мнагазначнасць з’яўляецца прыналежнасцю многіх паўназначных слоў беларускай мовы і пад полісеміяй у тэрміналогіі звычайна разумеюць «суаднесенасць аднаго тэрміна больш чым з адным паняццем у межах аднаго або некалькіх прылягаючых адно да аднаго тэрміналагічных палёў» [5, с. 45] і разглядаюць яе як «расслаенне значэнняў у залежнасці ад ужывання слова ў розных галінах ведаў» [6, с. 124] і розных сістэмах. Іншымі словамі, тэрміны набываюць новыя значэнні ў працэсе пастаяннага ўзаемадзеяння з агульнаўжывальнымі словамі (міжсістэмнаямнагазначнасць), а таксама ў працэсе ўзаемадзеяння ў межах пэўнай тэрмінасістэмы (унутрыгаліноваямнагазначнасць) і розных тэрмінасістэм (міжнавуковаямнагазначнасць).

У спецыяльнай лексіцы асабліва пашырана міжнавуковая мнагазначнасць. Напрыклад, гіра – пудовая гіра (метрал.), практыкаванні з гірамі і штангай (спорт), гіра насценнага гадзінніка (механ.); лідэр –лідэры парламенцкіх фракцый (паліт.), лідэр першага забегу (спорт), лідэр кільватэрнай калоны (ваен.); ін’екцыя – ін’екцыя пеніцыліну (медыц.), ін’екцыя сродкаў (эканом.); сесія – дэпутацкая сесія (паліт.), студэнцкая сесія (адукац.); спадчына – спадчына ад бацькоў (юрыд.), культурная спадчына А.Міцкевіча (лінгв.); экспедыцыя – экспедыцыя на адпраўку грузу (юрыд.), палярная экспедыцыя (геаграф.), карная экспедыцыя (ваен.); спад – спад тэмпу бегу (спорт), спад гары (геаграф.); барометр – паказчык стану рынку (эканом.), паказчык ціску (геаграф.); база – эканамічная база (эканом.), ваенна-марская база (ваен.)і інш.

Унутрыгаліновая мнагазначнасць – з’ява больш рэдкая, аднак істотная для многіх тэрмінасістэм. Напрыклад, дубль – 1) рэзервовая каманда, 2) выйгрыш першынства і Кубка ў адным сезоне адной камандай. Некалькі значэнняў маюць тэрміны патэнт, здзелка, вартасць, рахунак, экс-дывідэнд, ліквіднасць, квота, трэст, валюта і інш. (эканом.), напрыклад: валюта – 1) грашовая адзінка краіны, 2) тып грашовай сістэмы, 3) грошы замежных краін, якімі карыстаюцца ў міжнародных разліках; дыплом, дэкрэт, ордэр, экспедытар, судовы разбор, судовыя спрэчкі, хадайніцтва, даведка, паручыцельства і інш. (юрыд.), напрыклад: паручыцельства – 1) у грамадзянскім праве – спосаб забеспячэння выканання абавязкаў, 2) у крымінальным праве – адна з мер стрымання.

Некаторыя тэрміны развіваюць міжсістэмную і міжнавуковую або міжнавуковую і унутрыгаліновую мнагазначнасць адначасова. Напрыклад: удар 1) моцны рэзкі штуршок, сутыкненне з чым-н. у час руху (пад ударам ветру) // пра гром, выбух і інш. моцныя гукі (удар грому), 2) імклівы напад, атака (флангавы ўдар), 3) нечаканае гора, бяда, непрыемнасць (удар лёсу), 4) раптоўнае кровазліццё ў мозг (апаплексічны ўдар). Параўнаем таксама: кручаны ўдар – удар у спартыўнай гульні (у тэніс, валейбол), пры якім пасылаецца кручаны мяч; свабодны ўдар – у футболе ўдар, у час якога праціўнік не мае права нападаць, сонечны ўдар, цеплавы ўдар – у медыцыне.

Сярод лінгвістаў няма адназначнага вырашэння пытання, чым лічыць – амонімамі ці мнагазначнымі словамі – словы агульналітаратурнай мовы, якія ў пераносным значэнні функцыянуюць у якасці тэрмінаў. Многімі даследчыкамі яны разглядаюцца як міжсістэмныя амонімы. «Полісемія – факт аднаго поля, хаця ўнутры свайго поля тэрмін і імкнецца да адназначнасці. Тэрміны, якія аднолькава гучаць у розных палях, – амонімы» [17, с. 44].

Як адзначае Л.М.Мінакова, «слова з’яўляецца мнагазначным да таго часу, пакуль паміж яго семемамі захоўваецца сэнсавая сувязь, пакуль этымалагічны, граматычны аналізы дазваляюць устанавіць іх семантычны інварыянт... У адрозненне ад семантычных варыянтаў, якія выступаюць як роднасныя, цесна звязаныя паміж сабой лексемы, амонімы выступаюць як адзінкі, якія маюць абсалютна розныязначэнні і адна з другой не выводзяцца» [13, с. 116]. Напрыклад, храп – хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць і храп – прыбор для ўзяцця проб грунта; заступ – рыдлёўка, лапата і заступ – пры скачках ў даўжыню, калі наступаюць на лінію, ад якой пачынаецца замер даўжыні скачка (таксама заступ у варотную пляцоўку, заступ за сярэднюю лінію).

У тэрміналогіі часцей сустракаецца міжнавуковаяаманімія, напрыклад, вал – значны па працягласці і вышыні земляны насып, створаны для абарончых і гаспадарчых мэт (у старажытнасці будаваўся для абароны месца, мясцовасці ад непрыяцеля) і вал – агульны аб’ём прадукцыі, вырабленай за які-небудзь пэўны тэрмін, які выражаецца шляхам абазначэння яе кошту ў цэлым; корт – тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення і корт – пляцоўка для гульні ў тэніс; космас – сусвет (Сонечная сістэма, зоркі, міжзорнае асяроддзе, галактыкі, міжгалактычнае асяроддзе) і космас – расліна з галінастымі сцябламі, з кветкамі ў суквеццях-кошыках на доўгіх кветаносах; мультыплікатар – каэфіцыент, які характарызуе сувязь паміж павелічэннем (памяншэннем) інвестыцый і зменай велічыні даходу і мультыплікатар – фотакамера з некалькімі аб’ектывамі, якая дае адначасова многа здымкаў з аднаго і таго ж прадмета, а таксама прылада для размножвання копій.

У лінгвістычнай літаратуры існуе думка, што ўнутрыгаліновая аманімія – з’ява даволі рэдкая, і што «ў асноўным яна прадстаўлена аддзеяслоўнымі назоўнікамі, у якіх разам са значэннем дзеяння развілося значэнне прылады дзеяння» [12, с. 49]. Аднак, як відаць з наступных прыкладаў з біялогіі, унутрыгаліновая аманімія разнастайная: конік – птушка і конік – рыба; сякач – кабан і дарослы самец ластаногіх і сякач – насякомае; гладыш – грыб-дуплянка, млечнік і гладыш – расліна (гладыш прускі, шыракалісны) і гладыш – клоп (жоўты, звычайны); лось – грыб і лось – жывёла; цвыркун – насякомае і цвыркун – птушка; аўсянка – рыба сямейства карпавых і аўсянка – род пеўчых птушак атрада вераб’іных і інш.

Звяртаюць на сябе ўвагу і міжмоўныя амонімы (пры перакладзе на беларускую мову яны маюць зусім іншае значэнне), напрыклад, у рускай мове: язык (белорусский, польский, французский) ‘сукупнасць агульнапрынятых гукавых і лексікаграфічных сродкаў для выказвання думак і наладжвання сувязі паміж людзьмі’ – мова (беларуская, польская, французская). У беларускай мове слова язык ужываецца са значэннем ‘рухомы мышачны орган у ротавай поласці пазваночных жывёл і чалавека, які дапамагае захопліваць, перажоўваць, глытаць ежу, вызначаць яе смакавыя якасці’; пол (паркетный, земляной) ‘насціл у памяшканні, па якім ходзяць’ – падлога (паркетная, земляная). Слова пол у беларускай мове ўжываецца са значэннем ‘сукупнасць прыкмет, па якіх у раслін можна адрозніваць мужчынскія і жаночыя калівы’, а таксама са значэннем ‘палаткі, нары’.

Тэрміны могуць уступаць у складаныя полісемантычна-аманімічныя адносіны: адзін і той жа мнагазначны тэрмін выступае як амонім да сугучнага, таксама мнагазначнага, тэрміна, напрыклад: грыф – 1) у антычнай міфалогіі – крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва, 2) вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай; грыф – 1) доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны, 2) стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі; грыф – 1) штэмпель з узорам чыйго-небудзь афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля, 2) надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. У гэтым прыкладзе назіраецца міжнавуковая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія; грот – 1) шырока адкрытая пячора з невысокай зводчатай столяй, 2) пашырэнне пячоры пасля вузкага праходу, 3) ніша ў канцы ледніка, адкуль выцякаюць талыя воды і грот – ніжні парус на грот-мачце. У гэтым прыкладзе назіраецца ўнутрыгаліновая мнагазначнасць і міжнавуковая аманімія.

Часам межы паміж мнагазначным і аманімічным словам бываюць умоўнымі, аманімія з цяжкасцю паддаецца дакладнай класіфікацыі. У лексікаграфічных працах не заўсёды паслядоўна вытрымліваецца падача мнагазначнага слова (у адным слоўнікавым артыкуле пад рознымі нумарамі) і слоў-амонімаў (у розных слоўнікавых артыкулах). Як заўважае Л.М.Мінакова, «устанаўленне меж паміж полісеміяй і аманіміяй... залежыць не столькі ад моўнай рэальнасці, колькі ад аргументацыі вучоных-лінгвістаў» [13, с. 116].





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 3922 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...