Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Лексіка актыўнага і пасіўнага запасу



Змены, якія адбываюцца ў грамадска-палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах жыцця, адлюстроўваюцца ў лексіцы, мяняюць слоўнікавы склад мовы. Адны прадметы, з’явы, паняцці існуюць спрадвечна, і словы, якія іх называюць, актыўна выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы; другія – адміраюць, а з імі знікаюць і іх назвы; трэція – узнікаюць, і разам з’яўляюцца новыя словы для іх абазначэння. З улікам гэтага вылучаюцца дзве катэгорыі слоў: словы актыўнага ўжытку і словы, якія застаюцца ў пасіўным запасе.

Актыўную лексіку складаюць самыя ўжывальныя словы, значэнне якіх зразумела ўсім носьбітам мовы. Пераважна гэта стылістычна нейтральныя словы найбольш шырокага ўжывання, звязаныя з жыццём чалавека наогул. Найбольш часта сустракаюцца словы, якія абазначаюць асоб (чалавек, мужчына, дзіця мама, дзед і інш.), назвы асоб па прафесіі (доктар, рабочы, настаўнік і інш.), назвы адрэзкаў часу (дзень, год, вечар і інш.), назвы надвор’я (вецер, дождж, снег і інш.), ландшафту (балота, лес, поле, рака і інш.), назвы жылля, раслін і жывёл, назвы адзення, ежы, побыту, розныя віды дзейнасці чалавека і многае іншае.

Да пасіўнай лексікі адносяцца словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе моўных зносін людзей і маюць адценне ўстарэласці або навізны. Таму ўсю пасіўную лексіку можна падзяліць на два разрады: устарэлыя словы і неалагізмы.

Устарэлыя словы ў сваю чаргу падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта такія ўстарэлыя словы, якія з’яўляюцца назвамі тых паняццяў і прадметаў, што зніклі з рэчаіснасці (напр., войт, баярын, рэкрут, феадал, ваявода, бурлак, парабак, лёкай, гайдукі, маёнтак, шляхта, кальчуга, алебарда, мушкет, жупан, земства, эсэр і інш.). Архаізмы – гэта ўстарэлыя назвы прадметаў і з’яў, якія існуюць і ў наш час, але называюцца новымі словамі (напр., бортнік – пчаляр, лемантар – буквар, вакацыі – канікулы, чало – лоб, лік – твар, раць – войска, лілея – лілія, падлоўчы – ляснічы, модлы – малітва, бібліялогія – кнігазнаўства і інш.).

Устарэлыя словы выкарыстоўваюцца і як нейтральныя словы (у навуковых працах па гісторыі, этнаграфіі, археалогіі), і як стылістычны сродак у творах мастацкай літаратуры для перадачы каларыту адпаведнай эпохі.

Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) гэта словы, якія з’явіліся ў мове як назвы новых прадметаў ці з’яў рэчаіснасці і не страцілі адцення навізны (напр., кансэнсус, бартэр, брокер, лецішча, брыфінг, менталітэт, параза, вертыкальшчык, рэфлексія, маніторынг і інш.). Паколькі неалагізмы абазначаюць, як правіла, важныя для грамадства паняцці, прадметы, з’явы, яны хутка страчваюць адценне навізны, свежасці і становяцца спачатку словамі ў пэўнай ступені прафесіянальнымі, а затым і агульнаўжывальнымі. Так, новыя словы 60-80-х гадоў ХХ ст. сваёй разнастайнай тэматыкай звязаны з асваеннем космасу (касманаўт, касмадром, касмапорт, баракамера, касмалогія і інш.), з развіццём новых галін навукі (вірусалогія, геранталогія, мікраэлектроніка, наркалогія, псіхалінгвістыка і інш.), навукова-тэхнічнага прагрэсу (камп’ютэр, лазер, нейлон, ратапрынт, бойлер, батыскаф, электрамабіль і інш.), спорту (аўтаралі, біятлон, юніёр і інш.), медыцыны (алергія, стрэс, халестэрын, канцэраген і інш.) і г. д., сёння ўспрымаюцца як прывычныя, звычайныя. Усе яны знаходзяцца ў нарматыўным тлумачальным слоўніку і ўваходзяць у актыўны пласт лексікі. Пашырэнню неалагізмаў у мове садзейнічаюць сродкі масавай інфармацыі.

Ад неалагізмаў трэба адрозніваць наватворы асобных пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў. Такія выпадковыя наватворы называюць аказіяналізмамі (ад лац. occasio – выпадак) або індывідуальна-аўтарскімі (індывідуальна-стылістычнымі, кантэкстуальнымі) неалагізмамі. Напр.: небазор, вечнабыт, прасветач, нязгледны (Я.Купала); жаўтацвецень, светазор, шаўкарунны, вольнаплынны (Я.Колас) і інш. Аказіяналізмы ствараюцца з пэўнай стылістычнай мэтай і, як правіла, не выходзяць за межы мастацкага твора. Іх значэнне можна высветліць толькі ў кантэксце.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 1290 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...