Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі



У канцы 80-х – пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. Была створана пэўная заканадаўчая база, якая юрыдычна замацавла курс на адраджэнне нацыянальнай мовы. Былі прыняты законы «Аб мовах у Беларускай ССР», «Аб культуры», «Аб адукацыі», разгорнута сетка беларускіх нацыянальных школ. Была распрацавана дзяржаўная праграма, якая сведчыла пра тое, што пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. У новых праграмах значная роля адводзілася вывучэнню беларускай мовы. Рыхтуюцца новыя падручнікі, а праз некалькі год гэты курс становіцца абавязковым для вывучэння ў ВНУ. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. У «Закон аб мовах» і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь былі ўнесены праўкі, па якіх у якасці дзяржаўнай разам з беларускай названа і руская мова. Беларуская мова значна страціла свой нацыянальны прэстыж. Яна зноў стала выкарыстоўвацца пераважна ў сферах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, гуманітарнай навукі, адукацыі.

Сёння, гаворачы пра стан і перспектывы развіцця беларускай мовы, даследчыкі ўказваюць на сімвалічнае значэнне мовы, адзначаючы, што камунікатыўная роля ёй амаль не ўласціва. Н.Б.Мячкоўская зазначае, што «ў беларускай мове яе этнічная функцыя (быць нацыянальным сімвалам, кансалідаваць народ і адрозніваць яго ад іншых этнасаў) першынствуе над асноўнай (камунікатыўнай)». Яна выконвае важную сімвалічную функцыю, калі чалавек ведае, што ён беларус, што яго продкі жылі ў Беларусі, ён сам у пэўнай ступені валодае беларускай мовай, але ў рэальным жыцці можа ёю не карыстацца.

Гаворачы пра будучае беларускай мовы, неабходна разгледзець фактары, якія будуць уздзейнічаць на моўную сітуацыю.

Лінгвістычныя фактары:

1) генетычная блізкасць беларускай і рускай моў – дастатковая для добрага ўзаемаразумення паміж носьбітамі;

2) дыялекты беларускай мовы плаўна пераходзяць у дыялекты рускай, утвараючы дыялектны кантынуум;

Сацыялінгвістычныя фактары:

3) беларуская і руская мова традыцыйна лічацца асобнымі мовамі, нягледзячы на тое, што генетычна вельмі блізкія;

4) наяўнасць у беларускай мове кадыфікаванай нормы;

5) наяўнасць у беларускай мове традыцыйных дыялектаў;

6) малое распаўсюджанне агульнаразмоўнай формы;

7) даўняя і глыбокая русіфікацыя прыводзіць да таго, што людзей, якія карыстаюцца рускай мовай, больш;

8) руская мова для асноўнай масы насельніцтва больш прэстыжная;

9) наяўнасць істотных адрозненняў у выкарыстанні моў паміж буйнымі гарадамі, дробнымі гарадамі і вёскамі прыводзіць да замацавання за беларускай мовай статуса «мова вёскі».

10) Наяўнасць масавага двухмоўя і блізкасці моў прыводзіць да значнай інтэрферэнцыі і нават да ўтварэння змешаных формаў маўлення;

Экстралінгвістычныя фактары:

11) блізкасць беларускай культуры да рускай;

12) беларусы, нягледзячы на блізкасць з рускім народам, лічаць сябе асобным этнасам;

13) сімвалічнае значэнне беларускай мовы большае, чым камунікатыўнае;

14) цесныя сувязі з Расіяй (эканамічныя і палітычныя);

15) адсутнасць бесперапыннай пісьмовай традыцыі (нормы беларускай мовы пачалі складвацца ў XX ст.);

16) парадаксальная моўная палітыка дзяржавы ў адносінах да беларускай мовы: з аднаго боку, выцясненне яе са сфер ужывання, з другога боку – падтрымка (фінансаванне адукацыі, культуры);

17) наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў;

18) неканкурэнтаздольнасць беларускіх СМІ і літаратуры.

З пералічаных фактараў толькі 3, 4, 5, 12 маюць станоўчае значэнне для лёсу беларускай мовы. Таму на сённяшні дзень праблема захавання нацыянальнай мовы беларусаў вельмі актуальная, наша мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Рэальна беларуская мова як сродак камунікацыі жыве ў вёсках у выглядзе гаворак і ў колах творчай інтэлігенцыі, якая імкнецца зберагчы нацыянальны скарб для нашчадкаў.





Дата публикования: 2014-11-04; Прочитано: 1368 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.008 с)...