Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Рэвалюцыя 1905-1907 гг. Пачатак парламентарызму



У 1905 г. у Расіі адбылася буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Яе выклікала абвастрэнне супярэчнасцей памiж самаўладдзем i грамадствам, памешчыкамi i сялянамi, буржуазiяй i пралетарыятам, царызмам i народамi нацыянальных ускраiн; няўдалы ход i вынiкi для Расii вайны з Японiяй.

Пачаткам рэвалюцыi паслужыла «Крывавая нядзеля» – расстрэл 9 студзеня 1905 г. мiрнай манiфестацыi працоўных Пецярбурга, якiя ішлi да цара з просьбай аб паляпшэнні іх становішча. У выніку ад салдацкіх куль загінула больш 1000 чал. У адказ абураныя рабочыя i прагрэсiўная iнтэлiгенцыя ў той жа дзень выйшлi на вулiцы сталiцы пад лозунгамi «Далоў самаўладдзе!». Акцыi салідарнасці пракацiлiся па ўсёй краiне. У іх удзельнічала каля 440 тыс. На Беларусі найбольш актыўна выступілі працоўныя Мінска, Гомеля, Брэста, Смаргонi, Мазыра, Полацка, Слонiма і інш. Арганiзатарамi выступленняў былi партыйныя камiтэты Бунда, РСДРП і ПС-Р.

Чарговай падставай для рэвалюцыйнага ўздыму зрабілася святкаванне 1 мая. Дэманстрацыi, маёўкi, сходкi праходзiлi пад лозунгамi «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспублiка!». У Пінску і Віцебску адбыліся сутыкненні дэманстрантаў з паліцыяй.

Пад уздзеяннем рэвалюцыйных падзей сяляне прадпрымалі спробы дамагчыся паляпшэння свайго становiшча. У асноўным іх выступленні ўяўлялі сабой патравы панскіх лугоў, парубкi лесу, зрэдку – падпалы i разгромы маёнткаў. Забастовачны рух сельскіх пралетарыяў адбываўся пад уплывам агiтацыi арганiзацый РСДРП.

6 жнiўня 1905 г. Мікалай ІІ ў адказ на патрабаванні рэформ падпісаў распрацаванае міністрам унутраных спраў Булыгiным «Палажэнне аб выбарах у законадарадчую Дзяржаўную думу». Але ў выніку абвешчанага «левымі» партыямі выбары ў яе так і не адбыліся.

У кастрычнiку пачалася ўсерасiйская стачка пад лозунгамi звяржэння самаўладдзя i усталявання дэмакратычнай рэспублiкi. На Беларусi яе падтрымалі працоўныя 32 гарадоў і мястэчак. Функцыі стачачных цэнтраў выконвалі партыйна-прафесійныя камітэты. З далучэннем да ўсерасійскай стачкі Саюза чыгуначнiкаў дзейнасць царскага ўрада была паралiзавана. У выніку 17 кастрычніка Мiкалай II быў вымушаны абнародаваць Маніфест з «дараваннем» народу – дэмакратычных свабод і заканадаўчай Думы. 21 кастрычнiка абвяшчалася амнiстыя палiтычным зняволеным i iнш. Асноўная маса насельніцтва імперыі ўспрыняла Маніфест з энтузіязмам, як перамогу над царызмам. На справе ў яго заставалася дастаткова сіл. Так, 18 кастрычніка па загаду губернатара П. Курлова супраць дэманстрантаў Мінска была выкарыстана зброя, у выніку чаго было забіта каля 100 чал. і паранена ўтрая больш. Меліся ахвяры ў Віцебску і Гомелі.

У тых умовах буржуазiя, чыноўнiцтва, iнтэлiгенцыя, усе носьбіты ліберальнай ідэалогіі, якія не iмкнулiся да звяржэння манархii, палічылі за лепшае арганізавацца і выступіць з патрабаваннем канстытуцыі. З гэтай мэтай былі створаны дзве партыi – акцябрыстаў («Союз 17 октября») i кадэтаў (канстытуцыйных дэмакратаў). У першую ўваходзiла праваліберальная, частка чыноўнікаў, памешчыкаў, гандлёва-прамысловай буржуазіі на чале з А. Гучковым, якая ў пытаннi аб уладзе прытрымлівалася памяркоўна-канстытуцыйных поглядаў і не выказвала самаўладдзю нiякай варожасці. Сацыяльную базу другой партыі з’яўляліся служачыя земстваў, творчая інтэлігенцыя, буржуазія, буйныя і дробныя землеўладальнікі. Кадэты складалі левае крыло лібералізму. Іх ідэалам дзяржаўнага ўладкавання з’яўлялася манархія, абмежаваная парламентам. Кадэты выступалі за правы асобы, прыватную ўласнасць, вяршэнства закону. У адрозненне ад сацыялістычных партый, яны абралі рэфармацыйны, негвалтоўны шлях яе рэалізацыі. Адным з лідэраў партыі быў прафесар П. М. Мілюкоў.

У адпаведнасці з Маніфестам 17 кастрычніка, усе існаваўшыя дагэтуль сацыялістычныя партыі (РСДРП, Бунд, ПС-Р, БСГ, трудавікі і інш.) выйшлі з падполля і сталі дзейнічаць легальна. Дэмакратызацыя палітычнага жыцця выклікала непакой так званых «чарнасоценцаў» – кансерватыўных пластоў расійскага грамадства праваслаўнай веры – дваранства, чыноўніцтва і інш., якія аб’ядналіся пад вялікадзяржаўнымі, шавіністычнымі і юдафобскімі лозунгамі. Арганізацыі чарнасоценцаў «Саюз рускага народа» і інш. утварыліся і на Беларусі – у Віцебску, Глыбокім, Гомелі, Мінску, Оршы, Пінску. Пры падтрымцы паліцыі яны тэрарызавалі яўрэйскае насельніцтва ўсёй краіны.

Бальшавікі і іншыя «левыя» арганізацыі палічылі заўчасным прыпыненне рэвалюцыі. 7 снежня 1905 г. у Маскве ў пачалася палiтычная стачка, якая перарасла ва ўзброенае паўстанне. У гэты ж час забастоўкi адбывалiся ў Баранавiчах, Гомелi, Мазыры, Мінску, Пiнску, усяго ў 28 гарадах i мястэчках з удзелам каля 44 тыс. чал. Але паўстанне ў Маскве не перарасло ў агульнарасiйскае i было падаўлена.

Не абмяжоўваючыся рэпрэсіўнымі захадамі, царызм ішоў насустрач той частцы грамадства, якая імкнулася да супрацоўніцтва з уладай. Абвешчаныя выбары ў заканадаўчы орган стымулявалі ідэі парламентарызму. Тым не менш усе «левыя» партыі заклiкалi байкатаваць выбарчую кампанію. Але яна ўсё ж адбылiся 26 сакавіка-20 красавіка 1906 г. i прынесла перамогу кадэтам, якія занялі 179 дэпутацкіх месцаў з 478. У лiку 36 дэпутатаў ад 5 беларускiх губерняў было 10 памешчыкаў, 2 ксяндзы, 11 лiберальных iнтэлiгентаў і 13 сялян.

У думе былi створаны партыйныя фракцыi, пераважна, правага кшталту. Асноўная ўвага дэпутатаў прыцягвала зямельнае пытанне. 20 чэрвеня 1906 г. быў абвешчаны дзяржаўны аграрны праект, які выклікаў адмоўнае стаўленне да яго з боку дэпутатаў. Указам цара ад 8 лiпеня 1906 г. Дума была распушчана за тое, быццам яна аказалася непрацаздольнаю і распальвала напружанасць у грамадстве. Адначасова абвяшалася аб падрыхтоўцы да новых выбараў. Старшыня царскага ўрада П. Сталыпiн узмацнiў рэпрэсii супраць рэвалюцыянераў, асабліва тэрарыстаў. У выніку сітуацыю ўдалося паступова стабілізаваць.

У тых умовах сацыялiсты таксама прыйшлi да меркавання аб неабходнасці выкарыстання парламенцкіх метадаў барацьбы за інтарэсы працоўных і на гэты раз яны не сталi байкатаваць выбары ў ІІ Думу, а актыўна ўключылiся ў выбарчую кампанiю. Пасля выбараў у лютым 1907 г. з 518 дэпутатаў думы 222 належалі да сацыялiстаў, 98 – да кадэтаў. Беларускiя губернi прадстаўлялi 13 памешчыкаў, 3 святароў, 4 iнтэлiгентаў i 16 сялян. У выніку, замест «непрацаздольнай» першай Думы, склад другой быў у сваёй большасці «левы». Неўзабаве жандармерыя паведаміла, быццам 55 думцаў з ліку сацыял-дэмакратаў рыхтуе ваенную змову. 1 чэрвеня П. Сталыпін запатрабаваў адхіліць указаных асоб ад удзелу ў думскіх пасяджэннях, а 16 – пазбавіць недатыкальнасці. Невыкананне гэтага патрабавання дало падставы цару Ўказам ад 3 чэрвеня распусціць Думу.

Новае «Палажэнне аб выбарах у Думу» ад таго ж, 3 чэрвеня 1907 г., было складзена з мэтай мiнiмiзацыi у ёй колькасці апазiцыйных элементаў. Яно надавала значную перавагу маёмным класам, у першую чаргу, вялiкарускаму дваранству праваслаўнага веравызнання. Супраць левых партый былi разгорнуты рэпрэсii, а сацыял-дэмакратычная фракцыя – арыштавана. Такім чынам, абяцанні Мікалая ІІ дэмакратычным шляхам стварыць заканадаўчы орган, былі адкінуты, і на гэтай падставе новы выбарчы закон быў успрыняты прагрэсіўнай грамадскасцю як «Трэцячэрвенскi дзяржаўны пераварот».

У выніку восеньскіх 1907 г. выбараў з 442 дэпутатаў да крайніх правых належала – 50, умерана-правых і вялікарускіх нацыяналістаў – 97, акцябрыстаў і блізкіх да іх – 154, «прагрэсістаў» – 28, кадэтаў – 54, трудавікоў – 13, сацыял-дэмакратаў – 19 і інш. З 36 дэпутатаў ад беларускіх губерняў большасць складалі памешчыкі і праваслаўнае духавенства, па палітычным спектры – да крайне правыя дэпутаты.

З разгонам II i пачаткам дзейнасцi ІІІ Думы перадавой грамадскасцi рабiлася вiдавочна, што рэвалюцыя пацярпела паражэнне. Царызм захаваў свае асноўныя пазiцыi i з апорай на кансерватыўныя пласты грамадства, на армiю i рэпрэсiўны апарат абрынуўся супраць свядомых рэвалюцыянераў, рабочага i сялянскага рухаў. Таму спрыяў зноў абраны дэпутацкі корпус Думы.





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 2816 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...