Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Паўстанне 1830-1831 гг. 1 страница



Паводле рашэння Венскага кангрэсу, частка Варшаўскага княства, якое стварыў Напалеон, ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і атрымала назву Царства Польскае. Гэтая дзяржава ўяўляла сабой канстытуцыйную манархію і кіравалася двухгадовым соймам ды царом, якога ў Варшаве прадстаўляў намеснік. Пасаду намесніка заняў паплечнік Касцюшкі генерал Заёнчак, а галоўнакамандуючым польскім войскам напачатку стаў брат цара вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. Пасля смерці Заёнчка ў 1826 г. Канстанцін Паўлавіч стаў таксама і намеснікам. Царству Польскаму была нададзена канстытуцыя, якая, аднак, неаднаразова парушалася расійскімі ўладамі. Так, другі сойм ў 1820 г. адхіліў законапраект, які скасоўваў уведзены яшчэ Напалеонам ў Польшчы суд прысяжных. На гэта Аляксандар заявіў, што ён, як аўтар канстытуцыі, мае права быць яе адзіным тлумачальнікам. У 1819 г. была ўведзена папярэдняя цэнзура, якой да гэтага часу тут не ведалі. Скліканне трэцяга сойму доўгі час адцягвалася - абраны ў 1822 г., ён быў скліканы толькі ў пачатку 1825 г. Выбары адмяняліся, калі ў сойм праходзілі непажаданыя людзі, напрыклад, пасля таго, як у Калішскім ваяводстве быў абраны Вінцэнт Немаеўскі, выбары былі касіраваны і прызначаныя новыя, калі ж Каліш зноў выбраў Немаеўскага, ён быў наогул пазбаўлены права абірацца, а калі ён усё ж прыехаў у сойм, каб заняць сваё месца, дык быў арыштаваны на варшаўскай заставе. Царскім указам скасавана публічнасць пасяджэнняў сойму, і ў такой сітуацыі трэці сойм прыняў ўсе законы, прадстаўленыя ў яго царом. Неабходна дадаць, што іншыя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай, гэта значыць Літва, Беларусь і Украіна (так званыя «восем ваяводстваў»), не мелі ніякіх канстытуцыйных правоў і гарантый.

У 1819 г. маёр Валяр'ян Лукасінскі, князь Ябланоўскі, палкоўнікі Кржыжаноўскі і Прондзінскі заснавалі Нацыянальнае масонскае таварыства, сябрамі якога стала каля 200 чалавек, у асноўным афіцэры. Пасля забароны масонскіх ложаў ў 1820 г. яно было пераўтворана ў глыбока заканспіраванае Патрыятычнае таварыства. Адначасова існавалі таемныя таварыства і за межамі "канграсовай" Польшчы: патрыётаў, сяброў, філаматаў (у Вільні), тампліераў (на Валыні) і інш. Рух быў неаднастайным па сваіх сацыяльных мэтам і падзяляўся на дзве варожыя партыі: арыстакратычную (белыя) з князем Чартарыйскім на чале і дэмакратычную (чырвоныя), кіраўніком якой лічыўся прафесар Лелявель - лідар і кумір універсітэцкай моладзі. Вайсковае крыло ўзначаліў падпаручнік гвардзейскіх грэнадзёраў Высоцкі, інструктар школы падхарунжых, які стварыў заканспіраваную вайсковую арганізацыю ўнутры самога нацыянальнага руху. Гэтыя дзве партыі раздзялялі толькі планы на будучыню Польшчы, але ўсе яны мелі адзіныя ўяўленні пра паўстанне і пра будучыя межы (1772 г.).

Надзеі палякаў ажывіліся пасля аб'яўлення Расіяй вайны Турцыі ў 1828 г. Ліпеньская рэвалюцыя 1830 г. ў Францыі адрадзіла надзеі ў польскіх патрыётаў. 12 жніўня адбыўся сход, на якім абмяркоўвалася пытанне аб неадкладным паўстанні, аднак было вырашана чакаць, бо трэба было схіліць на свой бок высокапастаўленых вайскоўцаў. Удалося дамовіцца з генераламі Хлапіцкім, Станіславам Патоцкім, Крукавецкім і інш. Рух ахапіў амаль усіх афіцэраў, шляхту, жанчын, рамесныя цэхі, студэнцтва. Быў прыняты план Высоцкага, па якім сігналам для паўстання павінна было паслужыць забойства Канстанціна Паўлавіча і захоп казармаў рускіх войскаў. Выступленне прызначылі на 26 кастрычніка. У першых днях кастрычніка на вуліцах былі расклееныя пракламацыі, з'явілася нават аб'ява, што Бельвядэрскі палац у Варшаве (месцазнаходжанне вялікага князя Канстанціна Паўлавіча) з новага года будзе вольным і здаецца ў наём. Вялікі князь перастаў выходзіць з Бельвядэра.

Апошняй кропляй з'явіўся маніфест цара Мікалая з нагоды бельгійскай рэвалюцыі, з якога палякі дазналіся, што іх войска прызначана стаць авангардам у паходзе супраць паўстаўшых бельгійцаў. Пасля гэтага паўстанне было канчаткова прызначана на 29 лістапада.

З надыходам вечара 29 лістапада ўзброеныя студэнты сабраліся ў Лазянкоўскім лесе, а ў казармах войскі ўзяліся за зброю. У 6 гадзін вечара Пётр Высоцкі увайшоў у казарму падхарунжых і сказаў: «Браты, гадзіна свабоды надышла!», яму адказвалі крыкамі: «Жыве Польшча!».

Напад на Бельвядэрскі палац быў даручаны Людвіку Набяляку з курсантамі школы падхарунжых. Высоцкаму і Урбінскаму было даручана арыштаваць рускіх генералаў і афіцэраў, ксяндзу Бранікоўскаму - звярнуцца да народа ў горадзе.

29 лістапада каля 8 гадзін вечара Набяляк разам з 5-ю падхарунжымі і 8-ю выкладчыкамі адправіўся ў Бельвядэр. Не сустракаючы супрацьдзеяння, змоўшчыкі праніклі ў палац і кінуліся ва ўнутраныя пакоі шукаць вялікага князя Канстанціна Паўлавіча. Вялікі князь у гэты час знаходзіўся ў сваім кабінеце разам з віца - прэзідэнтам Варшавы Любавіцкім і генералам Жандрам. Калі раздаўся шум у суседнім пакоі, Любавіцкі і генерал Жандр выбеглі з кабінета, каб даведацца, з якой нагоды шум, і былі забітыя паўстанцамі, але Любамірскі паспеў крыкнуць: «Князь, ратуйцеся, дрэнная справа». Стары камердынер князя вывеў яго ў суседнія пакоі і зачыніў за сабой масіўныя дзверы на засаўку, але, зрэшты, змоўшчыкі і не думалі шукаць вялікага князя, прыняўшы за яго генерала Жандра. Між тым вялікі князь выйшаў чорным ходам і ўцёк пад ахову рускага коннагвардзейскага палка.

Паўстанцы адразу захапілі 40 000 патронаў і выдалі іх сваім войскам, а потым без бою авалодалі самай важнай цвердзю ў Польшчы - Модлінам, пра якую Напалеон казаў: «Хто валодае цвердзю Модлін, той будзе валодаць і ўсёй Польшчай». У цвердзі паўстанцы знайшлі 5 000 000 патронаў і 60 гармат. Аднак становішча паўстанцаў не было устойлівым. Большая частка польскага войска не спяшалася далучыцца да іх, і яны не мелі агульнага кіраўніка. Таму многія сучаснікі лічылі, што калі б вялікі князь Канстанцін Паўлавіч адразу скарыстаўся вернымі яму войскамі і энергічна прыступіў да задушэння паўстання, то з вялікай верагоднасцю выйграў бы. Тым больш, што сярод кіраўнікоў паўстання пачаўся разлад. Але вялікі князь Канстанцін на наступны дзень, 30 лістапада, разам з усімі рускімі войскамі пакінуў Варшаву, стаў лагерам за тры вярсты ад сталіцы, у мястэчку Вержб і пачаў чакаць далейшага развіцця падзей.

Пасля сыходу расейцаў з горада ўзмацнілася арыстакратычная партыя, якая спадзявалася ўступіць у перамовы з урадам імперыі і мірным шляхам дасягнуць жаданага выніку - стварэння незалежнай дзяржавы ў межах 1772 г. пад пратэктаратам Расіі. 4 снежня была сфармавана Адміністрацыйная рада з 7 чальцоў, уключаючы Яўхіма Лелявеля, Юльяна Нямцэвіча і генерала Хлапіцкага, які стаў галоўнакамандуючым польскіх войскаў. Узначаліў раду князь Адам Чартарыйскі. Найбольш актыўных левых лідараў, Заліўскага і Высоцкага выдалілі з Варшавы, першага - для арганізацыі паўстання ў Літве, другога - капітанам ў войска. Узяўшы ўладу ў свае рукі, Адміністрацыйная рада адправіла дэпутацыю да вялікага князя з тлумачэннем прычын, выклікаўшых хваляванні, і умоў, на якіх паўстаўшыя гатовыя іх спыніць. Аднак вялікі князь лічыў, што палякі павінны быць удзячныя расейцам за тое, што для іх зроблена, таму ў перамовы ўступаць адмовіўся і разам з войскамі пакінуў тэрыторыю Царства Польскага.

18 снежня Адміністрацыйная рада была распушчана і замест яе створаны часовы ўрад на чале з Адамам Чартарыйскім, у гэтым урадзе міністрам народнай асветы стаў Лелявель. Быў скліканы сойм, на якім не ўдалося выпрацаваць агульную палітыку дзяржавы на будучыню, і ў сувязі з гэтым генерал Хлапіцкі абвясціў сябе дыктатарам. Генералу Хлапіцкаму ў час паўстання было 60 гадоў. Ён лічыўся адным з самых выдатных людзей свайго часу - меў велічную знешнасць сапраўднага генерала, быў сумленным, адкрытым і прамым чалавекам, меў харызму лідара, яго любілі жаўнеры. З ранніх гадоў Хлапіцкі служыў у войску, пры Напалеоне ён удзельнічаў у вайне ў Іспаніі, і французскі імператар цаніў яго таленты і зрабіў генералам. Шанаваў яго і рускі ўрад, пры імператары Аляксандры I ён працягваў служыць, пры Мікалаі I выйшаў у адстаўку і жыў у Варшаве як прыватная асоба, атрымліваючы ад французскага ўраду 6 000 франкаў пенсіі.

Стаўшы дыктатарам, Хлапіцкі паспрабаваў ўступіць у перамовы з рускім імператарам і з еўрапейскімі ўрадамі. Але Мікалай I адмовіўся ад перамоваў з польскім пасольствам і сустрэўся толькі з яго кіраўніком - князем Любецкім, як з міністрам фінансаў Царства Польскага. Праз яго цар перадаў палякам, каб яны неадкладна здавалі зброю і прасілі яго літасці. З гэтым адказам 25 студзеня 1831 г. дэпутацыя вярнулася ў Варшаву.

Хлапіцкі сабраў сойм і паведаміў аб рашэнні рускага цара, пасля чаго прапанаваў сойму пайсці на кампраміс, бо разумеў што ў выпадку поўнамаштабнай вайны ў Польшчы шанцаў не будзе. Але «чырвоныя» ў сойме асвісталі дыктатара і запатрабавалі канчатковага разрыву з імперыяй, «што будзе, тое будзе» крычалі дэпутаты. Па парадзе графа Рамана Солтыка, сойм пастанавіў пазбавіць рускую імператарскую фамілію права на польскую карону. Таму Хлапіцкі, склаў з сябе званне дыктатара і камандуючага войскамі. Камандуючым арміяй сойм прызначыў Міхала Радзівіла - чалавека добрага, сумленнага, але мяккага і падатлівага і зусім не палкаводца. Таму польскае кіраўніцтва ўпрасіла Хлапіцкага заўсёды быць пры Радзівілу і дапамагаць яму ва ўсім.

Расійскі імператар ўспрыняў рашэння сойму як асабістую абразу. 24 студзеня стотысячная руская армія з 336 гарматамі, пад камандаваннем фельдмаршала Дыбіча - Забалканскага, уступіла на тэрыторыю Польшчы. Акрамя гэтых войскаў, да межаў Польшчы рухаліся 13 казацкіх палкоў з Дону і такім чынам усё рускае войска налічвала каля 180 000 чалавек. З супрацьлеглага боку было выстаўлена 140 000 чалавек і 146 гармат.

Паўстаўшымі быў прыняты план, паводле якога галоўныя польскія сілы (каля 70000 чалавек) размяшчаліся на поўнач ад Варшавы, кантралюючы дзве дарогі - Ковенскую і Берасцейскую. Пры набліжэнні непрыяцеля польскае войска павінна было, не дапусціўшы ворага да Варшавы, уступіць у генеральную бітву.

1 лютага рускае войска першы раз сустрэлася з польскім, пасля гэтага невялікія сутычкі адбываліся штодня, пакуль нарэшце 19 лютага каля Ваўра (у XIX ст. ў гэтым месцы была карчма на дарозе Менск - Варшава, за 7 вёрст ад тагачаснага прыгарада Варшавы - Прагі) не адбылася першая значная бітва якая працягвалася 7 гадзін, расейцы ў гэтай бітве страцілі каля 4 000 чалавек. 25 лютага рускае войска ў 76 000 чалавек пры 250 гарматах падышла да паселішча Грохаў (каля Варшавы), дзе па раней прынятым плане іх ужо чакала польская армія ў 60 000 чалавек. Адбылася знакамітая Грохаўская бітва. Яна пачалася ў 9 гадзін раніцы і працягвалася да 5 гадзін вечара. Палякі зноў біліся мужна і стойка, але ўсё ж у выніку адступілі да Варшавы. У бітве быў паранены генерал Хлапіцкі. Рускі галоўнакамандуючы тры дні прастаяў на поле бітвы, чакаючы здачы Варшавы, але на чацвёрты дзень ён даведаўся, што палякі ўмацоўваюць сваю сталіцу і здавацца не думаюць. Пасля гэтага рускае войска адступіла на поўдзень ад Варшавы і пачало чакаць прыбыцця асаднага парку, каб прыступіць да аблогі горада.

Польскі сойм зняў Радзівіла з пасады камандуючага войска і прызначыў на гэтае месца Скржынецкага. Новы галоўнакамандуючы меў 45 гадоў, быў родам з Галіцыі, адукацыю атрымаў у Львове. Ва ўзросце 23 гады ён уступіў у войска Напалеона і ўдзельнічаў у паходзе на Расію 1812 г. Пасля стварэння Царства Польскага Скржынецкі жыў у Варшаве і быў камандзірам 8-га пяхотнага палка.

Скржынецкі загадаў свайму войску выйсці з Варшавы, і пачаўся шэраг больш-менш значных бітваў, у адной з іх, пры Дэмбе-Велькай рускі 6-ты корпус барона Розена быў разбіты і страціў каля 4 000 забітых і 3 000 параненых. Рускія аўтары сцвярджаюць, што параза была б яшчэ мацнейшай, каб не ўстойлівасць 47 рускага егерскага палка, якім камандаваў палкоўнік Квіцінскі - паляк па нацыянальнасці. Але 26 траўня ў бітве пад горадам Астраленкай, польскае войска якое мела 40 000 супраць 70 000 рускіх, было разбіта і адступіла да Варшавы. Аднак пасля бітвы расейскае войска таксама было не ў лепшым стане, і таму Дыбіч не пераследаваў польскае войска, а адступіў да Пултуска

Паўстанне ў Літве.

Практычна адначасова з паўстаннем у Польшчы адбылося паўстанне ў Літве і на Валыні. Ужо 1 снежня 1830 г. расейскія ўлады ўстанавілі ваеннае становішча ў Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губернях і ў Беластоцкай акрузе. Пачаліся арышты патэнцыйных удзельнікаў паўстання і канфіскацыя зброі, але ўсяроўна, напрыканцы 1830 г. па паветах пачалася падрыхтоўка да паўстання. У канцы студзеня 1831 г. з ініцыятывы Лелявеля ў Вільні паўстаў Цэнтральны Камітэт, які быў павінен арганізаваць і ўзначаліць паўстанне на Літве. У склад камітэта ўвайшлі Антоні Гарэцкі, Станіслаў Шумскі, Людвік Забржыцкі, Эдвард Ромер, Юстын Грабніцкі, Міхал Балінскі і Леан Рагалінскі.

Кожны павет трымаў сувязь з Камітэтам праз свайго дэлегата. У Дзісненскім павеце гэта быў Аляксандр Лапацінскі, у Браслаўскім - Віктар Грынцэвіч, у Расіенкім павеце на сувязі з Камітэтам былі Юліюш Грушэўскі і Дабраслаў Каліноўскі, ва Ўпіцкім - Казімір Трускоўскі. Пачатак паўстання Ігат Дамейка сустрэў у Лідскім павеце, знаходзячыся пад наглядам паліцыі ў маёнтку Заполле. У пачатку красавіка да Дамейкі прыбыў пасланец Віленскага камітэта для каардынацыі дзеянняў. З мемуараў Дамейкі вядома аб стасунках Камітэта з Гарадзенскай губерняй. Напрыклад па рашэнні Камітэта паўстанцы павінны былі сабрацца ў трох месцах губерні: у Лідскім павеце каля Васілішак, у Слонімскім ў Харабравецкай пушчы і ў Навінскіх лясах пад Наваградкам. Шчапінскі, адзін з паўстанцаў з Белавежскай пушчы прыязджаў у Вільню ў сакавіку, каб скаардынаваць свае дзеянні. Але ў цэлым Камітэт не змог каардынаваць дзеянні паўстанцаў і пасля выбуху паўстання ў Жмудзі страціў уплыў.

На пачатку паўстання расейскіх войскаў у Літве было адносна не многа. У Вільні знаходзілася брыгада 5-й пяхотнай дывізіі (2-га корпуса) сілай каля 3 200 чалавек, у гарадах стаялі невялікія залогі (напрыклад у Менску была пакінута залога батальён Архангельскага палка з 2-мя гарматамі). Аднак праз нашу тэрыторыю ў гэты момант рухаліся ў Польшчу войскі 3-га расейскага корпуса і ў выпадку неабходнасці яны павінны былі аказаць падтрымку мясцовым залогам. У палове сакавіка расейскі ўрад на нашай тэрыторыі прызначыў рэкруцкія наборы і планаваў узяць хлеб і фураж для войска. Гэта ініцыявала паўстанне. Напрыклад, у Жмудзі пасля абвяшчэння 9 лютага расейскага ўказу пра мабілізацыю рэкрутаў шмат мужчын схавалася ў лесе, і з іх пачалі фармавацца першыя паўстанцкія аддзелы.

26 сакавіка аддзелы паўстанцаў якія складаліся са шляхты і сялян, з трох бакоў напалі на Расіены і занялі горад. Пры гэтым была абяззброена залога (60 чалавек) і захоплены скарб. Адразу была абвешчана незалежнасць Літвы. Вызваляліся рэкруты і арыштанты, рускіх чыноўнікаў бралі ў палон, людзі пачалі насіць трохкаляровыя кукарды. Было вырашана каб кожныя два дымы выставілі па аднаму ратніку, была арганізавана вытворчасць зброі, нарыхтоўка абмундзіравання і рыштунку. Блізкасць Прусіі палегчыла набыццё пораху і свінцу.

28 сакавіка былі узяты Шаўлі, Тэльшы і Панявежа. Калі ў Коўні пра гэта даведалася расейская адміністрацыя, было вырашана ўжыць жорсткія меры. Палкоўнік Барталамей, які з лейб - гвардзейскім конна-піянерным эскадронам чакаў прыбыцця пантонаў, атрымаў загад 29 сакавіка выступіць супраць інсургентаў са сваім эскадронам і дадатковымі 4-мя ротамі з 4-мя гарматамі (усяго 1 200 чалавек). У той жа дзень камандзір паўстанцаў Ігнат Станевіч сабраў некалькі тысяч чалавек і рушыў у Эйраголу насустрач Барталамею, аднак 31 сакавіка паўстанцы былі разбітыя, частка аддзела разбеглася ў розных кірунках а частка адступіла. Барталамей заняў Расіены. Аднак ён не змог доўга ўтрымацца ў Расіенах, пакінуў горад, быў прыціснуты інсургентамі да мяжы з Прусіяй і праз некаторы час са сваім атрадам інтэрнаваны ў Прусіі.

Тэльшінскія паўстанцы ўздоўж мяжы рушылі да Палангі, па дарозе абяззбройваючы памежныя заслоны. Іх мэтай было ўзяць Палангу і арганізаваць марскія пастаўкі ад знешніх сяброў. Горад ўдалося ўзяць, але неўзабаве паўстанцы былі адтуль выбітыя. У канцы сакавіка інсургенты спрабавалі злучанымі сіламі ўзяць Коўню, але былі адкінутыя ад горада.

У Літву пачалі сцягвацца рускія войскі: 1-я ўланская дывізія (3,5 т. шабель) знаходзілася на маршы, 2-я пяхотная брыгада займала Жамойць, 3-я пяхотная брыгада брала пад кантроль Гародню, Мерач, Коўню, 5-я пяхотная дывізія знаходзілася ў раёне Вільні, 6-я пяхотная дывізія ішла да Слоніма, 7-я рухалася да Берэсця. Між тым паўстанне не сціхала, а разгаралася вакол Вільні: 4 красавіка паўсталі Ашмяны, 11 красавіка Свянцяны, а таксама Відзы, Трокі, Гальшаны. Паўстанне пачыналася і ў Гарадзенскай ды Менскай губернях.

Ашмянская разня

Паўстанне ў Ашмянах перапыніла сувязь Вільні з Расіяй. На чале паўстання стаў П. Важынскі і былы палкоўнік французскай арміі Караль Пшаздзецкі. Пад іх камандаванне сабралася каля 2500 інсургентаў. Паўстанцы былі разбіты на роты і эскадроны, праходзілі паскоранае вайсковае навучанне. Між тым у Вільню ў якасці падмацавання з Каўказа прыйшоў зводна-лінейны казацкі полк, спрактыкаваны ў баях з горцамі. Вайсковы губернатар Вільні Храпавіцкі 14 красавіка адправіў да Ашмян аддзел у 300 казакоў, 5 000 чалавек пяхоты і 4 гарматы пад камандаваннем палкоўніка Вярзіліна.

Даведаўшыся аб прасоўванні рускіх войскаў, інсургенты вырашылі адступіць у лясы каля Вішнева, але пакінулі ў горадзе ў якасці ар'ергарду 600 чалавек, якія павінны былі адступіць пазней. Па расейскай версіі, ар'ергард выступіў насустрач непрыяцелю і прыняў бой, быў разбіты і адкінуты ў горад, і ў горадзе інсургенты разам з гараджанамі "ожесточенно" абараняліся, таму казакі зрабілі "зачыстку горада", прычым "у запале сутычкі рэдка хто атрымаў літасць" пісаў палкоўнік Пузырэўскі А.К. у сваёй кнізе «Польско - руская вайна 1831 г.».

Вось як апісвае падзеі паўстанец І. Клюкоўскі: "Маскалі затрымаліся перад горадам... і пачалі кананаду. Было зроблена 80 артылерыйскіх стрэлаў і пабіта шмат дамоў. Каб прадухіліць абстрэл, кавалерысты... спрабавалі атакаваць, але стрэлы карцеччу знішчылі некалькі кавалерыйскіх звязаў, асуджаных на смерць… Менавіта гэтае знішчэнне слабога заслону, які імкнуўся прадухіліць разбурэнне горада артылерыяй і было паднесена Вярзіліным як штурм горада які моцна бароніцца. Пасля таго, як невялікі аддзел Сцяльніцкага быў разбіты, неўтаймаваны зброд уварваўся ў горад, быццам яго захапілі штурмам, не прапускаючы ні слабога полу, ні састарэлых. Для іх не было нічога святога. Жанчыны і дзеці, якія схаваліся пад Боскай аховай у касцёле, палі ахвярай лютасці раз'юшаных дзікуноў. I была гэта ахвяра, апырсканая крывёю бязвінных! Не прыпыняліся забойствы на вуліцах. Былі забіты два ксяндзы, жыхары Завадскі, Ган і шмат іншых. Аднак сама смерць яшчэ не знішчала ў вачах полчышч акупантаў выступлення з узняццем зброі за вольнасць. Ім патрэбны былі яшчэ пакутніцкія забойствы. У якасці трафеяў перамогі варвараў над бяззбройным народам застанецца ўспорванне нутра ў аднаго з жыхароў, калі дапытваліся ў яго пра грошы; рассяканне доктара Закржэўскага, і забойства каля двухсот простых жыхароў. Іх кроў цяжарам ляжа на галаву віноўніка ўсяго гэтага - Храпавіцкага, калі людскія паводзіны на зямлі паддаюцца вышэйшай наканаванасці, наўмысна паслаўшай зборышча катаў для таго, каб спалохаць паўстанцаў!".

Іншы паўстанец успамінаў: "Маскалі даведаліся, што Пшаздзецкі адвёў усе сілы на менскі тракт, пакінуўшы толькі 200 кавалерыстаў і да батальёна стральцоў і касінераў пад камандай Сцяльніцкага (Каментатар выдання піша, што такой колькасці войскаў не было - Л. Л.). Праз гадзіны тры, велькім струменем на гэтую малую жменьку надышлі маскалі... Калі мы расстралялі ўсе патроны, то кінуліся на ўцёкі, а маскалі хутка абкружыўшы цэлыя Ашмяны, кожнага чалавека, хоць і бяззбройнага забілі. Маскалі ўехалі ў горад з вялікім крыкам. Габрэі сустракалі іх з вялікай радасцю, але яны ўсё роўна пачалі ўзломваць крамы габрэяў, за што іх лаяў палкоўнік. Потым пачалі рабаваць касцёлы. Дамініканскі ўзламалі, абрабавалі, чатырох людзей, якія схаваліся ў касцёле зарэзалі. Дзверы і замок мураванага касцёла ніяк не маглі ўзламаць, дзверы высадзілі стрэлам з гарматы, потым спалілі архіў і забілі траіх чалавек. Францішканаў таксама абрабавалі… забраўшы дарагія рэчы. Абрабавалі дамы гараджан, у дамах не засталося нават ні падлог ні аконных шыбаў. Гараджаніна, якога знаходзілі ў хаце, не разбіраючыся, забівалі.... іншых..., збілі неміласэрна бізунами і агаліўшы палову галавы, адпускалі...".

Сучасны расейскі гісторык Матвееў А. У. піша: "Яшчэ 1 снежня 1830 г. быў сфармаваны зборна - лінейны полк. Камандзірам палка быў прызначаны будучы атаман Каўказскага лінейнага казацкага войска палкоўнік П. С. Вярзілін, баявы афіцэр, які меў багаты досвед вайны з горцамі і туркамі. 13 снежня 1830 года зборналінейны полк... выступіў з Стаўрапаля ў горад Гародню. Лінейцы былі ўключаныя ў мерапрыемствы, накіраваныя супраць паўстанцаў у Літве... Неабходны былі рашучыя меры. Асабліва буйныя сілы ракашан былі сканцэнтраваны ў раёне г. Ашмяны, дзе гаспадарыў аддзел графа Пшаздзецкага, які налічваў 2,5 тыс. чалавек. 1 красавіка (14 па новым стылі - Л. Л.) Храпавіцкі паслаў у Ашмяны аддзел з 300 лінейцаў, 500 чалавек пяхоты пры 4-х гарматах пад агульным камандаваннем палкоўніка Вярзіліна... бой быў непрацяглым, за некалькі гадзін справа скончана, адноўлены спакой, які абышоўся інсургентамі коштам 350 чалавек.... з тых часоў... слова «чаркес» рабіла жахлівае дзеянне... Гэтая атака лінейцаў, як пісаў польскі мемуарыст, перайшла ў пагром: казакі не шкадавалі нікога на сваім шляху, рабавалі габрэйскія крамы, касцёлы, дамы. Многіх жыхароў Ашмян прывязалі да гармат і прывялі ў Вільню, іншым галілі голавы. На справу ў Ашмянах цар Мікалай I адрэагаваў наступным чынам: «Справы літоўскія выпраўляюцца, урок Ашмянаў быў дзейсны".

Адам Міцкевіч у кнізе польскага народа і польскага пілігрымства, у "Літаніі пілігрымскай" пісаў: "Праз пакутніцтва жыхароў Ашмян забітых у касцёлах і дамах Пана, Вызвалі нас, Пане".

Далейшае развіццё паўстання на Літве

Асноўнае харчовае забеспячэнне рускай дзейнай арміі ішло з Літвы і таму паўстанне ў Літве моцна ўплывала на поспех баявых дзеянняў у Польшчы. З ліку 11 паветаў Віленскай губерні 9 кантралявалася інсургентамі, а праз нейкі час пад іх кантроль перайшлі і астатнія Свянцянскі і Брацлаўскі паветы. Пад поўным кантролем рускіх заставалася толькі 3 гарады - Вільня, Коўня і Відзы (тут аддзел палкоўніка Кахоўскага перашкаджаў пераходу горада інсургентам), але менавіта ў гэтых гарадах знаходзіліся галоўныя дзеячы паўстання.

У Менскай губерні паўстанне пачалося пазней чым у Віленскай - на пачатку красавіка з Дзісненскага і Вілейскага паветаў. Аднак пры набліжэнні 2-га Тэпцярскага казацкага палка, вілейскія інсургенты пад камандаваннем былога палкоўніка французскай арміі Радзішэўскага адышлі да Мядзеля, дзе занялі зручную пазіцыю ў лясістай і балоцістай мясцовасці. Аддзел папоўніўся і дасягнуў колькасці ў 3 000 чалавек пяхоты і 300 вершнікаў. Радзішэўскі меў нават артылерыю - адна шляхетная дама падарыла яму дзве 4-х фунтовых гарматы, якія былі закапаныя ў зямлі і чакалі сваёй пары з часоў апошняга падзелу Рэчы Паспалітай.

Вызваленне Вільні, акрамя сімвалічнага, мела і вялікае практычнае значэнне: у горадзе былі сканцэнтраваны вялікія запасы зброі, амуніцыі, прадуктаў харчавання. Аднак штурм горада быў вельмі складанай справай бо залога Вільні складалася з 3 000 салдат рэгулярнай арміі і тым не менш інсургенты вырашылі штурмаваць горад. Аб'яднаныя сілы ўзначаліў камандзір упіцкіх паўстанцаў Караль Залускі - чалавек, які карыстаўся усеагульнай павагай і даверам, але не меў ваеннага досведу і неабходных ведаў. Быў выпрацаваны план, згодна з якім Залускі зрабіў наступныя распараджэнні: Віленскі павет павінен засяродзіць свае ўзброеныя сілы на вількамірскай дарозе, каля Мейшаголы, у адным пераходзе ад Вільні, Свянцянскі і Брацлаўскі паветы - на такой жа адлегласці ад горада, каля Няменчына, па дынабургскай дарозе, Ашмянскі павет - па менскай дарозе, нарэшце ўзброеныя сілы Трокскага, Вількамірскага і Панявежскага паветаў павінны былі засяродзіцца каля Еўя на ковенскай дарозе. Такім чынам спадзяваліся сабраць 16-20 тысяч чалавек на адлегласці 20-30 вёрст вакол Вільні а потым дзейнічаць па абставінах. Каб засцерагчы сябе звонку, ковенскім інсургентам пад камандай Прозара было даручана назіраць за расейцамі з боку Коўні і ахоўваць рачныя пераправы, вількамірцы павінны былі ўтрымліваць расейцаў з боку Дынабурга, а паўстанцы Жамойціі - з боку Курляндыі. Кожны аддзел зрабіў запас харчавання на 14 дзён і арганізоўваў забеспячэнне ўсім неабходным.

16 красавіка Залускі з аддзеламі з Трок і Панявежы, якімі камандавалі Агінскі, Матусевіч і Білевіч, пераправіўся цераз Вілію каля Чабішак і да вечара заняў пазіцыю недалёка ад Еўя. Тут сабралася да 3000 чалавек, з іх 150 вершнікаў, аднак толькі 1 000 была ўзброена стрэльбамі а 2 000 былі касінерамі. Расейскі камандуючы Храпавіцкі, атрымаў звесткі пра тое, што вялікая колькасць інсургентаў збіраецца на левым беразе Віліі і 18 красавіка выслаў туды толькі што вярнуўшагася з Ашмянаў палкоўніка Вярзіліна з 300 казакамі, дзвюмя ротамі Белазерскага палка і дзвюмя гарматамі. Інсургенты, даведаўшыся пра набліжэнне расейцаў, вырашылі атакаваць першымі. Залускі рушыў наперад з конніцай, а Білевіч ішоў за ім з пяхотай. Казакі заўважылі кавалерыю інсургентаў і імітавалі адступленне, прывёўшы такім чынам паўстанцаў да сваёй пяхоты і артылерыі. Сустрэтыя кулямі і карцеччу інсургенты адступілі. Білевіч паспешна заняў абарону каля паселішча Аўсянішкі і адкрыў моцны ружэйны агонь па расейцах. Вярзілін, пазбягаючы страт, загадаў запаліць паселішча, пасля чаго пяхота Білевіча адступіла з селішча ў лес. Казакі пераследавалі інсургентаў да лесу, пасля чаго вярнуліся ў Вільню. Пасля падыходу некалькіх свежых аддзелаў, інсургенты вырашылі ўмацавацца каля Аўсянішак, але ў гэты час ім стала вядома аб падзенні Ашмян і разгроме расейцамі паўстанцаў Прозара каля Коўні. Гэта інфармацыя прымусіла інсургентаў 24 красавіка адысці за Вілію.

У красавіку да Вільні падышлі рускія падмацаванні: 1-шы егерскі полк, 1-я і 2-я брыгады 1-шай уланскай дывізіі, Ладажскі полк. Для дзеянняў супраць інсургентаў з Пецярбурга даслалі план, сэнс якога быў у тым, каб выкарыстоўваць Вільню ў якасці базы, і дзейнічаць «як для ачышчэння найважнейшых шляхоў, так і для пераследу інсургентаў невялікімі рухомымі калонамі». Частка войскаў пад камандаваннем генерала Атрошчанкі павінна была ахоўваць Ашмянскі павет і дарогу на Менск і Гародню, іншая частка пад камандаваннем генерала Хілкова павінна была ўзяць пад кантроль дарогу на Пецярбург праз Відзы і Дынабург, а генерал Суліма са сваімі войскам павінен быў заняцца пацыфікацыяй Жамойці. Невялікія аддзелы планавалася выкарыстаць для "ачышчэння" наваколляў Вільні.

20-га красавіка з Вільні выступіў Атрошчанка з паўтара батальёнамі 11-га егерскага палка, эскадронам гусарскага эрц-герцага Фердынанда палка і 6-ю гарматамі, трохі пазней выйшаў генерал Шырман з аддзелам складзеным з 7-га і 8-га егерскага палка і 4 гарматамі. У кожным з гэтых аддзелаў было каля 1200 чалавек. Атрымаўшы звесткі, што інсургенты Пшаздецкага збіраюцца ў Вішнеўскіх лясах, Атрошчанка рушыў туды і 24 красавіка інсургенты не прымаючы бой адступілі ў густыя лясы да Рума. Аддзел Атрошчанкі, узмоцнены ўланскім Вялікага князя Міхаіла Паўлавіча палком, вырашыў дзейнічаць супраць паўстанцаў ў двух кірунках: з Бакштаў і з Валожына. Для гэтага ён рушыў палкоўніка Севасцьянава з 2-мя ротамі, эскадронам уланаў і 2-мя гарматамі праз Валожын, а частка уланаў і казакоў заступілі дарогу інсургентам на Бакшты. Севасцьянаў напаў каля вёскі Рум на інсургентаў (каля 2 000 чалавек). Пасля бою, страціўшы да 100 чалавек, інсургенты рассеяліся. Пузырэўскі пісаў: "галоўныя дзеячы паўстання ў Ашмянах альбо былі ўзятыя ў палон, або збеглі. Паўстанню ў Ашмянах быў нанесены рашучы ўдар".

Генерал Шырман, сустракаючы па шляху толькі невялікія аддзелы паўстанцаў, перш рушыў на Панявежу, адкуль, аднаўляючы па дарозе рускую адміністрацыю, пайшоў на Шаўлі, каб злучыцца там з войскамі генерал-губернатара Палена, якія ішлі туды з Мітавы. Залускі спрабаваў заступіць Шырману шлях на Шаўлі, але не змог гэтага зрабіць. Барон Пален выступіў з Мітавы з войскамі складзенымі з палкоў 4-й рэзервовай дывізіі (Неўскі, Сафійскім, Нараўскі, Капорскі, 2 эскадроны і 6 гармат) ў колькасці 2 000 чалавек. Разбіўшы паўстанцаў Тышкевіча і пад Янішкамі, паўстанцаў Херубовіча і Шаміёта, Пален 8 траўня злучыўся з Шырманам ў Шаўлях.

Войскі князя Хілкова (12-ы егерскі полк, і Сібірскі ўланскі полк з 8 гарматамі) выступілі 29 красавіка з Вільні да Вількаміра, дзе 30 красавіка разбілі інсургентаў каля Мейшаголы. Пасля гэтага ён рушыў да Свянцянаў але паўстанцы Барткевіча загадзя сышлі з горада і 7 траўня рускія войскі увайшлі у Свянцяны.

29 красавіка рускія войскі (Ладажскі пяхотны і два уланскія палкі) выйшлі з Вільні на Кейданы. На наступны дзень інсургенты Прозара разабралі мост цераз раку Нявяжу і спрабавалі не прапусціць войскі, але да вечара расейцы пераправіліся на другі бераг.

Генерал Суліма таксама выправіўся да Шаўлёў, каб прыняць у Шырмана вялікі транспарт з боепрыпасамі, прыведзенымі з Дынабурга. Залускі, дазнаўшыся пра набліжэнне рускіх, загадаў Прозару адысці да Бейсаголы і назіраць за рухамі непрыяцеля, сам жа сабраў злучаныя сілы і падышоў да Панявежы. 5 траўня сутыкнуліся з расейскімі войскамі і атрымалі паразу.

Пасля гэтага паўстанцы адмовіліся ад вялікіх бітваў з рускімі войскамі, было вырашана разысціся і падобна іспанскім гверыльясам, кожнаму весці на сваёй малой радзіме, цяжкую для расейцаў партызанскую вайну. Аднак сур'ёзныя сутыкненні не спыніліся.





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 841 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.011 с)...