Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Паўстанне 1830-1831 гг. 2 страница



Палкоўнік А. Пузырэўскі так апісаў сітуацыю якая склалася ў той час у нашым краі: «Падчас гэтых падзей у заходняй частцы краіны, г.зн. Жамойці, справы інсургентаў ва ўсходняй яе частцы, г.зн. ўласна ў Літве, былі не ў лепшым становішчы. Залускі, пасля вяртання…, знайшоў ва Ўпіцкім павеце поўную анархію і павінен быў заняцца перш за ўсё ўсталяваннем там хоць якога парадку. Тое самае было і ў Вількамірскім павеце... у Віленскім, Трокскім паветах засталіся ранейшыя камандзіры, якія працягвалі весці дробную партызанскую вайну. Ашмянскі, Свянцянскі і Барацлаўскі паветы ўтрымлівалі (расейцы - Л. Л.) Атрошчанка, Хілкоў і Кахоўскі. У Трокскім і Вількамірскім паветах захаванню парадку садзейнічалі калоніі рускіх раскольнікаў, філіпаўцаў… якія пасяліліся ў краіне яшчэ пры Жыгімонце Аўгусту».

У гэты час найбольшую ваенную моц мелі інсургенты Віленскага, Свянцянскага і Дзісненскага паветаў. Віленскія паўстанцы, пад кіраўніцтвам Радзішэўскага, базаваліся каля Мядзеля. Калі да іх далучыліся рэшткі ашмянцаў, раней разбітых каля Рума было вырашана зрабіць напад на Вілейку. 5 траўня інсургенты ўварваліся ў горад з двух бакоў, але там у гэты час знаходзіўся генерал Саф'янаў з двума рэзервовымі батальёнамі. Пасля бою паўстанцы адступілі да Глыбокага, каб злучыцца з паўстанцамі Дзісненскага павету.

9 траўня дзісненскія паўстанцы напалі на свой павятовы горад, руская залога пасля некалькіх стрэлаў адступіла, але праз тры дні падышоў палкоўнік Маркаў з 3-ма батальёнамі пры 2-х гарматах і зноў авалодаў Дзісной. Інсургенты вярнуліся ў Лужкі, дзе і злучыліся з Радзішэўскім. Такім чынам у гэтым месцы сканцэнтравалася каля 5-6 тыс. інсургентаў.

Між тым генерал Саф'янаў атрымаў падмацаванне - два эскадроны ўланаў, і 16 траўня яму ўдалося разбіць паўстанцаў Радзішэўскага. З-за наступу рускіх войскаў і набліжэння рэзервовай арміі графа Талстога, інсургенты вырашылі адыходзіць у Вількамірскі павет, каб быць бліжэй да мяжы. Каб падмануць рускіх, адна, лепш ўзброеная частка інсургентаў павінна была рушыць ў абраным кірунку, а другая, для дэманстрацыі - у Віцебскі павет. 19-га траўня абедзве калоны выступілі з Лужкоў. Меншая частка інсургентаў напала на Лепель, выцесніла адтуль залогу і паспрабавала падняць паўстанне ў Віцебскай губерні, але ўжо праз некалькі дзён была акружаная брыгадай 4-й гусарскай дывізіі генерала Каблукова і разбіта. Другая частка (2 500 чалавек)

24 траўня падышла да Віжунаў і ўз'ядналася з вількамірскімі інсургентамі. У гэтым раёне знаходзілася мноства дробных, добра ўзброеных і самастойна дзеючых аддзелаў паўстанцаў, але аб'яднацца пад агульным камандаваннем яны не змаглі. Вілейцамі працягваў камандаваць Радзішэўскі, у свянцянцаў і дзісненцаў Брахоцкі камандаваў пяхотай а Барткевіч кавалерыяй. Паўстанцы падзяліліся: 25 траўня Брохоцкі і Барткевіч рушылі насустрач польскаму генералу Гелгуду, і злучыліся з ім 12 чэрвеня. Паўстанцы Радзішэўскага некаторы час пераследаваліся расейцамі, але здолелі злучыцца з польскімі войскамі генерала Хлапоўскага каля Чабішак. З пяхоты Радзішэўскага былі сфармаваны 26 пяхотны, а з конніцы 12 уланскі палкі, пяхота двух іншых паветаў была далучаная да 19 пяхотнага палка, а з конніцы сфармаваны 10 і 11 уланскі палкі. Так сама трокцы, вількамірцы, упітцы і іншыя былі далучаны да войскаў Гелгуда. Усе гэтыя інсургенты павялічылі рэгулярныя войскі на 10-12 тысяч чалавек.

Сярод вількамірскіх інсургентаў да войскаў генерала Хлапоўскага далучыўся і аддзел знакамітай Эміліі Плятар - Жанны д'Арк паўстання 1831 г. Менавіта ёй Адам Міцкевіч прысвяціў верш «Смерць палкоўніка».

Асаблівая тэма 1831 г. – віленскія студэнты. Яны доўга чакалі паўстання ў самім горадзе. Не дачакаўшыся яны самастойна ўзброіліся і выйшлі з горада для вядзення партызанскай вайны. Высланы супраць іх аддзел Крагельскага 20 траўня нанёс паразу частцы студэнтаў у Рудніцкім лесе, праз 4 дні студэнты ўдала адбілі напад роты Віленскага палка, але, недалёка ад Барбарышак, былі нагнаны палкоўнікам Севасцьянавым і рассеяны, страціўшы да 200 чалавек. Тым не менш вялікая частка студэнтаў далучылася да войскаў генерала Хлапоўскага.

Галоўнай бядой паўстанцаў была недасведчанасць камандзіраў і жаўнераў, слабое ўзаемадзеянне паміж сабой, што прыводзіла да няздольнасці супрацьстаяць рэгулярнай арміі. Аднак, палкоўнік расейскага генеральнага штаба Пузырэўскі адзначаў, што сярод паўстанцаў былі і дасведчаныя камандзіры. Напрыклад кіраўнік Расіенскага павета Станевіч сур’ёзна займаўся арганізацыяй сваіх войскаў і нарыхтоўкай баявых прыпасаў. А найбольшыя таленты ў партызанскай вайне праявіў правадыр тэльшынскіх інсургентаў Яцэвіч, ён першы зразумеў што паўстанскім войскам немагчыма дзейнічаць вялікімі масамі і даваць рашучыя бітвы, а варта абмежавацца малою вайною. Таму ён падзяліў свае войскі на невялікія, але самастойныя аддзелы і размясціў іх уздоўж курляндскай мяжы, так што параза аднаго з іх не магла шкодзіць іншым, а войскі і начальнікі мелі магчымасць альбо ўхіляцца ад бою альбо прымаць бой, у залежнасці ад таго ці спрыяльна складвалася сітуацыя.

Паўстанне ў Белавежскай пушчы

У Гарадзенскай губерні рэвалюцыйны рух быў слабейшы чым у Віленскай, часткова таму, што з пачаткам паўстання большая частка моладзі з’ехала ў Варшаву і ўжо прыняла ўдзел у паўстанні.

Інсургентаў на Гарадзеншчыне узначаліў Т. Краскоўскі, асабісты сакратар цывільнага губернатара, арганізатарамі былі так сама берасцейскі маршалак К. Нямцэвіч, адвакат Ю. Гацыскі, засядацель гарадзенскага суда Я. Жылінскі. Патрыёты мелі некалькі варыянтаў выступлення. Планавалася захапіць мясцовую залогу або, стварыўшы ў Белавежскай пушчы партызанскі аддзел, пашырыць яго дзеянні на ўсю губерню (Гарбачова В. Паўстанне 1830—1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі // Ігнат Дамейка — светач сусветнай цывілізацыі: Матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў. г. п. Мір, 12 вер. 2002 г.). Склалася так, што базай паўстання стала Белавежская пушча, дзе галоўны ляснічы інспектар, швейцарац Я. Ронка загадзя пачаў рыхтаваць усё неабходнае. Белавежская пушча мела 160 вёрст у акружнасці, да 50 вёрст у даўжыню і каля 40 у шырыню. У пушчы было 3 галоўныя населеныя пункты: у цэнтры – Белавежа, на паўночным усходзе – Рудня і на паўночным захадзе – Нараўка, яны ж з’яўляліся і вузламі шляхоў, якія вялі праз пушчу.

Капiтан Я. Жылiнскi заняўся фармаваннем паўстанцкага войска, абсталяваннем лагера, нарыхтоўкай узбраення і харчавання. Па успамінам інсургентаў, у 4 лагерах сканцэнтравалася каля 250–300 чалавек, сярод якіх знаходзіліся беластоцкія, берасцейскія, ваўкавыскія, пружанскія, лідскія паўстанцы, палкоўнік Пузырэўскі кажа пра 800 інсургентаў падзеленых на некалькі аддзелаў, значную частку паўстанцаў склалі ляснічыя

Рускі генерал Розэн, даведаўшыся, што мясцовая шляхта, збіраецца ў сяле Крыніцы (усходняя частка пушчы), 11 траўня выслаў туды падпалкоўніка Горскага з 2-ма эскадронамі Валынскага ўланскага палка, затым даведаўшыся, што да паўстанцаў прыходзіць усё больш мясцовай шляхты і сялян, Розэн 14 траўня выслаў для ўзмацнення Горскага яшчэ падпалкоўніка Сарабію з 3-мя ротамі Мурамскага палка, 1 гарматай і 14 казакамі. Сарабія прыбыў 17 траўня ў Белавежу і знайшоў яе пакінутай жыхарамі. Адтуль ён рушыў у Каралеўскую Альтону, дзе па атрыманых звестках, знаходзіўся галоўны зборны пункт інсургентаў. Тут Сарабія захапіў лагер з запасамі зброі, аднак у гэты час рускі транспарт з 418 фурманак, які рухаўся з Берасця ў Скідаль, быў атакаваны ў лесе каля рэчкі Гвозна і знішчаны, прычым з аховы ў 53 чалавекі ўратавалася толькі 28, таму Сарабія, лічачы сваё становішча у лесе небяспечным, вырашыў адступіць на поўдзень да Дзмітравіч. Пераканаўшыся, што інсургенты мацней, чым ён меркаваў, Розэн 19 траўня адправіў генерала Ліндэна з Жытомірскім палком, паўэскадрон уланаў з 2 гарматамі, загадаўшы злучыцца з аддзламі Сарабіі і Горскага, пасля чаго ачысціць лес і аднавіць сувязь Гародні і Берасця. Пад Гайнаўкай Ліндэн нечакана сутыкнуўся з Хлапоўскім. Такім быў стан спраў на момант прыходу рэгулярных по-льскіх войскаў генералаў Гелгуда і Хлапоўскага.

Дзеянні войскаў Хлапоўскага ў Літве

Хлапоўскі прыйшоў у Літву з аддзелам у 800 чалавек: 1-шы уланскі палк (500 чалавек), 100 чалавек 1-га егерскага палка, 100 афіцэраў і унтэр-афіцэраў і 2-ве конныя гарматы. З ім былі адпраўленыя інструкцыі рэвалюцыйнага ўраду, згодна з якімі паўстанцы павінны былі пазбягаць баёў у адкрытым полі, пакуль не падыдуць новыя значныя сілы, заміж баёў неабходна было займацца арганізацыяй і навучаннем паўстанцаў для таго каб быць гатовым ўзяць пад кантроль балтыйскае ўзбярэжжа для прыёму транспартных караблёў.

Палкоўнік расейскага генеральнага штаба так характарызаваў Хлапоўскага: “Дэзыдэры Хлапоўскі, былы ад’ютант Напалеона, як сваім вайсковым дарам так і па ўласцівасцях характару цалкам быў здольны да выканання небяспечных і цяжкіх заданняў”. Пры прасоўванні сваіх войскаў Хлапоўскі распускаў чуткі, што з’яўляецца толькі авангардам вялікай арміі, якая ідзе следам. Перайшоўшы ўначы з 22 на 23 траўня мяжу Царства Польскага ён затым праз Бельск прайшоў у Белавежскую пушчу для злучэння з інсургентамі. 24 траўня у Гайнаўцы Хлапоўскі сутыкнуўся з аддзелам расейскага генерала Ліндэна (700 чалавек пры 2-х гарматах) і атрымаў перамогу. У выніку ў палон трапілі 150 вайскоўцаў, былі захоплены ўзбраенне і амуніцыя, якую паўстанцы выкарысталі ў далейшым. Расейцы адступілі да Белавежы, злучыліся там з аддзеламі Сарабіі і Горскага і адступілі да Шэршава. Хлапоўскі рушыў на Свіслач, па дарозе да яго далучылася некалькі аддзелаў інсургентаў, паўсюдна яго палымяна віталі. У Нараўцы з навакольных вёсак прыходзілі людзі і прыносілі паўстанцам харчаванне. У Масеве да фармавання Хлапоўскага далучыўся з 200 байцамі Ронка. 26 траўня пачалося фармаванне з прыбываючых ліцвінаў 25-га пяхотнага палка, які ўзначаліў С. Мацэвіч. 27 мая фармаванне Хлапоўскага ўвайшло на тэрыторыю Ваўкавыскага павета, у Мсцібаве яно налічвала болей за 4 000 чалавек. Каб увесці у зман расейцаў, ён прадэманстраваў намер рухацца да Слоніма, дзе знаходзіўся цэсарэвіч Канстанцін Паўлавіч, а потым пайшоў на Масты, дзе 30 траўня пераправіўся цераз Нёман. Затым з мэтай дэманстрацыі рушыў на Гародню, але развярнуўся і ідучы дзень і ноч каля Шчучына, праз Жалудок і Арланку, 31 траўня падышоў да Лiды. Капітан Камарніцкі, які знаходзіўся ў Лідзе з дзвюмя ротамі Віленскага рэзервовага батальёна пры двух гарматах, з набліжэннем Хлапоўскага адступіў па Віленскай дарозе, але быў затрыманы ў адкрытым полі конніцай Хлапоўскага і пасля невялікага супраціву склаў зброю. У гэты час з Жырмунаў да Ліды выступіў аддзел палкоўніка Гаферланда, які прыбыў туды напярэдадні. Хлапоўскі, знішчыўшы аддзел Камарніцкага, атакаваў Гаферланда, расейцы ўмацаваліся на краі лесу і адбілі атаку толькі што сфармаванага літоўскага батальёна. Хлапоўскі, не губляючы тэмпу павярнуў і рушыў праз Мыто на Араны.

31 траўня кур’еры аддзела заехалі ў Заполле, дзе Дамейка аказаў ім неабходную дапамогу і праз Жыбуртоўшчыну таксама накіраваўся ў Ліду (Domeyko I. Pamiętniki. Krakуw, 1908.). Пасля паўстання, “адстаўны капітан-інжынер” Тэадор Нарбут абвінавачваўся расійскімі ўладамі ў тым, што падчас побыту Хлапоўскага ў Лідскім павеце напісаў “пасквіль супраць Расеі”. Вядома гэтак жа, што пазней, перад планаваным штурмам горада Нарбут чарціў планы Вільні для генерала Гелгуда, таксама засталіся ўспаміны паўстанцаў, што адстаўны капітан Нарбут арганізаваў ліццё гармат у Варнях.

З усей Літвы на злучэнне з Хлапоўскім спяшаліся аддзелы паўстанцаў: з Ізабелінскага лесу прыйшоў аддзел у 40 чалавек, з-пад Слоніма аддзел графа А. Солтана і памешчыка Мікульскага, да фармавання Хлапоўскага пачала далучацца дробная шляхта. У гэты ж час І. Дамейка быў прызначаны ад’ютантам 25-га пяхотнага палка, у размове з Хлапоўскім ён тлумачыў генералу, што не ведае вайсковай службы, аднак польскі генерал, высока ацэньваючы навуковыя здольнасці і шляхетны характар апошняга, загадаў: “Павінен навучыцца, бо толькі салдатаў павінен тут мець” (Гарбачова В. Паўстанне 1830—1831 гг. у лёсе Ігната Дамейкі.

Між тым Храпавіцкі, не маючы дакладнай інфармацыі аб сілах Хлапоўскага, прымаў меры абароны Вільні, ён быў гатовы пакінуць горад з ненадзейным насельніцтвам і абараняцца ў гарадскім арсенале акружаным валам. Былі пасланыя загады генералу Суліме прыбыць з Вількаміра ў Вільню, а Атрошчанку з Ашмянаў адыйсці ў Салешнікі і сабраўшы там расейскія аддзелы ўтрымліваць горад. Неўзабаве было атрымана данясенне Гаферланда, пра сапраўдны лік паўстанцаў, таму Атрошчанку было загадана знайсці і разбіць Хлапоўскага. Атрошчанка сабраў больш за 1 000 чалавек пяхоты, эскадрон уланаў, 400 казакоў і 9 гармат і рушыў праз Яшуны на Ганушышкі, але польскі генерал рухаўся хутчэй і перахапіць яго не ўдалося. Ліцвіны, падбадзёраныя прыходам войскаў Хлапоўскага зноў паўсталі і Хлапоўскі рухаўся да Кітавішак для сустрэчы з аддзелам Агінскага. 7 чэрвеня каля Кітавішак Агінскі далучыў да аддзела Хлапоўскага 1000 інсургентаў і аддзел віленскіх студэнтаў, які налічваў да 350 чалавек. Неўзабаве ў аддзеле Хлапоўскага было ўжо 5 000 чалавек, што дало яму магчымасць сфармаваць 2 пяхотныя і 4 кавалерыйскія палкі і артылерыйскую батарэю з 5 гармат. Мясцовае насельніцтва забяспечвала паўстанцаў ўсім неабходным і дастаўляла выведвальную інфармацыю. Хлапоўскі прыводзіў свае войскі ў парадак у Жыжморах, адкуль пагражаў, як Вільні, так і Коўні. Аднак ён планаваў абыйсці Вільню і рушыць праз Менск на Мазыр, да балот Прыпяці, дзе паўстанне ўжо было падрыхтавана. У гэты час ён даведаўся аб прыбыцці атрада Гелгуда.

Генерал Гелгуд быў прызначаны камандзірам і над Хлапоўскім. Хлапоўскі прапаноўваў Гелгуду хутка рухацца да Вільні, каб злучанымі сіламі авалодаць старажытнай сталіцай Літвы. Аднак Гелгуд пераправіўся цераз Нёман далёка ад Вільні (каля Гелгуцішак) і запатрабаваў каб Хлапоўскі са сваімі войскамі ішоў да яго.

Паход Гелгуда

27 траўня, на другі дзень пасля бітвы пад Астраленкай, генерал А. Гелгуд рухаўся на злучэнне з галоўнымі сіламі польскай арміі, калі Дэмбінскі прыбыў да яго з кавалерыйскім эскадронам і перадаў славесныя інструкцыі аб далейшых дзеяннях. Гелгуд, на думку сучаснікаў не самы лепшы генерал польскай арміі, такім чынам стаў на чале важнай экспедыцыі ў Літву. Польскія войскі пад ягоным кіраўніцтвам рушылі спачатку ў Аўгустоўскае ваяводства, 29 мая яны дасягнулі Граева, дзе Дэмбінскі сустрэў свой аддзел і зноў узначаліў яго. Аддзелы Гелгуда і Дэмбінскага дасягалі колькасці 12 000 чалавек пры 26 гарматах. Па даозе, недалёка ад Граева, польскія войскі разграмілі аддзел расейскага генерала Сакена, (расейцы страцілі 1 500 чалавек). Далей, праз Аўгустоў, польская армія рушыла на Марыямпаль дзе было прынята рашэнне перапраўляцца цераз Нёман каля Гелдуцішак (7 вёрст вышэй па плыні ад Юрбурга), пры гэтым спадзяваліся дапамагчы паўстанню ў Жамойціі і сустрэць у Паланзе англійскі карабель са зброяй. Гелгуцішкі былі радзінным местам генерала Гелгуда і ён хацеў праславіць гэтай пераправай сваіх продкаў. Для дэманстрацыі быў высланы да Коўні авангард Дэмбінскага, які павінен быў замаскаваць рух на Гелгуцішкі. 4 чэрвеня Дэмбінскі прыбыў у Алексоцін, насупраць Коўні і пачаў абстрэльваць горад з супрацьлеглага берага, аднак пераправіцца на другі бераг і ўзяць горад не адважыўся, таму што хадзілі чуткі пра набліжэнне вялікай масы рускіх войскаў. 7 чэрвеня войскі Гелгуда з далучыўшымся авангардам Дэмбінскага, ужо былі на правым беразе Нёмана. 10 чэрвеня адбылося аб’яднанне войскаў Гелгуда і Хлапоўскага. Асноўныя сілы аддзела Хлапоўскага маршам праз Кейданы пайшлі да Рыконтаў і пачалі рыхтавацца да наступлення на Вільню, у той час як два уланскія і 25-ы пяхотны палкі ў адпаведнасці з загадам Гелгуда былі накіраваны да Коўні.

10–11 чэрвеня ў Зеймах было абвешчана пра заснаванне так званага Часовага паўстанцкага ўраду для беларуска-літоўскіх зямель. Узначаліў урад генерал граф Т. Тышкевiч. Паўнамоцтвы новага ўраду распаўсюджваліся толькі на землі Віленскай губерні, у тым ліку і на Браслаўскі, Свянцянскі і Ашмянскі паветы. Адным з першых крокаў Цэнтральнага паўстанцкага ўраду стала распрацоўка 11 чэрвеня 1831 г. прынцыпаў фармавання “паспалiтага рушэння” і фармаванне апалчэння.

Рух войскаў Гелгуда на Вільню выклікаў энтузіязм жыхароў горада. Святары ў поўным уборы дабраслаўлялі войскі, насельніцтва абсыпала іх шлях кветкамі. Узяцце старажытнай сталіцы мела б каласальнае маральнае значэнне для развіцця паўстання, сталіца мела і велізарнае ваеннае значэнне – ў ёй былі вялікія арсеналы са зброяй, запасамі вайсковай маёмасці і 200 гармат. Аднак канцэнтрацыя паўстанцаў каля Вільні ішла павольна, і рускія паспелі сцягнуць да сталіцы амаль усе свае войскі з Літвы.

У чаканні інсургентаў, войскі пад камандаваннем Сакена размясціліся на Панарскіх гарах пад Вільняй. Толькі 19 чэрвеня Гелгулд падышоў да Вільні, і пачалася бітва, якая працягвалася каля 8-мі гадзін і скончылася паразай войскаў паўстанцаў. З 21 чэрвеня да Вільні пачала падыходзіць рэзервовая армія графа Талстога (44 000 чалавек) і магчымасці паўтарыць штурм больш не было (Брянцев П.Д. Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна. 1896.).

Войскі на чале з Гелгудам пачалі рухацца ў кірунку Жамойціі, разам з імі былі і сябры Часовага Літоўскага ўраду. Аддзел Хлапоўскага атрымаў загад галоўнакамандуючага накіравацца ў Коўню і аб’яднацца з аддзеламі, якія прыбылі туды раней. 21 чэрвеня Хлапоўскі быў на месцы, аднак 22 чэрвеня быў атрыманы новы загад, паводле якога ў Коўне неабходна было пакінуць 25-ы пяхотны полк Мацэвіча, а асноўным сілам адыйсці на Кейданы. Гэты аддзел (у яго складзе знаходзіўся Дамейка), планавалася выкарыстаць для прыкрыцця адступаючай арміі. Пасля Кейдан паўстанцы пачалі адыходзіць да Шаўлёў дзе стаяў аддзел генерала Крукава ў (2 500 чалавек). Выбіць расейцаў з горада не атрымалася і прыйшлося адступіць да Куршанаў. У Куршанах ад паўстанцаў засталося не болей за 11000 чалавек. Тут была склікана ваенная рада. Пасля доўгіх спрэчак, вырашылі падзяліць войска на 3 аддзелы: Дэмбінскага, Роланда і Хлапоўскага. Гелгулд быў адхілены ад камандавання і далучыўся да аддзела Хлапоўскага. Сярод паўстанцаў павялічвалася нервовасць, і польскі афіцэр Скульскі стрэлам ва ўпор забіў генерала Гелгулда. Рускія войскі працягвалі ціснуць з усіх бакоў, і аддзелы паўстанцаў Роланда і Хлапоўскага перайшлі ля Палангі прускую мяжу склаўшы зброю. 13 ліпеня ў складзе 25-га пяхотнага палка ў Прусіі апынуўся і Дамейка.

Аддзел Дэмбінскага здолеў вырвацца. На сваім шляху ён разграміў некалькі рускіх атрадаў, пераправіўся цераз Нёман ля Збойска (каля Іўя) і 22 ліпеня прыбыў у Варшаву. Па дарозе да Дэмбінскага далучыліся некалькі соцен паўстанцаў з Наваградчыны. Пры ўступленні ў горад аддзел меў самы стракаты выгляд: паўстанцы былі апранутыя ў польскія і рускія мундзіры, у студэнцкія сурдуты і сялянскую вопратку, былі абарваныя і босыя, але шмат хто ўзброены дарагой зброяй. Кавалерысты сядзелі на вялікіх і маленькіх конях: жамойцкіх, рускіх, казацкіх з рознымі сёдламі. Сагнутая і ржавая зброя, худыя і змучаныя коні, падраная збруя – усё паказвала на тыя цяжкасці, якія перанесла армія, сярод якой можна было сустрэць жанчын і дзяцей.

Апошнім уздымам паўстання было ўзброенае выступленне Мазырскага, Рэчыцкага і Пінскага паветаў у чэрвені і ліпені. На усходзе, у Віцебскай і Магілёўскай губернях паўстанне мела форму непрацяглых хваляванняў шляхты. На пачатку жніўня паўстанне закончылася, і ўвосень па лясах хаваліся ужо толькі рэшкі разбітых паўстанцаў.

Так скончылася паўстанне на Літве.

Паўстанне на Валыні таксама пацярпела паразу.

Заканчэнне паўстання

Між тым, галоўная руская армія, пасля бітвы пад Астраленкай адступіла да Пулстуска і ў канцы траўня (праз два тыдні) была папоўнена. Вайна зацягвалася, а руская армія так і не магла дасягнуць вырашальнага выніку. У Расеі распаўсюджваліся самыя нявыгадныя чуткі пра фельдмаршала, яго нават абвінавачвалі у здрадзе.

Фельдмаршал Дыбіч вырашыў у чэрвені прыступіць да аблогі Варшавы, але 29 траўня ён памёр ад халеры. Пасля смерці Дыбіча, рускую армію ўзначаліў начальнік штаба Дыбіча генерал Толь. Але хутка на змену Толю (25 чэрвеня) прыехаў Паскевіч–Эрыванскі які раней добра зарэкамендаваў сябе ў вайне з туркамі. Па прыбыцці ў Пулстуск ён загадаў сцягнуць да горада максімальную колькасць войскаў і потым рушыў на Варшаву. 5 ліпеня руская армія чатырма калонамі выступіла да Варшавы. З-за дажджоў і бездаражы шлях да польскай сталіцы заняў больш за месяц.

Польскі камандуючы Скрыжынецкі не супрацьдзейнічаў прасоўванню рускіх войскаў да Варшавы, таму яго бяздзейнасць выклікала незадаволенасць. Скрыжынецкі вымушаны быў пайсці ў адстаўку, і на яго месца быў прызначаны генерал Дэмбінскі, які толькі што прывёў свой аддзел з Літвы. У гэты час збунтаваліся нізы Варшавы, у выніку рэвалюцыйных пературбацый дыктатарам Варшавы стаў генерал Крукавецкі. Ён зняў з пасады Дэмбінскага і ўвязніў яго ў турму, а Адама Чартарыйскага і Лелявеля прысудзіў да шыбеніцы, і ім абодвум прыйшлося ратавацца ўцёкамі за мяжу. Новы дыктатар прызначыў камандуючага войскамі свайго сябра генерала Малахоўскага.

Між тым рускія войскі (60 000 чалавек і 200 гармат) набліжаліся да Варшавы. Каб не дапусціць іх пераправы на левы бераг Віслы, Малахоўскі адправіў супраць рускіх войска ў 20 000 чалавек пад камандаваннем генерала Рамарына. Супраць Рамарына Паскевіч высунуў войскі двух рускіх генералаў: Красоўскага і Розэна. У серыі сутычак рускія войскі прыціснулі аддзел Рамарына да аўстрыйскай мяжы. Польская армія ў 14 000 чалавек з 42 гарматамі перайшла мяжу і была інтэрнавана.

Напрыканцы жніўня – у пачатку верасня Паскевіч аблажыў Варшаву. Пасля чатырох дзён блакады ён склікаў ваенную раду, на якой вырашылі штурмаваць горад. У гэты час быў атрыманы зварот цара з патрабаваннем да паўстанцаў скласці зброю і змірыцца. Зварот быў перададзена палякам з прапановай пачаць перамовы. Для перамоваў з Варшавы прыехаў генерал Прандзінскі якому і было ўручана пасланне цара. На наступны дзень расейцам перадалі ліст ад дыктатара Крукавецкага, якое заканчвалася словамі: «Палякі ўзнялі зброю за незалежнасць Айчыны ў тых межах, якія спрадвеку аддзялялі яе ад Расеі, народны ўрад чакае адказу ў якой меры Яго Імператарская Вялікасць можа выканаць гэтае жаданне». Паскевіч загадаў рыхтавацца да штурму.

У 5 гадзін 6 верасня рускія войскі, калонамі, пад гукі музыкі, маючы наперадзе 92 гарматы рушылі на штурм. Даўжэй за ўсіх супраціўлялася Воля, камандзір якой, генерал Савінскі, на прапанову здацца адказаў: «Адно з вашых ядраў адарвала мне нагу пад Барадзіным, і я зараз не магу зрабіць ні кроку назад», ён быў забіты пры штурме. Паскевіч зладзіў сваю стаўку ў Волі, на працягу ночы з 6 на 7 верасня расейцы бамбардавалі другую лінію; польская артылерыя адказвала слаба, за недахопам зарадаў. Раніцай 7 верасня Паскевіч аднавіў штурм. Але па просьбе польскага боку да 3 гадзін дня было абвешчана перамір’е. Паколькі пасля заканчэнне гэтага тэрміну паўстанцы не здаліся, штурм быў адноўлены. Падчас бою Паскевіч быў кантужаны і рускую армію ўзначаліў генерал Толь. Да вечара амаль усе ўмацаванні Варшавы былі ўзятыя. На наступны дзень паміж бакамі была складзена ўмова, паводле якой Варшава здаецца непрыяцелю, а польскія войскі адыходзяць да Плоцка і чакаюць далейшых рашэнняў.

Апоўдні 8 верасня рускія войскі ўвайшлі ў Варшаву.

Польскай ўрад пераехаў ў Закрочын, і пачаў пасяджэння пад кіраўніцтвам Немаеўскага. На гэтым пасяджэнні быў дэзавуяваны акт аб падначаленні рускім, галоўнакамандуючым быў прызначаны генерал Рыбінскі. Ён сабраў разрозненыя аддзелы ў адно войска ў 30 000 чалавек спрабаваў аднавіць ваенныя дзеянні, але сур’ёзна ваяваць польская армія ўжо не магла. Таму на пачатку кастрычніка, пад ціскам расейцаў, апошнія польскія войскі перайшлі прускую мяжу і былі інтэрнаваны.

26 лютага 1832 г. з’явіўся «арганічны статут», паводле якога Польскае Царства аб’яўлялася часткай Расеі, скасоўваўся сойм, і заміж сойма засноўваўся дзяржаўны савет, члены якога прызначаліся самім імператарам, скасоўвадася польскае войска. Старое адміністрацыйнае дзяленне на ваяводствы было заменена дзяленнем на губерні. Намеснікам Царства Польскага быў прызначаны граф Паскевіч, які атрымаў тытул князя Варшаўскага. Фактычна гэта азначала прыняцце курсу на ператварэнне Царства Польскага ў рускую правінцыю – на польскую тэрыторыю распаўсюджваліся расейская манетная сістэма і сістэма мер і вагаў.

На тэрыторыі гістарычнай Літвы быў ліквідаваны Віленскі ўніверсітэт. Было вырашана, каб ва ўсіх навучальных установах кіраўнікамі былі толькі расейцы, павялічана колькасць гадзін вывучэння рускай мовы, а выкладчык рускай мовы заміж малодшага выкладчыка стаў старэйшым, гісторыя і статыстыка сталі выкладацца на рускай мове. Віленская навучальная акруга была паменшана, вялікая яе частка адышла да Кіеўскай і Беларускай навучальных акругаў. Была ліквідавана ўніяцкая царква.

Для паслаблення ўплыву каталіцкага духавенства, рускі ўрад пастанавіў:

• Каб ад змешаных шлюбаў каталікоў і праваслаўных (былых уніятаў) дзеці былі праваслаўныя.

• Кандыдаты на епіскапскія пасады выбіраліся ўрадам.

• Каталіцкія духоўныя асобы без згоды свецкай улады “не мелі права кроку зрабіць з свайго месцазнаходжання”.

Рымскія папы, спачатку Рыгор XIV а потым Пій IX дасылалі свае пратэсты, але ў Расеі не звярнулі на іх ні якай увагі і, «як непатрэбны дакумент здалі ў архіў».

У 1840 г. на ўсёй тэрыторыі Беларусі было скасавана дзеянне Статута 1588 г.

ВОПРОС №2 Расійскі шлях палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі. Адмена прыгоннага права. Буржуазныя рэформы 60 – 70-х гг. XIX ст.

Адмена прыгоннага права

Прычыны і падрыхтоўка сялянскай рэформы. Адмену прыгоннага права ў Расійскай імперыі абумовілі дзве галоўныя прычыны: існаванне прыгонніцтва стрымлівала эканамічнае развіццё дзяржавы; узрастанне антыпрыгонніцкага руху, перш за ўсё сярод сялянства, пагражала моцным сацыяльным выбухам. У сярэдзіне ХІХ ст. Расія заставалася адной з нямногіх вялікіх дзяржаў, дзе захавалася права адных людзей валодаць другімі. Ужо не менш як пяць дзесяцігоддзяў пытанне аб прыгонніцтве займала цэнтральнае месца ў ідэалагічных спрэчках розных кірункаў грамадскай думкі Расіі. Але толькі паражэнне ў Крымскай вайне 1853 – 1856 гг. здолела прымусіць кіраўніцтва імперыі перайсці да непасрэднага вырашэння сялянскай праблемы. Ва ўрадавых колах разумелі, што рэформу лепш правесці “зверху”, інакш можна дачакацца адмены прыгонніцтва “знізу”.

Новы ўрад Расіі на чале з імператарам Аляксандрам ІІ пачаў падрыхтоўку да скасавання прыгону. Спачатку падрыхтоўка сялянскай рэформы вялася ў сакрэце ад шырокіх колаў грамадскасці. У студзені 1857 г. быў створаны Сакрэтны камітэт “для абмеркавання мер па ўладкаванні побыту памешчыцкіх сялян”. Члены камітэта спрачаліся наконт умоў адмены прыгоннага права. Адны прапаноўвалі остзейскі варыянт, г. зн. вызваленне сялян без зямлі; іншыя жадалі, каб цар узяў ініцыятыву на сябе і дараваў вольнасць сялянам ад свайго імя; некаторыя лічылі, што ўмовы вызвалення сялян павінны выпрацаваць памешчыкі.

Рэформу было вырашана пачынаць з заходніх губерняў. Па‑першае, мясцовыя памешчыкі былі значна больш, чым памешчыкі ў іншых раёнах Расіі, уцягнуты ў таварна-грашовыя адносіны з прычыны блізкасці да заходнееўрапейскага рынку. Па‑другое, увядзенне ў 1840-я гг. абавязковых інвентароў у тутэйшых памешчыцкіх гаспадарках прывяло памешчыкаў Беларусі да ўсведамлення хуткай і непазбежнай страты імі сваёй улады над сялянамі і, разлічваючы на больш выгадныя для сябе ўмовы адмены прыгонніцтва, яны мусілі першымі адгукнуцца на прапанову ўрада. Па‑трэцяе, для самадзяржаўя апазіцыйна настроенае польскае дваранства ўяўляла палітычную небяспеку, таму неабходна было найхутчэй пазбавіць яго магчымасці выкарыстаць сялянскія хваляванні ў сваіх нацыянальных інтарэсах.

Для расійскага ўрада было важна, каб ініцыятыва адмены прыгоннага права зыходзіла ад памешчыкаў – галоўнай сацыяльнай апоры ўлады. Паколькі памешчыкі асабліва не спяшаліся з прапановамі аб скасаванні прыгонніцтва, памешчыцкую “ініцыятыву” трэба было арганізаваць. Зрабіць гэта аказалася не вельмі цяжка. Яшчэ ў маі 1856 г. генерал-губернатар Віленскай, Ковенскай і Гродзенскан губерняў У.І. Назімаў на сустрэчы з Аляксандрам ІІ у Брэсце запэўніў імператара, што дваране яго генерал-губернатарства, бачачы вынікі вызвалення сялян у суседніх прыбалтыйскіх губернях, дзе сяляне атрымалі асабістую свабоду яшчэ ў пачатку ХІХ ст., пагадзіліся б на падобную рэформу. Летам 1857 г. Аляксандр ІІ зноў сустрэўся з У.І. Назімавым, цяпер ужо ў Вільні, і генерал-губернатар пацвердзіў, што памешчыкі паўночна-заходніх губерняў гатовы выступіць з ініцыятывай адмовы ад прыгоннага права.

Пад уплывам У.І. Назімава інвентарныя камітэты Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губерняў прынялі рашэнне не займацца пытаннямі рэгулявання адносін паміж памешчыкамі і сялянамі, для чаго яны і былі калісьці створаны, а пагадзіліся бязвыплатна вызваліць сялян, пакінуўшы памешчыкам усю зямлю, у тым ліку і сялянскія надзелы. Гэта рашэнне У.І. Назімаў у верасні 1857 г. накіраваў міністру ўнутраных спраў. У кастрычніку ён асабіста прыехаў у Пецярбург і папрасіў даць яму далейшыя інструкцыі. 20 лістапада 1857 г. Аляксандр ІІ падпісаў і накіраваў рэскрыпт (прадпісанне) генерал-губернатару Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў У.І. Назімаву аб заснаванні з прадстаўнікоў мясцовых памешчыкаў трох губернскіх камітэтаў і адной агульнай камісіі ў Вільні для падрыхтоўкі мясцовых праектаў паляпшэння побыту памешчыцкіх сялян. Крыху пазней падобныя камітэты былі створаны і ў іншых губернях Расіі.

У рэскрыпце нічога не было сказана аб адмене прыгоннага права, але 21 лістапада 1857 г. у “Дадатковай адносіне” ўжо недвухсэнсоўна тлумачылася, што галоўным у “паляпшэнні быту памешчыцкіх сялян” з’яўляецца адмена прыгоннага права. Менавіта прыняцце гэтых двух дакументаў зрабіла незваротным працэс падрыхтоўкі да адмены прыгоннага права па ўсёй імперыі, а іх апублікаванне легалізавала абмеркаванне праблемы. Неабходнасць рэформы была публічна пацверджана. Стала зразумелым, што прыгоннае права дажывае апошнія гады. Пераважная большасць дваранскіх камітэтаў ва ўсіх губернях Расіі выказалася за вызваленне сялян без зямлі. Але такі варыянт ужо не адказваў патрабаванням часу, не мог даць пажаданага эфекту і быў адхілены ўрадам.





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 489 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.012 с)...