Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі. Узнікненне індустрыяльнага грамадства



Па меры развіцця капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы фарміраваліся два новыя грамадскія класы: буржуазія і пралетарыят. Слова «буржуазія» паходзіць з французскага «bourgeoisie», запазычанага з познелацінскага burgus і азначае пануючы клас капіталістычнага грамадства, які валодае ўласнасцю на сродкі вытворчасці і існуе за кошт эксплуатацыі наёмнай працы.

У ліку арганізатараў першых на Беларусі капіталістычных прадпрыемстваў былі прадстаўнікі дваранскага і купецкага, і ў меншай ступені – мяшчанскага і сялянскага саслоўяў. Пасля скасавання прыгоннага права памешчыкі прыстасоўвалі свае маёнткі да ўмоў капіталістычнага гаспадарання або здавалі сваю зямельную ўласнасць у арэнду. Тыя ж прыкметы новага ў сацыяльным абліччы дваран-памешчыкаў назіраліся ў выпадках, калі яны арганізовалі прадпрыемствы з выкарыстаннем наёмнай рабочай сілы. Так, у 90-я гг. ХІХ ст. ім належала 343 мануфактуры і фабрыкі або 46% з існаваўшых на Беларусі.

Асноўнай крыніцай фарміравання буржуазіі з’яўлялася купецтва і разбагацеўшыя рамеснікі. Самай шматлікай часткай буржуазнага класу з’яўляліся яўрэйскія купцы і мяшчане. З цягам часу менавіта яўрэйскай буржуазіі належаў 51% фабрык і заводаў, большасць прыватных газет і крэдытна-фінансавых устаноў.

Да 1897 г. сельская буржуазія, якая скарыстоўвала наёмную працу, складала каля 9 % усяго сялянскага саслоўя (463,5 тыс. чал. з 5 073,1 тыс). Агульная колькасць прадстаўнікоў прамысловай (335,3 тыс.) і аграрнай (463,5 тыс. чал.) буржуазіі дасягала 800 тыс.

Зараджэнне капіталістычных адносін у прамысловасці адбілася ў з’яўленні новага грамадскага класа – пралетарыята. Гэтым тэрмінам прынята называць асабіста свабодных людзей, якія існавалі ў эпоху капіталізму выключна за кошт продажу сваёй рабочай сілы. Да пралетарыяў адносяць як гарадскіх, так і сельскіх рабочых (парабкаў). Пасля скасавання прыгону ў 1861 г. асноўнай крыніцай фарміравання пралетарыяту з’яўляліся мяшчане і ў меншай ступені – збяднелыя вяскоўцы. Усяго ж на мяжы ХІХ і ХХ стст. у прамысловасці, на чыгуначным транспарце і ў дэпо было занята каля 260 тыс. пралетарыяў.

У агульнай 460-тысячнай арміі пастаянных наёмных рабочых асобае месца займалі сельскія пралетарыі. Самай масавай яе крыніцай былі бедныя сяляне. У 1897 г. у беларускіх губернях налічвалася 182,2 тыс. пастаянных парабкаў, што складала 37% агульнай колькасці наёмных рабочых і слуг. Характэрнай рысай Беларусі парэформеннага перыяду з’яўляўся шматнацыянальны склад прамысловых пралетарыяў. 60% іх складалi яўрэi, 17% – беларусы, 10% – палякi, 10% – рускiя, каля 4% – латышы, лiтоўцы i украiнцы. Пры гэтым яўрэі не дапускаліся да работы на чыгунках і ў казённых прадпрыемствах. Сельскія пралетарыі вызначаліся падаўляючай перавагай беларусаў.

Прамысловая рэвалюцыя, якая адбылася ў краінах Заходняй Еўропы і ЗША, абумовіла з’яўленне і распаўсюджанне буйной машыннай вытворчасці. У выніку за змену традыцыйнаму (аграрнаму) грамадству прыйшло новае, індустрыяльнае з такім узроўнем грамадскаэканамічнага развіцця, калі найбольшы ўклад у вытворчасць матэрыяльных каштоўнасцей уносіць прамысловасць. Гэта грамадству ўласціва ўсталяванне рыначнай эканомікі, урбанізацыя, наяўнасць асноўных сацыяльных груп – прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў, развіццё навукі, дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

Усталяванне індустрыяльнага грамадства ў Расійскай імперыі прайшло тыя ж этапы, што і на Захадзе. Але нягледзячы на наяўнасць асноўных знешніх атрыбутаў (перавага ў прамысловасці фабрычна-заводскай вытворчасці, панаванне капіталістычнага рынку, існаванне банкаўскай сістэмы, узнікненне буржуазіі і пралетарыяту і г.д.), у эканоміцы і грамадскім жыцці краіны заставалася шмат рудыментаў папярэдняй, аграрнай цывілізацыі: па-першае, захаванне шматукладнай эканомікі перажыткаў феадалізму; па-другое, захаванне саслоўна-самадзяржаўнага ладу, які абмяжоўваў свабоду прадпрымальніцтва, развіцццё гандлю і прамысловасці; па-трэцяе, актыўнае ўмяшальніцтва царызма ў эканоміку, вялікая роля дзяржавы ў прамысловасці, фінансах і транспарце; нарэшце, значныя дзяржаўныя расходы на падтрымку саслоўя памешчыкаў і чыноўніцкага апарату.

Асабліва яскрава гэта выявілася на прыкладзе Беларусі: прамысловая рэвалюцыя тут яшчэ не завяршылася, доля фабрычнай вытворчасці ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі складала менш паловы (46,8%), а на прадпрыемствах цэнзавай прамысловасці налічвалася толькі 31 тыс. рабочых. Мясцовыя прамыславікі і прадпрымальнікі, у адрозненні ад маскоўскага, пецярбургскага, уральскага і іншых рэгіёнаў спецыялізавалася не на машыннай індустрыі, а на выпуску традыцыйнай (харчовай, будаўнічай, гарбарнай і г. д.) прадукцыі і на продажы сыравіны (лён, лес).

Працэс урбанізацыі тут быў дастаткова марудным: у гарадах пражывала каля 10% насельніцтва. Асноўную масу прамысловага рабочага класа складалі работнікі дробных прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Саслоўная структура яшчэ пераважала над сацыяльна-класавай.

ВОПРОС№4 Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратьгчны рухі ў Беларусі.

Ідэалогія лібералізму, народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух на Беларусі Выспяванне нацыянальнай ідэі ў светапоглядзе беларускіх народнікаў

У Заходняй Еўропе ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму і яго далейшага развіцця ўзнікла палітычная і ідэалагічная плынь – лібералізм, які выказваў інтарэсы прамысловай буржуазіі па абмежаванні правоў манарха парламентам, устанаўленні канстытуцыйнага ладу і ўдзелу ва ўладзе. Лепшай формай палітычнага ладу лібералы лічылі дэмакратыю, заснаваную на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя, свабоду асобы і раўнапраўе грамадзян.

Пэўная частка інтэлігенцыі, заклапочаная паскарэннем грамадскага прагрэсу ў Расіі, звярнула ўвагу на патэнцыяльныя магчымасці сялянства. Тыя з інтэлігентаў, хто ішоў «у народ» (сяліўся ў вёсках), каб узняць яго асветніцкі ўзровень, зваліся народнікамі. Адна іх плынь – ліберальнае народніцтва – выступала за ўдасканаленне асобы і пашырэнне яе правоў, а таксама за ўвядзенне канстытуцыі. Каб прадухіліць магчымы сацыяльны выбух, ліберальныя народнікі заклікалі да мірнай замены «самадзяржаўя цара самадзяржаўем народа» на аснове ўсеагульных выбараў, свабоды слова и свабоды сходаў.

З цягам часу з ліберальнага народніцтва вылучылася рэвалюцыйная плынь, якая лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, а сялянскую абшчыну – гатовай ячэйкай будучага сацыялістычнага грамадства. Характэрнай рысай народнiцкай iдэалогii з’яўлялася перапляценне ідэй народаўладдзя з сялянскiм утапiчным сацыялiзмам. Яе прадстаўнікі ставілі на мэце падрыхтоўку ў Расіі сялянскага паўстання і звяржэнне самаўладдзя. Першая народнiцкая арганiзацыя «Зямля і Воля» была створана ў 1861 г. На Беларусi iдэi народнiцтва падзялялi К. Калiноўскi, В. Урублеўскi, З. Серакоўскi.

З-за спрэчак аб тактыкi сваёй дзейнасці народнікі і падзяляліся на тры групоўкі – бунтарскую, змоўшчыцкую і прапагандысцкую. Ідэолагам першай з’яўляўся М. Бакунiн, якi заклiкаў да неадкладнага ўсенароднага паўстання супраць царызму і памешчыкаў. Прыхiльнiкi П. Ткачова выступалi «за палiтычны пераварот з мэтай перадачы ўлады народу». Трэцяя плынь народнiкаў падзяляла думку П. Лаўрова аб неабходнасцi грунтоўнай падрыхтоўкi да рэвалюцыi праз прапаганду.

Намаганнямі А. Міхайлава, Г. Пляханава і інш. у 1876 г. у Пецярбургу была адноўлена дзейнасць нелегальнага таварыства «Зямля i Воля», у якім бралi удзел і студэнты з Беларусi – С. Кавалiк, А. Бонч-Асмалоўскi, І. Грынявiцкi, М. Судзiлоўскi i iнш. У жнiўнi 1879 г. «Зямля i Воля» з-за ідэйных спрэчак раскалолася на «Народную волю» i «Чорны перадзел». На пачатку 1880-х гг. гурткi чорнаперадзельцаў узнiклi у Віцебску, Мiнску, Оршы, Слуцку.

Другая плынь рэвалюцыянераў (А. Жэлябаў, Н. Кібальчыч, А. Міхайлаў, С. Пяроўская, С. Халтурын і інш.) аб’ядналася вакол «Народнай волi», якая паставіла на мэце прымусіць царскі ўрад пайсці на дэмакратычныя рэформы. Асноўным метадам палітычнага ўздзеяння на яго зрабіўся індывідуальны тэрор – фізічнае знішчэнне вышэйшых дзяржаўных асоб. Прыхільнікі гэтай тактыкі спадзяваліся гэтымі забойствамі выклікаць паралік органаў улады, анархію, а ўслед за ім – народную рэвалюцыю. У лiку ўдзельнiкаў «Народнай волi» былі выхадцы з Беларусi. Адзін з іх, І. Грынявіцкі 1 сакавiка 1881 г. кінуў бомбу ў Аляксандра II, смяротна параніўшы яго і сябе.

У студзенi 1882 г. была створана Паўночна-Заходняя арганiзацыя «Народнай волi», якая аб’яднала большасць гурткоў Беларусi, у тым ліку Бабруйска, Вiльнi, Віцебска, Гродна, Магілёва, Мiнска, Оршы, Пiнска. Дзейнасць «Народнай волі» не прынесла тых вынікаў, на якія разлічвалі яе арганізатары і кіраўнікі.

На фоне крызісу народнiцкіх арганізацый у Расіі стала ўмацоўвацца новае вучэнне – марксізм. Яго заснавальнік – К. Маркс (1818-1883) даказваў неабходнасць і магчымасць сусветнай рэвалюцыі, звяржэння буржуазнага ладу, усталявання дыктатуры пралетарыяту і пабудовы сацыялістычнага грамадства. Асноўную ролю ў рэвалюцыі павінен быў адыграць рабочы клас (пралетарыят). У адрозненне ад народнікаў, марксісты не лічылі сялянства рэвалюцыйным класам, тым не менш разглядалі яго як саюзніка ў сумеснай барацьбе супраць самаўладдзя. На Беларусі асноўным асяроддзем распаўсюджання марксiсцкiх iдэй зрабiлiся яўрэйскiя працоўныя. У 1884 г. у лiку першых пачаў працаваць гурток Абрамовiча ў Мiнску. У 1886 г. марксiзм вывучалi ужо каля 130 рабочых. У 1895 г. у горадзе дзейнiчалi 2 сацыял-дэмакратычныя групы, якія ўзначальвалі Я. Гурвiч i C. Трусевiч. Пазней такiя ж гурткі ўзнiклi у Вiльнi, Гродна, Смаргонi, Вiцебску, Гомелi.

На аснове рабочых гурткоў сталi стварацца сацыял-дэмакратычныя арганiзацыі. Узнiкшыя ў Польшчы ў 1882 і 1892 гг. партыі (адпаведна) «Пралетарыят» і «Польская партыя сацыялістычная» (ППС) сталі пашыраць свой уплыў і на Заходнюю Беларусь. Асаблiвай актыўнасцю вызначаўся Лiтоўскi рабочы саюз з аддзяленнямi у Вiльнi, Мiнску i Смаргонi. У жніўні 1900 г. па ініцыятыве Ф. Дзяржынскага адбылося аб’яднанне саюза с польскімі сацыял-дэмакратамі ў адзіную Сацыял-Дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ).

У прамысловых цэнтрах Расіі таксама ўзніклі сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, у тым ліку пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа» (1895) на чале з У. Ульянавым (Леніным).

Колькаснае павелiчэнне сацыял-дэмакратычных суполак яўрэйскiх рабочых стварыла ўмовы для ўзнiкнення масавай арганізацыі Бунд – Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Лiтве, Польшчы i Расii (на чале з А. Крэмерам), які быў створаны ў Вiльнi у 1897 г.

Па ініцыятыве ЦК Бунда была прадпрынята спроба ўтварэння агульнарасійскай рабочай партыі. З гэтай нагоды 1-3 сакавiка 1898 г. у Мiнску адбыўся I з’езд 9 дэлегатаў сацыял-дэмакратаў ад буйнейшых арганізацый Расіі, які ў прынятым Маніфесце абвясціў аб утварэнні Расійскай Сацыял-дэмакратычнай партыі. На справе яе яшчэ толькі належала стварыць, чым і заняліся Ў. Ленін, Ю. Мартаў і іншыя.

У 1879-1880 г. у асяроддзі студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта, выхадцаў з Беларусі, узнікла група «Гоман», якая называла сябе «беларускай мясцовай фракцыяй» партыi «Народная воля». У ліку яе арганізатараў былі І. Грынявіцкі, А. Марчанка, Х. Ратнер, М. Стацкевіч і інш. Значным дасягненнем групы стала выданне ў 1884 г. часопіса «Гомон. Белорусское революционное обозрение» для таго, каб служыць выразнiкам iдэй сацыяльна-рэвалюцыйнай групы беларусаў. У яго першым нумары за студзень–люты абвяшчалася аб праве беларусаў пры захаванні сваёй самастойнасці «заняць у Расіі такое ж месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш ці менш буйныя народнасці».

У другім нумары «Гомана», які выйшаў у лістападзе, былі змешчаны больш разгорнутыя характарыстыкі «нашай Радзімы» Беларусі як асобнай «краіны» і саміх беларусаў як «чыстага тыпу славянскага племені», іх арыгінальнай мовы, узаемаадносін з палякамі і вялікаросамі.

Такім чынам, «сацыяльна-палітычная група беларусаў» і іх часопіс папулярызавалі ідэю аб самабытнасці беларускага народа і абгрунтоўвалі яго права на дзяржаўнасць (аўтаномію) у складзе Расійскай федэрацыі. Тым самым яны пераконвалі расійскую грамадскасць у існаванні самабытнага беларускага народа, заяўлялі аб яго месцы сярод іншых народаў і перспектывах далейшага жыцця.





Дата публикования: 2015-10-09; Прочитано: 833 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.009 с)...