Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Персанаж як носьбіт мовы. Дыялог і маналог



У многіх літаратурных творах персанаж паўстае ў якасці нось­бі­та мо­вы, выяўляючы сябе ў словах, што гаворацца ім услых альбо пра сябе. Та­кога персанажа можна ўмоўна імянаваць «гаворачым».

На ранніх этапах функ­цыянавання слоўнага мастацтва «гаворачы» пер­санаж выступаў як суб’ект, за якога прамаўляў аўтар сва­ім уласным го­ласам, сваёй мовай і стылем. Аднак ад эпохі да эпо­хі персанажы сталі ўсё болей і болей атрымліваць права на свой уласны го­лас, на асабістую моў­ную характарыстыку і ў выніку набылі новы, больш важны статус у агуль­най мастацка-выяўленчай сістэме твора.

«Гаворачы» персанаж праяўляе сябе ў дыялагічнай і ма­на­ла­гіч­най мо­ве. Дыялогі (ад ст.-грэч. dialogos — размова, бяседа двух асоб) і мана­ло­гі (ад ст.-грэч. monologos — адпаведна словы, размова ад­наго чала­ве­ка) «складаюць найбольш спецыфічнае звяно сла­весна-мастацкай воб­раз­насці. Яны з’яўляюцца свайго роду сувяз­ным звяном паміж светам тво­ра і яго моўнай тканінай. Як акты па­во­дзін і як асноўны цэнтр думкі, па­чуццяў, волі персанажа яны на­ле­жаць прадметнаму слою твора; узя­тыя ж з боку слоўнай тканіны, скла­­даюць феномен мастацкай мовы» [109].

Дыялог складваецца з выказванняў розных асоб (як правіла, двух; раз­­мова трох і болей персанажаў звычайна імянуецца палі­ло­гам) і ажыц­цяў­ляе ў выніку зносіны людзей. Удзельнікі каму­ні­ка­цыі ў дыялогу па­ста­янна мяняюцца ролямі, становячыся на пэўны час (не надта пра­цяг­лы) то гаворачымі (г. зн. актыўнымі), то слу­ха­ю­чымі (г. зн. пасіўнымі). У час працякання дыялога асобныя вы­каз­ван­ні ўзнікаюць імгненна. Кож­­ная наступная рэпліка (надта ка­рот­кае і лаканічнае выказванне) за­ле­жыць ад папярэдняй, будучы не­пас­рэдным водгукам на яе.

Паводле сваёй будовы і змястоўна-функцыянальных асаблі­ва­сцей дыя­логі, што знаходзяць выяўленне ў творах мастацкай лі­та­ра­ту­ры, мож­на ўмоўна падзяліць на рытуальна строгія (іх яшчэ мож­на імя­на­ваць этыкетна ўпарадкаванымі ці цэрыманіяльнымі) і звы­чай­ныя. Пер­шыя з’яўляюцца характэрнымі для традыцыйных фальк­­лорных і ранніх лі­таратурных жанраў. Сфера ж прымянення дру­­гіх — уся сусветная лі­та­ра­тура Новага часу.

Для дыялога найбольш спрыяльнай і пажаданай з’яўляецца ат­мас­фе­ра нязмушанасці і адсутнасці якой-бы то ні было дыстанцыі (прас­то­ра­вай, сацыяльнай, разумова-інтэлектуальнай і інш.) паміж удзель­нікамі, у вы­ніку чаго рэплікі як быццам бы самі «льюцца» з вус­наў дзеючых асоб. Прычым наяўнасць у складзе дыялагічнага маў­лення сказаў, сло­ва­злу­чэнняў і фраз, не зусім правільных з пунк­ту гледжання сінтаксічных (а част­кова і лексіка-граматычных) норм, не з’яўляецца, так бы мовіць, іс­тотным парушэннем.

Наогул, дыялогі адыгрываюць вельмі важную ролю ў мас­тац­кай лі­та­ратуры. У эпічных (апавядальных) жанрах узаемаадносіны пер­са­на­жаў без дыялога наўрад ці змогуць выявіцца канкрэтна, поў­на і ярка. Дра­матычныя ж творы, дзе дыялог ёсць «найважнейшы вы­яўленчы сро­дак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца ха­рак­тары» [110], па-за дыялогам зусім уявіць нельга.

Побач з дыялогам у творах мастацкай літаратуры «сваёй сфе­рай, сва­імі магчымасцямі і асаблівай, не меншай значнасцю валодае і ма­на­ла­гіч­ная мова» [111].

Адрозніваюць маналогі накіраваныя (на рускай мове — обра­щен­ные) і адасобленыя (на рускай мове — уединенные).

Накіраваныя маналогі прызначаны пэўным чынам уздзей­ні­чаць на ад­расата, але ні ў якім разе не патрабуюць ад яго імгненнага і аба­вяз­ко­ва­га водгуку. У дадзенай форме маналога адзін з удзель­ні­каў ка­му­ні­ка­цыі з’яўляецца актыўным (увесь час гаворыць), а ўсе ас­татнія пасіўнымі (слу­хаюць). Пры гэтым адрасатам накіраванага ма­налога можа быць і адзін чалавек, і некалькі, а часам і надта шмат (пуб­лічныя выступленні па­літычных дзеячаў, прапаведнікаў, лек­та­раў і інш.). Накіраваныя ма­на­ло­гі (у адрозненне ад рэплік дыялога) не абмежаваны ў сваім аб’ёме і, як пра­віла, папярэдне абдуманыя і дак­ладна вызначаныя паводле струк­ту­ры. Яны могуць узнаўляцца ў са­мых розных жыццёвых сітуацыях. На­кі­ра­ваныя маналогі выкары­стоў­ваюць як вусную, так і пісьмовую мовы. Та­кім чынам, маналог «на­многа меней, чым дыялагічная мова, аб­ме­жа­ва­ны месцам і часам маў­лення, ён лёгка распаўсюджваецца ў прасторы ча­лавечага быц­ця. Пагэтаму маналагічная мова здольная выступаць у яка­сці цэнтру збі­рання пазасітуатыўных сэнсаў, устойлівых і глыбокіх. Тут — яе не­­сумненная перавага над рэплікамі дыялогаў» [112].

Адасобленыя маналогі — гэта выказванні, якія ажыццяўляюц­ца ча­ла­векам у адзіноце (літаральнай) альбо ў псіхалагічнай іза­ля­цыі ад ін­шых. Да адасобленых маналогаў можна аднесці дзённі­ка­выя запісы, што не прызначаны для чытача, а таксама «маўленне» для самога сябе: ці ўслых, ці (што назіраецца часцей) «пра сябе». Маў­ленне «пра сябе» звы­чай­на імянуецца ў літаратурнай навуцы ўнут­раным манало­гам.

Маналогі, як ужо адзначалася вышэй, шырока выкары­стоў­ва­юц­ца ў тво­рах мастацкай літаратуры. Ёсць яны і ў празаічных жан­рах, і ў дра­ма­тур­гіі. Найбольш жа шырока маналог прымяняецца ў лі­рыцы: яна прак­тыч­на поўнасцю пабудавана на маналогу лі­рыч­на­га героя.

Своеасаблівым маналогам можна лічыць таксама мастацкі твор у цэ­лым. «Маналог гэты прынцыпова адрозніваецца ад ара­тар­скіх вы­ступ­лен­няў, публіцыстычных артыкулаў, эсэ, філасофскіх трак­татаў, дзе бе­зу­моўна і неабходна дамінуе прамое аўтарскае сло­ва. Ён уяўляе сабой сво­еасаблівае надмоўнае ўтварэнне — як бы «звыш­маналог», кам­па­нен­та­мі якога служаць дыялогі і маналогі асоб, што адлюст­роўваюцца» [113].

Ак­рамя таго, што словы-тэрміны «дыялог» і «маналог» ужы­ва­­юцца ў лі­таратуразнаўстве як назвы мастацка-маўленчых форм, імі сёння спра­буюць абазначаць таксама і «якасці свядомасці аў­та­раў і асоб, што імі ма­лююцца. Літаратуразнаўства апошніх дзе­ся­ці­год­дзяў настойліва звяр­та­ецца да тэрмінаў «дыялагічнасць» («дыя­ла­гізм») і «маналагічнасць» (ма­налагізм»), якія ўвайшлі ў навуковы ўжы­так, дзя­куючы М.М. Бах­ці­ну. Гэтыя паняцці належаць тэорыі зно­сін, культу­ралогіі, а ў значнай ме­ры і філасофіі. Яны ха­рак­та­ры­зу­юць далуча­насць (ці, наадварот, не­да­лу­ча­насць) свядомасці, па­во­дзін, выказван­няў чалавека да працэсу між­аса­бо­вых зносін.

Дыялагічнасць мае месца там, дзе выказванні з’яўляюцца звен­ня­мі жы­вых і плённых зносін людзей і ўзбагачаюць іх духоўны во­пыт. <...> Ма­налагічнасць жа — гэта перш за ўсё сфера негумані­тар­ных ведаў, ку­ды адносяцца прыродазнаўчыя і дакладныя навукі: мыс­ленне і мова на­кі­раваны на бязмоўную рэч ці нейкую адцяг­не­насць (абстракцыю). І га­лоў­ным крытэрыем іх ацэнкі становяцца дак­ладнасць і завершанасць» [114].

Маналагічны характар літаратурна-мастацкая творчасць у мно­гім на­сіла на ранніх этапах свайго развіцця. З цягам жа часу ў ёй усё больш і больш усталёўвалася дыялагічнасць, якая выяўлялася перш за ўсё праз імк­ненне аўтара да дыялогу са сваімі папя­рэд­ні­ка­мі, затым героямі і, урэш­це, чытачом. Дыялогу аўтара з апошнім «са­дзейнічае запытальная, пра­вакуючая актыўнасць аўтара, які апе­люе да індывідуальнага водгуку чы­тача, да яго духоўнай і ра­зу­мо­вай ініцыятывы» [115].

На аснове вылучаных М. Бахціным і атрымаўшых шырокае пры­знан­не катэгорый «дыялагічнасць» і «маналагічнасць» можна вес­ці га­вор­ку аб адпаведнай свядомасці персанажа. «Здольны да дыя­лагічных ад­носін герой нават у рамках маналагічнай мовы звяр­та­ецца да іншай свя­домасці і адкрыты ёй. <...> Дыялагічная свя­до­масць звязана з пэўнага ро­ду паводзінамі, якія выражаюцца ў імк­нен­ні асобы да добрага ўдзелу ў лё­се іншага» [116]. Маналагічны ж ге­­рой — «гэта пераважна персанаж, замк­нё­ны, засяроджаны на са­­бе. <...> Яго паводзіны вельмі часта звязаны з раз­буральным па­чат­­кам» [117].





Дата публикования: 2014-10-20; Прочитано: 1008 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...