Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Уводнае тлумачэнне



Уплыў глебы на лес. Глеба з’яўляецца адным з асноўных фактараў лесаўтварэння. Непасрэдны ўплыў на састаў і прадукцыйнасць раслін ад наглебавага покрыва да дрэвастояў робяць уласцівасці глебы і глебава-грунтавыя ўмовы. Ад урадлівасці глебы залежаць таксама якасць драўніны, памеры і форма каранёвых сістэм; устойлівасць дрэвавых парод да шкоднікаў, хвароб, ветравалу, буралому, снегалому; распаўсюджванне лесу.

Пры правядзенні лесагаспадарчых мерапрыемстваў (высечкі догляду, галоўнага карыстання) патрэбна ўлічваць уласцівасці глебы.

Уплыў глебы на лясныя насаджэнні вызначаецца мацярынскай пародай, рэльефам і, як вынік, фізічнымі, хімічнымі і мікрабіялагічнымі асаблівасцямі самой глебы. Мацярынская горная парода робяць уплыў на састаў і прадукцыйнасць лесу праз глебу, яе грануламетрычны склад і іншыя ўласцівасці. Агульная ўрадлівасць глеб павышаецца ад пяскоў да глін. Так, напрыклад, на сухіх і свежых пясчаных глебах сасна часцей за ўсё расце па II–IV класах банітэту, а на супесках і суглінках – па I–Ia. Гэта звязана з тым, што чым драбнейшая мацярынская парода, тым больш цяжкія глебы па грануламетрычным складзе і большая колькасць у ёй даступных раслінам пажыўных рэчываў.

Рэльеф робіць ўплыў на водны і цеплавы рэжымы глебы. З ім звязаны пераразмеркаванне атмасферных ападкаў, якія выпалі, рэжым грунтовых вод, змены ў магутнасці і складзе глебы. Такім чынам, рэльеф змяняе кліматычныя і эдафічныя ўмовы, робячы ўплыў на глебу і расліннасць.

На распаўсюджванне, састаў і рост лесу ўплывае не толькі макрарэльеф (горная мясцовасць), але і сярэднія формы рэльефу (мезарэльеф). Напрыклад, калі параўноўваць сасну, якая расце на пясчаным схіле, то найбольшую вышыню будзе мець сасна ў аснове схілу, найменшую – на вяршыні.

Вялікую ролю ў жыцці лесу адыгрывае і мікрарэльеф. На мікрапаніжэннях на вільготных, цяжкіх па грануламетрычным складзе глебах узнікае небяспека выціскання марозам маладых дрэвавых раслін. І наадварот, на мікраўзвышшах (купінах, валежніку, згніўлых, парослых імхамі паваленых ствалах дрэў) каранёвая сістэма елкі ў меншай ступені схільная да ўздзеяння нізкіх тэмператур. Мікрарэльеф робіць уплыў на аднаўленне дрэвастою ў пераўвільготненых лясах.

Таксама трэба адзначыць, што светлавы, цеплавы і водны рэжымы схілаў звязаны з іх экспазіцыяй. Спалучэнне паўночных схілаў з пераўвільготненымі глебамі прыводзіць да найбольш моцнага зніжэння тэмпературы глебы, а паўднёвыя схілы з пясчанымі глебамі, наадварот, ствараюць павышаную тэмпературу ў глебе.

Лакальныя змены ў рэльефе мясцовасці ўплываюць і на снега–назапашванне і, адпаведна, на колькасць вільгаці ў глебе. Гэта, у сваю чаргу, адбіваецца на жыццядзейнасці насаджэнняў, асабліва ў засушлівае лета.

Адна з найбольш адметных асаблівасцяў лясной глебы – назапашванне ёю арганічнага рэчыва за кошт ляснога ападу ў выглядзе лісця, ігліцы, дрэвавай масы, адмірання іншых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тым самым глеба забяспечвае лес вадой і элементамі жыўлення, робячы ўплыў на рост і развіццё дрэвастояў і іншых кампанентаў. Вялікі ўплыў робяць глыбіня глебы, велічыня слоя, у якім размешчаны карані, на характар каранёвых сістэм. З глебай звязана ўстойлівасць дрэў, яна дае ім фізічную апору.

Дрэвавыя пароды па глыбіні пранікнення іх каранёвых сістэм у глебу, сумарным ахопе глебавых гарызонтаў вертыкальнымі, якарнымі і гарызантальнымі каранямі прынята падзяляць на тры групы: 1) якія глыбока ўкараняюцца – дуб, лістоўніца, ліпа, таполя, піхта белая; 2) пераходныя – бук, бяроза, асіна, ільмовыя, клён вастралісты, вольха, сасна; 3) якія павярхоўна ўкараняюцца – елка, ясень, рабіна, хмызнякі.

Але разам з тым вядома, што каранёвыя сістэмы дрэвавых парод даволі пластычныя і могуць мець розную форму і памер у залежнасці ад глебава-грунтавых умоў. Так, сасна на глыбокіх, лёгкіх па грануламетрычным складзе (супесак, лёгкі суглінак), дастаткова ўвільготненых глебах утварае доўгі стрыжнёвы корань. На сухіх пясках з глыбокім узроўнем грунтавых вод сасна мае якарную каранёвую сістэму. У гэтых умовах яна не ветравальная, таму што карані далёка разыходзяцца ў бакі з мэтай перахопу атмасферных ападкаў. На тарфяна-балотных глебах, пры неглыбокім заляганні шчыльных суглінкаў, а таксама на пясчаных глебах з заляганнем на глыбіні 15–30 см суцэльнага слоя галечніка сасна ўтварае паверхневую каранёвую сістэму. На сырых пясках, супесках і суглінках карані сасны не вельмі глыбока пранікаюць у глебу, што спрыяе яе ветравальнасці.

У елкі паверхневая каранёвая сістэма ўтвараецца на неглыбокіх, больш вільготных глебах, якія падсцілаюцца шчыльнымі цяжкімі суглінкамі і глінамі. Таму елку звычайна лічаць класічнай па ветравальнасці. Але яна можа быць і даволі ветраўстойлівай пародай з даволі глыбокай каранёвай сістэмай на лёгкіх па грануламетрычным складзе глыбокіх глебах, на магутных добра дрэнажаваных суглінках, а таксама на камяністых глебах.

Урадлівасць і вільготнасць глебы разам з кліматычнымі ўмовамі робяць уплыў на якасць драўніны адной і той жа пароды. Так, напрыклад, сасна ў адным і тым жа клімаце на свежых пясчаных і супясчаных глебах адрозніваецца больш вялікай поўнадраўніннасцю ствала, лепшай ачышчальнасцю яго ад сухіх галінак, у адрозненне ад дрэў, якія выраслі на бедных сухіх і мокрых пясках, а таксама суглінках. Патрэбна пры гэтым мець на ўвазе гушчыню дрэвастояў і наяўнасць падгону.

Глеба з’яўляецца таксама і кладоўкай пажыўных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца дрэвамі. Асобныя дрэвы і лес цалкам паглынаюць з глебы злучэнні азоту, а таксама кальцыю, калію, жалеза, фосфару, марганцу, бору і іншых. Азоту, фосфару, калію, кальцыю, магнію і серы раслінам патрэбна ў вялікай колькасці, а жалеза, марганцу, цынку, медзі і хлору значна менш. Рэчывы, неабходныя раслінам у вельмі малой колькасці, называюць мікраэлементамі.

Сасновы лес спажывае ў год 45 кг/га азоту і 80 кг/га попельных элементаў, у той час як, напрыклад, пшаніца – адпаведна 100 і 250 кг/га.

Асноўнымі крыніцамі абагачэння азотам лясных глеб з’яўляецца разлажэнне арганічных рэчываў (20–30 кг/га ў год), выпаданне ападкаў (да 5 кг/га ў год), засваенне паветранага азоту мікраарганізмамі (2–3% масы раслін), фіксацыя азоту з паветра грыбамі, разлажэнне клубянькоў (7–10 кг/га ў год).

Розныя дрэвавыя пароды валодаюць рознай здольнасцю даставаць з глебы патрэбную колькасць азоту і попельных элементаў. У сувязі з гэтым Г. Ф. Марозаў [2] прапанаваў адрозніваць такія паняцці, як «патрэбу» і «патрабавальнасць» дрэвавых парод да элементаў жыўлення.

Патрэба раслін – гэта колькасць азоту і попельных элементаў, якая неабходна лесу для яго нармальнай жыццяздольнасці.

Патрабавальнасць – гэта здольнасць раслін мірыцца з вызначанай урадлівасцю глебы або даставаць з яе неабходную колькасць пажыўных рэчываў. У гэтай сувязі Г. Ф. Марозаў прапанаваў шкалы патрэбы і патрабавальнасці дрэвавых парод да глебы.

Шкала патрэб: акацыя белая, ільма, ясень, бук, дуб, вольха чорная, елка, бяроза, лістоўніца, сасна звычайная, сасна Веймутава.

Шкала патрабавальнасці: ільма, ясень, клён, бук, граб, дуб, вольха чорная, ліпа, асіна, сасна веймутава, лістоўніца, бяроза, акацыя белая, сасна звычайная.

П. С. Паграбняк [1] дрэвавыя пароды па патрабавальнасці да агульнай урадлівасці глебы падзяліў наступным чынам: 1) малапатрабавальныя, або алігатрофы (ядловец, сасна горная і звычайная, бяроза павіслая, акацыя белая, сасна чорная); 2) сярэднепатрабавальныя, або мезатрофы (бяроза пушыстая, асіна, елка, сасна веймутава, лістоўніца сібірская, рабіна, бераст, вярба казіная, дуб чырвоны, дуб чарэшчаты, вольха чорная, каштан ядомы; 3) патрабавальныя, або мегатрофы (клён вастралісты, клён явар, граб, бук, піхта, клён палявы, аксаміт амурскі, вярба белая, вярба ломкая, ільма, ясень).

Акрамя гэтага, выдзяляюць пароды: а) ацыдафілы – устойлівыя да кіслай рэакцыі глебы – елка, сасна звычайная, сасна кедравая, піхта, лістоўніца, бяроза, асіна, рабіна, каштан ядомы, граб; б) кальцафілы – добра рэагуюць на наяўнасць вапны ў глебе – бераст, акацыя белая, сасна крымская, біручына; в) кальцафобы – адмоўна адносяцца да вапны – каштан высакародны, сасна прыморская, верас, чарніцы, сфагнум; г) нітрафілы – добра рэагуюць на наяўнасць у глебе нітратаў – бераст, большасць таполяў, чаромха, бузіна, брызгліна еўрапейская; д) нітрафасфатафілы – ясень, ільма, таполя, дуб чарэшчаты; е) каліефосфарафілы – каштан пасяўны, клён вастралісты, граб, бук, бяроза, лістоўніца, піхта, елка; ж) азотазбіральнікі – на каранях дрэў знаходзяцца клубяньковыя бактэрыі (мікарыза) – акацыя белая (рабінія лжэакацыя), акацыя жоўтая (карагана), вольха чорная і шэрая, лох, абляпіха, аморфа, бабовыя (ракітнік, дрок, лубін, канюшына і інш.).

Уплыў лесу на глебу. Шматграннасць уплыву лесу на глебу можна прасачыць праз:

– уплыў ляснога полага і ніжніх ярусаў лесу на мікраклімат, колькасць і якасць вільгаці, якая трапляе на глебу (цеплавы рэжым глебы ў лесе адрозніваецца ад умоў на адкрытым месцы);

– фізічны, хімічны і фізіялагічны ўплыў каранёў дрэў і іншых лясных раслін (станоўчы ўплыў – карані надаюць глебе рыхлую структуру, пранікаючы ў глыбіню, робяць уплыў на мацярынскую пароду, адміранне каранёў спрыяе паляпшэнню водаабмену і аэрацыі; адмоўны – паверхневыя каранёвыя сістэмы надаюць шчыльнасць глебе). Патрэбна таксама ўлічваць уплыў, які робяць карані на глебу праз каранёвыя выдзяленні;

– утварэнне ляснога ападу і подсцілу, які дае асноўную частку арганічнай масы;

– уплыў жывёл і шматлікіх мікраарганізмаў, якія актыўна прымаюць удзел у працэсе кругазвароту (рыхленне глебы, працэсы дэструкцыі расліннага ападу).

Адрозніваюць тры асноўныя тыпы ляснога подсцілу, або перагною.

1. Муль – мяккі, рыхлы подсціл, які хутка гніе, магутнасцю 1–2 см, з ападу шыракалістых парод і хмызнякоў. Багаты азотам і попельнымі рэчывамі. Глебы з такім тыпам подсцілу змяшчаюць да 10% гумусу ў верхнім гарызонце і маюць дробнакамякаватую структуру і нейтральную рэакцыю. Абмен рэчывамі паміж дрэвастоем і глебай адбываецца вельмі інтэнсіўна. З травяністага покрыва паказчыкам муля з’яўляюцца: дзерачка, снітка, пралеска дубраўная, крапіва двухдомная.

2. Модэр – перагной прамежкавага тыпу з магутнасцю подсцілу 3–5 см. Распаўсюджаны пад лісцевымі пародамі або ў змешаных хвойна-лісцевых дрэвастоях. Складаецца з трох слаёў рознай ступені разлажэння. Рэакцыя слабакіслая, абмен рэчываў павольны.

3. Мор – грубы подсціл. Магутнасць 5–10 см, утвараецца галоўным чынам у хваёвых насаджэннях ва ўмовах недахопу кіслароду, складаецца з трох слаёў, гніе павольна.





Дата публикования: 2014-12-08; Прочитано: 391 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.007 с)...