Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Пытанне 31. Адмена прыгоннага права ў Беларусі



1. Прычыны адмены прыгоннага права заключаліся ў тым, што існаванне феадальна-прыгонніцкіх адносін абумовіла адсталасць краіны. Феадальна-прыгонніцкія перажыткі выяўляліся ў адсутнасці ўласнасці сялян на зямлю і ўвогуле адсутнасці іх асабістай свабоды. Паступова ў расійскага імператара Аляксандра II і сярод членаў урада выспявала думка правесці рэформу сельскай гаспадаркі «зверху», не чакаючы, пакуль «знізу» гэта пытанне будзе вырашана шляхам сялянскага бунту. Пры гэтым прадугледжвалася захаваць права ўласнасці дваран-памешчыкаў на зямлю, а сялянам даць асабістую свабоду, але без надзялення іх зямлёй.

2. Умовы вызвалення памешчыцкіх сялян ад прыгоннай залежнасці былі вызначаны ў падпісаным Аляксандрам II 19 лютага 1861 г. Маніфесце. Сяляне атрымалі асабістую свабоду і пэўныя грамадзянскія правы, якія карэнным чынам змянілі іх становішча.

Атрымаўшы асабістую свабоду, былыя памешчыцкія сяляне не атрымалі зямлі. Зямля, якая спрадвеку карміла селяніна, прызнавалася ўласнасцю памешчыкаў. Сяляне павінны былі выкупаць зямлю па ўстаноўленай урадам значна завышанай цане.

Пры раздзеле зямлі памешчыкі пакінулі сабе самыя лепшыя ўчасткі, што прывяло да цераспалосіцы, калі памешчыцкія і сялянскія надзелы (палоскі) зямлі чаргаваліся паміж сабой у залежнасці ад месца знаходжання ўрадлівай глебы.

Правілы выкупной аперацыі (выплаты сялянамі грошай за зямельныя надзелы) былі аднолькавымі для ўсіх губерняў Расіі. 20% неабходнай сумы сяляне плацілі непасрэдна памешчыку, а астатнія 80% сумы памешчыкам давала дзяржава. Сяляне былі абавязаны на працягу 49 гадоў выплаціць дзяржаве гэтую суму, а таксама працэнты за яе пазыку. Агульныя сумы, якія сяляне вымушаны былі заплаціць за зямлю, у 3 разы перавышалі яе рыначны кошт. Да зацвярджэння урадам выкупной здзелкі паміж селянінам і памешчыкам (г. зн. да поўнага выкупу зямлі селяніна) сяляне лічыліся часова-абавязанымі і павінны былі за карыстанне надзелам зямлі, як і раней, адпрацоўваць паншчыну або плаціць памешчыку чынш (грашовы аброк).

Сялянства Беларусі ў большасці сваёй не згадзілася з прапанаванымі яму ўмовамі надзялення землёй. 3 мэтай прадухіліць удзел нездаволеных сялян у паўстанні 1863 г. царскі ўрад вызваліў сялянства на тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Літвы ад «часоваабавязанага становішча». Акрамя таго, на 20% зніжаліся выкупныя плацяжы. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі былі ліквідаваны феадальныя адносіны.

3. У выніку аграрнай рэформы 1861 г. памешчыкі на тэрыторыі Беларусі захавалі ў сваёй уласнасці больш за палову ўсіх зямель; прыкладна ў 2 разы больш, чым у іншых губернях еўрапейскай часткі Расіі. Сялянскія надзелы ў Беларусі складалі толькі 1/3 усёй зямлі. Захоўвалася адпрацовачная форма гаспадаркі, характэрная для феадальнага ладу.

Разам з тым рэформа садзейнічала развіццю капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы. Атрымаўшы асабістую свабоду, сяляне станавіліся вольнанаёмнай рабочай сілай. Многія гаспадаркі, якія выкарыстоўвалі наёмную працу, набывалі прадпрымальніцкі характар.





Дата публикования: 2014-12-11; Прочитано: 1380 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...