Студопедия.Орг Главная | Случайная страница | Контакты | Мы поможем в написании вашей работы!  
 

Антычны перыяд развiцця СЭГ



Дакументальных сведчанняў аб iснаванні геаграфiчных iдэй на самых ранніх этапах развіцця чалавецтва не захавалася. Можна толькі здагадвацца аб iмкненнях людзей зведваць сваё асяроддзе. Рэшткi такiх ведаў мы знаходзiм сёння ў міфах, казках i паданнях.

Першыя звесткі аб адпаведных геаграфічных iдэях з’явілiся з моманту ўзнiкнення пiсьменнасцi. Можна засведчыць iснаванне двух незалежных цэнтраў геаграфічнай думкi антычнага свету: грэка-рымскага i кiтайскага. Тагачасныя мыслiцелi даволi падрабязна апісвалi блізкi да сябе свет, але дадавалі шмат фантастычнага аб далёкіх краях. Спалучэнне матэрыялістычнага i ідэалістычнага поглядаў – адметная рыса навукоўцаў антычнасцi. Многія фiлосафы і гiсторыкі займалiся пытаннямі геаграфіі. У той час не iснавала СЭГ, нават адзіная геаграфiя была дапаможнай галіной ведаў. Усё ж у антычным свеце ўзнiклі два напрамкi: 1) апiсанне асобных краін, iх прыроды, этнiчнага складу насельнiцтва i г. д. (Герадот, Страбон i iнш.); 2) вывучэнне Зямлi ў цэлым, яе месца адносна iншых планет, яе формы і памераў (Пталемей, Эратасфен i інш.). Першы напрамак атрымаў назву рэгiянальнай геаграфii, другі – агульнай геаграфiі.

Геаграфiчныя iдэi старажытнай Грэцыi. У еўрапейскай культуры бацькам геаграфii, як і гiсторыi, лiчыцца грэк Герадот, які шмат вандраваў і ў сваіх апiсаннях распавядаў аб далёкіх землях i невядомых раней народах. Ён наведаў Скiфiю, дзе дазнаўся аб iснаваннi земляў сучасных Беларусі i Расіі. "Мора Герадота" – гэта, магчыма, водныя абшары Палесся. Герадота можна лiчыць і бацькам этнаграфii, таму што ён яскрава апісваў традыцыі іншых народаў. Ён жа даў пачатак геаграфiчнаму дэтэрмiнізму.

Другi выдатны грэк Арыстоцель распрацаваў канцэпцыю аб рознай прыдатнасці Зямлі для жыцця людзей і залежнасцi ад геаграфічнай шыраты. Ён уяўляў умовы рассялення як функцыю геаграфiчнай шыраты, даваў парады аб лепшым размяшчэннi гарадоў. Ідэі Арыстоцеля былі асновай развiцця навукi ў Еўропе ў раннiм сярэднявеччы.

Памiж 330 i 300 гг. да н. э. у паўночна-заходнюю частку Еўропы зрабіў падарожжа Пiфей. Ён апiсаў лад жыцця i заняткі жыхароў Брытанскiх астравоў. Ім адзначалася спажыванне мёду, выкарыстанне гумнаў для абмалоту збожжа ва ўмовах вільготнага клімату, змяненнi характару сельскай гаспадаркі з поўдня на поўнач. Па вяртаннi дамоў яму нiхто не паверыў наконт убачанага, а дарма, бо ён упершыню звярнуў увагу на з’явы, што складаюць сёння інтарэсы геаграфіі сельскай гаспадаркі.

У пачатку нашай эры ў Грэцыi ўжо існавалі дапаможнікi для мараплаўцаў (перыплы) і падарожнiкаў (перыгесы). У перыплах даволi дэталёва i дакладна апісваліся марскія берагі i порты. Перыплы ахоплiвалi ўзбярэжжы Мiжземнага i Чорнага мораў, усходняга ўзбярэжжа Афрыкi. Аўтарамі перыгесаў найчасцей былi лагографы, г. зн. пiсь-меннiкi, якiя падарожнiчалi па Зямлi і апісвалі бачанае. Лагографы складалi канкрэтныя геаграфiчныя апiсаннi, у якiх асаблiвую ўвагу надавалі побыту мясцовага насельнiцтва.

Распаўсюджванню грэчаскай культуры спрыялі паходы Аляксандра Македонскага (ІV ст. да н. э.). У іх прымалі ўдзел і навукоўцы, што збiралі звесткi аб розных землях. Пашырэнню геаграфічнага светапогляду спрыялi таксама грэчаскія калоніі.

Геаграфiчныя погляды старажытных рымлянаў. У адрозненне ад грэчаскіх мыслiцеляў рымляне ўнеслі менш новага ў сферу геаграфіі. Але і сярод iх можна адзначыць арыгiнальных даследчыкаў. Незадоўга да пачатку нашай эры Марк Тэрэнцый Варон напісаў кароткі даведнік па геаграфii, дзе распрацаваў тэорыю культурных стадый, якая аж да XIX ст. не падлягала сумненням i лiчылася унiверсальнай. Варон разглядаў развiццё чалавечай культуры як прагрэсiўны працэс, што паслядоўна праходзiць праз чатыры стадыі.

Для дзяржаўных чыноўнiкаў і ваенных дзеячоў Рымскай імперыi старажытна - грэчаскі географ і гісторык Страбон стварыў сваю "Геаграфію". Сваёй задачай ён лiчыў даць неабходныя звесткi аб свеце, таму гэтае сачыненне было першым у свеце "дапаможнiкам для кіруючага апарату". Страбон лічыў, што кожны географ павінен валодаць матэматычнымі ведамі. "Геаграфiя" Страбона была знойдзена толькi праз шэсцьсот гадоў пасля напiсання, а тыя, каму кнiга была прызначана, нiколi яе не бачылi.

Старажытныя рымляне былі ваяўнiчым i прадпрымальным народам. Даволi часта свой геаграфiчны кругагляд яны пашыралi за кошт ваенных паходаў. Шырока вядомыя "Запiскі аб Гальскай вайне" Гая Юлiя Цэзара далi шмат звестак аб тэрыторыі Заходняй Еўропы. У кнiзе апісаны землі розных плямёнаў. Напрыклад, у кароткiм нарысе аб Брытаніі даюцца звесткi аб клімаце, карысных выкапнях, шчыльнасцi насельнiцтва вострава, культурным узроўнi жыхароў, iх знеш-нім выглядзе, аб ладзе жыцця і сям’i. Пры характарыстыцы нораваў галаў i германцаў Цэзар звяртаў увагу на сацыяльную структуру i сiстэму грамадскага кiравання, на рэлiгiйныя асаблiвасцi. Але ўжо пасля смерцi Пталемея (ІІ ст.) звестак аб геаграфiчнай думцы ў Рымскай імперыi не захавалася.

Геаграфiчная думка ў старажытным Кiтаі. У гэтыя ж часы на ўсходзе Азіі існаваў яшчэ адзiн цэнтр геаграфічнай думкі – Кітай. Увогуле еўрапейскі і кітайскі свет былі надзейна ізаляваныя адзін ад аднаго, але з цягам часу яны паступова зведвалі пра сябе і суседзяў.

Кiтайскiя фiлосафы адрозніваліся ад грэчаскіх у асноўным тым, што першаступеннае значэнне яны надавалі свету прыроды. Геаграфічныя сачыненні кітайскіх навукоўцаў можна падзяліць на восем груп: 1) працы, прысвечаныя вывучэнню людзей; 2) апісанне раёнаў Кiтая; 3) апісанне іншых краін; 4) сповяд аб падарожжах; 5) кнігі аб рэках Кiтая; 6) апісанне ўзбярэжжаў Кітая; 7) краязнаўчыя работы; 8) геаграфічныя энцыклапедыі. Нават у самай ранняй геаграфiчнай працы "Юйгун" (VІІІ ст. да н. э.) меліся звесткі эканоміка-геаграфічнага характару. Яшчэ больш іх у працы "Шыцзы" (ІІ ст. да н.э.) і "Ханьшу" (І ст. н.э.). У працы вядомага навукоўца Гу Цзуюя імператару і вышэйшым саноўнікам, вандроўнiкам даваліся рэкамендацыі, якія можна аднесці да СЭГ.





Дата публикования: 2014-11-28; Прочитано: 288 | Нарушение авторского права страницы | Мы поможем в написании вашей работы!



studopedia.org - Студопедия.Орг - 2014-2024 год. Студопедия не является автором материалов, которые размещены. Но предоставляет возможность бесплатного использования (0.006 с)...